ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13)
Пасля доўгага перапынку хачу падзяліцца думкамі наконт рэлігійнага традыцыяналізму. Асабіста для мяне - гэта вельмі важная тэма. І пытанне не ў тым, каб сказаць хто добры, а хто злы. Тут няма "нашых" і "нянашых". У гэтай тэме трэба проста разабрацца, каб не папасціся ў небяспечныя пасткі.
а. Аляксандр
ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13)
У тыя дні:
Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі.
Калі распачалася немалая спрэчка і змаганне Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Ерузалем.
Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:
Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.

Дз 15, 1–2. 22–29


І ўзнёс мяне ў захапленні анёл на вялікую і высокую гару, і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога і меў Божую славу.
Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага як крышталь. Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.
А святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог Усемагутны і Ягнё. І гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны — Ягнё.
Ап 21, 10–14. 22–23


У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.
Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца.
Ян 14, 23–29


Усё па паняццях…

– Ты супраць традыцыі? Ты ліберал? Ты пратэстант?.. Значыць, ты супраць Бога і Каталіцкага Касцёла!

На жаль, сярод многіх свядомых каталікоў распаўсюджана падобнае мысленне. Кароткае, павярхоўнае, але яно можа на табе павешаць кляймо, з якім трэба будзе вельмі доўга хадзіць і даказваць, што ты ўвогуле не такі і благі, як здаецца. Такое адчуванне, што ў Касцёле як толькі падымеш тэму традыцыі, то адразу становішся на тонкі лёд: усе насцяражваюць вушы і чакаюць адпаведнага моманту, каб на цябе кінуцца. Таму найперш хачу растлумачыць, што паняцці «традыцыяналізм» і «лібералізм» вельмі глыбокія. Напрыклад, часта ў Касцёле чамусьці прынята лічыць, што харызматычны рух – гэта лібералізм. Адзін чалавек, які ўжо нібы і пачаў прызвычайвацца да этыкеткі «харызматыка-ліберала», паехаў вучыцца ў каталіцкі ўніверсітэт у Заходняй Еўропе і раптам даведаўся, што ён, аказваецца, традыцыяналіст і то яшчэ які, бо не згаджаецца на кантрацэпцыю, не талеруе гомасэксуальных сужанстваў, разводаў і г.д. Важна зразумець, што значэнне тут мае не само слова «традыцыяналізм» ці «лібералізм», а што канкрэтна хаваецца за гэтымі паняццямі. Тым, хто баіцца лібералізму, трэба зразумець, што першым лібералам быў Бог, які даў чалавеку магчымасць выбару, абсалютна вольнага выбару, без ніякага прымусу. Лібералам быў і Хрыстос, і Апосталы, якія зламалі вельмі шмат тагачасных правілаў. З іншага боку, забарона разводаў, гомасэксуалізму, абортаў – гэта праявы традыцыяналізму. Такім чынам, бадай кожны чалавек адначасна з’яўляецца і лібералам і традыцыяналістам. Усё залежыць ад таго, што канкрэтна стаіць за гэтымі паняццямі. Асабіста я лічу сябе традыцыяналістам, але сёння хачу паказаць якраз небяспекі традыцыяналізму.

ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13) Лібералізм часоў Пятра

У першым чытанні мы сёння сустракаемся толькі з адным момантам гэтай глыбокай тэмы. Адзін невялікі эпізод, які сведчыць аб тым, як цяжка давалася Апосталам зламаць адну старую традыцыю – абразанне. Можа для сучаснага хрысціяніна гэтая тэма ўвогуле не важная і нават незразумелая, але для старажытнага Касцёла гэта было амаль што пытанне жыцця і смерці. Менавіта тэма абразання сталася прычынай падзелаў паміж хрысціянамі-габрэямі і хрысціянамі-язычнікамі. Між іншым праз яе злы спакусіў Пятра крывадушнічаць, а Павел павінен быў публічна асудзіць гэтае крывадушша (Галатам 2,11-14). Менавіта яна давяла да спрэчак, што трэба было склікаць першы Ерузалімскі Сабор (Дзеі Апосталаў 15,1-35). І больш за тое… Нават калі тэма ўжо вырашылася на карысць «неабразання», усё ж часам даводзілася абразаць язычнікаў, для таго, каб не правакаваць веруючых хрысціян-габрэяў (Дзеі Апосталаў 16,1-3). Няўжо тэма абразання была такой важнай? Думаю, што не столькі само абразанне, колькі няздольнасць людзей адмовіцца ад традыцыі, ад таго, што было амаль заўсёды, ад таго, што рабілі ўсе. Ад барацьбы з гэтай традыцыяй залежыла, увойдуць у Касцёл язычнікі, ці не. А значыць, будзе справа Божая пашырацца, ці пачне згасаць.

