1

"Божая мара - гэта разуменне, што кожны чалавек важны. Кожнае чалавечае жыццё - сакральнае. Божая мара аб кожным з нас - каб мы жылі ў супакоі, каб жылі ў супакоі ў сям'і, на працы, каб мелі супакой у тым, як любім адзін аднаго. А любіць людзей - гэта не рабіць штосьці для іх, гэта адкрываць ім: ты больш варты, чым ты можаш сабе ўявіць".

Жан Ванье

  

 

Падчас падрыхтоўкі матэрыяла для гэтага артыкула, мне трапіўся кароценькі фільм, які зняла супольнасць L'ArcheInternationale ("Каўчэг") на Украіне. Фільм называўся "LettheBirdsLoose" ("Дазвольце птушкам паляцець") і пачынаўся словамі: "У 1980 годзе было абвешчана, што непаўнаспраўных людзей у СССР няма". З такога заяўлення вынікала, што для людзей непаўнаспраўных, а гэта значыць, ментальна і фізічна кволых, проста не было месца ў гэтай краіне, а значыць і ў людзкой свядомасці...  Шаснаццацю гадамі раней, у 1964 г., у Францыі Жан Ванье заявіў штосьці зусім супрацьлеглае: ён прысвяціў сваё жыццё служэнню людзям адкінутым, убогім - людзям непаўнаспраўным. І зрабіў ён гэта ў імя Езуса.

 

У мінулым вайсковец, філосаф, тэолаг, аўтар больш за 30 кніг, перакладзеных на 29 моваў свету, каталік глыбокай веры, Жан Ванье стаў адным з заснавальнікаў міжнароднай федэрацыі супольнасці "Каўчэг" і руху "Вера і Святло".

 

У 2015 г. Жан Ванье атрымаў Тэмплтонаўскую прэмію за іннавацыйнае адкрыццё цэнтральнай ролі кволых людзей у стварэнні больш справядлівага, аб’яднанага і гуманнага грамадства. Адказваючы з нагоды ўзнагароды на пытанне: "Якая Божая мара пра чалавецтва?", Жан Ванье сказаў: "Божая мара - гэта разуменне, што кожны чалавек важны. Кожнае чалавечае жыццё - сакральнае. Божая мара аб кожным з нас - каб мы жылі ў супакоі, каб жылі ў супакоі ў сям'і, на працы, каб мелі супакой у тым, як любім адзін аднаго. А любіць людзей - гэта не рабіць штосьці для іх, гэта адкрываць ім: ты больш варты, чым ты можаш сабе ўявіць".          

2

Вайсковая кар'ера

Жан Ванье нарадзіўся ў Жэневе ў каталіцкай сям'і генерал-маёра Джорджа Ванье і мадам Паўліны Арчэр Ванье. Ён стаў чацвёртым з пяці дзяцей. Бацька Джордж Ванье восем гадоў служыў генерал-губернатарам Канады. У сувязі з яго вайсковай кар'ерай, сям'я часта пераязджала, таму большую частку свайго дзяцінства Жан правёў у Францыі і Англіі. Ва ўзросце 13 год Жан распачаў навучанне ў Каралеўскім Ваенна-Марскім каледжы ў Дартмуце. Пра поспехі кадэта Ванье сведчыць той факт, што аднойчы ён суправаджаў брытанскіх манархаў падчас тура ў Паўднёвую Афрыку. Прафесійнае і чалавечае станаўленне юнака Жана выпала на Другую сусветную вайну. Узгадваючы той час, Жан Ванье пазней скажа: "Мы спазналі Другую сусветную вайну 1941-1945 гг., спазналі Аўшвіц, мы спазналі атамную бомбу. Пасля мы пачалі выяўляць, што чалавецтва можа забіваць сябе, што чалавецтва можа рабіць суіцыд". У 1949 г. Жана накіроўваюць ў Каралеўскі канадскі ваенна-марскі флот з адзнакай "бліскучая кар'ера". Праз год Жан Ванье адкрывае пакліканне да "чагосьці іншага". Ён пакідае канадцкі флот, а разам з ім і вельмі перспектыўную кар'еру. Ён шукае сэнсу, прагне паглыбіць веру і разважае над тым, як перажываць Евангелле ў сваім штодзённым жыцці.

3Духоўныя пошукі

Распавядаючы аб гэтым пераломным моманце свайго жыцця, Жан Ванье кажа, што ён "пакінуў флот для таго, каб наследаваць Хрыста". Гэтае прагненне прывяло яго напачатку ў цэнтр духоўнай фармацыі для свецкіх асобаў EauVive ("Жывая Вада"), а потым у Парыжскі каталіцкі інстытут, дзе Жан Ванье распачаў вывучаць філасофію.

