НІХТО НЕ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА БОГА ВЫПАДКОВА (02.06.13)
Ці да Бога можа прыйсці нехта выпадкова? Ці ёсць тыя, каму ў адносінах з Богам больш пашчасціла, чым іншым? Ці можна сказаць, што бандзіты ды блудніцы на халяву ўвойдуць перад праведнікамі ў Божае Валадарства?


НІХТО НЕ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА БОГА ВЫПАДКОВА (02.06.13)
У тыя дні:
Саламон маліўся ў святыні, кажучы: Калі чужаземец, які не паходзіць з Твайго народа, Ізраэля, але прыйдзе з далёкага краю дзеля імя Твайго (бо ён пачуе пра Тваё вялікае імя, пра Тваю моцную руку і Тваё распраўленае плячо), і калі ён прыйдзе і будзе маліцца перад гэтай святыняй, выслухай яго з нябёсаў, з месца свайго жылля, і зрабі ўсё, аб чым Цябе папросіць чужаземец, каб усе народы зямлі спазналі Тваё імя і шанавалі Цябе, як і народ Твой, Ізраэль, каб яны пераканаліся, што Тваё імя было паклікана над гэтым домам, які я ўзнёс.
1 Вал 8, 41–43

Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які Яго ўваскрасіў з мёртвых, і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі.
Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.
Але, калі б нават мы ці Анёл з неба пачалі абвяшчаць вам Евангелле, якое розніцца ад таго, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты. Як раней мы казалі, так і цяпер яшчэ кажу: калі хто абвяшчае вам Евангелле, якое розніцца ад таго, што вы прынялі, няхай будзе пракляты.
Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста.
Гал 1, 1–2. 6–10


У той час:
Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.
Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Лк 7, 1–10


Вельмі часта мы здзіўляемся, чаму хтосьці прымае Божую вестку ўсім сэрцам, а пасля раптам адыходзіць, знікае, вяртаецца да граху. І адначасна хтосьці іншы, здаецца, не мае нічога супольнага з Богам і з верай, а нават і проста з элементарнай чалавечнасцю, а тут раптам Бог чыніць для яго такія цуды!.. У выніку чалавек ажывае, становіцца Яго сведкам, узорам веры для іншых.

НІХТО НЕ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА БОГА ВЫПАДКОВА (02.06.13)
Паспрабую паказаць гэта на канкрэтных прыкладах. Мне ўжо цяжка злічыць тых маладых людзей, якія хадзілі ў пілігрымкі, спявалі на гітарах на Імшы ледзь не кожнага дня, плакалі перад Богам ад радасці і ад болю з-за сваіх грахоў. Некаторыя з іх нават спрабавалі служыць Богу і былі нібы лідарамі, а пасля… людзей нібы падмянілі… З аднаго боку, грэх руйнуе чалавека, але з іншага боку можа быць усё нашмат прасцей. Напрыклад, дзяўчына ўрэшце рэшт сустракае свайго доўгачаканага любімага чалавека, урэшце рэшт вось яно – сапраўднае каханне, і… ужо нічога не трэба ёй з таго, што яшчэ не так даўно здавалася для яе такім важным. Аказваецца, уся яе рэлігійная актыўнасць была нейкім міражом, быццам рамантычнай казкай, а менавіта вось цяпер пачынаецца «сапраўднае, канкрэтнае жыццё». У выніку мы бачым сапраўднага жывога чалавека, да якога дакранаемся, на якога глядзім, а не змушаем сябе ў нешта там верыць. На жаль, такіх гісторый вельмі шмат. І пытанне тут не столькі нават у граху ці ў каханым хлопцы. Пытанне ў тым, што знікаюць ілюзіі і выходзіць яўная праўда пра нас, якая была дагэтуль схаваная, невядомая. Калі чарговы раз чую амаль тую ж самую гісторыю, толькі з іншымі дзейнымі асобамі, то міжволі хочацца сказаць: «А можа вы не кідайцеся ісці за Богам, служыць Яму, можа вы спачатку нарадуйцеся любімымі людзьмі, перажывіце рамантычныя хвіліны, палюбіце і расчаруйцеся, каб вам лягчэй было зразумець, што вам сапраўды патрэбна».

