Гісторыя касцёла святога Язэпа Гісторыя дзеючай аршанскай каталіцкай святыні налічвае больш за 350 гадоў. У 1649 г. быў пабудаваны першы драўляны касцёл пад назвай Анёлаў Ахоўнікаў і кляштар дамініканцаў, фундаваны князем Геранімам Альбрэхтам Друцкім-Сакальніцкім, старастам лучанскім, паводле прывілею караля Уладзіслава IV. Новы мураваны касцёл пад назвай св. Юзафа Абручніка, у стылі позняга барока, пабудаваны намаганнямі айца-прыёра дамініканскага кляштару Лявона Пузыны ў 1819 г. пры фінансавай падтрымцы айцоў езуітаў. У 1820 г. пасля касаты езуітаў дамініканцы пачалі апекавацца іх касцёлам і школай да 1825 года. З 1832 г. касцёл св. Язэпа перастаў быць дамініканскім і стаў парафіяльным. У 1842 г. у кляштары было 17 манахаў-дамініканцаў. Праз чатыры гады кляштар быў зачынены царскімі ўладамі, а касцёл стаў адзінай дзеючай каталіцкай святыняй у Оршы. У 1864 г., як пакаранне за актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага мясцовых каталікоў, царскія ўлады змусілі веруючых разабраць дзьве касцёльныя вежы. У 1869 г. парафія сталася дэканальнай і лічыла больш за 2300 верных (святар абслугоўваў апроч парафіяльнага касцёла таксама дзьве капліцы). У 1914 г. 3300 верных абслугоўвае два святары. З 1923 г. пробашч даязджаў таксама да каталікоў у Сянно. Пасля закрыцця святыні камуністычнымі ўладамі ў 1937 г. тут была канюшня. У 60-я касцёл ператвораны ў гарадскі кінатэатр, а пасля – у клуб для моладзі. У 80-х будынак касцёла не выкарыстоўваўся і быў моцна занядбаны.
Недзе ў 70-я годы ў Оршы час ад часу з’яўляўся а. Зыгмунт Прочак МІС (МІС – скарачэнне ад лацінскай назвы Ордэну Айцоў Марыянаў), які патаемна прыязджаў удзяляць сакраманты і прывозіў з Польшчы рэлігійную літаратуру. Так першы раз на сустрэчу са святаром сабралася каля 150 чалавек, у наступным годзе – каля 70, а на трэці год толькі 30. На жаль, не атрымалася сустракацца ў таямніцы, паколькі людзі неасцярожна распавядалі адзін аднаму пра прыезд святара. Таму а. Зыгмунту прыходзілася ўцякаць ад міліцыі і самі каталікі баяліся сустракацца. У 80-я ў Оршы з’яўляліся час ад часу а. Антоні Лось МІС і а. Язэп Пятушка МІС, якія патаемна адпраўлялі Імшу ў прыватных дамах веруючых.
Можна сказаць, што аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Оршы пачалося ад Вялікдня 1989 года. Тады, раніцай у Вялікую Суботу, у Оршу прыехаў а. Аляксандр Альчынскі МІС. Ён выехаў на святы ў Вільню для працы сярод мясцовых палякаў, але сёстры эўхарысткі папрасілі яго, каб паехаў у Оршу, дзе ўлады аддалі касцёл веруючым, а не было святара, каб служыць Пасхальную Літургію. Гэта была першая Святая Імша пасля 53 гадоў бязбожнага перапынку. На Імшу прыйшлі старыя жанчыны і адзін мужчына. Адна бабулька была з унучкай. Як узгадвае а. Аляксандр, было такое ўражанне, што людзі знаходзіліся ў гробе, бо было вільготна, халодна, а вокны забітыя дошкамі і паўсюль смецце. Праца а. Аляксандра не была паслядоўнай і сталай. Гэта былі толькі пачаткі аднаўлення.
Першым пробашчам аршанскай парафіі, пасля камуністычнага застою, быў прызначаны а. Ян Вайткевіч МІС, які прыехаў у Оршу 8 жніўня 1990 года. Сваю працу а. Ян распачаў ад рамонту касцёла. Трэба было вынесці з касцёла ўсё смецце і на гэта пайшло каля двух гадоў. Нягледзячы на тое, што прызначаны пробашч вельмі добра валодаў беларускай мовай і адпраўляў Імшу па-беларуску, улады не далі а. Яну прапіскі па прычыне польскага грамадзянства і нібыта польскай агітацыі (а. Ян паходзіў з Беларусі, а выехаў у Польшчу сямнаццацігадовым хлопцам пасля вайны). Сапраўдная прычына, аднак, была ў іншым. Ужо на пасвячэнні крыху ўпарадкаванай святыні біскуп Казімір Свёнтак (пазней кардынал) папярэджваў а. Яна, што ў Оршы і Віцебску вялікі супраціў аказвае праваслаўнае духавенства, якое не хоча, каб у гэтым горадзе былі каталікі. Дзеля таго, каб а. Яна ўвогуле не выгналі з Беларусі, у 1992 г. біскуп перанёс яго ў Германавічы (Глыбоцкі р-н), дзе пасля году працы ён урэшце-рэшт атрымаў прапіску.