 

У 1962 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму этыкі Арыстоцеля. Зімою гэтага ж года, на свята Божага Нараджэння, Жан Ванье наведаў свайго сябра, а.Томаса Філіпа, які служыў капеланам пры шпіталі для непаўнаспраўных людзей. Сказаць, што тое, што ён убачыў, прыгняло яго, значыць не сказаць нічога: 80 дарослых мужчын жылі ў двух спальных пакоях і ўвесь дзень займаліся толькі тым, што хадзілі па коле адзін за адным дый спалі па дзве гадзіны падчас абеду. "Я зрабіў неверагоднае адкрыццё свету людзей з непаўнаспраўнасцямі... Я адкрыў людзей прыгнечаных, пакінутых, якіх саромеліся бацькі..." - скажа Жан Ванье.

 

Наступныя два гады ён працуе ў Канадзе выкладчыкам філасофіі, а пасля зноў робіць "нелінейны крок у кар'еры". Жан Ванье пакідае выкладчыцкую працу і кліча з таго самага шпіталя для непаўнаспраўных людзей двух чалавек – Рафаэля і Філіпа – жыць разам з ім. Адчуваючы падтрымку з боку а. Томаса Філіпа, Жан Ванье едзе ў невялічкую французскую вёску Трослі-Брэй, што знаходзіцца ў 100 км. на поўнач ад Парыжа, і купляе там невялікі дом. "Нашае супольнае жыццё пачалося ў жніўні 1964 г., як толькі я атрымаў неабходныя дазволы ад сацыяльных і медыцынскіх службаў. Наследуючы Хрыста і Яго Евангелле, я хацеў разам з Рафаэлем і Філіпам стварыць супольнасць новага тыпу і застацца адкрытым да шляху, які Госпад будзе мне паказваць у будучым," – кажа Жан Ванье.

 

Дом, што быў набыты ў Трослі-Брэй, Жан Ванье назваў "Каўчэг" - па аналогіі з Ноевым каўчэгам, які падчас патопу ратаваў чалавечую сям'ю. Так нарадзілася L'Arche ("Каўчэг") - міжнародная федэрацыя супольнасцей, сэрцам каторых з'яўляюцца асобы з інтэлектуальнымі непаўнаспраўнасцямі.

4Каўчэг

 

Пачалося ўсё вельмі проста, нават, як кажа сам Жан Ванье, наіўна. Её не быў ні псіхолагам, ні спецыяльна адукаваным педагогам, і, увогуле, нічога не ведаў пра людзей з непаўнаспраўнасцямі. “Каўчэг” нарадзіўся ва ўбостве на кожным узроўні: далёка не багаты дом у Трослі-Брэй, сціплыя фінансавыя магчымасці і толькі адна-адзіная праграма, якую Жан Ванье мог прапанаваць: жыць разам з Рафаэлем і Філіпам як у сям'і. Напрацягу 1964 г. пад націскам бацькоў непаўнаспраўных дзяцей французская ўлада пачала стымуляваць прыватныя ініцыятывы з мэтаю адкрыцця спецыяльных школ і стацыянарных установаў. Таму зусім нескладана было атрымаць неабходныя дакументы і адпаведную фінансавую падтрымку. У тыя часы ў псіхіятрычных шпіталях і вялікіх дзяржаўных установах Францыі жыло па некалькі тысячаў "дэбілаў”, ці “ментальна затарможаных", як тады гаварылі. Але адначасова ў грамадстве абуджалася ўсведамленне неабходнасці меншых структураў адкрытага тыпу, якія б функцыянавалі па-за сістэмай. З іншага боку, у часы перад Другім Ватыканскім саборам і пасля яго многія маладыя людзі адчувалі імкненне аб'ядноўвацца ў новыя супольнасці, каб жыць сваёй верай і, у той жа час, быць побач з убогімі. Усё разам гэта падтрымала заснаванне супольнасці L'Arche, альбо Каўчэг, у Трослі-Брэй.

