ТАЙНАЯ ЗБРОЯ САТАНЫ (казанне, 10.06.12)
Калі разважаем пра грэх, то людзі найчасцей будуць казаць пра забойствы, крадзеж, грахі сэксуальныя. Але гэта толькі шапка айзбергу. Усё пачалося намнога раней. Усё каварства сатаны палягае ў тым, што ён нішчыць адносіны даверу і любові паміж чалавекам і Богам. Сказаў бы, што гэта яго тайная зброя. Мы можам асцерагацца вялікіх яго спакусаў і ўдараў. Можам рыхтаваць сябе да таго, каб, напрыклад, перамагчы магчымыя сэксуальныя спакусы, а на самой справе ўжо даўно атрымалі ўдар нажом пад робры.



Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:
За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

Быц 3, 9–15

У той час:
Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.
А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?
Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.
Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.
І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.
І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.

Мк 3, 20–35


Быць малым і не баяцца

Не так даўно прачытаў інтэрв’ю з былым спецназаўцам, якому некалі салдаты прынеслі малую кволую вавёрку, якая была хворай і памірала. Спецназавец карміў яе са шпрыца, з рукі, крышыў ёй арэхі і такім чынам выхадзіў жывёлу. Вавёрка была з ім нейкі час у казарме. Пасля ён кінуў войска і стаў працаваць таксістам. І вось ужо тры гады вавёрка ездзіць з ім у таксі ў Мінску. Ён стаў для яе нібы бацькам. Яна такая малая… Ён мог бы прышыць яе адным ударам кулака, а яна не баіцца. Ёй няма чаго баяцца, бо яе “бацька” ніколі не рабіў ёй нічога дрэннага.

Я прачытаў гэту гісторыю некалькі дзён таму і ўсё думаў чаму яна мне так прыпала да сэрца. Калі я ўбачыў першае чытанне – я ўсё зразумеў. Адам, магчыма, адчуваў сябе ў раі нібы гэтая вавёрка. Адам голы, г. зн. слабы, абмежаваны ў адносінах да Бога, але гэта яму не перашкаджае. Ён не мае падставаў, каб баяцца Бога. Паміж імі вельмі моцныя, цесныя адносіны. І таму пасля першароднага граху першае, чаму здзіўляецца Бог, гэта зменам у адносінах з Адамам: “Адам, хто сказаў табе, што ты голы? Ты быў голы, але табе гэта не перашкаджала, ты не баяўся Мяне, не ўцякаў. Чаму ты хаваешся ад Мяне? Чаму табе стала страшна? Што змянілася ў нашых адносінах?”.

Калі разважаем пра грэх, то людзі найчасцей будуць казаць пра забойствы, крадзеж, грахі сэксуальныя. Але гэта толькі шапка айзбергу. Усё пачалося намнога раней. Усё каварства сатаны палягае ў тым, што ён нішчыць адносіны даверу і любові паміж чалавекам і Богам. Сказаў бы, што гэта яго тайная зброя. Мы можам асцерагацца вялікіх яго спакусаў і ўдараў. Можам рыхтаваць сябе да таго, каб, напрыклад, перамагчы магчымыя сэксуальныя спакусы, а на самой справе ўжо даўно атрымалі ўдар нажом пад робры. На гэтым палягае першародны грэх. Чалавек пачынае забывацца пра Бога, які клапоціцца пра нас, любіць, не пакідае ні ў якіх абставінах. Мы пачынаем лічыць на свае сілы, шукаем помачы ў людзей, а толькі тады, калі ніхто нам не дапаможа – мы звяртаемся да Бога. Звяртаемся даволі позна, бо ня верым Яму, бо нашыя адносіны знішчаныя. У гэтым і ёсць усё каварства злога. Гэта корань нашых бедаў.

ТАЙНАЯ ЗБРОЯ САТАНЫ (казанне, 10.06.12)
У пошуках Евы

Думаю, што калі б Адам сказаў: “Бог, я свіння, прабач мне, гэта я вінаваты”, то было б зусім інакш. Але Адам не здольны стаяць у праўдзе, не мае духа пакаяння. Ён пачынае шукаць вінаватых. І знаходзіць іх… Гэта Ева і… Бог, які даў яму такую “помач”. Па сённяшні дзень кожны чалавек у след за Адамам шукае “Еваў”. Аказваецца, гэта Бог вінаваты ў войнах, хваробах, катаклізмах, крызісах. Ніхто, канечне ж не думае пра тое чаму мы самі згаджаемся на знішчэнне прыроды, гандаль зброяй, чаму стаім у баку, калі бачым несправядлівасць і светам пачынае кіраваць не чалавецтва, а пара сотняў алігархаў. Сваёй віны мы не бачым. Шукаем “Еваў”. Ды і ў асабістым жыцці, каб ні нашыя ўнукі, п’яныя мужыкі, малыя заробкі, кіраўнікі на працы, крызіс у дзяржаве… Каб не гэтыя нашыя “Евы”, дык мы былі б напэўна анёламі…


Адзін знаёмы святар пару дзён таму распавёў мне цікавую гісторыю пра хлопца, які вельмі хацеў пайсці ў пілігрымку, але, скажам так, заняўся пошукам “Еваў”: “У мяне пары, эгзамены, выкладчыкі… можа я і пайду, але трэба будзе нешта выдумаць, абмануць, схітрыць…”. На што святар адказаў: “Я б на тваім месцы не хітрыў, а сказаў бы ўсё як ёсць – я веруючы каталік, павінен пайсці ў пілігрымку і я не выйду з гэтага пакоя, пакуль вы не зробіце ўсё для таго, каб я мог пайсці пакланіцца Богу”. Не ведаю, можа святар жартаваў, але хлопец дакладна так і зрабіў. І тыя людзі, якія раней закатвалі скандалы, цяпер не сказалі ні слова і моўчкі падпісалі ўсе патрэбныя паперы. Думаю, што такія гісторыі стануцца нармальнай з’явай, калі мы перастанем шукаць “Еваў”, а ўзгадаем, што ёсць Айцец, які сапраўды пра нас клапоціцца больш чым мы самі.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Спрабуй убачыць у сваім жыцці тыя раны, якія нанёс табе сатана сваёй тайнай зброяй і падумай як іх залячыць