Наш унутраны «стары» вораг

Чаму так цяжка было старажытным хрысціянам пазбыцца некаторых традыцый? Перш за ўсё, змаганне з традыцыяналізмам адбываецца недзе глыбока ў самім чалавеку. Яму заўсёды вельмі складана адмовіцца ад таго, што праверана, што было заўсёды, што рабілі ўсе. І адмовіцца ў імя чаго? У імя невядомага, дзе трэба рызыкаваць, дзе не зразумела, чым усё скончыцца. Гэта заўсёды страшна. У свой час у нашай семінарыі нават з’явіўся дзіўнае выслоўе: «Так было заўсёды», з якога мы часта смяяліся. Яно азначала, што ўсе дыспуты сканчваюцца, аргументы не патрэбныя і тэма зачыненая. Ведаю аднаго бяздомнага, вельмі прыстойнага і разумнага чалавека, які, пры жаданні, мог бы зрабіць дакументы і ўладкавацца на працу. Мне здавалася, што я нават магу дапагчы гэтаму чалавеку без вялікіх затратаў. Я спрабаваў дапамагаць яму каля трох гадоў і ніяк не мог зразумець, чаму не рухаюцца наперад, здавалася б, элементарныя справы. І толькі пасля я пачаў падазраваць, што гэты чалавек проста баіцца пакінуць тое жыццё, да якога прызвычаіўся. Яму проста было страшна ісці за нечым новым. Ён неяк там дастасаваўся да нялюдзкіх умоваў, знайшоў нейкі куточак, дзе не памрэ з голаду, не замерзне на марозе і… усё. Вораг знаходзіцца найбольш у ім самім, недзе там унутры. Біблія кажа пра «старога чалавека», які павінен памерці. Думаю, што гаворка ідзе не толькі пра грэх, да якога мы прызвычайваемся. Старое сядзіць у кожным з нас і праяўляецца розным чынам. Гэта дзіўна, але ёсць шмат людзей, якім цяжка змяніць прычоску, або пераапрануцца ў зусім іншую вопратку. Да такіх людзей належыў і я. Некалі я апранаўся ва ўсё чорнае, стрыманае. Так было да моманту, пакуль не перажыў абнаўленне ў Святым Духу. Пасля гэтага я станавіўся новым чалавекам не толькі ўнутрана, але і знешне, а гэта было новым.

ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13)
Традыцыяналізм часта становіцца для нас адным са старых ворагаў, не дазваляе глядзець наперад, рызыкаваць, ісці за невядомым, новым. Ды толькі Хрыстос запрашае сваіх вучняў прайсці па вадзе, пакінуць бацьку і маці, палі ды багацці, запрашае выйсці, нібы Абрагам або Майсей, і ісці за невядомым. І таму нічога дзіўнага, што менавіта сам Бог дапамагае першым хрысціянам перамагчы ў сабе «старога» ворага. Так Бог дае Пятру сон, пасля якога мяняецца стаўленне да язычнікаў (Дзеі Апосталаў 10). А вырашаючы тэму абразання, Пётр абвесціць рашэнне: Дух Святы і мы пастанавілі…

Адвага, рашучасць ісці ў невядомае, за новым, пакідаючы старое – гэта толькі адзін момант у барацьбе з нашым «старым» ворагам. Бо мы не збіраемся кідаць усё старое і праверанае, не збіраемся ламаць усе традыцыі. Апосталы адмовіліся ад абразання, ад многіх традыцый шабату, многіх габрэйскіх святаў, аднак не адмовіліся ад дзесяці Божых запаведзяў, ад кніг Старога Завету і г.д. Значыць, адбываецца пэўная фільтрацыя.