 

Гэтая першая супольнасць “Каўчэга” вырасла настолькі, што сёння яна складаецца з 200 членаў. Усе яны дзеля Евангелля зрабілі выбар у бок жыцця і працы з непаўнаспраўнымі людзьмі. Жывуць "каўчэгаўцы" не ў адным вялікім будынку інстытуцыйнага тыпу, а ў невялікіх дамах у вёсцы Трослі і ў суседніх вёсках. У свеце ж на сённяшні дзень налічваецца больш за 147 супольнасцяў “Каўчэга”, знаходзяцца яны ў 35 краінах, на пяці кантынентах. Усе супольнасці аб'ядноўвае адзіная "Хартыя жыцця" (Chartedevie), якая вызначае візію, дух і мэты “Каўчэга”.

 

І менавіта гэты вельмі багаты вопыт жыцця з асобамі, якія з'яўляюцца слабымі, адкрыў Жану Ванье шмат аб самім чалавеку, аб Евангеллі, жыцці ў супольнасці і пакліканні найменшых сярод нас.

5Енк убогасці

Жывучы разам з Рафаэлем і Філіпам, Жан Ванье найперш адкрывае глыбіню іх пакутаў. Дзіця не можа зразумець таго, што з'яўляецца крыніцай расчаравння сваіх бацькоў. Нараджэнне непаўнаспраўнага дзіцяці становіцца драмай для ўсёй сям'і. Боль бацькоў, якія маюць дзіця з непаўнаспраўнасцямі, вялікі. Але Жан Ванье спазнае, што быць непаўнаспраўным – таксама вялікая пакута! Быць абмежаваным, адчуваць сябе іншым, адкінутым, адчуваць сябе прычынай трывогі сваіх бацькоў, думаць пра сябе як пра менш вартага, чым твае браты і сёстры... Не дзіўна, што многія асобы з непаўнаспраўнасцямі напоўненыя вялікай трывогай. У іх развіваецца пачуццё віны, якое суправаджае негатыўнае ўяўленне пра самога сябе. Часта такія людзі закрываюцца ад іншых, жывуць у дэпрэсіі, носяць у сабе гнеў і, не маючы даверу да сябе, паказваюць асяроддзю іншы твар, альбо хаваюцца ад рэчаіснасці і бягуць у нейкі свой іррэальны свет.

7

Жан Ванье ўбачыў, што тое, чаго Рафаэль і Філіп прагнулі найбольш, было сяброўства і давер. Яны прагнулі кагосьці, хто б любіў і шанаваў іх такімі, якія яны ёсць - з іх абмежаванасцямі, непаўнаспраўнасцю, але таксама і з іх дарамі. Жан Ванье зразумеў і цяпер кажа аб гэтым пры кожнай нагодзе, што любіць кагосьці – не значыць рабіць для яго нешта, любіць - значыць адкрываць другому чалавеку ягоную вартасць, прыгажосць і дапамагаць яму знаходзіць давер да сябе. "Для мяне гэта было нялёгка, таму што я быў навучаны быць паспяховым і эфектыўным, дапамагаць іншым і быць велікадушным. А тут мне трэба было навучыцца слухаць Рафаэля і Філіпа, мне трэба было аддаваць час для таго, каб я мог зразумець іх, спазнаць іх патрэбы, але таксама і іх прыгажосць і дары; трэба было дазволіць, каб яны адкрылі мне сэнс свайго жыцця. Мне трэба было ўвайсці ў сапраўдныя стасункі, у якіх бы я не хаваўся за сваімі загародкамі, але прымаў сваю ранімасць. Я быў пакліканы адкрыць яднанне", - кажа Жан Ванье.

8Яднанне

Другі Ватыканскі сабор рабіў акцэнт на сакрамэнце паяднання з Богам - крыніцай еднасці ўсіх Божых дзяцей. У Трослі-Брэй Жан Ванье мусіў адкрыць, чым на самой справе з'яўляецца яднанне і што яно ўяўляе.

 

Праходзячы сваю фармацыю, Жан Ванье вучыўся рабіць шмат рэчаў для іншых людзей, вучыўся навучаць, арганізоўваць час другіх людзей, прысвячаць ім сваю ўвагу, аддаваць матэрыяльныя рэчы... Карацей кажучы, ён вучыўся быць велікадушным і лічыў, што гэта і ёсць тое, што патрэбна іншаму чалавеку. Аднак, нягледзячы на важнасць такой любові, Жан Ванье не разумеў, што ў велікадушных стасунках людзі не знаходзяцца на адным узроўні. Праз некаторы час ён пачынае бачыць, што велікадушнасць мае ў сабе нейкую разнавіднасць перавагі: ёсць чалавек, які дае, і чалавек, які прымае, ёсць той, хто гаворыць, і той, хто яго слухае... "Паступова я падрастаў да ўсведамлення, што існуе іншая форма любові, якая складаецца з прыняцця другой асобы такой, якая яна ёсць. Я пачаў адкрываць штосьці зусім іншае аб яднанні," - гаворыць Жан Ванье.

