Бог дазваляе нам адыйсці, каб адчуць голад... Гэта Ён спасылае вялікі голад, каб мы вярнуліся. А калі прыходзіць гэты голад, нам адкрываюцца вочы і бачым, што ўжо даўно жывём сярод розных свінняў. Часам голад нам паказвае, што ў гэтым жыцці мяне нічога ўжо не насычае, а іншы раз паказвае, што хацеў насыціцца, але не тым, чым трэба. Так ці інакш, голад ад Бога з’яўляецца імпульсам да вяртання... Калі прыбліжаюцца вялікія святы, такія як Божае Нараджэнне ці Пасха, я амаль увесь час перажываю ўнутраны дыскамфорт, таму што трэба будзе прапаведваць на вядомыя для большасці людзей тэмы. З аднаго боку я разумею важнасць гэтых тэмаў, а з іншага часта не ведаю што сказаць, бо ўсё і так вядома. Падобнае перажываю, калі трэба каментаваць нейкі вядомы біблейскі тэкст. Святары часта ў такім выпадку гавораць, што тут “заезджаная тэма”. Тым не менш нейкімі дзіўнымі абставінамі хачу падзяліцца тым, што лягло мне на сэрца сёння раніцай, калі разважаў прыпавесць пра блуднага сына (Лукі 15, 11-32).
Часть моего имения
Жаданне быць незалежным і самастойным ідзе за намі ад часоў Адама і Евы, якія хацелі быць як Бог – самастойнымі, незалежнымі, усё ведаць і разумець. Ведаем чым усё скончылася. Чаму? Бо такая наша прырода, падабаецца нам гэта ці не. Мы ніколі не будзем стопрацэнтнай копіяй Бога. Ён, Творца і пачатак усяго, а мы толькі тварэнне. І колькі б нам не хацелася аддзяліцца, гэта заўсёды будзе прыводзіць да катастрофы. Можаш з гэтым не згаджацца, але падобным спосабам можаш не згаджацца, што трэба штодзённа есці, спаць, працаваць і г.д. Чым хутчэй чалавек зразумее сваю залежнасць ад Бога, тым больш мае шансаў пражыць паўнацэнна гэтае жыццё, не марнуючы часу.
Аднак спакуса быць самастойным, узяць свою часть имения, застаецца заўсёды актуальнай для кожнага з нас. І гэта праяўляецца ва ўсіх сферах нашага жыцця. Спачатку мы носімся з гэтай ідэяй, вынашваем яе ў сэрцы, а пасля ажыццяўляем. Падобна як малодшы сын з прыпавесці, каторы просіць у бацькі “сваю частку”, а толькі праз некалькі дзён адыходзіць. Магчыма, гэты сын не меў намеру адыходзіць. Ён хацеў толькі быць самастойным у кіраванні “сваёй часткай”. Рашэнне адыйсці прыйшло пасля. Нібы ўсё зразумела. У мяне аднак паўстае пытанне: чаму Бог Айцец дазваляе нам адыходзіць? Ён жа, у адрозненні ад нас, ведае, што без Яго чалавеку канец – не выжыве. Чаму тады дазваляе адысці?
Настал великий голод и он начал нуждаться
Аднаго разу дзяўчына, якая мела сур’ёзныя праблемы, падыйшла да жанчына і папрасіла аб малітве заступніцтва (праз жэст накладання рук). Тая, аднак, вадзімая Духам Божым, адмовілася. Недзе праз год малітва ўсё ж такі адбылася, а жанчына сказала мне: “Я не малілася за гэтую дзяўчыну год назад, таму што яна яшчэ спадзявалася на ўласныя сілы, бяда не выматала яе да канца, яна яшчэ не крычала да Бога. Цяпер іншая сітуацыя. Яна гатова прыняць дапамогу ад Бога, яна адчула голад”.
Для мяне было дзіўна слухаць гэтую логіку. Я, як правіла, стараюся дапамагаць тым, хто просіць, доўга не раздумваючы ці яны сапраўды маюць патрэбу. Трэба прызнацца, што як бы прыгожа і пабожна не выглядала мая пастава, яна памылковая, таму што незаўважна я сам станаўлюся пастырам і забываюся, што не я ратую людзей, а толькі Бог. Аказваецца, людзі часам задаюць пытанне, але не чакаюць адказу, просяць аб дапамозе, але не маюць у ёй патрэбы, ныюць аб жаданні змяніць сітуацыю, а самі не згаджаюцца на змены, нібы шукаюць Бога, але не хочуць Яго знайсці. Так адбываецца з большасцю з нас, а можа і з усімі. Мы нібы маем патрэбу ў Богу, а на самой справе хочам быць незалежнымі і лічам на свае сілы. Што ў такой сітуацыі робіць Бог? Дазваляе нам хлябнуць нашай самастойнасці, а пасля адчуць великий голод і начать нуждаться.
