Езус кажа Пятру: ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае... Многія з нас думаюць толькі па-людзку. Нібыта гэта і не так дрэнна, але чаму тады Хрыстос так сурова зганіў Пятра: адыйдзі ад Мяне сатана?
Пан Бог адкрыў вуха маё,
і я не запярэчыў, не адступіў назад.
Плечы свае я падставіў тым, хто б’е,
і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду маю.
Аблічча свайго я не адвярнуў
ад зняваг і аплявання.
Пан Бог дапамагае мне,
таму я не саромеюся,
таму зрабіў я твар свой, як цвёрды камень,
і ведаю, што не зазнаю сораму.
Блізка той, хто мяне апраўдвае.
Хто ж захоча спрачацца са мною?
Станем разам! Хто мой абвінаваўца?
Няхай падыдзе да мяне!
Вось Пан Бог дапамагае мне!
Хто ж той, хто асудзіць мяне?
Іс 50, 5–9а
Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся, — але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе.
Але нехта скажа: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі, то пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру з маімі ўчынкамі.
Як 2, 14–18
У той час:
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.
І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.
Мк 8, 27–35
Калі мы ўважліва прачытаем евангельскую гісторыю і паразважаем над ёй, то нас можа здзівіць жорсткая рэакцыя Езуса на словы Пятра. Больш за тое, евангеліст Мацвей дадае, што Езус нават найперш сказаў Пятру, што ён бласлаўлёны, шчаслівы: Шчаслівы ты, Сымон, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах (Мц 16,17). Можна сказаць, што Езус заўважыў Пятра, пахваліў яго, але пасля і гэтак сурова зганіў. Чаму такая суровая рэакцыя Божага Сына?
Адказ у словах: ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае. Найперш Пётр адказвае пад уздзеяннем Духа Святога, пад Божым натхненнем. З дапамогай Бога Пётр распазнае ў Езусе Памазанніка, Месію. І менавіта ў гэтым яго бласлаўленне. Не ў тым, што ён штосьці зразумеў хутчэй за іншых, не ў тым, што нечага дабіўся сваёй працай, а ў тым, што дазволіў Богу дзейнічаць у сабе. Бласлаўленне або шчасце сыходзіць на чалавека тады, калі ў нас пачынае жыць Бог. Не так даўно я пачуў вельмі прыгожыя словы на тэму таго, што, прымаючы Эўхарыстыю, Бог не проста пачынае жыць у нас, але мы самі ў нейкім сэнсе становімся Эўхарыстыяй. Можа гэта дзіўна гучыць, але ў нейкім сэнсе мы пачынаем станавіцца Яго часткай, мы пачынаем станавіцца Богам! Ты нешта думаеш, робіш, дакранаешся, кажаш, а на самой справе гэта Ён думае, робіць, дакранаецца, кажа… Магчыма, нешта такое перажыў Пётр. І менавіта ў гэтым яго бласлаўленне.
Аднак Пятру гэтага бласлаўлення не надоўга хапае. Ад прабывання ў Богу ён вельмі хутка пераходзіць да выключна людзкога мыслення. Людзкія чаканні, халодны лагічны разлік, чалавечыя парады… Пішучы гэтыя словы, узгадваю, што сам перажываў гэтую мяжу, калі найперш адчуваеш як выразна праз цябе гаворыць Бог, бо Ён хоча нешта зрабіць, а ты не супраціўляешся, але праз некі час ты пачынаеш некаму нешта раіць, філасофствуеш, імкнешся выглядаць мудрацом, а на самой справе ніхто цябе на гэта не благаславіў. На жаль, я толькі праз нейкі час пачынаў бачыць розніцу, калі я гаварыў з Божай падачы, а калі толькі ад сябе. Не ведаю як, але гэтая розніца моцна адчуваецца.