 

Істотнай якасцю яднання з'яўляецца прысутнасць, альбо, іншымі словамі, узаемная прастора сустрэчы дзвюх асобаў. Паступова Жан Ванье адкрываў, што гэтая прастора сустрэчы з'яўляецца прасторай самога Бога. Жан Ванье распавядае, што яднанне - гэта стан ласкі, плён двухбаковай любові. Яно нараджаецца ва ўзаемнай адкрытасці людзей, ва ўзаемным прыняцці, якое нічога не прапануе другому чалавеку і нічога ад яго не чакае. Такое прыняцце чалавекам чалавека напоўнена супакоем і радасцю, радасцю ад самой прысутнасці. Яднанне мае на ўвазе роўнасць, узаемнае і адначасовае адорванне адно аднога, якое выключае накідванне як сваіх уласных ідэй, так і жадання валодаць іншай асобай. Яно засноўваецца на пакоры, а нараджаецца ў даверы. Яно з'яўляецца найдзіўнейшым дарам даверу, веры, убогасці, дарам простага прыняцця сябе і іншага ў праўдзе. Тое, што ў супольнасці плыве ад адной асобы да другой, не належыць ні першай, ні апошняй, але з'яўлецца Божым дарам. Гэта - узаемнае святло, якое сагравае кожнага і ў якім кожны ўсё прымае ад другога, а пра сваё забываецца. Яднанне - гэта спосаб Божай прысутнасці.

 

Жан Ванье кажа, што яднанне з'яўляецца "землятрусным" досведам. Разам з тым ён гаворыць, што жыць на ўзроўні бясплатнай любові, якая фарміруе супольнасць і выводзіць яе ў свет, зусім няпроста.

9Фундаментальны парадокс  

Людзі з непаўнаспраўнасцямі, якіх усынаўляе “Каўчэг”, з'яўляюцца людзьмі вельмі крохкімі. Напрыклад, Антоніо. Ён мае дэфармаванае цела, не можа гаварыць, хадзіць ці карыстацца ўласнымі рукамі. Ён залежыць ад дапамогі іншага чалавека, ён вельмі "убогі". Але, калі вы набліжаецеся да яго, гаворыць Жан Ванье, і клічаце яго па імені, вы бачыце, як пачынаюць ззяць яго вочы, а твар азараецца ўсмешкай. Вы бачыце вочы, якія глядзяць на вас з вялікім даверам і пяшчотай! Вы бачыце асобу вялікай чысціні, без следу дэпрэсіі ці злосці, як быццам яна прыняла сябе ў паўнаце. 

 

Асістэнты, што жывуць разам з Антоніем, гавораць аб тым, як ён іх змяніў. Большасць з іх прыходзіць у “Каўчэг” са свету канкурэнцыі і канфлікту, дзе трэба быць паспяховым, здольным і моцным, дзе трэба абараняць сябе і насіць маскі. У гэтым свеце чалавек адчувае сябе вартым любові тады, калі дасягае пэўных ведаў, магчымасцей, моцы, калі атрымлівае важную функцыю. Позіркам любові і даверу Антоніо кліча іх у іншы свет, у свет пяшчоты і спачування. Быццам ягоная дробнасць і пяшчотнасць знаходзяць шлях да шчылін іхніх ахоўных механізмаў, абуджаючы сэрца – крыніцу іх жыцця. "Бо сэрца – гэта не цэнтр сентыментальнасці ці пачуццяў, перш за ўсё гэта цэнтр любові, а гэта значыць, усяго таго, што дае жыццё іншаму чалавеку і нам самім", - кажа Жан Ванье. Любоў мае на ўвазе слуханне, пяшчоту, разуменне... Антоніо трэба накарміць, выкупаць, трэба разумець ягоныя патрэбы і шанаваць іх, трэба дапамагчы яму выказаць свае жаданні, каб ён жыў у паўнаце.

 

Тут мы закранаем фундаментальны парадокс Каўчэга: слабы чалавек, які згодна з грамадскімі нормамі з'яўляецца назаўсёды ў пройгрышы і якога грамадства досыць часта адкідвае, мае сакральную сілу, якой абуджае сэрцы моцных, калі яны гатовыя яго прыняць. Ён выводзіць іх са свету канкурэнцыі і ўводзіць у свет, дзе кожны мае права знайсці сваё месца і быць тым, кім ён ёсць.

