Шокавае Божае выхаванне (казанне, 29.12.12)
Гэты Евангельскі тэкст мяне некалі вельмі цікавіў. Не памятаю чаму дакладна, але я амаль тыдзень шукаў нейкія там адказы. У гэты ж перыяд мне надалася магчымасць адведаць майго сябра святара ў Польшчы. Гэта быў не толькі мой сябра, але ў нейкім сэнсе і духоўны настаўнік, таму што Бог у свой час шмат праз яго сказаў мне. Калі мы адпраўлялі з ім Імшу ў дзень майго прыезду, першым шокам для мяне было тое, што ў той дзень чытаўся на Літургіі менавіта той фрагмент, які мяне так хваляваў. Другім шокам было казанне майго сябра, у якім я пачуў адказ на мае пытанні: Хто тут згубіўся? Езус? Хутчэй, Яго бацькі. Гэта яны забыліся, чыё гэта Дзіця і дзе павінна быць. І Езус дапамагае ім знайсці саміх сябе...


Шокавае Божае выхаванне (казанне, 29.12.12)
У тыя дні:
Зачала Ганна і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
І пайшоў яе муж Элькана і ўвесь дом ягоны, каб здзейсніць для Пана штогадовую ахвяру і сваё абяцанне. Але Ганна не пайшла, бо сказала мужу свайму: Не пайду, пакуль немаўля не будзе аднята да грудзей і я не прывяду яго да Пана, каб ён застаўся там назаўсёды.
Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцем.
І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.

1 Сам 1, 20–22. 24–28

Бaцькi Ягoныя хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны прыйшлі пaвoдле звычaю ў Ерузaлем на святa. Калі пасля заканчэння дзён свята яны вярталіся, зaстaлoся Дзiця Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з падарожнымі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo.
I стaлaся, што пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. Усе ж, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягoным. I, убaчыўшы гэта, здзiвiліся; i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: Сыне, чаму Ты зрaбiў нaм гэтaк? Вoсь aйцец Твoй i я ў вялікім смутку шукaлі Цябе. I скaзaў iм: Чaгo ж вы Мяне шукaлі? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму? A яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.
I пaйшoўшы з iмi, прыйшoў у Нaзaрэт i быў iм паслухмяны. A Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей.

Лк 2, 41–52


Шокавае Божае выхаванне

Напачатку паспрабуем ўявіць гэту сітуацыю. Бацькі не заўважылі таго, як Езус застаўся ў Ерузалеме. Як можна гэтага не заўважыць? У наш час бацькі найчасцей баяцца выпусціць руку дзіцяці, а тут на працягу цэлага дня не заўважалі, што Дзіцё недзе там згубілася. Больш за тое, як яны маглі вырушыць у шлях дахаты, калі нават не праверылі, ці Езус пачынае ісці разам з Імі? У мяне на гэтыя пытанні адзін просты адказ. Паколькі яны, як кажа Евангелле, штогод хадзілі на свята Пасхі, то напэўна падчас такога падарожжа ніколі нічога дрэннага не здаралася. Разумею, што на Пасху ішлі не толькі яны, але іх родзічы, суседзі, знаёмыя. Хутчэй за ўсё гэта ішла вялікая група людзей, паміж сабой добра знаёмыя. Дзіця не трэба было трымаць за руку, бо навокал толькі свае, якім ты давяраеш. Не трэба было бегаць за Ім, крычаць, насцярожана глядзець на іншых людзей, ну і гэтак далей.
Шокавае Божае выхаванне (казанне, 29.12.12)

Магчыма, нам цяжка ўявіць гэтую карціну. Мы ўсе прывыклі жыць сярод варожых і чужых людзей. І таму бацькі кажуць: у чужы двор не хадзі, вяртайся не пазней як праз гадзіну, з незнаёмымі не размаўляй, незнаёмым дзверы не адчыняй, і г.д. Мы жывем зусім у іншыя часы і ў іншай цывілізацыі. Гэтую розніцу я выразна адчуў, калі быў у Святой Зямлі. Там у войску служаць пагалоўна ўсе – мужчыны і жанчыны, а зброя з’яўляецца тваёй асабістай. І таму там людзі проста ходзяць са зброяй па вуліцы. Агромністая колькасць зброі знаходзіцца ў людзей на руках. Часта яны атрымліваюць дазвол ад уладаў, ёсць вельмі шмат прычынаў, па якіх гэты дазвол не так цяжка атрымаць. Але ўразіла не гэта, а тое, што яны яшчэ не пазабіваліся! Уявіце, каб нашыя людзі мелі такую колькасць асабістай зброі? Я лічу, што справа тут у даверы. Нашым людзям нельга верыць і давяраць. А калі верыш тым, хто жыве вакол цябе, то не страшна за сябе і сваіх дзяцей. Напэўна, далёка не ўсё так спакойна і гладка ў Ізраілі сёння, але тое, што я ўбачыў, дапамагае мне зразумець, чаму бацькі Езуса проста не хваляваліся, што яны цэлы дзень не бачылі сваё Дзіця. Яны хадзілі штогод у такія пілігрымкі, і тут нічога не магло дрэннага стацца…

Аднак сталася… Уявіце іх шок. Калі ты нават не чакаеш, не думаеш, а тут… Такі шок выводзіць нас з раўнавагі. Гэта нібы халодны душ, які чыніць нас прытомнымі, будзіць са сну да жыцця. Такі шок нашмат больш гаворыць за тысячы прыгожых казанняў і геніяльных кнігаў. І такімі метадамі карыстаецца Бог. Мы можам тады абурацца і выказваць Яму прэтэнзіі: няўжо нельга было растлумачыць інакш, мы б усё зразумелі, няўжо нельга было папярэдзіць? Няўжо Езус не мог папярэдзіць бацькоў? Мог, але яны не пачулі б. Патрэбны быў шок. Гэтак жа Езус прадказваў шмат разоў свой пераслед і смерць, а апосталы адначасна чулі і не чулі. Патрэбны быў шок. Такіх прыкладаў знойдзем у Евангеллі шмат: хаджэнне па вадзе, цудоўная лоўля рыбы, суцішэнне буры, Перамяненне на гары Табор і г.д. У такія моманты мы асабліва пачынаем чуць. Шок будзіць нас да жыцця. І так нас выхоўвае Бог.

