САМАЕ СТРАШНАЕ – СТРАЦІЦЬ НАДЗЕЮ (казанне, 24.02.13)
Што такое надзея? Надзея паказвае чалавеку шлях наперад. Праблемы застаюцца, не знікаюць, але ты ўжо не засяроджваеш усю сваю ўвагу і волю на іх, а імкнешся некуды туды, наперад. Запрашаю сёння пазнаёміцца з Богам, які дае надзею. Паказваючы Абраму зорнае неба, Бог тым самым запрашае яго глядзець далей, у далеч…

САМАЕ СТРАШНАЕ – СТРАЦІЦЬ НАДЗЕЮ (казанне, 24.02.13)
У тыя дні:
Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.
І сказаў яму: Я — Пан, які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую ва ўладанне.
Ён сказаў: Пане Божа, як я пазнаю, што буду спадкаемцам яе? Пан адказаў яму: Вазьмі для Мяне трохгадовую ялавіцу, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў для Яго ўсё гэта і рассек іх папалам, і паклаў адну частку насупраць другой; толькі птушак не рассек. І пачалі злятацца да мяса драпежныя птушкі, але Абрам адганяў іх.
Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось ахапіў яго жах і вялікая цемра.
Калі зайшло сонца, настала глыбокая цемра, і вось дым, быццам з печы, і полымя агню прайшлі паміж рассечанымі жывёламі. У той дзень заключыў Пан запавет з Абрамам, сказаўшы: Патомству твайму даю гэтую зямлю, ад ракі егіпецкай ажно да вялікай ракі, ракі Еўфрат.

Быц 15, 5–12. 17–18

У той час:
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.
І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

Лк 9, 28b–36


САМАЕ СТРАШНАЕ – СТРАЦІЦЬ НАДЗЕЮ (казанне, 24.02.13) Трымаючыся за надзею

Не так даўно ў размове з адным чалавекам я пачуў словы: «Самае страшнае – гэта забраць у людзей надзею». На той момант я не прыдаў гэтым словам вялікага значэння. Проста недзе там заблукалі ў сэрцы. Праз некалькі дзён я сустрэў знаёмую, якую не бачыў каля дзесяці год. Яна так і не выйшла замуж, не можа знайсці адпаведную працу, не можа выкарыстаць сваю адукацыю, не ведае, чаму яшчэ жыве тут, была некалькі год за мяжой, але і гэта не дало вынікаў. На сённяшні дзень яна карыстаецца дапамогай псіхолага і прымае антыдэпрэсанты. У размове з ёй я сапраўды разумеў, наколькі важная для нас надзея.

Калі мы чытаем сёння ў Евангеллі пра перамяненне Хрыста, то можна задаць шмат пытанняў. Навошта ўсё гэтае шоу? Няўжо Езус не ведаў пра сваю місію і Яму трэба было паразмаўляць з Маісеем і Іллёй? Чаму Айцец Нябесны не сказаў Яму тайна? Чаму гэта бачаць вучні і чаму толькі тры з іх?

Гаворка ідзе не проста пра размову як пераказ інфармацыі. Езус размаўляў з людзьмі, якія даўно памерлі, а разам з тым, і надалей жылі. Езус чуў голас свайго Айца. Гэта было ўмацаванне ў веры перад надыходзячымі выпрабаваннямі. Але не толькі для Яго. Умацаванне ў веры атрымліваюць таксама і апосталы. Калі прыйдуць сумнівы, калі па-людзку нічога не будзе атрымлівацца, калі іх агорнуць пытанні без адказаў, калі злы падыдзе вельмі блізка са сваімі пытаннямі – тады ўсе яны змогуць узгадаць гэты момант, які перажылі на гары Табор. Гэта той момант, які дазваляе глядзець наперад, у будучыню, а не баяцца новых праблемаў. Гэта той момант, які дае надзею. Думаю, што вучні не аднойчы будуць узгадваць пра голас, які пачулі, і пра Хрыста, які паказаў ім сваю Божую прыроду.

Штосьці падобнае бачыцца мне таксама і ў гісторыі Абрагама. Бог, нібы самы таленавіты псіхолаг, выводзіць Абрагама на вуліцу і кажа: паглядзі на зоркі… палічы іх… такім будзе тваё патомства… Няўжо нельга было растлумачыць гэта ў шатры, або, напрыклад, праз сон ці ўнутранае перакананне? Не. Трэба было глядзець на зоркі. Я ўпэўнены, што Абрагам не аднойчы ўзгадваў пасля гэтае неба, асабліва тады, калі губляў веру ў Божае абяцанне, калі ішлі гады, а дзяцей і надалей не было. Праз гэтае неба і зоркі Бог даў Абрагаму надзею.

САМАЕ СТРАШНАЕ – СТРАЦІЦЬ НАДЗЕЮ (казанне, 24.02.13)
Надзея чалавечая і Божая

Часта людзі кажуць, усё неяк там наладзіцца… Мы кормім сябе таннымі надзеямі, якія не збываюцца. Мы плануем нешта, пасля ў гэта верым, спадзяемся, а пасля… зноў аблом. Пасля такіх абломаў нам становіцца яшчэ балючэй, не хочацца ні ў што верыць. Так адбываецца з людзкімі надзеямі. Упэўнены, што кожны з нас ведае, што гэта такое. Божыя надзеі зусім іншыя. Мы таксама пра іх забываемся, падобна, як Абрагам, які не дачакаўся патомства ад Сары і спаў з нявольніцай Агар. Але гэтыя надзеі ўсё ж іншыя, бо гарантам выступае Бог, а не нашая фантазія. Такія надзеі не так лёгка пакінуць. Яны прыносяць чалавеку спакой, бо ты спадзяешся не толькі на свае сілы, але, перадусім, на Яго абяцанне.

На жаль, не заўсёды мы звяртаем увагу на тыя моманты, калі Бог дае нам надзею. Некаму Бог дае абяцанне, што вырашыць праблему, некага пераконвае ў сваёй Любові, некаму нагадвае, што ён не пакінуты, што Ён увесь час з ім, а яшчэ іншым Ён проста кажа – навучыся чакаць… Усё гэта – і ёсць зорнае неба Абрагама. Калі я ў свой час сумняваўся ў сваім манаскім пакліканні, Бог прамовіў праз Псальм: чакай Госпада, набярыся адвагі і чакай Госпада… Сумнівы не скончыліся і ішлі за мной яшчэ некаль гадоў, але гэтыя словы далі надзею…

Праведнік па веры

Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць

Хто для нас праведнік? Чалавек добры, справядлівы, праўдзівы, які нікога не крыўдзіць, бароніць слабых і г.д. Інакш кажучы, гэта той, хто робіць нешта добрае. Божае Слова дадае нам яшчэ іншае разуменне. Праведнік – гэта таксама той, хто паверыў Богу, хто ўвайшоў з Ім у асабістыя адносіны і пачаў Яму верыць, стаў глядзець на зорнае неба з надзеяй…

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Узгадай моманты, калі Бог даваў табе надзею.
Калі іх не памятаеш, то папрасі, каб Дух Святы дапамог узгадаць табе гэтыя моманты.
Калі іх усё ж не прыгадаеш, то прасі аб дары надзеі.
Спрабуй таксама ўзгадаць твае чалавечыя спадзяванні, якія так шмат падводзілі.
Прасі аб Божай надзеі…

САМАЕ СТРАШНАЕ – СТРАЦІЦЬ НАДЗЕЮ (казанне, 24.02.13)