31Быць ля Вытоку

Некаторыя асобы з непаўнаспраўнасцямі ўводзяць іншых у свет пяшчоты, другія паказваюць свет трывогі і насілля, адкрываючы адначасова прыгожую і хаатычную праўду аб кожнай чалавечай істоце. У кожным чалавеку, гаворыць Жан Ванье, ёсць магчымасць любіць, прага сяброўства, адмова ад канкурэнцыі і барацьбы. Але, разам з тым, кожны чалавек мае ў сабе свет цемры, насілля, хаоса, які нас пужае і які нам трэба адкрыць і прыняць, калі мы жадаем жыць у праўдзе і калі мы хочам накіроўваць нашыя сілы на шлях любові. 

 

Хрыстовы вучань, які ў “Каўчэгу” стаіць перад пакліканнем да праўды і любові, павінен паглыбляць сваю веру і развіваць сваё малітоўнае жыццё. Яднанне с такімі асобамі, як Антоніо, адкрываюць яму глыбокі сэнс еднасці з Езусам. Словы Хрыста "заставайцеся ў Маёй любові" (Ян 15,9) становяцца сэнсам ягонага жыцця. Ён адкрывае, што найперш пакліканы да таго, каб быць з Хрыстом, каб слухаць Яго, жыць даверам да Яго, любіць Яго і быць любімым Ім. "Такім чынам, вучань Хрыста хутка адкрывае, што малітва - гэта не вымаўленне словаў, не просьба ці падзяка, але перш за ўсё жыццё ў Ягонай прысутнасці, прабыванне ля Вытоку," – кажа Жан Ванье.

 

У той момант, калі вучань Хрыста сустракаецца з уласнай цемрай, хаосам сваёй істоты і няздольнасцю любіць, ягоная малітва ператвараецца ў енк да Святога Духа, які лунае над гэтым хаосам. Ён моліцца, каб Дух Святы пасяліўся ў ім і падараваў сэнс і жыццё:" Прыйдзі, Пане Езу!". У “Каўчэгу” многія асістэнты сустракаюцца са сваёй зраненай чалавечнасцю. Разам з тым, яны адкрываюць гарачае жаданне, каб Езус аздаравіў і вызваліў іхнія сэрцы. Гэты шлях патрабуе суправаджэння мудрай асобы, якая добра спазнала ўсю ўбогасць і абмежаванасць чалавечага сэрца.

           

11Два светы   

 

"Чым больш я знаёмлюся са светам людзей, якіх грамадства адкінула з прычыны іх непаўнаспраўнасці, - кажа Жан Ванье, - тым больш адкрываю, як шмат нашых стаўленняў звязана са страхам перад унутраным хаосам. Людзі, групы, чалавечыя грамадствы хаваюцца ад уласнага хаосу, хаосу вар'яцтва, насілля, страху, сэксуальнасці... Гісторыя чалавецтва - гэта гісторыя групаў, якія ў мэтах сваёй абароны адгарадзіліся законам, надзейнымі пастановамі і межамі, жадаючы ўсялякай цаной навесці парадак, бо жыць у хаосе - немагчыма".

 

Але цана, якою гэта аплачваецца, высокая: уводзячы парадак і ствараючы ясныя межы, чалавецтва раздзялілася на мноства моваў і культур. Свет дзеліцца на добрых і на злых - і так нараджаюцца прадузятасці.

 

"Глыбіня і пастаянства прадузятасцяў да асобаў з ментальнымі непаўнаспраўнасцямі дапамаглі мне зразумець ахоўныя механізмы чалавека. Яшчэ я ўбачыў, як ён расце, калі пачынае рушыць муры прадузятасцяў, дазваляючы прабівацца супольнай людзкасці," - гаворыць Жан Ванье. Знешне руплівыя хрысціяне ў стане сказаць асістэнтам з “Каўчэгу”: "Навошта вы губляеце час з людзьмі, як гэтыя?". Адны бацькі, "выдатныя хрысціяне", неяк сказалі Жану Ванье:" Шкада, што мая дачка асістэнтка ў “Каўчэгу”, яна б магла столькі добрага зрабіць у якім-небудзь іншым месцы". Для многіх людзей існуе іерархічны падзел грамадства: тыя, што з'яўляюцца паспяховымі ў чалавечым і духоўным сэнсе, знаходзяцца "наверсе", яны маюць сваю вартасць; тыя ж, што не з'яўляюцца паспяховымі, г.з. убогія і слабыя, змясціліся "на дне" і вартасці не маюць.

