На гэты раз прапаную наведвальнікам сайта медытацыю над біблейскім тэкстам. Бог прамаўляе да нас розным спосабам і не толькі праз разуменне Слова, але таксама праз перажыванне яго. Часта Бог праз нашыя несвядомыя пачуцці хоча паказаць нам нейкую ўтоеную праўду пра нас. Менавіта таму на гэты раз хачу прапанаваць медытацыю.
Найперш некалькі практычных парадаў.
Уважліва прачытай некалькі разоў евангельскі тэкст. Старайся запамятаць яго ў нюансах. Асабліва звяртай увагу на тыя моманты, якія непакояць цябе або радуюць. Магчыма, Бог такім чынам нешта хоча паказаць.
Папрасі Духа Святога паказаць, што для цябе самае важнае ў гэтым урыўку. Папрасі, каб аб’явілася Божая воля, каб Ён праславіўся праз гэтую медытацыю, каб ты мог стацца прыладай у Яго руках. Папрасі таксама тое, што для цябе здаецца важным і мае сувязь з дадзеным тэкстам.
Прымі адпаведную паставу цела на час медытацыі і старайся яе не мяняць яе. Заплюшчы вочы і ўяві Езуса, які ідзе з вучнямі сярод палёў, непадалёк ад Галілейскага возера. Уяві, як ты ідзеш сярод гэтых вучняў.
Уважліва прачытай некалькі разоў евангельскі тэкст. Старайся запамятаць яго ў нюансах. Асабліва звяртай увагу на тыя моманты, якія непакояць цябе або радуюць. Магчыма, Бог такім чынам нешта хоча паказаць.
Папрасі Духа Святога паказаць, што для цябе самае важнае ў гэтым урыўку. Папрасі, каб аб’явілася Божая воля, каб Ён праславіўся праз гэтую медытацыю, каб ты мог стацца прыладай у Яго руках. Папрасі таксама тое, што для цябе здаецца важным і мае сувязь з дадзеным тэкстам.
Прымі адпаведную паставу цела на час медытацыі і старайся яе не мяняць яе. Заплюшчы вочы і ўяві Езуса, які ідзе з вучнямі сярод палёў, непадалёк ад Галілейскага возера. Уяві, як ты ідзеш сярод гэтых вучняў.
****************************************************
У той час:
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.
Мк 9, 30–37
І.
Езус не хацеў, каб усе ведалі, што Ён ідзе праз Галілею. Божы Сын хацеў пабыць са сваімі вучнямі сам насам. Ён казаў ім пра свае мукі, смерць і ўваскрашэнне. Ён апавядаў ім пра вельмі асабістае, апавядаў пра тое, пра што іншыя не павінны былі чуць.
Таксама і ў нашым жыцці здараюцца такія моманты, калі Бог хоча быць з намі сам насам, без сведкаў. На жаль, мы часта хаваемся і ўцякаем ад гэтых хвілінаў. Нам прасцей быць у натоўпе, схавацца за чужыя плечы, прасцей адказваць разам з іншымі. Часта мы таксама хаваемся за рэлігійную актыўнасць. Мы робім нібыта шмат для Бога, але з дзіўным пачуццём – абы з Ім незнарок не сустрэцца, бо тады можа аказацца, што я самотны, што не ведаю Яго, баюся, не разумею і нават не хачу пачуць Яго планаў адносна мяне.
Уяві сябе на месцы вучняў. Гэта ты ідзеш праз зялёную Галілею разам з Езусам. Ці ўтульна ты адчуваеш сябе ў Яго прысутнасці? А можа табе хочацца хутчэй некуды бегчы і не пачынаць шчырай размовы? Якія нараджаюцца ў табе пачуцці?
ІІ.
Езус прадказвае свае мукі, смерць і ўваскрашэнне, а вучні баяцца ў Яго пытацца. Гэты момант паказвае, што ў адносінах з Богам не заўсёды ўсё так гладка. Мы часта Яго не разумеем. Нехта баіцца пытацца, таму што Бог мае свой характар, а некаму проста не хочацца пытацца. Некаму, зноў жа, не хапае часу, або яму здаецца гэта малаважным. Часам Бог можа нам даць адказ праз іншых людзей (святароў, сяброў, вернікаў), а мы зноў жа апраўдваемся, знаходзім сабе тлумачэнне і не задаем важнага для нас пытання. Нейкае там апраўданне маюць таксама вучні Езуса і таму не пытаюцца. Сумна, таму што Езус ідзе разам з імі без сведкаў знарок дзеля таго, каб у інтымнай і прыватнай атмасферы проста паразмаўляць пра важнае.
Уяві, як Езус гаворыць пра свае планы. Якія планы асабіста табе адкрывае Езус? Якія ты баішся задаваць Яму пытанні? Ці ёсць тыя пытанні, якія ўжо даўно трэба было задаць Богу, а, магчыма, і Яго служыцелям, а ты ўсё апраўдваешся і пазбягаеш сур’ёзнай размовы?
ІІІ.
Незададзенае ў свой час пытанне можа прывесці да сур’ёзных памылак і страчанага часу. Вучні не пытаюцца, не разумеюць Божых планаў пра мукі Езуса і ў выніку самі будуюць амбіцыёзныя планы. Магчыма, калі б яны запыталіся раней, то для амбіцый не было б ужо месца. Яны б напэўна зразумелі, што ў гэтым жыцці вялікая слава ім не свеціць, і трэба чакаць праблемаў.
Узгадай тыя сітуацыі, калі незададзенае своечасова пытанне прынесла ў тваё жыццё праблемы, якіх можна было б пазбегнуць.
На заканчэнне медытацыі паразмаўляй з Езусам пра тыя важныя для цябе моманты, якія ўсплылі падчас медытацыі. Магчыма, трэба прасіць у Яго прабачэння, а, магчыма, смеласці і мудрасці. Медытацыю скончы малітвай “Ойча наш”.