Часта для вернікаў на Новы Год узнікае пытанне, як яго адсвяткаваць і з кім. Гэты Новы Год я сустрэў асаблівым чынам. Можна сказаць, ніколі так не сустракаў. Разам з былым вязнем Генам мы елі піццу, пілі лідскі хлебны квас, глядзелі “12 крэслаў” і гутарылі пра жыццё. Гэтую размову я запісаў з дазволу Гены знарок для сайта. Але гэта, хутчэй, нават не інтэрв’ю, а сведчанне Гены. Спадзяюся, што яно многім вернікам дапаможа зняць ружовыя акуляры і дасць магчымасць задумацца…
- Гена, найперш распавядзі ў некалькі словах пра сябе і сваё дзяцінства, пра бацькоў, сваю сям’ю…
- Мяне гадавала мама. Адна. Жылі мы спачатку ў вёсцы ў Дубровенскім раёне. Калі мне было пяць гадоў, мы пераехалі ў Оршу. Мама здымала тады кватэру і ўладкавалася працаваць на ільнокамбінат. З часам яна нейкім чынам выкупіла кватэру. У школе у мяне, можна сказаць, нармальна было толькі ў першым класе. Пасля былі бойкі. На той час было папулярна “выходзіць на разы” (біцца адзін на адзін). Нават сярод дзяцей былі тытулы – напрыклад, “кароль класа”. Гэтыя тытулы трэба было заваёўваць.
- Такія разборкі былі ўжо з першых класаў?
- Так, недзе з другога ці з трэццяга класа. Мы біліся ў школе, біліся ў дварах… Гледачы станавіліся ў кола, нібы заўзятары, а ты б’ешся.
- Маці сварылася за гэтыя бойкі, перажывала?
- Канечне. Толькі мама заўсёды бараніла мяне. Я прыходзіў дадому з сінякамі, а мама пыталася, хто мяне пабіў, пасля ішла ў школу разбірацца. Часта цягала “вінаватых” за вушы. Мамка заўсёды была за мяне. Таму ніхто са мной не хацеў звязвацца. Мама выпускала мяне на вуліцу гуляць, а сама потым глядзела ў вакно і кантралявала. Тады, вядома, не было кампутараў, і мы гулялі ў двары ў футбол, хакей. Калі пачыналася бойка, мама адразу ж заступалася за мяне.
- Ты адзін у сям’і? Бацьку памятаеш?
- Адзін, ні братоў, ні сясцёр. Бацька… Мама развялася з ім з-за п’янак. Аднойчы, калі мне было трынаццаць, бацька паклікаў мяне на рыбалку. Мама не хацела пускаць, таму што не хацела, каб я сустракаўся з бацькам, калі ён п’яны. Былі слёзы… Мы ўсё ж паехалі на тую рыбалку. Прыязджаем, а бацька ляжыць у гробе… Ён пайшоў п’яным на рыбу і ўтапіўся, хаця і возера было неглыбокае. Мы прыехалі першымі. Нават родзічаў яшчэ не было. І тэлеграмы, канечне, нам ніхто не прысылаў. Так саўпала. Цікава, што калі я ішоў да хаты, то стаў адчуваць, што з бацькам нешта не тое. Такая была інтуіцыя. Маладым памёр, было яму крыху больш за трыццаць.
Жыццё мяне не радавала. Быў я такім бесталковым, што мяне адправілі ў інтэрнат, паколькі сказалі, што мамка адна не спраўляецца з маім выхаваннем. Ужо недзе ў другім класе я трапіў у інтэрнат. Памятаю, мамка прывозіла мне харчы, свойскую кілбасу. Я дзяліўся з іншымі дзецьмі. Не мог глядзець, як яны, галодныя, глядзяць, як я ем тую кілбасу. Дзеці з інтэрнату часта ўцякалі. Збег аднойчы і я. Прыйшоў дамоў. Мамка нешта там памітусілася і дамовілася, каб мяне ўзялі зноў у школу на выпрабавальны тэрмін.
З горам напалову я неяк правучыўся ў школе восем класаў. Настаўнікі мне нават тройкі ставілі, на якія я не заслугоўваў. Абы збыць мяне хоць як-небудзь. Пасля васьмі класаў я прабоўтаўся лета, а пасля заявіў, што іду ў дзевяты клас. Яны спадзяваліся, што я пайду ў якое вучылішча. А куды я мог пайсці? Я б нікуды і не паступіў. Я пайшоў у дзевяты клас, а ў дзевятым мяне і пасадзілі…
- Колькі ж табе было гадоў?
