Пра найважнейшае (04.11.12)
Бадай што любы грэх нараджаецца з прычыны адсутнасці любові да Яго. Любімы чалавек становіцца для іншага больш важным, больш важнай становіцца праца, сям’я, кар’ера, погляды іншых людзей, клопат пра ўласнае жыццё і бяспеку, няздольнасць саступіць іншаму чалавеку, амбіцыі, недахоп часу на малітву і сустрэчу з Ім – усё гэта мае той самы корань: не стае любові да Бога. Проста ў гэтым недахопе штосьці становіцца для цябе больш важным, чым Ён...

Пра найважнейшае (04.11.12)
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Бойся Пана Бога твайго, захоўвай усе пастановы Яго і запаведзі, якія загадваю табе, сынам тваім і ўнукам тваім ва ўсе дні жыцця твайго, каб былі доўгімі твае дні.
Слухай, Ізраэль, і старайся выканаць гэта, каб добра было табе і каб вы памножыліся вельмі на зямлі, дзе цячэ малако і мёд, якую абяцаў даць табе Пан, Бог бацькоў тваіх.
Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім.

Дрг 6, 2–6


У той час:
Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім,і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.
І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Мк 12, 28b–34


У сённяшнім Евангеллі знаўца Закону Маісея пытаецца: якая запаведзь самая галоўная? Я ж хачу задаць гэтае пытанне крыху інакш: што для верніка самае галоўнае? Езус адказвае: любі Бога ўсім розумам, пачуццямі, воляй, целам, любі Бога ўсім сабою, усім, чым толькі можаш…
Здаецца, нібы і банальная справа. Гэтая тэма ўжо столькі разоў узнікае, што ажно не хочацца нічога ані казаць, ані паўтарацца. Аднак я яшчэ і яшчэ раз пераконваюся, што калі няма сапраўднай любові да Бога, то ўся наша рэлігійнасць павярхоўная і яна можа разляцецца ў адзін момант. Можа менавіта таму вучоны ў Праве так лёгка згаджаецца з Езусам. Магчыма, гэты чалавек меў горкі вопыт і сам урэшце рэшт зразумеў, што без любові да Бога нічога не адбываецца, што без яе ўсе нашыя ахвяры, традыцыі, малітвы, пасты становяцца проста пустымі.

Усё залежыць ад таго, наколькі Ён для нас важны і наколькі моцна мы Яго любім. Колькі б мы ні пужалі некага пеклам за грахі, самі бачым, што гэта не дзейнічае. Чалавек, можа, і выракаецца граху, але ненадоўга. Толькі любоў да Госпада можа паўстрымаць яго ад зла. Сапраўднае навяртанне пачынаецца тады, калі ты адварочваешся ад зла толькі дзеля таго, каб быць Яму верным, баішся Яго пакрыўдзіць. Гэта і ёсць страх Божы, да якога Бог заклікае Маісея. Калі ёсць такі страх, то ты баішся зрабіць балюча Таму, Каго любіш. Бадай што любы грэх нараджаецца з прычыны адсутнасці любові да Яго. Любімы чалавек становіцца для іншага больш важным, больш важнай становіцца праца, сям’я, кар’ера, погляды іншых людзей, клопат пра ўласнае жыццё і бяспеку, няздольнасць саступіць іншаму чалавеку, амбіцыі, недахоп часу на малітву і сустрэчу з Ім – усё гэта мае той самы корань: не стае любові да Бога. Проста ў гэтым недахопе штосьці становіцца для цябе больш важным, чым Ён. Людзі часта шукаюць духоўнай парады, шукаюць глыбокія карані сваіх грахоў. Безумоўна, яны ёсць, але калі вернік пачынае бачыць самы галоўны корань і ідзе ў гэтым напрамку, то я ўпэўнены, што сам Бог дае тады і сілы, і падказкі, і не трэба будзе тады шукаць дарадчыкаў і рашаць галаваломкі свайго жыцця.

Асабіста мяне вельмі ўзрушвае гісторыя, якую я некалі прачытаў у адной кнізе. Калі св. Ігнацыя Лаёлу запыталі, што б ён зрабіў, калі б раптам аказалася, што трэба распусціць Закон Езуітаў, які Ігнацы заснаваў, то ён адказаў, што Яму трэба было б паўгадзіны, каб памаліцца і паразмаўляць з Богам. Уяўляеце? На кон пастаўлена справа твайго жыцця, усё тое, чаго ты дабіваўся гадамі, не шкадуючы сілаў, здароўя і сродкаў. А святы гатовы ўсяго гэтага пазбыцца, абы толькі быць верным Богу, якога так моцна любіў. Не ведаю, ці змог бы я так, як Ігнацы, у адзін момант адмовіцца ад таго, што для мяне важнае – ад “Вінаградніка”, служэння ў турме… Напэўна, не змог бы так проста, хоць гэта, магчыма, нават і не галоўная справа майго жыцця.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Не хачу больш разважаць на гэтую і так зразумелую тэму. Запрашаю паглядзець на многія свае праблемы, слабасці і грахі, задаючы толькі адно пытанне: ці сапраўды я ажно так моцна Яго люблю? Бог дае нам запаведзь, наказ. Гэта дзіўна, але любоў не прыходзіць знянацку і невядома адкуль, таму што любоў – гэта не толькі сімпатыі і пачуцці. Любоў – гэта таксама выбар, рашэнне, да якога можна сябе прымусіць, як бы дзіўна гэта ні гучала…