ГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ НА БОГА, ЧЫМ НА ЯГО ДАРЫ (казанне, 23.12.12)
«Бог прыносіць спакой» і «Бог ёсць спакоем». На першы погляд не вялікая розніца паміж гэтымі паняццямі, аднак разумею, што розніца ўсё ж ёсць і даволі важная... навучыцца шукаць спакою сёння, калі ў сэрцы пануе страх, трывога, неспакой за будучыню. Гэты спакой знаходзіцца ў Божай прысутнасці, а не ў рашэнні праблемы, бо Ён сам ёсць мірам, спакоем. Варта нам навучыцца глядзець на Бога, а не на тое, што Ён дае.


ГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ НА БОГА, ЧЫМ НА ЯГО ДАРЫ (казанне, 23.12.12)
Так кажа Пан:
А ты, Бэтлеем-Эфрата,
найменшы ты сярод плямёнаў Юды.
З цябе выйдзе для Мяне той,
хто будзе Валадаром у Ізраэлі,
і паходжанне Яго спрадвеку,
ад вечных дзён.
Таму Пан пакіне іх да часу,
пакуль не народзіць тая,
якая павінна нарадзіць.
Тады рэшта братоў Ягоных
вернецца да сыноў Ізраэля.
І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана,
у велічы імені Пана Бога свайго.
І яны будуць жыць бяспечна, бо тады Ён
будзе ўзвялічаны аж да межаў зямлі.
І будзе Ён спакоем.

Міх 5, 1–4а


Браты:
Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне. Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе. Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа.
Перад гэтым Ён сказаў: Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх, якія прыносяцца паводле Закону, Ты не захацеў і не ўпадабаў. Пасля Ён сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю. Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвечаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.

Гбр 10, 5–10


Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

Лк 1, 39–45


І будзе Ён спакоем

«Бог прыносіць спакой» і «Бог ёсць спакоем». На першы погляд не вялікая розніца паміж гэтымі паняццямі, аднак разумею, што розніца ўсё ж ёсць і даволі важная. Першае чытанне гаворыць нам пра тое, што Бог, які прыходзіць, збярэ свой народ, будзе ім кіраваць, а людзі будуць жыць бяспечна. Бог прынясе ім бяспеку, дасць ім мір. Але пасля прароцтва кажа: І будзе Ён спакоем. Мы ўсе чакаем бяспечнага і спакойнага, бесклапотнага жыцця. Чакаем, што Бог забярэ альбо знішчыць нашыя клопаты. І так сапраўды часам здараецца. Бог вырашае многія нашыя беды, але пасля прыходзяць наступныя, пасля зноў наступныя… І так увесь час… Бог дае нам мір, але гэты мір пасля некуды зноў знікае, ён часовы. Божае Слова паказвае нам сёння, што мірам, спакоем для нас з’яўляецца сам Бог, а тыя дары, якія мы ад Яго атрымліваем – гэта толькі нейкая частка Бога або ад Бога. Калі мы гэтага не зразумеем, то раней ці пазней будзем расчараваныя Богам. Я вельмі ўдзячны Богу за тыя хвіліны, калі я абсалютна не мог вырашыць нейкіх бытавых ці фінансавых праблемаў, а Бог прыходзіў і ў адзін момант усё вырашаў. У такія хвіліны перажываеш шчасце, радасць, агромністы мір і давер да Бога. Але ўжо праз некалькі дзён часта тыя самыя тэмы, альбо да іх падобныя, вярталіся нібы бумеранг, і я зноў непакоюся. Цяпер я стараюся памятаць, што сам Бог з’яўляецца маім супакоем, а не Яго падарункі. Часам я праз сілу павінен сябе пераконваць, што не трэба шукаць у гэтым жыцці лепшай будучыні, а варта прыняць Бога ў той сітуацыі, у якой я знаходжуся цяпер. Варта нам навучыцца шукаць спакою сёння, калі ў сэрцы пануе страх, трывога, неспакой за будучыню. Гэты спакой знаходзіцца ў Божай прысутнасці, а не ў рашэнні праблемы, бо Ён сам ёсць мірам, спакоем. Варта нам навучыцца глядзець на Бога, а не на тое, што Ён дае. Напэўна ў гэтым і ёсць хрысціянская сталасць.

Не кідайце перлаў перад свіннямі

Езус выкарыстоўвае такое моцнае выказванне (Мц 7,6), каб паказаць праўду аб тым, што ёсць вельмі важныя рэчы, пра якія нельга распавядаць усім запар. І нават калі нехта вельмі моцна хоча штосьці ад мяне даведацца, то я павінен распазнаць, ці гэты «нехта» здольны слухаць маю гісторыю. Яшчэ больш на гэтую тэму пралівае святло Апостал Павал:

Цялеcны чалавек не прымае [таго, што] ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто. Бо хто пазнаў розум Пана, каб [мог] павучаць Яго? Мы ж маем розум Хрыстовы (1Кар 2,14-16).