- Пятнаццаць. Мне далі два з паловай гады з адтэрміноўкай. Крыху больш за два гады я адбыў на “малалетцы” (калоніі для няпоўналетніх) у Бабруйску, рэшту – у Віцебску. Гэта быў першы тэрмін майго зняволення. Давалі адтэрміноўку, але я за гэты час тры разы парушыў закон і паехаў на зону. Так усё і пачалося…
- Маці перажывала?
- Мамка ездзіла на “малалетку” кожныя дзве нядзелі. І на спатканні, і перадачы прывозіла. Перажывала. Яна была хворая на цукровы дыябет, а тут яшчэ такое са мной…
- У цябе былі ў школе сябры?
- З часам з’явіліся. Ну, як сказаць... Мяне проста паважалі. Канечне, не “дзятлы вучоныя”, а дваровая шпана. На той час былі “раёны” (бойкі паміж раёнамі ў Оршы). Я рэдка хадзіў “на раёны”. Ды аднойчы, пасля “малалеткі”, памятаю, паехаў “на раён”. Мне разбілі галаву. Хаця я і не лічыўся “раёншчыкам”. Магчыма, таму што ўжо сядзеў. Не выключана, што калі б быў на свабодзе, то быў бы “раёншчыкам”.
- Ну а такія сапраўдныя, верныя сябры былі?
- Цяжка сказаць. Нібы былі, але калі справа дайшла да зоны, то акрамя маці ніхто і не дапамагаў. Калі выйшаў, то зноў нейкія там сябры з’явіліся.
- Якое тваё першае ўражанне ад зоны? Страшна было?
- Дзіка… Дзіка было. І страшна, канечне… Часта для такіх, як я, на “малалетцы” ўсё пачынаецца. Там твой лёс могуць зламаць вельмі хутка. Нешта будзеш рабіць не па правілах – і ўсё. Людзі часта самі сабе ламалі жыццё. Напрыклад, ты малады і хочацца больш з’есці, а нельга было, правілы забаранялі. Трэба было неяк трымацца. Усё залежыць ад таго, кім ты хочаш быць. Калі плануеш быць сярод “блатных”, то і правілы адпаведныя. Напрыклад, заводзяць у прыбіральню і б’юць па сківіцы. Гэта называлася – “падымаць на басяка”.
- Гэта былі пачаткі “блатнога” жыцця?
- У нейкім сэнсе. На дарослай зоне, канечне, усё інакш. Аўтарытэтныя зэкі не ўспрымалі правілаў “малалеткі”. Можна сказаць, на стаж яна не працавала, але пачаткі сапраўды былі там. Я спрабаваў затрымацца на статусе “мужыкоў”. Гэта, можна сказаць, сярэдзіна на зоне, але ўсё ж мяне больш несла ў бок “блатных”.
- Пасля таго, як ты выйшаў на волю, працаваў? Колькі часу быў на волі?
- Год і восем месяцаў. Праходзіў практыку на трактары (смяецца).
- Не пайшла практыка?
- А як яна пойдзе? Мы ж увесь час хацелі нешта ўтварыць. Пілі. На тыдзень куплялі скрынку гарэлкі і пілі… Аднойчы вынялі са станка нейкую дэталь і станок стаў колам, а ён быў дарагі. Выклікалі міліцыю, разбіраліся…
Пасля надумаліся займацца рэкетам. Паехалі ў вёску, я сабраў людзей і сказаў: так і так, вы павінны нам плаціць рэгулярна, а то будзем разбірацца ланцугамі ці яшчэ чым. На мяне напісалі заяву. Зноў быў суд. Далі тры з паловай гады. Па дурноце, канечне. Як цяпер памятаю, як мне заламалі рукі, а мая бабуля плача, крычыць нешта пра мае добрыя ручкі. Яна мяне любіла, добрая была… У хуткім часе яна памерла, а праз пяць месяцаў памерла і мая мама. Маме быў 41 год. Мяне пасадзілі на Навасады. Маці прыязджала на суд ужо вельмі хворай. Часткова была паралізавана, а я яшчэ пісаў ёй, каб прывозіла мне перадачкі…
- На Навасадах адбыў увесь час?
