Усе мы добра ведаем, што Бог вымагае веры і па веры дзеюцца многія цуды, праяўляецца Божая слава. Аднак ці дзейнічае Бог і без нашай веры? Дзейнічае. Ён не залежыць ад нашай веры, і пра гэта мы чытаем сёння ў першым чытанні. Жанчына не паверыла прароку і нават папрасіла яго, каб не здзекваўся з яе і не жартаваў, абяцаючы бясплоднай жанчыне патомства. Яна не паверыла прароку!!! … А дзіця ўсё роўна нарадзілася…

Ёсць людзі, каторым далёка да веры Марыі ці Абрагама. Я сябе таксама да такіх залічваю. Часта мне здаецца, што калі я не выканаю задання, якое ставіць перада мной Бог, то пішы прапала. Часта мне думаецца, што калі я не стану на вышыні задання, то згублю Яго бласлаўленне і ніколі не ўбачу радасці, Яго славы, Яго спакою, Яго цудаў… Аднак слава Божая не залежыць ад мяне. Я змарнаваў шмат Божых сітуацый і думаў, што Бог пойдзе да некага там больш моцнага, больш веруючага. А Ён не адыходзіў. Ён прымае мяне такім, які я ёсць. Гэта ў маіх інтарэсах — стаць на вышыні задання, бо тады я набліжуся да Яго. Але калі заданне не атрымалася выканаць, планку не пераскочыў, то Ён прыходзіць усё роўна, калі толькі для мяне Ён галоўны…
Доўгі час мяне вельмі цікавіла тэма розных надзвычайных Божых дароў. Напрыклад, дар аздараўлення хворых, дар малітвы заступніцтва (асабліва малітвы вызвалення), дар моваў і тлумачэння моваў, дар прароцтва, дар пазнання, дар слова і г.д. Быў час, калі Бог паказваў мне, што тое, што адбылося падчас Пяцідзесятніцы і пасля яе з Апосталамі, нікуды не знікла, але ўсё і надалей актуальна. Я сустракаў людзей, якія мелі такія дары, час ад часу мог на сабе адчуць надзвычайнае дзеянне Духа Святога. Яно праяўлялася альбо ў тым, што я сам атрымліваў некаторыя дары ад Духа Святога, альбо я трапляў у эпіцэнтр дзеяння Духа ў жыцці іншых людзей. Мне вельмі хацелася, каб нешта такое было не толькі ў Польшчы, Францыі ці Бразіліі, але таксама і ў Беларусі. Я спадзяваўся ўбачыць праяўленне Божай славы ў тым выглядзе, у якім я яе бачыў недзе там за мяжой. Аднак праходзілі гады, мы прасілі Духа Святога, каб Ён таксама і сярод нас рабіў тое, што Ён зрабіў недзе там, а бачных вынікаў не было...
У першым чытанні праз рукі Філіпа дзеюцца агромністыя знакі і цуды. Людзі паверылі ўжо ў Езуса, захапіліся Ім, прынялі Яго навуку, але гэтага было мала. Таму пасылаюць за Апосталамі Янам і Пятром. Лічу, што не выпадкова моляцца аб дары Духа Святога менавіта яны. Ян на Апошняй Вячэры слухаў, як б’ецца Сэрца Бога, а пасля увесь час падпісваўся: [i]вучань, якога любіў Езус. І адназначна — ніхто не пісаў так шмат пра Любоў Бога, як ён, у сваіх трох лістах ды Евангеллі. Гэта быў вучань, які дасведчыў Любові Бога і сам пачаў любіць. Пётр — таксама не выпадковая постаць. Калі Езус развітваўся з вучнямі і нібы павінен быў пакінуць ім планы дзеянняў на доўгія гады наперад і ўсё патлумачыць, Настаўнік пытаецца ў Пятра: ці любіш ты Мяне? Гэта ажно так важна? Так! Гэта было самае галоўнае на той момант!!! Бо без гэтага нічога не адбудзецца. Менавіта таму прыходзяць Пётр і Ян. Яны палюбілі Бога. Дух Святы ўвайшоў у іх, і цяпер менавіта яны з’яўляюцца носьбітамі Святога Духа, і таму яны здольныя перадаць Яго іншым, тым, якія таксама хочуць любіць і любяць[/i]
Напэўна, многім з нас даводзілася быць пакрыўджанымі і часам вельмі моцна. Нехта носіць крыўду ў сабе, а я, напрыклад, тады пачынаю думаць, як адрэагаваць мне на дадзеную сітуацыю. Як правіла, хочацца неяк ушчыкнуць свайго крыўдзіцеля, укусіць, ну хаця б слоўцам – абы забалела. Як кажуць, калі не паб’ю, дык хоць пакусаю. Канечне ж, усё гэта хочацца рабіць у імя дабра. Абы чалавека правучыць, абы ён зразумеў ды пакаяўся, абы іншыя зразумелі. Часам мы кажам, што зло нельга пакідаць непакараным. Што ў такія моманты перажываю я сам? Здаецца мне, што многія з вас разумеюць, пра што я пішу... Вось толькі адна праблемка. Як бы я не хацеў свае перажыванні апрануць у пабожную форму, за імі, як правіла, стаіць не любоў да ворага, а жаданне проста адпомсціць яму. Так, проста жаданне помсціць…