 

У пасланні да Эфесцаў Павел кажа, што Езус прыйшоў, каб зрушыць "сцяну непрыязнасці", якая аддзяляе людзей, і каб зрабіць з чалавецтва адзінае цела. Ён прыйшоў, каб знішчыць прадузятасць і каб кожная чалавечая істота, няглядзячы на свае абмежаванасці і слабасці, магла быць шанаванаю ў сваёй прыгажосці і вартасці. “Каўчэг” прагне быць такім месцам, дзе рушацца муры, дзе моцныя і слабыя могуць адкрываць, што яны патрэбныя адзін аднаму для таго, каб стаць людзьмі ў паўнаце і каб даць адказ на Божую візію аб чалавецтве.

 

"Каўчэг” нам адкрывае, што Езус прыйшоў, каб перамяніць пірамідальны строй нашага грамадства, што нішчыць найслабейшых, у цела, дзе ёсць месца для кожнага", - гаворыць Жан Ванье. У гэтым целе слабыя члены не адкідваюцца, але наадварот, з'яўляюцца неабходнымі і ім патрэбна пашана (пар.1 Кар 12, 22-25).

12Непаўнаспраўны чалавек - абраннік Божы

Жань Ванье кажа, што ў супольнасцях “Каўчэгу” непаўторна ажыццяўляюцца словы святога Паўла: "Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог" (1 Кар 1, 27-28).

 

Сам Езус у прыпавесці пра вяселле (Мц 25, 1-13; Лк 14, 15-24) распавядае, як прыстойныя і ўзорныя для гдамадства асобы адмаўляюцца прыняць заклік гаспадара. Безумоўна, гэта добрыя людзі, з правільным адчуваннем рэлігійных і маральных каштоўнасцей, але яны не могуць увайсці ў таямніцу Евангелля і Езуса. Убогія становяцца тымі, хто адгукаецца на заклік, іх прыцягвае радасная навіна Езуса.

 

Нягледзячы на немагчымаць поўнага развіцця сваіх інтэлектуальных і фізічных здольнасцей, асобы з ментальнымі непаўнаспраўнасцямі захавалі сэрца, якое прагне яднання і сяброўства. Кожнае маленькае дзіця пачынае сваё жыццё ў любові і яднанні, а не ў духу канкурэнцыі. Праўда, малое дзіця не можа прымаць рашэнні, яно залежыць ад другога чалавека і шмат да чаго яно няздатнае, напрыклад, да любові велікадушнасці, але затое яно жыве асабліваю любоўю - даверам. А давер - гэта нішто іншае, як адорванне людзей уласным сэрцам і сабою. Будучы ўбогімі на ўзроўні сваіх здольнасцей, людзі з ментальнымі непаўнаспраўнасцямі вельмі адкрытыя да стасункаў, бо перш за ўсё яны шукаюць прысутнасці.

 

Бог Новага запавету - гэта Бог любові і прысутнасці, Эмануэль, значыць "з намі Бог". Інтэлектуальныя асобы часта жадаюць спазнаць Бога праз канцэпцыі. Яны валодаюць ідэямі пра Яго ці ведамі, якія іх абагачаюць і даюць пэўную духоўную перавагу над іншымі; яны могуць навучаць ці прапаведаваць, што вельмі важна. Актыўныя людзі маюць схільнасць да служэння Богу праз абрады і цэрэмоніі, ці праз служэнне іншым. Яны добрыя арганізатары, яны чыняць дабро, што іх абагачае і дае ім пэўную перавагу над іншымі. Асобы ментальна ўбогія не валодаюць ідэямі пра Бога, асобы з цялеснымі ўбоствамі - нязграбныя, не могуць нікому дапамагчы  і не ведаюць, як служыць Богу, але ім патрэбна адчуваць, што яны любімыя Ім. Гэта енк іхніх сэрцаў. Без гэтай любові яны тонуць у дэпрэсіі ці злосці і закрываюцца ў сабе. І таму менавіта яны найбольш гатовыя прыняць Божы дар. Бо перш за ўсё яны шукаюць Ягонай прысутнасці.

 

"Пасля адных рэкалекцый я запытаў Дзідзіера, чалавека з ментальнай непаўнаспраўнасцю, што найбольш кранула яго, - распавядае Жан Ванье. - Ён мне адказаў: У мяне палала сэрца, калі прамаўляў святар". Калі б мы яго запыталі, аб чым гаварыў святар, ён бы не ведаў, што адказаць. А П’ер, які жыве ў нашай супольнасці ў Швейцарыі, аднойчы сказаў мне, што ягоная малітва - гэта слухаць Бога, Які яму кажа "Ты мой сын умілаваны".