- Не. Адседзеў недзе каля двух з паловай і атрымаў “раскрутку”. Быў я тады на “каранціне” (месца для зэкаў, якія прыбылі на зону) і сустрэўся з сябрам дзяцінства. А тут “камендант” нешта стаў на мяне гнаць. Ён быў старэйшым. Па масці быў “казлом”…
- Як я разумею, гаворка тут ідзе пра зэка, а не пра міліцыянера?
- Канечне. Ён сачыў за зэкамі, за парадкам на каранціне. Можна сказаць, заўхоз. Да яго быў іншы, з тым можна было дамовіцца. А гэты быў прынцыповы. Карацей, пачаўся канфлікт. Я малады, а ён старэйшы. Яму хацелася прынізіць мяне, паказаць сваю сілу. Ну а я прывык з дзяцінства не саступаць, нават калі і прайграю. Словам, аддубасіў ён мяне, а блатныя зэкі сказалі, што я павінен яго за гэта пакараць, за тое, што прынізіў мяне. Сказалі, што па “блатным паняццям” трэба або трубой біць, або “рэзаць”. Раней на зонах трымаліся гэтых “паняццяў”. Я спадзяваўся, што неяк само разруліцца, але ніхто за мяне не заступіўся – ні землякі, ні знаёмыя. Усе толькі казалі, што трэба мне самому вырашаць справу. “Камендант” думаў, што я змаладушнічаю. А я ў сталовай дачакаўся зручнага моманту і пырнуў яго нажом у бок. Нож выкінуў, але на выхадзе са сталовай мяне ўжо “скруцілі”. Моцна білі, кінулі ў “бур” (адзіночная камера). Калі білі, я стаў крычаць, спрабаваў узняць бунт сярод зэкаў.
- Чалавек выжыў?
- Так. Яго перавезлі на “адзінку” (зона №1), каб зэкі не адпомсцілі. Проста ён быў чалавекам міліцыі, а за гэта зэкі помсцілі. Таксама на “адзінцы” зэкі на яго нешта там мелі. Ну а мяне міліцыя ўзяла на прыцэл, бо выйшла, што я прыбраў іх чалавека і ім трэба было шукаць некага на месца “каменданта”.
У выніку год я нават не даседзеў і мяне “раскруцілі”. Павінны былі адправіць на “асобы рэжым”. Так працягвалася мая “зонаўская кар’ера”. За гэты час я паспеў паехаць на абследванне ў рэспубліканскую бальніцу для зэкаў і там ударыў санітара і мяне адразу – у ізалятар. “Раскруцілі” дадаткова на пяць гадоў асобага рэжыму.
Так у дзевяностым годзе я трапіў на зону ў Глыбокае. Дзіка было. Паласатая вопратка, а я, лічы, самы малады на зоне – 22 гады…
- А чым адрозніваўся асобы рэжым ад іншых зонаў?
- Зэкі па-рознаму ацэньваюць. Але было там прасцей. На асобым людзі ў асноўным у гадах, бывалыя арыштанты. Многія жылі па зонаўскіх правілах, быў парадак. Вязні з асобага рэжыма часта былі шанаваныя іншымі зэкамі. Яны прымалі па-чалавечы мудрыя рашэнні. На асобым рэжыме не было “дзіцячага садку”, як на іншых зонах. Быў парадак і яго ўсе шанавалі. Зону ў Глыбокім нават называлі “ціхай гаванню”. Калі з’яўляўся нейкі баламут гэтага парадку, то яго вывозілі ў Расію, або садзілі ў “крытую” (турма камернага тыпу). Сама міліцыя была зацікаўленая, каб было спакойна, таму што ў людзей вялікія тэрміны зняволення і нікому не хацелася тут нічога мяняць ці бударажыць. Хаця, “спакойна” – гэта, канечне, адносна. Часам здараліся забойствы, калі чалавек проста не прачынаецца.
- Вязні забівалі?
