Аднойчы, калі многія вернікі былі задаволеныя сабой, колькасцю ўдзельнікаў на малітоўнай сустрэчы і сваімі перажываннямі, Бог прамовіў у прарочым слове: “Надо заниматься каждым человеком индивидуально. Не в количестве спасение, а в плоде. Во многих внутри разрушение; кто-то думает, что идёт верно, но это не так... Эта мысль от Меня. Не расширяться, а углубляться… Никто не сражается, потому что очень много гордости, духовной лени и эгоизма. Меня радуют только усердие и плод. Всё остальное – украшение для людей”.
У тыя дні:Калі Саўл прыйшоў у Ерузалем, ён спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.
Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан казаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса. Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем і адважна прапаведаваў у імя Пана. Размаўляў таксама і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго. Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.
А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа.
Дз 9, 26–31
Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І
збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Яна 15,1-8
Ад «майго Бога» да службы Яму
У старых малітоўніках і рэлігійных кнігах пісалі, што галоўная мэта хрысціянскага жыцця – збавіць сваю душу. Доўгі час я таксама так думаў. Зразумела, што гэта галоўнае, і менавіта таму вернікі так баяцца граху. Але з часам я пачаў задаваць сабе пытанні: калі самае галоўнае – гэта збаўленне маёй душы, то чаму я нарадзіўся на гэтым свеце, чаму не быў створаны анёлам, чаму Бог хацеў, каб я нарадзіўся сярод бязбожнага народа? З часам я стаў разумець, што маё жыццё мае нейкі сэнс тут, на зямлі. Я жыву тут з нейкай канкрэтнай мэтай. Я павінен тут нешта зрабіць, пакінуць нейкі след.
Асабліва востра гэтую тэму адчуваюць людзі, якія жывуць нібыта як праведнікі, нібыта нічога дрэннага не робяць, але іх душа пачынае таміцца. Ім становіцца цесна ў гэтым тваім «правільным свеце». Нібыта ўсё нармальна, але нечага яўна не хапае. Такі чалавек, такі вернік пачынае паволі задаваць сабе пытанні: няўжо гэта ўсё, што можа мне прапанаваць гэтае жыццё, няўжо гэта ўсё, што прапаноўвае мне Бог? Гэтыя пытанні балючыя, але яны вядуць да наступнага ўзроўню ў жыцці верніка, і ты паціху пачынаеш разумець, што жыццё не павінна круціцца толькі вакол цябе. Аказваецца, ты маеш ад Бога місію, заданне. Дзеля гэтай місіі ты жывеш на гэтай зямлі. Дзеля гэтай місіі ты створаны чалавекам, а не анёлам. І збаўленне тваёй душы – гэта яшчэ не ўсё. На гэтым, другім узроўні ты паціху пачынаеш разумець, што Бог для цябе чамусьці вельмі важны. Ты хочаш для Яго нешта зрабіць. Ты хочаш Яму спадабацца. Табе радасна, калі бачыш, як Бог выкарыстаў цябе ў нейкіх момантах. Табе радасна, калі Бог праз цябе нешта зрабіў.
Мне хочацца гэты другі ўзровень назваць «служэннем». Цябе ўжо ніхто не прымушае, не пужае, не шантажуе пеклам. Ты маеш выбар, а табе хочацца Яму паслужыць. Ні за што, проста так, не чакаючы ўзнагароды. Ты хочаш паслужыць з любові. Часта хрысціяне, пасля таго, як дасведчаць любові Божай, перажываюць той час, калі гэтай любові не адчуваюць. Мы тады кажам: мне дрэнна малілася, бо не адчуваў, што каля мяне Бог, мне было сумна, мне было дрэнна, мне было не так, як тады, мне не хочацца… Заўважце: мне, мне, мне… Але калі нараджаецца ў нас жаданне Яму паслужыць, то мы менш пачынаем думаць пра сябе і свае адчуванні, а больш думаем пра тое, як Яму паслужыць. Магчыма, нічога не перажываючы, магчыма, не атрымліваючы падзякаў і ўзнагародаў. Ты проста хочаш служыць, ты ў самім служэнні бачыш вартасць. На гэтым этапе мы паступова перастаем думаць пра сябе, а пачынаем глядзець на Яго.
Я выбраў вас, каб вы прыносілі плён
Здаецца мне, што менавіта на гэтым, другім этапе трэба чакаць плёну. Калі Бог патрэбны мне, бо мне без Яго дрэнна, то такая любоў закрытая сама ў сабе, яна бясплодная, яна толькі для мяне. А Бог чакае плёну! Уражвае. колькі ў Бібліі фрагментаў, дзе Бог кажа пра плён, пра тое, што Ён яго чакае. Напэўна, адзін з яскравых тэкстаў знаходзіцца ў Евангеллі ад Яна:
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё (Ян 15,16).
Бог чакае ад нас плёну. Ён для гэтага нас выбраў, для гэтага мы нарадзіліся і жывем на гэтым свеце. Гэтая тэма прысутнічае і ў гісторыі пра засохлую смакоўніцу, пра зерне, пра слугаў у вінаградніку, пра таленты. Вернік не проста жыве, ён жыве для нечага, ён павінен прынесці плён. Часта мы яго не бачым, або не бачым адразу, але плён абавязкова павінен быць. Раней ці пазней. Бог дазваляе нам бачыць гэты плён дзеля таго, каб мы разумелі, ці на добрым мы знаходзімся шляху.