 

"Бог любові вольны дарыць Сябе чалавечым асобам і яднацца з імі ў супакоі і ўнутранай радасці. Ягоная радасць - адорваць Сабою і адкрываць сваю прысутнасць, поўную ласкі, тым, хто жадае Яго прыняць. Ці не таму Езус жадаў быць разам з дзецьмі і сердаваў, калі вучні хацелі іх ад Яго адвесці? Ці не гаворыць гэта аб тым, што нам патрэбна стаць як дзеці, калі мы жадаем увайсці ў валадарства?" - гаворыць Жан Ванье.

 

Для таго, каб людзі з непаўнаспраўнасцямі жылі ў блізкасці з Езусам, патрэбная дапамога асяроддзя. А гэта - адказнасць хрысціянскай супольнасці, а значыць і “Каўчэга”.

 

"Часамі госці “Каўчэга” хваляць асістэнтаў, кажучы, як цудоўна ўсё тое, што яны робяць. А мы ведаем, што на самой справе цудоўныя непаўнаспраўныя нашы людзі. Яны апярэдзілі нас на шляху да Валадарства; у прастаце сэрца яны жывуць побач з Езусам; яны могуць прабачаць без затрымкі і  жыць у ласцы," - распавядае Жан Ванье.

 

І тут мы можам прадбачыць адну таямніцу: ці не адкрывае нам Езус, прыраўняўшыся да ўбогіх, што такія асобы з'яўляюцца пасвечанымі? Асоба, пасвечаная Богу, Яму належыць і для Яго жыве. Некаторыя пакліканы ісці гэтым шляхам і выбіраюць яго. Асобы з непаўнаспраўнасцямі такі шлях не выбіралі, але ў сваёй убогасці ці не з'яўляюцца яны пасвечанымі Богу алеем пакутаў і адрынутасці?

 

13“Каўчэг” - глыбока людская рэчаіснасць

           

Жан Ванье кажа, што “Каўчэг” з'яўляецца глыбока людскай рэчаіснасцю, якая жадае вярнуць асобам з непаўнаспраўнасцямі тое, што ў іх адняла адрынутасць: прыгажосць быцця чалавекам. Мэта “Каўчэга” - дапамагчы кожнаму, і чалавеку з непаўнаспраўнасцямі, і асістэнту, знайсці сваё месца ў чалавечай сям'і. Аднойчы адзін з асістэнтаў сказаў Жану Ванье: "Бог уваходзіць у нашыя сэрцы, як зерне, якое прадзіраецца ў зямлю". Зямлю трэба апрацоўваць і падкармліваць, каб зерне магло расці. Рост Божага жыцця ў нас мае на мэце таксама і станаўленне нашай людзкасці. "С таго моманту, як Слова сталася целам, няма больш супрацьпастаўлення паміж духоўным і людскім, - кажа Жан Ванье, - Езус прыйшоў, каб адкрыць нам усю прыгажосць і важнасць нашай чалавечай сутнасці".

 

Кожнаму чалавечаму жыццю важна развіваць здольнасці да адзінства, супрацоўніцтва і прафесійнасці без страху перад стасункамі з іншымі людзьмі. Многія ў сённяшнім свеце аддаюць вялікую перавагу прафесійнасці, таму што іх захапляюць навуковыя адкрыцці ці новыя тэхналогіі. Але свет вельмі хутка мяняецца. Многія мусяць з галавою кінуцца ў працу, каб палепшыць сваю кваліфікацыю і даходы. Ёсць шмат тых, якія, вычарпаныя кар'ерай і агрэсіўнымі ўмовамі працы, больш не маюць сілаў на святы і сустрэчы, і таму ідуць па лініі найменшага супраціўлення, вяртаючыся да тэлевізара. Людскія асяроддзі і месцы, да якіх чалавек заўсёды натуральна належаў - такія, як сям'я, вёска, парафія - пачынаюць распадацца. Кожны ідзе сабе шляхам самастойнасці, і,  пры гэтым, закрываецца ў сабе. Ці не трэба б было нам наноў знайсці прыгажосць нашай істоты і адкрыць глыбокі сэнс праслаўлення людзкасці, у якой мы сустракаемся адзін з адным і радуемся разам?