- А хто там ведае? Так “па- ціхаму” распраўляліся з тымі, хто баламуціў, хто дарогу каму пераступіў. Найчасцей ахвярамі станавіліся невыпадковыя зэкі. Можа не ажно так часта гэта здаралася, але было. Для адміністрацыі калоніі тут была свая выгада. Напрыклад, прывезлі нейкага праблемнага зэка, а тут свае ж з ім табурэткамі і разабраліся. Пры Савецкім Саюзе такіх людзей стараліся вывозіць у іншыя зоны – у Вінніцу на Ўкраіну, у Даўгаўпілс, у Расію. У Вінніцу, напрыклад, звазілі зэкаў “ідэйных”.
Аднойчы, у 1992 годзе зэкі забаставалі і сталі галадаць, бо адміністрацыя не дадавала дзённы паёк. Начальнік калоніі сказаў, што гэта бунт і вызваў спецназ. Яны прыехалі на бронетранспарцёрах, заскочылі з крыкамі ў масках, кінуліся на казармы, а тут зэкі ніяк не рэагуюць, ды і няма асобліва каму – адны старыкі. Здзіўленыя былі і адны, і другія. Бунт быў, але пасіўны. Ну а спецназу трэба было некага біць. Дык яны проста размалацілі для знаку сметніцы на калідорах. Можна сказаць, адпрацавалі свае грошы. Пасля гэтай гісторыі начальніка калоніі знялі. Вось такім было жыццё на асобым.
- Гена, а калі ты пакаяўся?
- Пасля выхаду на свабоду я, памятаю, піў са сваім суседам. Ён сказаў пра мяне дрэннае слова і я, па блатных паняццях, схапіўся за нож, ударыў яго. Я пабыў на свабодзе не больш двух тыдняў, і вось калі мяне затрымалі і я быў ужо ў “адстойніку”, я пачаў задаваць сабе пытанні пра сваё бесталковае жыццё. Са сваёй “раскруткай” я адседзеў восем год, а тут мне зноў пагражае сур’ёзны тэрмін. Я пачаў маліцца, жагнацца. Рабіў гэта, як мог. Мяне ж ніхто гэтаму не вучыў… Але Бог пачуў мяне. Чалавек не напісаў на мяне заявы, бо мы ж разам пілі ды і нажом я яго крыху там зачапіў. Словам, мяне адпусцілі. І не паспеў я выйсці, як пра дапамогу Бога адразу ж забыўся.
Свабода мне нічога не дала. Бандыты пра мяне паклапаціліся, далі грошы, апранулі. Гэта былі дзевяностыя і мне прапанавалі рэкетам займацца. Хацеў вярнуцца ў сваю кватэру, а там айчым з нейкай жанчынай. Пасля смерці мамы ён там жыў з нейкай цёткай. Мне не было куды ісці. Гэта дзіўна, але нават у гэтай помачы бандытаў была Божая рука. Я – ніхто і ні з чым, а табе чамусьці дапамагаюць. Я быў характарным, але не настолькі, каб заваяваць аўтарытэт сярод зэкаў. Быў малады і такіх, як я, нават міліцыя не чапала. Быў час, калі мяне падтрымаў краснаярскі “вор у законе”. У Оршы мне дапамаглі бандыты, таму што я разам з некім там вызваліўся і не меў куды ісці. Ты – ніхто, а пра цябе клапоцяцца, не даюць загінуць. Цяпер я ў гэтым бачу руку Божую. Маё знаёмства з “варом” дало мне плюсаў у адносінах з іншымі зэкамі. Са мной сталі крыху лічыцца. Канечне, на свабодзе гэтая “помач” бандытаў абярнулася для мяне чарговым тэрмінам зоны. На свабодзе я прабыў каля года, але зноў узяўся за сваё: стаў красці, рабаваць людзей на рынку. Пасля чарговай п’янкі я “распрануў” чалавека. У выніку атрымаў восем з паловай гадоў зняволення. Так я “заехаў” у Глыбокае другі раз.
Цяжка я перажываў гэты тэрмін. Зноў ты нікому не патрэбны. Мне дапамог “вор у законе”, але яго забілі, іншага “вора” таксама забілі. Там усе бывалыя, рэцыдывісты, і я сярод іх ніхто.