Пад словам цялесны маецца на ўвазе чалавек, які жыве пачуццямі, інстынктамі, які залежны ад гэтага свету, а не ад Бога і Яго Слова. Чалавек цялесны ў Божых справах не разбіраецца. Менавіта таму людзі, якія маюць жывыя адносіны з Богам, якія мелі лосвед сустрэчы з Духам Святым, якія шукаюць Бога, а не Яго падарункаў, такія людзі шукаюць сабе падобных, шукаюць людзей духоўных. І гэта нармальна. Бог не хоча, каб мы былі ва ўсім самастойныя і незалежныя. Бог сам з’яўляецца Супольнасцю і таму збірае свой народ, збірае Касцёл, дзе павінна быць адзінства, дзе збіраюцца вакол Бога, які яднае. Менавіта таму проста не існуе ні аднаго містыка і святога, які ад пачатку да канца прайшоў бы жыццёвы шлях самастойна. На іх шляху абавязкова будуць «духоўныя» людзі, праз якіх Бог вядзе ў чарговы перыяд. Такіх «духоўных» сяброў павінен мець кожны вернік, які шукае Бога, які глядзіць на Яго.

Менавіта нешта такое адбылося з Марыяй. Што б мы зрабілі на Яе месцы? Напэўна, многія б з нас кінуліся пытацца ў сваіх сяброў і сябровак, якія нічога ў гэтым не кумекаюць. Марыя ж ідзе да сваячкі, якая была нашмат за яе старэйшай, было ўжо напэўна бабулькай. Розніца ўзростаў Марыі не перашкаджае, бо яна шукае Волі Божай, а не імкнецца выканаць нейкія там свае планы. Яна ідзе да «бабулькі», ідзе да чалавека «духоўнага», бо Альжбета мела падобны вопыт, яна была бясплоднай і зачала, падобна як і Марыя, сілай Бога. Марыі патрэбны такі чалавек. Мы нават не ведаем, аб чым яны размаўлялі. Не выключана, што нічога ажно такога важнага яны там і не сказалі. Ім проста трэба было пабыць разам. Больш за тое, сам анёл Габрыэль сказаў Марыі пра Альжбету. Таму выглядае на тое, што перш за ўсё Бог хоча, каб людзі «духоўныя» сустракаліся разам.

ГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ НА БОГА, ЧЫМ НА ЯГО ДАРЫ (казанне, 23.12.12) Тая, што нясе Духа

Марыя, будучы напоўненая Духам Святым, сама не разумее таго, што Яе словы ад гэтага моманту – гэта не проста словы. І, магчыма, не трэба глыбокіх і духоўных размоў, каб Бог пачаў дзейнічаць. Важна, каб людзі проста Яго шукалі. Яго, а не таго, што Ён робіць, каб шукалі Яго святую Волю. І тады простыя словы перастаюць быць простымі. Тады Бог ёсць у самых банальных рэчах. Марыя кажа звычайныя словы прывітання, а Дух Святы напаўняе Альжбету і яе сына.

Калі я маю магчымасць сустракацца з Божымі, духоўнымі людзьмі, то часам хапае разам папіць гарбату і ты выходзіш ужо іншым. Часам не трэба рашаць глабальныя пытанні нашай веры, а хапае ўсяго толькі пабыць разам, паглядзець кіно, паслухаць музыку, парасказваць нейкія простыя жыццёвыя гісторыі, і Бог недзе там, «паміж радкамі» пачынае дзейнічаць. У выніку ты выходзіш пасля тае сустрэчы іншы, або пасля раптам узгадваеш простыя словы, якія цябе чамусьці мяняюць. Дух Святы дзейнічае не толькі ў нашай логіцы, ведах, планах. Ён проста дзейнічае ў духоўным чалавеку, Ён проста тут пачынае жыць.

І яшчэ адзін момант. Каталіцкая логіка і традыцыя падказвае, што святасць Марыі так моцна ўпрыгожыла гэту сустрэчу. Але ж не толькі святасць Марыі. Калі б Альжбета не была духоўным чалавекам, то наўрад бы мы чыталі пра гэтую прыгожую гісторыю ў Евангеллі. Часам мы думаем, што дзеянне Бога залежыць ад таго, хто за нас моліцца альбо з кім мы размаўляем. У нейкім сэнсе так, але толькі ў нейкай там частцы. Дзеянне Бога залежыць таксама ад нас саміх, наколькі мы самі духоўныя, каб прыняць Яго. Але ёсць і іншая крайнасць, калі мы не дацэньваем, з кім маем дачыненне, а разлічваем толькі на Бога і сваю веру. Гэта таксама не да канца правільна. Хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што дзеянне Бога ў гэтай гісторыі залежыць не ад аднаго з персанажаў, а ад сустрэчы двух духоўных людзей.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

1. Дзе мы шукаем спакой: у самім Богу, альбо ў Яго падарунках для нас?
2. Ці маем вопыт сустрэчы з духоўнымі людзьмі, ці маем такую патрэбу?
3. Ад каго залежыць дзеянне Бога ў нашым жыцці – ад Божага памазанніка, ад нашай веры, ці ад нас дваіх? Пастарамайся адказаць на гэтае пытанне, разважаючы над канкрэтнымі здарэннямі нашага жыцця.