У наш час, калі слова чалавека амаль не мае ніякай вартасці і сілы, нам асабліва цяжка разумець Слова Бога, якое не мяняецца, мае сілу, заўсёды актуальнае. Для нас некаму паабяцаць і не зрабіць – гэта як раз плюнуць. А пра пустыя, бяздумныя размовы я ўвогуле маўчу. Сёння слова чалавека не мае амаль ні якай сілы. Памятаю як у дзяцінстве я чытаў кнігу “Чорная страла” пра рыцараў і ўсё здзіўляўся: што ж гэта за “абеты” гавораць рыцары, што ні ў якім разе не могуць ад іх адмовіцца? Для сучаснага чалавека абеты ці нейкія абяцанні – гэта ўвогуле незразумелая рэч. Абяцанні сямейнай вернасці, вайсковая прысяга, абяцанні дактароў, прысягі на канстытуцыі і г.д. Не ведаю ці сёння ўсё гэта мае хоць нейкае значэнне. Што там казаць пра няверуючых. Можна смела палічыць святароў і манахаў, якія кінулі сваё пакліканне і пайшлі ў свет. Так проста. Падобна выглядае з распадам у хрысціянскіх сем’ях. Я не асуджаю. Дзякаваць Богу, што мне такое не здарылася. Хачу толькі паказаць, што слова для нас не мае ніякай сілы. Яно гучыць, часам нават громка, слёзна і ўзвышана, але пасля некуды знікае нібы раствараецца. Так я часам раніцай абяцаю Богу вернасць у малітве і суровы пост, але ўжо пад вечар ад майго абяцання не шмат застаецца.
Усе мы добра ведаем, што Бог вымагае веры і па веры дзеюцца многія цуды, праяўляецца Божая слава. Аднак ці дзейнічае Бог і без нашай веры? Дзейнічае. Ён не залежыць ад нашай веры, і пра гэта мы чытаем сёння ў першым чытанні. Жанчына не паверыла прароку і нават папрасіла яго, каб не здзекваўся з яе і не жартаваў, абяцаючы бясплоднай жанчыне патомства. Яна не паверыла прароку!!! … А дзіця ўсё роўна нарадзілася…

Ёсць людзі, каторым далёка да веры Марыі ці Абрагама. Я сябе таксама да такіх залічваю. Часта мне здаецца, што калі я не выканаю задання, якое ставіць перада мной Бог, то пішы прапала. Часта мне думаецца, што калі я не стану на вышыні задання, то згублю Яго бласлаўленне і ніколі не ўбачу радасці, Яго славы, Яго спакою, Яго цудаў… Аднак слава Божая не залежыць ад мяне. Я змарнаваў шмат Божых сітуацый і думаў, што Бог пойдзе да некага там больш моцнага, больш веруючага. А Ён не адыходзіў. Ён прымае мяне такім, які я ёсць. Гэта ў маіх інтарэсах — стаць на вышыні задання, бо тады я набліжуся да Яго. Але калі заданне не атрымалася выканаць, планку не пераскочыў, то Ён прыходзіць усё роўна, калі толькі для мяне Ён галоўны…