Яшчэ падчас мінулага майго зняволення, за некалькі тыдняў да вызвалення, я стаў гуляць у нарды і мне “пайшла” ігра. Я выйграў каля 5000 даляраў. На зоне з гэтым вельмі жорстка. Калі не аддасі доўг, ты не жылец на гэтым свеце і нават на волі. Чалавек аддаў мне 500 пачак цыгарэтамі, салам, але застаўся яшчэ немалы доўг. І вось я зноў сустракаюся з маім даўжніком у Глыбокім. Але за гэты час ён стаў веруючым. Ён не мог мне аддаць доўг і з часам за добрыя паводзіны яго перавялі на іншую зону. Я стаў патрабаваць доўг ад веруючых. Яны нават хацелі мне аддаваць гэты доўг, але не давялося. У прынцыпе, праз гэты доўг я сутыкнуўся з веруючымі зэкамі. Канечне, не ўсё так проста было. Я ім казаў пра доўг, а яны абяцалі за мяне памаліцца. Я злаваўся. Спачатку не мог з імі дамовіцца. Пасля ў мяне самога пачаліся праблемы, я сам стаў даўжніком. Веруючыя казалі мне: ты сам маліся, прасі ў Бога. Я быў у апатыі. Раней мне было на зоне нашмат прасцей, а тут адны праблемы, даўгі і ніякага выйсця. Я пачаў маліцца. Дапамога прыйшла не адразу. Але прыйшла: з часам мой доўг пагасіў адзін зэк. Гэта было на ўзроўні цуду, таму што ў Глыбокім камерная сістэма і ўсялякія перадачы, помачы іншых былі вельмі абмежаваныя. Я зразумеў, што мая малітва пачутая, але належных высноваў і тады не зрабіў. Я паверыў у сілу малітвы, але не ў Бога. Стаў гуляць яшчэ больш, бо думаў, што малітва будзе прыносіць мне выгаду. Аднак нічога не ішло і станавілася ўсё горш і горш.
Бог вёў мяне крок за крокам, хаця я і ўпіраўся. Аднойчы я чысціў дрот з зэкамі і заўважыў, што яны нешта чытаюць, нейкія лісткі. Гэта быў Новы Запавет. Я зацікавіўся. Тады я яшчэ курыў і сваімі справамі займаўся, але крок за крокам Бог мяне вёў. І з часам я пачаў паддавацца: кінуў курыць, пакаяўся, хрысціўся. І так пайшло…
Апроч Глыбокага, я быў у Ваўкавыску, у Баранавічах. Там ужо я трымаўся веруючых. Часам нас збіралася на супольную малітву каля сотні. Веруючыя былі і ў крытай турме ў Гродна.
- Ты быў у “крытцы”? Калі?
- Гэта было крыху раней. У мяне была другая “раскрутка”. Па дурасці. Ішлі з лазні і я ўдарыў міліцыянера, скінуў з яго фуражку. Ён, злы, прыляцеў потым да нашай камеры, баіцца зайсці і крычыць, каб я выходзіў. Фуражка памятая, пагоны парваныя… Зэкі ў камеры крыху спужаліся і сталі казаць мне, каб я выйшаў. Гэта дзіўна гучыць, але ў нас былі ключы ад нашых камер, былі нажы. Гэта быў 92 год. Тады мне далі дадаткова тры гады…
- Так шмат усяго, што я ўжо блытаю, калі і што на якой зоне было…
- Так, шмат усяго было… Але калі я паверыў у Бога і вызваляўся з Ваўкавыска, то ўсё пайшло зусім па-іншаму. Прыехаў у Мінск, мяне тут сустрэлі веруючыя былыя зэкі. Дапамагалі пратэстанты, праваслаўныя, каталікі. Потым прыехаў у Оршу. Мяне прыняла мая цёця. Але, на жаль, яна паклала вока на маю кватэру. Былі праблемы з прапіскай. Хацеў ажаніцца, але ўсё нешта ў апошні момант перашкаджала: то людзі праблемы рабілі, то сам даваў ход назад.
- Пасля Ваўкавыска ты больш не быў на зоне?
- З 2003 г. я больш не сядзеў. Праўда, з прычыны запояў быў год у ЛТП.
- Стаў піць, ужо будучы вернікам?