Аднойчы, калі многія вернікі былі задаволеныя сабой, колькасцю ўдзельнікаў на малітоўнай сустрэчы і сваімі перажываннямі, Бог прамовіў у прарочым слове (цытую даслоўна): “Надо заниматься каждым человеком индивидуально. Не в количестве спасение, а в плоде. Во многих внутри разрушение; кто-то думает, что идёт верно, но это не так... Эта мысль от Меня. Не расширяться, а углубляться… Никто не сражается, потому что очень много гордости, духовной лени и эгоизма. Меня радуют только усердие и плод. Всё остальное – украшение для людей”.
Галінка не можа прынесці плоду сама з сябе
У сённяшнім Евангеллі Езус тлумачыць, што толькі прабываючы ў Ім можна прынесці плён. Ён, як вінаградны куст, дае нібы сокі сваім галінам. Езус кажа, што ў Ім трэба вытрываць, трэба трываць, быць верным. Нам не трэба зашмат выдумляць, проста трываць з Ім і Ён сам, прабываючы ў нас, многае зробіць. У сувязі з гэтым цяжка казаць пра плён у жыцці людзей, якія няверныя Богу ў малітве, нядзельных службах, выкананні асноўных Божых запаведзяў. Цяжка казаць пра плён у жыцці чалавека, які не трывае ў Хрысце, не хапаецца за Яго рукамі і нагамі.
А што казаць пра тых, хто нібыта трывае, хто Яму верны ў асноўных прынцыпах? Колькі разоў я атрымліваў ад Бога заданні і ў выкананні іх спадзяваўся выключна на свае сілы, вядома толькі Яму. Хрыстос кажа: бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Каб зразумець гэтыя словы і паверыць ім, напэўна, трэба не раз набіць сабе гузак. Ты нібыта атрымаў ад Бога заданне, нібыта ўсё зразумела, нібыта ведаеш, як рабіць. А ў выніку… няма плёну. Чаму? Бо без Яго мы не можам нічога рабіць. І толькі горкі вопыт пераконвае мяне ў гэтай праўдзе. Калі я сёння малюся аб Божым бласлаўленні на будоўлю, то я не проста прашу: Божа, пабудуй. Я малюся за канкрэтных людзей, называю іх па імені, я раскажу Яму пра тынкоўку, электрыку, пра грошы і цэны, прашу супакою, каб не перажываў па той ці іншай справе. Раней я прасіў бласлаўлення, а пасля рабіў усё самастойна. Сёння я бачу, што без Яго помачы часта не магу зрабіць самых дробных рэчаў. Без Яго помачы я не здольны раніцай устаць на малітву і таму трэба Яго з верай прасіць, каб даў мне на заўтра сілы. Я магу прачнуцца і хуценька, нават несвядома выключыць будзільнік (і без розніцы ў якой частцы пакоя ён будзе стаяць). Таму з верай трэба прасіць, каб я яго не выключаў.
Асноўная прычына нашага «бясплоддзя» не ў тым, што мы нечага не ведаем, а ў тым, што наіўна верым у свае сілы, спадзяемся, што справімся без Яго.
Усё распазнаецца па плёну
Апроч таго, што Бог чакае ад нас плёну, плён з’яўляюцца крытэрыем распазнання Божых справаў. Гэта ўжо вядома са старонак Старога Запавету:
Если скажешь в сердце твоем: "как мы узнаем слово, которое не Господь говорил?" Если пророк скажет именем Господа, но слово то не сбудется и не исполнится, то не Господь говорил сие слово, но говорил сие пророк по дерзости своей, - не бойся его (Друг 18, 21-22).
Прарочае слова пазнаецца па плёну, а не так проста. Часам слова нібыта і спаўняецца, але з’явіцца таксама іншы, негатыўны плён. Часам плён праявіцца, але трэба пачакаць, бо не ўсё адразу бачна:
Если восстанет среди тебя пророк, или сновидец, и представит тебе знамение или чудо, и сбудется то знамение или чудо, о котором он говорил тебе, и скажет притом: "пойдем вслед богов иных, которых ты не знаешь, и будем служить им", - то не слушай слов пророка сего, или сновидца сего; ибо [чрез] [сие] искушает вас Господь, Бог ваш, чтобы узнать, любите ли вы Господа, Бога вашего, от всего сердца вашего и от всей души вашей (Друг 13,1-3).
Аб распазнанні вучыць таксама Хрыстос:
Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады. Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх. Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах (Мц 7,15-21).
Першае чытанне сёння нам паказвае, як распазнаюць першыя хрысціяне. Саўл навярнуўся, ён стаў іншым. Але чаму яму павінны адразу паверыць тыя, каго ён яшчэ нядаўна пераследваў? За яго павінен паручыцца нехта вядомы, хто мае аўтарытэт, такі, як Барнаба. А пасля апостал Павел павінен быў на справе паказаць, што ён ужо не той даўнейшы Саўл. Павел пачынае прапаведваць і рызыкуе нават жыццём за Евангелле. Толькі час і канкрэтны плён маглі змяніць стаўленне вернікаў да былога ганіцеля.
Адзін вязень апавядаў мне з болем, як ён пісаў сваёй маці пра сваё навяртанне, пра тое, што ён зусім іншы, пра тое, што са старым жыццём скончана, а маці на гэта халодна адказала: прыедзеш дамоў – там паглядзім, кім ты там стаўся… Сумна, але цяжка не згадзіцца. Толькі час і плён паказваюць перш за ўсё нам самім, хто мы такія.
Што там казаць: нават наша пакаянне – гэта не справа словаў, нашых слёзаў і гучных абяцанняў. Сіла і сур’ёзнасць нашага пакаяння правяраецца плёнам. Гэта праверка для нас саміх:
Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь (Мц 3,7-10).
КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…
Якога плёну чакае ад мяне Бог?
Ці дбаю я, каб маё жыццё прыносіла канкрэтны плён?
а. Аляксандр