Быў такі час, калі я, не ведаю чаму, стараючыся абудзіць веру людзей, пачынаў ім расказваць праўдзівыя і страшныя гісторыі пра дзеянне злога духа ў акультызме, магіі, варажбе і г.д. Па-першае, я ў гэтай сферы бачыў найбольшую перашкоду ў распаўсюджванні веры. А па-другое, мне здавалася, што калі людзі спужаюцца, то прыбягуць да Бога. Людзі, канечне ж, з захапленнем слухалі гэтыя гісторыі, але натоўпы да Бога не кінуліся… Аднаго разу, з Божай падачы, я ўбачыў цяжкую да зразумення тэму. Аказваецца, злыя духі падуладныя Богу і дзейнічаюць настолькі, наколькі Бог ім дазваляе. Дзіўная рэч: цара Саўла возмущал злой дух от Господа (1 Царстваў 16,14), праведніка Йова выпрабоўвае сатана з дазволу Бога (Иов 1, 6-12), а самога Хрыста Дух Божы вядзе на пустыню, каб перажыў спакушэнні злога духа. Разумееце? Проста адчуваю, як у некаторых становяцца валасы дыбам і паўстае пытанне: як гэта магчыма? На той час я прыняў гэтую праўду і стараўся не шукаць на сілу сваім абмежаваным розумам адказаў. Адказ прыйшоў мне неяк незаўважна і проста. Я глядзеў на натоўпы людзей у Оршы і бачыў, што гэтыя людзі жывуць у цяжкіх грахах, але іх гэта не хвалюе, яны не маюць патрэбы ў Богу, ім нармальна. Хрыстос для іх і ўсіх нас нарадзіўся, памёр і ўваскрос для таго, каб нас ратаваць, а людзі не разумеюць чаму мяне Нехта сабраўся ратаваць і кажуць: з намі ж усё нармальна! Нейкая безвыходнасць, аж рукі апускаюцца… І тут аказваецца, што людзі прачынаюцца, калі ў іх кватэры нехта пачынае выць, шуршаць, на галаву звальваецца пуд хваробаў і бедаў. Яны (людзі) пачынаюць шукаць лекаў. У гэтым моманце вельмі важна не даваць вадзічкі як ідэальны лек і не пасылаць да святара, у якога рукі “лечаць”, а паказаць сапраўдны корань бяды – жыццё без Бога. Даруйце за чорны гумар, але часам хочацца, каб чорцікі добра выматалі людзей, каб паганялі, каб людзі добра, вельмі добра “прагаладаліся” і зразумеці, што без Бога толькі смурод, гніль і смерць!
Добра, гэта з тымі, хто “далёка ад Бога”. А што з намі, з “вернымі, якія ніколі не адыйшлі ад Яго”? Аказваецца… у нас таксама ёсць жаданне быць незалежным ад Бога, толькі на сваім узроўні. Мы таксама хочам браць і паспяхова бяром “сваю маёмасць” і адыходзім будаваць сваё жыццё. Такой маёмасцю могуць быць дары Божыя, мая актыўнасць рэлігійная, маё служэнне “на славу Бога”, мая сям’я, людзі, якіх мне Бог паслаў і г.д. Разумеем? Ён нам усе гэтыя рэчы дае, але мы не можам іх забраць і адыйсці! Яны маюць сэнс настолькі, наколькі мы імі карыстаемся на Яго тэрыторыі і ў Яго Доме. Пакуль мы ЗАЛЕЖНЫЯ ад Гаспадара Дома, датуль можам карыстацца Яго падарункамі так як сваімі (гэтага не разумеў старэйшы сын, бо таксама як малодшы хацеў быць незалежным, але, магчыма, не хапіла адвагі ці смеласці). Прыпавесць нам паказвае, што не ў маёмасці Гаспадара сіла, а ў самім Гаспадары і Яго Доме – там асвячаецца маёмасць. Што ж з намі адбываецца, калі гэтай праўды не разумеем, альбо калі яна становіцца для нас сухой тэорыяй?
Некалі я вельмі чакаў інфармацыі альбо званка ад блізкіх мне людзей. Чакаў і не мог дачакацца. Усе ніткі сувязі чамусьці абарваліся. Дагэтуль мне здавалася, што я ні ад каго не залежу. Так я сябе пераконваў, я хацеў, каб так было… Але як я не займаўся самапераконваннем, сэрца ныла, скуліла, і так было некалькі дзён. Я спрабаваў разлажыць усё логікай: Бог, гэта Ты даў мне гэтых людзей, Ты так шмат паказаў праз іх, нашае знаёмства не выпадковае, мы можам шмат для Цябе зрабіць і г.д. Логіка гаварыла сабе, а сэрца выла сабе… У пэўным моманце я адкрыў прыпавесць пра блуднага сына і яго великий голод і ўсё зразумеў. Праўда такая, што я паверыў сэрцам (а не розумам, бо, як правіла, мы ведаем як павінна быць) у гэтых людзей, што яны скарб ад Бога самі па сабе. Я, як малодшы сын, хацеў самастойна карыстацца Яго дарам і ім радавацца (канечне ж, нікуды не адыходзячы з Дому Гаспадара). Ён жа паказаў мне, што дар без Яго не мае ўвогуле ніякага сэнсу. А паколькі аргументамі мяне, чалавека веруючага і мужчыну, цяжка ўзяць (бо я ўсё сабе растлумачу, раскладу па паліцах, апраўдаю), Ён узяў мяне голадам. Цікавае адчуванне – па ўсіх тваіх нормах ты не павінен скуліць, а скуліш і хоць ты трэсні!
Якая выснова гэтай тэмы? Бог дазваляе нам адыйсці, каб адчуць голад. Больш таго, – веру, што гэта Ён спасылае вялікі голад, каб мы вярнуліся. А калі прыходзіць гэты голад, нам адкрываюцца вочы і бачым, што ўжо даўно жывём сярод розных свінняў. Часам голад нам паказвае, што ў гэтым жыцці мяне нічога ўжо не насычае, а іншы раз паказвае, што хацеў насыціцца, але не тым, чым трэба. Так ці інакш, голад ад Бога з’яўляецца імпульсам да вяртання. І слава Яму за тыя хвіліны, калі скулім і выем, калі ў нас нешта забіраюць, калі абламваемся. Тут шанец для нас падняцца, прызнаць праўду пра нас і пачаць вяртацца ў Дом.
6 сакавіка 2010 г.
"НУЖДА И ГОЛОД В ДАЛЬНЕЙ СТОРОНЕ" (казанне)
- СЛОВА
- 6805