- Мае запоі былі вынікам таго, што ў мяне ніяк не наладжвалася сямейнае жыццё. Усё нешта не атрымлівалася. Хацелася жаніцца на веруючай, каб усё па-Божаму было, а не атрымлівалася. Не ведаю, чаму. Часта жанчыны хацелі бачыць ува мне прынца на белым кані, а ў мяне толькі гады зонаў і турмы. У мяне – свае праблемы, а мяне хацелі змусіць да многіх правілаў. І ў мяне таксама нараджаліся крыўды, асуджэнне, расчараванне, боль. Усё гэта накаплівалася і прывяло да падзення.
Я звязаўся з няверуючай жанчынай, і мяне гэта нават больш пачало тапіць, а не сама п’янка. Бог быў са мной, але нешта не складвалася. Смешна, але я нават, будучы п’яным на працы, спяваў пра Хрыста, расказваў людзям пра Бога. Людзі маўчаць, глядзяць на мяне, як на дурня, а я ім: “Дарма смяецеся… Бог ёсць!”.
Пасля мяне падманулі, кінулі. Калі я быў у запоях, за мяне аформілі патрэбныя ім дакументы, і ў выніку я згубіў кватэру, стаў бамжом.
Калі трапіў у ЛТП, гэта стала для мяне ратункам. Мне здавалася, што я трапіў у псіхушку. Знешне нібы падобна на зону, але гэта зусім не зона. Я бачыў, што алкаголь робіць з людзьмі, і мне стала страшна. Я знайшоў Біблію, духоўную літаратуру. Стаў чытаць, маліцца. ЛТП мне дапамагло. Цэлы год я маліўся малітвай Саламона: Госпадзе, не дай мне быць ні бедным, ні багатым, каб не наракаць на жыццё і не пагарджаць Табой. Я казаў Богу, што калі маё жыццё не зменіцца, то я не хачу жыць. У ЛТП я планаваў, што калі выйду, то пайду ў касцёл і знайду дапамогу. Я ведаў, што так і будзе, я верыў у гэта, што трэба ісці менавіта ў аршанскі касцёл. Гэта калі коратка, таму што Бог і ў ЛТП не пакідаў мяне.
- Наколькі я цябе ведаю, то ты неабыякавы да зэкаў, алкаголікаў, бамжоў… Цябе хвалюе лёс гэтых людзей…
- Па-праўдзе, менш перажываю за бамжоў. Гэтыя людзі часта ў дзікіх запоях, і яны не хочуць нічога мяняць. З зэкамі трохі інакш. Пасля свайго навяртання мне ўсё хацелася евангелізаваць зэкаў. Можа таму, што сам увесь час па зонах хадзіў і разумею іх. Зрэшты, я бачыў змены сярод зэкаў, бачыў, як Бог мяняе людзей, і мяне гэта натхняла. Мы не ведалі як маліцца, як прапаведаваць і што казаць. Мы рабілі як умелі, а Бог дзейнічаў. Адзін міліцыянер, які быў у мяне майстрам, неяк запытаў: “Што з табой сталася? Ты нейкі не такі, перастаў мацюкацца”. Я адказаў: “Ведаеце, Госпад мяняе жыццё… вазьміце Евангелле, паверце – і збавіцеся вы і ваш дом”. Гэта быў падпалкоўнік і ён ведаў, што я некалі псаваў станкі на зоне. Ён адказаў мне: “Колькі ж ты ў мяне папіў крыві… няўжо Бог ажно так можа мяняць людзей?!” “Можа, - адказаў я, - Ён Бог Жывы і пасля сустрэчы з Ім мне ўжо не хочацца рабіць зло”. Адзін зэк чуў гэтую размову і стаў казаць падпалкоўніку, што я гавару пустое, але той адказаў: “Не-не… тут нешта ёсць… я ведаў Гену, кім ён быў…”. Пасля гэтай сустрэчы мне на зоне былі адчыненыя амаль усе дзверы.
Яшчэ быў адзін маёр, з якім я заўсёды быў у канфлікце. Раней, калі што было не па-мойму, я адразу крычаў: “Я зарэжу цябе!” Такім я быў. А цяпер і ён убачыў змены, якія адбыліся ўва мне. Ён стаў мне ўсё дазваляць, падпісваў усе просьбы. Казаў, што з Генай сталася нешта не тое, трэба “не спугнуць”…
- Дзякуй, Гена, за размову…
- Апошняе, што хачу сказаць, бо гэта для мяне вельмі важна: я ніколі не шкадаваў аб тых зменах, якія ўва мне адбыліся.