Восенню 1992 г. аршанскім пробашчам быў прызначаны а. Войцех Сакалоўскі, які працаваў тут два гады. За гэты час удалося навесці хаця б нейкі парадак у касцёле і вакол яго, хаця надалей не было дзе жыць, а праз дзіравы дах капала дажджавая вада. Дзякуючы спонсарам удалося зрабіць лаўкі, канфесіянал, рамкі для стацый “крыжовай дарогі”, павесіць жырандолі. Такім чынам касцёл памалу набіраў сакральны выгляд. Дадатковым клопатам былі канфлікты паміж парафіянамі, якія за столькі год панавання бязбожнай улады таксама страцілі пачуццё хрысціянскай годнасці і шмат чаго не разумелі. У гэтым часе на нядзельнай Святой Імшы было не больш за 40 чалавек, а ў буднія дні 2-3 чалавекі. Большасць аршанскіх каталікоў паходзіла з Заходняй Беларусі, або былі ахрышчаныя пры аказіі турыстычных паездак у Рыгу ці Вільню.
Дзякуючы намаганням а. Войцеха на Вялікдзень 1993 г. удалося вярнуць вернікам касцёл у Талочыне. Раней за гэты касцёл змагаліся а. Уладзіслаў Блін з Магілёва і а. Язэп Пятушка, марыянін з Барысава. Паколькі касцёл у Талочыне быў занядбаны, а на рамонтныя працы не хапала рук мясцовых жыхароў, то а. Войцех разам з клерыкам Чэславам Курачкам МІС прыязджалі электрычкай (40 км) на працу ў занядбанай святыні. На дадзены момант у Талочыне працуюць айцы палатынцы.
У 1994 г. а. Войцех выехаў на місіі ў Казахстан, а на яго месца прыехаў а. Яраслаў Хыбза МІС і 26 верасня прыняў свае душпастырскія абавязкі. Айцец Яраслаў паходзіў з Беластока (усходняя Польшча), дзе даводзілася шмат сустракацца з мясцовымі беларусамі, з беларускай мовай і культурай. Магчыма, гэты досвед дапамог а. Яраславу хутка адаптавацца да новых умоваў і распачаць плённую працу. З 1995 г. у Оршы пачалі адбывацца рэкалекцыі для моладзі, якія праводзіла Школа Новай Евангелізацыі. На першы тур прыехала з усёй Беларусі каля 60 чалавек. Рэкалекцыі адбываліся некалькі разоў на год і ўдзельнічала ў іх у сярэднім каля 360 чалавек за год. Дзякуючы гэтым курсам у парафіі з’явілася шмат моладзі. Быў створаны тэатр і дзіцячы хор, паўстала харызматычная малітоўная група, пачалі адбывацца біблейскія сустрэчы і г.д. У працы а. Яраславу дапамагаў а. Часлаў Курачка, які працаваў тут яшчэ клерыкам, пасля два гады быў дыяканам і ў 1999 г. пасвечаны на святара. У 2000 года парафія лічыла каля 500-600 чалавек, з чаго толькі каля 150 чалавек рэгулярна хадзіла ў касцёл па нядзелях. Вялікай дапамогай былі манахіні, якія працавалі з дзяцьмі і моладдзю, а таксама адведвалі хворых. У 1998 г. распачалася будова парафіяльна-рэкалекцыйнага дому, якая трывае да сёння.
З 2002 г. пробашчам стаў а. Часлаў Курачка, які распачаў рамонт у касцёле і ўладкаваў прыкасцёльную тэрыторыю. На сённяшні дзень (нават пасля аднаўлення Оршы да Дажынак) ланшафт і кветкі нашай тэрыторыі прыцягваюць агромную колькасць жыхароў Оршы. Хіба што няма вяселля, якое б не прыехала рабіць здымкі каля кветак альбо “возера” з драўляным мастом.
У Оршы ў апошнія гады таксама працавалі наступныя святары: а. Міхал Цвячкоўскі МІС, а. Андрэй Сідаровіч МІС, а. Пётр Бернацкі МІС, а. Міхал Гарбэцкі МІС. Сёння пробашчам парафіі з’яўляецца а. Аляксандр Жарнасек МІС.