 

Жыццё ў “Каўчэгу” шмат патрабуе ад асістэнтаў: насычаная праца і штодзённасць з людзьмі, з якімі часамі бывае досыць няпроста. Але, разам з тым, у такім жыцці ёсць штосьці вельмі чалавечае. Гэта стасункі, агульнае сілкаванне, праца сваімі рукамі, супольнасць, святы, малітва і прабачэнне. У адрозненне ад агрэсіўных падыходаў да гэтага свету і людзей, асістэнты адкрываюць важнасць слухання, уважлівасці да другой асобы, талерантнасці і прыняцця. Такое простае і праўдзівае жыццё ў супольнасці для многіх быццам становіцца вяртаннем да зямлі, вяртаннем да ўсяго таго, што людскае, вяртаннем да свайго ўласнага цела.  

 

"Для таго, каб жыць такім звычайным супольным жыццём, блізкім да зямлі і да людзей, мы пакліканыя ўзрошчваць духоўнасць, у цэнтры якой - утоенасць жыцця Езуса, Марыі і Язэпа. Мы пакліканыя ўзрошчваць духоўнасць даверу і прысутнасці ў малых рэчах, дзе любоў доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Любоў, якая ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць (пар.1 Кар 13, 4-7). Мы ведаем таксама, што Божая любоў пускае карані ў крохкую зямлю і ў часам нестабільную псіхіку. Таму нам патрэбна больш пазнаваць зямлю свайго цела і духа, каб прыгатаваць іх на прыняцце Божага дару", - кажа Жан Ванье.

 

14Ключавыя тэксты “Каўчэга”

 

 

"Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе" (Лк 14, 12-14).

 

аб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне" (Ян 17, 21).

 

"Хто прымае гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне" (Лк 9, 48; Мрк 9, 37).

 

ое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40).

 

"Езус скінуў верхнюю вопратку, абмыў ногі вучням і паклікаў іх, каб яны так рабілі адзін аднаму" (пар. Ян 13).

 

"Я сярод вас як той, хто служыць" (Лк 22, 27).

 

32Маленькі сябар Езуса

 

Жану Ванье сёння 87 год і ён, як і раней, успрымае Езуса ўсур'ёз. Езус для яго - жывы, Ён той, хто ідзе побач. Адказаўшы аднойчы на Ягоны заклік, Жан Ванье падбадзёрвае кожнага прыняць Хрыстовыя словы "прыйдзіце і ўбачце". Гэтае запрашэнне прызначана для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, і прагненне Жана Ванье - адкрыць і ўзрасціць прамень Божага паклікання ў кожным чалавеку.

 

Прысутнасць жывога Езуса адчуваецца ў вернасці Жана Ванье малітве. Ён дысцыплінаваны ў сваім прыватным часе, прызначаючы яго на навучанне, разважанні, малітву, напісанне кніг і, у сувязі з немаладым векам – на адпачынак. Імкнучыся жыць у гармоніі паміж сваімі словамі і верай, Жан Ванье асабліва адкрываецца на маладых людзей, стомленых ад падпарадкоўвання пустым ралявым мадэлям.

 

Менавіта ў імя Езуса Жан Ванье стаўся шаленцам: адмовіўся ад перспектывы, якую неслі вайсковая кар'ера, а пасля вывучанне філасофіі і тэалогіі, і пачаў жыць разам з непаўнаспраўнымі людзьмі. Такой жа "шалёнай" была і маці Тэрэза. Бо, ці ж не шаленствам было думаць, што яна, іншаземка ў Індыі, зможа зменшыць, хоць на колькі, пакуты людзей у Калькуце? Не дзіўна, што яны сталіся сябрамі ў Духу! Гэтае сяброўства не было блізкім, але зрабіла ўплыў на тысячы чалавечых жыццяў на пяці кантынентах. Зрабіўшыся вядомымі, і маці Тэрэза, і Жан Ванье заставаліся глыбока пакорнымі, адданымі Богу і адкрытымі да пераменаў, якія нясе Ягоная любоў.

 

 

Жана Ванье аднойчы запыталі, ці не з'яўляецца ён "жывым святым"? Ён адказаў: "Важна быць маленькім сябрам Езуса".

 

(апрацавала Алена Мілюк)

           

Крыніцы:an is a humble role model, mentor and friend who inspires through his respectfully loving each person as they are, with their strengths and their weaknesses, and reveals to each his or her own capacity

1. http://hrcak.srce.hr/index.php?show=clanak&id_clanak_jezik=181016

2. http://jean-vanier.org/en