Шокавае Божае выхаванне (казанне, 29.12.12)
Хто тут згубіўся?

Гэты Евангельскі тэкст мяне некалі вельмі цікавіў. Не памятаю чаму дакладна, але я амаль тыдзень шукаў нейкія там адказы. У гэты ж перыяд мне надалася магчымасць адведаць майго сябра святара ў Польшчы. Гэта быў не толькі мой сябра, але ў нейкім сэнсе і духоўны настаўнік, таму што Бог у свой час шмат праз яго сказаў мне. Калі мы адпраўлялі з ім Імшу ў дзень майго прыезду, першым шокам для мяне было тое, што ў той дзень чытаўся на Літургіі менавіта той фрагмент, які мяне так хваляваў. Другім шокам было казанне майго сябра, у якім я пачуў адказ на мае пытанні: Хто тут згубіўся? Езус? Хутчэй, Яго бацькі. Гэта яны забыліся, чыё гэта Дзіця і дзе павінна быць. І Езус дапамагае ім знайсці саміх сябе.

Сапраўды, як лёгка забыцца пра тое, што робіць Бог, пра тое, што Ён кажа. Марыя дакладна ведала і памятала, як нарадзіўся Езус. Язэп таксама. Толькі вось праходзіць час… Дзіця нібы як усе іншыя, нармальнае жыццё, звычайныя клопаты – усё нібыта як і ў іншых людзей… Карацей, жыццё становіцца падобным да жыцця іншых. Усё нармалізуецца, становіцца спакойным. Так вельмі проста забыцца пра ўсё тое, што некалі здарылася, пра тое, што Ён казаў.

Так часта адбываецца і з намі. Ведаю па сабе. Вельмі лёгка забыцца пра тое, што казаў Бог, да чаго клікаў, чаго так некалі хацелася і кім я так марыў быць. Надыходзіць спакойнае жыццё і… так лёгка забыцца пра тое, што было Божым. У такія моманты нашай загубленасці і сну мала размоваў, патрэбны халодны душ. І так робіць Езус: Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму? У гэтым моманце Езус не называе Язэпа сваім бацькам, але Некага Іншага. Што Язэп і Марыя павінны былі адчуваць? Павінны былі пакрыўдзіцца? Не. Павінны былі апрытомнець. Езус не быў іх уласнасцю. Як, дарэчы, і ўсе дзеці на свеце, як гэта ні дзіўна, не з’яўляюцца ўласнасцю бацькоў, але падарункам ад Бога, які павінны пратрымаць, выхаваць, а пасля адпусціць…

Некаторыя Божыя навучанні занадта для нас цяжкія. Шок часам вельмі моцны, і мы не ўсё разумеем, а нават бунтуемся. Не ўсё разумела і Марыя, але яна захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Божыя справы часам трэба выношваць. Часам нават гадамі. Не заўсёды трэба шукаць адказу сёння. Часам трэба проста Яму даверыць справу, сваё неразуменне і чакаць… Памятаць і чакаць…

І быў Ім паслухмяны

Езус зрабіў шокавае навучанне для бацькоў, разбудзіў іх, а цяпер зноў будзе «звычайным», спакойным хлопчыкам, і мы пра Яго не пачуем амаль дваццаць гадоў. Такое ўражанне, што не столькі Яму трэба было раптам цяпер быць у ерузалемскай святыні, колькі трэба было навучыць нечаму бацькоў. І зноў паслухмяны…

У гэтай паслухмянасці хаваецца ўпэўненая сістэма прыярытэтаў. Езус шануе бацькоў і нават залежны ад іх, але гэтая залежнасць толькі на нейкі перыяд. Ён ведае, Хто для Яго важнейшы за бацькоў і ведае, калі распачаць сваю місію. Я ўпэўнены, што калі б Марыя супрацівілася планам дарослага Езуса, то Ён проста не паслухаў бы Яе, не перастаючы адначасна любіць і шанаваць. Проста Ён ведаў, што тут самае галоўнае. Ён меў добра вызначаныя прыярытэты.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

1) Прыгадай шокавыя моманты Божага выхавання ў тваім жыцці. Узгадай, як ты сябе зазвычай паводзіш у такія хвіліны і ўзгадай плён такога метаду выхавання. Падзякуй Богу за Яго шокавую тэрапію
2) Ці маеш ты такія Божыя справы, пра якія забыўся і пра якія Бог хоча табе нагадаць, падобна як Марыі і Язэпу?
3) Падумай пра сваю цярплівасць. Ці няма такіх справаў, якія трэба, хоць ты і не да канца іх разумееш, проста выношваць у сэрцы, як гэта рабіла Марыя?


Шокавае Божае выхаванне (казанне, 29.12.12)