Наступны момант у барацьбе са «старым» ворагам – гэта залежнасць ад Жывога Бога. Найперш трэба мець з Ім жывыя адносіны, трэба быць закаханым у Яго, а таксама ў людзей, да якіх Ён пасылае. Чаму ўвогуле паўстала пытанне пра абразанне? Бо яно перашкаджала язычнікам прыйсці да Бога. Чаму Езус ламаў некаторыя правілы шабату і так часта спрачаўся з фарысеямі менавіта з прычыны традыцый? З тае самае прычыны: Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх (Мц 23,13).

Вельмі важна нам зразумець: праблема не ў саміх традыцыях, а ў тым, што некаторыя традыцыі зачыняюць чалавеку дзверы да Бога. Калі такое здараецца, трэба распачынаць барацьбу. Часам гэтая барацьба адбываецца толькі ў асабістым жыцці. Напрыклад, некаторыя каталікі ў Беларусі павінны былі пераламаць сябе, каб перастаць маліцца па незразумелых польскіх малітоўніках, а перайсці да беларускіх, альбо пачаць маліцца сваімі словамі. Але для таго, каб адпраўляць Імшу па-беларуску, а не на латыні, трэба было прымаць рашэнне не аднаму святару, а біскупам на Саборы, якія прадстаўляюць увесь Касцёл. Такім чынам, барацьба з некаторымі традыцыямі, якія перашкаджаюць развіццю Касцёла, належыць да кожнага з нас асабіста, але таксама і да вышэйшай улады Касцёла. І напэўна тэма абразання павінна была так бурна вырашацца на Ерузалімскім Саборы для таго, каб сёння ніхто з нас нават не замарочваў галаву гэтай праблемай. Гэтага пытання не маглі рашыць ні Павел, ні Пётр, але ўсе разам. Дух Святы і мы вырашылі… – гэтыя словы Пятра кажуць нам пра тое, што не толькі Абрагам (ад якога пачалося абразанне) сустракаўся з Богам. Бог надалей прысутнічае і Ён дае Касцёлу ўладу адмяняць тое старое, што не прыносіць жыцця, і ісці ў новым напрамку. Гэта ўлада была дадзена Хрыстом, і яна надалей трывае: Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Мц 16,19).

ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13) Барацьба з традыцыямі ў гісторыі Касцёла

Напэўна, можна было б тут гаварыць пра многія рэчы. Я ж хачу паказаць толькі некалькі важных момантаў, якія адразу прыгадаліся.

У адзінаццатым стагоддзі, калі хрысціянства ўмацавалася ў Еўропе, калі біскупы і кляштары сталі цэнтрамі стабільнасці, улады, багацця, Бог прызывае святога Францішка, каб усё гэта проста ламаць: адмовіцца ад багацця, стабільнасці, правілаў, прынятай культуры, прыгожых малітваў у кляштарах, праверанага манаскага жыцця па правілах і г.д. Францішак усё гэта ламае і проста пачынае вандраваць. Без кляштараў, без улады, без грошай, на смех і асуджэнне ўсім. Уявіце, колькі яму трэба было зламаць традыцый, якія накапліваліся і ўмацоўваліся стагоддзямі. Бог праз Францішка адбудоўваў Касцёл, Ён так яму нават і сказаў. Гэта было пакліканне святога, але колькі для яго рэалізацыі трэба было зламаць традыцыяў!

Наступны яскравы момант – езуіцкія місіі ў Азіі. Езуіты зразумелі, што несці Евангелле ў Кітаі, Японіі і Індыі можна толькі на родных мовах і ў культурах тых народаў, а не ў еўрапейскай культуры і па латыні. На жаль, у Касцёле на той час не зразумелі гэтых ідэяў, і місіі, у прынцыпе, не далі жаданых поспехаў. Многія даследчыкі кажуць, што калі б на той час у Касцёле падтрымалі «лібералізм» езуітаў у Азіі, то сёння гэтыя краіны маглі б быць хрысціянскімі. Не падтрымалі, бо трэба было ламаць шмат традыцый, за якія трымаліся. У нейкім сэнсе можна сказаць, што Касцёл праз Другі Ватыканскі Сабор толькі праз чатыры стагоддзі прыняў тое, да чаго некалі запрашалі місіянеры-езуіты. Думаю, не сакрэт для многіх, што Руская Праваслаўная Царква не вядзе бадай што шмат місій. Чаму? Традыцыі, традыцыі, традыцыі…

ЦІ НЕБЯСПЕЧНЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ? (казанне 05.05.13)
Чарговая гісторыя – Лютар. Не хачу апраўдваць яго за падзел у Касцёле, але, заўважце, з чаго ўсё пачыналася? Лютар хацеў данесці Божае Слова людзям па-нямецку, каб яно было зразумелым, змагаўся з фанатычнай мёртвай верай, мёртвымі традыцыямі, якія не толькі не вялі да Бога, але аддалялі. З гэтага ўсё пачыналася. Хто ведае, калі б на той час пачулі гэты голас ды галасы многіх іншых, то можа не было б Рэфармацыі і падзелу хрысціянства. Але для гэтага трэба было б зламаць многія традыцыі. У прынцыпе, іх і зламалі, толькі, зноў жа, праз стагоддзі.

Яшчэ адна гісторыя. На пачатку дваццатага стагоддзя ў Касцёле пачынае гучаць сацыяльная навука пра вартасць працы, прафсаюзаў, пра раўнапраўе грамадзянаў, працоўных, пра сацыяльную справядлівасць. Заўважце, пачынае гучаць. Памалу дзе-нідзе ствараюцца асяродкі душпастырскай працы з прафсаюзамі і рабочымі. У сярэдзіне стагоддзя ў Францыі з’яўляюцца радыкалы гэтых ідэяў – святары-працаўнікі. Яны апраналіся як звычайныя людзі, жылі сярод людзей і… працавалі на заводах! Карацей, пайшлі ў народ. Вось толькі бальшавікі і камуністы зрабілі гэта нашмат раней, і ў выніку ў Расіі адбылася рэвалюцыя. Падобныя рухі былі і ў Лацінскай Амерыцы. Але і там камуністы абагналі хрысціянаў на пару дзесяткаў гадоў. Чаму? Таму што святар мае ўтульны дамок, у якім жыве і які называецаа плябаніяй, таму што павінен насіць сутану, быць дастойным, шанаваным і не прыніжацца да бруднай працы на заводзе. Ну і таму – дзе там цягацца з вулічнай галечай?! Гэта такія святарскія традыцыі, якія трэба было ламаць.


Што перашкаджае нам сёння?

Папярэджваю, што ўсё, што тут скажу – гэта толькі мае асабістыя назіранні…

Як чалавек можа прыйсці да Бога, калі ён слухае казанне ды чытанні па-польску і не разумее сэнсу? Думаю, застанецца толькі містык. Звычайныя ж людзі, якія проста шукаюць Бога, могуць проста адыйсці да пратэстантаў.

Уявім сабе, што ў касцёл прыходзіць сучасны чалавек, які слухае разнастайную сучасную музыку, накшталт року, а яму прапануюць арганную музыку, даказваючы, што гэта самая высокая і ўзнёслая музыка, якую трэба палюбіць, бо яна касцёльная. І ні ў якім выпадку нельга ніякіх гітараў. А яшчэ трэба спяваць касцёльныя (напаўнародныя) песні, якія часта не тое што за сэрца не кранаюць і не адлюстроўваюць стану душы, але часта нават не маюць сэнсу і поўныя багаслоўскіх памылак. Карацей, праспяваў такую песню – і не памаліўся, а проста нудна праспяваў… Ну але мяняць – гэта ж нерэальна, бо так спявалася стагоддзямі…

Ну а цяпер падумаем пра нашыя шлюбы, хросты, велікодныя споведзі і г.д. Усё трэба… Усё гонім… Часам думаеш, лепш бы іх не было, бо чалавек усведамляў бы, што жыве без Бога. А так нібыта нешта ёсць, залічана, а на самой справе... Ды толькі хто адважыцца сказаць: «Не бяры шлюбу, бо ты і так у касцёл не ходзіш. Не ідзі спавядацца на Пасху, бо ўсё жыццё тваё паказвае, што Бог табе непатрэбны»? Які сэнс слепа выконваць традыцыю? Але ж не: традыцыя… так робяць усе… так трэба… І жывем далей: у падмане і без Бога.

Гэта толькі некаторыя думкі. Запрашаю, каб кожны з нас знайшоў у сабе хворую частку традыцыяналізму, які нас не вядзе да Бога ды не дазваляе пазнаць Яго іншым.