Тэкст сённяшняга Евангелля вельмі важны для вернікаў, і ён часта паўтараецца ў літургіі. Аднак паколькі Слова Божае заўсёды жывое, то мы маем магчымасць чытаць гэтае Слова соты раз так, як бы мы Яго пачулі ці прачыталі ўпершыню. Таму, чытаючы гэтую гісторыю соты або і тысячны раз, раблю наступныя высновы:
Ніколі не раслабляцца…
Наша памылка часта ў тым, што мы думаем, што калі ты трываеш у Божай міласці, або калі праз цябе гаворыць Бог, то гэта назаўсёды. Не. Як толькі мы расслабімся і адчуем сябе ўпэўнена, паверым у свае сілы, то адразу атрымаем удар у плечы. Бо нельга быць упэўненым у сабе, але толькі ў Ім.
Не існуе памазаннікаў Божых на ўсе часы...
Ёсць людзі, праз якіх Бог пачынае гаварыць, але гэта не значыць, што праз іх Бог будзе гаварыць заўсёды і гэта вырашыць усе твае праблемы. Таму калі ты меў чалавека, праз якога гаварыў Бог, а сёння гэты чалавек нічога табе не дае, то не здзіўляйся. З аднаго боку памазаннік Божы мог страціць сувязь з Жывой Крыніцай, а з іншага боку, Бог проста можа паказаць, што ўжо скончыўся той час. Ён і надалей будзе гаварыць, але іншым спосабам, праз іншых людзей.
Прымаць Божыя планы не толькі выгадныя для нас…
У Пятра праяўляецца чалавечае мышленне, калі Хрыстос пачынае гаварыць пра Сваю смерць. Пётр яшчэ не зразумеў, што Божыя думкі – гэта не людзкія думкі. Многія вернікі таксама сёння не могуць пагадзіцца з тым, што Бог дапускае смерць, хваробы, цярпенні. Некаторыя лічаць (асабліва ў кругах пратэстанцкіх), што паколькі Бог аздараўляе некага, то напэўна павінен аздаравіць і кожнага. Для мяне гэта дзіўна, але такі чалавек, будучы хворым, пачынае даказваць, што ён здаровы, бо хвароба – гэта зло і яно не ад Бога. Пры такім мышленні няма месца для хворых, бедных, самотных… Такія людзі кажуць: калі пакаешся, то ўсяго будзеш мець удосталь. Такое ўражанне, што мы часам не бачым тых момантаў у Бібліі, калі Бог дапускае для нашага дабра цярпенне. Мы стараемся неяк там апраўдаць Яго. Для нас часта будуць незразумелымі словы прарока Ісаі: Пан Бог адкрыў вуха маё, і я не запярэчыў, не адступіў назад. Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду маю. Аблічча свайго я не адвярнуў ад зняваг і аплявання. Гэтых словаў і такіх планаў Божых не зразумеў таксама і апостал Пётр.
Чалавек Божы павінен навучыцца думаць як Бог, прымаць Яго мысленне, а не насаджаць сваё. І гэта датычыць не толькі тых, хто не здольны прыняць цярпенне ад Бога. Гэта датычыць таксама тых, хто ўсе свае беды апраўдвае словамі: так хацеў Бог, нічога не зменіш, я буду ўвесь час цярпець і г.д. Такія людзі не могуць прыняць Бога, які аздараўляе, робіць чалавека багатым, дае яму працу, добрую сям’ю і г.д.
Як заўсёды, нам трэба шукаць залатую сярэдзіну, прымаць Божыя планы на сто адсоткаў, а не толькі тое, што нам адпавядае.
Не так даўно мяне ўразіла сведчанне аднаго чалавека, які перажыў моцнае абнаўленне ў веры. Ён сказаў: Я даўно перастаў Богу казаць, што Ён павінен для мяне зрабіць, бо я перастаў разумець, што для мяне лепшае. Цяпер я проста прыходжу на Адарацыю, проста сяджу перад Езусам і кажу Яму, што – я гліна ў Яго руках. Ён можа зляпіць з мяне прыгожы жбан, а можа змяць і зляпіць нешта зусім іншае. Я не ведаю, што для мяне лепшае, а Ён ведае. Я магу сядзець перад Ім гадзінамі для таго, каб сапраўды стацца глінай у Яго руках.
КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…
1. Узгадай, колькі разоў ты казаў Богу і сабе, што тое і тое не Божае, а пасля пачынаў бачыць, што менавіта там быў Бог.
2. Уяві, што гэта ты размаўляеш з Езусам. У чым праяўляецца тваё чалавечае мысленне?