Цяпер возьмем іншы прыклад, процілеглы… Не так даўно я праслухаў сведчанне Нікі Круза – былога лідара Нью-Ёрскай банды, які перажыў навяртанне. У свой час ён у сваёй бандзе быў адказны за разбоі, забойствы. Яго маці і бацька былі шаманамі і служыці сатане. Маці біла васьмігадовага Нікі галавой аб сцяну і крычала, што яна яго ненавідзіць. Псіхіатар сказаў яму, што вылечыць яго немагчыма, бо ён нікога не здольны любіць і толькі электрычнае крэсла можа нешта выправіць. Гэтага хлопца, пакінутага ўсімі, выхавала вуліца. У бандзе сабраліся маладыя людзі, якія згубілі ў сваім жыцці ўсё, і таму адзіным, хто мог за цябе пастаяць, быў брат або сястра з банды. Іхнім залатым правілам было: за чалавека з банды кожны павінен быць гатовы аддаць жыццё. І вось гэты Нікі пачуў аднойчы, што Хрыстос аддаў за яго сваё жыццё, праліў сваю Кроў. Так, як чалавек з банды. Гэтых слоў хапіла, каб Нікі Круз стаў іншым чалавекам, нарадзіўся наноў і пакарыўся Духу Святому.

НІХТО НЕ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА БОГА ВЫПАДКОВА (02.06.13) У выніку мы маем агромністы кантраст. З аднаго боку, нашыя «Божыя адуванчыкі», якія нечакана разлятаюцца налева і направа. А з іншага боку, яўны псіхапат і дэгрэгат, які па сённяшні дзень, вось ужо каля сарака год сведчыць пра любоў Бога і служыць Яму, працуючы з наркаманамі, бандытамі, прастытуткамі.

Калі глядзіш на гэтую прорву, то часам закрадваецца дзіўная думка: «Яму пашчасціла, яго Бог выбраў, а пра таго забыўся. Гэты асаблівы, а той сярэднячок» і г.д. Нібыта хочацца сказаць, што гэтыя гісторыі – справа выпадку. Падобна, як і я часам задаю пытанне: «Чаму адзін можа пакарыцца Духу Святому, а іншы хаваецца, альбо проста абыякавы? Чаму адзін бачыць, а іншы нібыта чагосьці і хоча, але нічога не бачыць? Чаму адзін так моцна любіць Бога, а іншаму застаецца толькі зайздросціць? Чым я лепшы, што Бог мне дазволіў перажыць абнаўленне ў Духу, а іншыя нават не разумеюць, пра што я кажу? Пытанне выпадку?» НЕ!!! Евангельская гісторыя паказвае нам, што адносіны з Богам, вера ў Яго – гэта не выпадковыя гісторыі, а доўгі працэс, які адбываецца ў сэрцы чалавека, хаця знешні ён можа быць і не бачны. Гэты працэс бачыць толькі Бог, а нам застаецца толькі здзіўляцца.

Кім быў евангельскі сотнік? Язычнік, якімі, як правіла, пагарджалі габрэі. Нягледзячы на агульнаграмадскую пагарду, ён зрабіў габрэям шмат дабра, пабудаваў сінагогу. Самі габрэі хваляць яго і просяць Езуса дапамагчы. Сотнік жа не прэтэндуе на лепшыя адносіны да сябе, хаця гэта было б справядліва. Менавіта па гэтай прычыне ён пасылае да Езуса габрэяў, якія шанавалі яго, але сам не ідзе. Ён лічыць сябе нягодным, каб прымаць Езуса. Гэты чалавек нават не збіраецца бараніць сябе, некаму нешта даказваць, «качаць правы». Ён нават просіць не за сябе, але за слугу. Такім чынам, перад намі пакорны чалавек, які больш думае пра слугу, пра Езуса, пра габрэяў, а сам не патрабуе нават належнай павагі. Гэта чалавек, які здольны любіць, не патрабуючы за гэта нічога ўзамен. Дык ці выпадкова, што ў сэрцы такога чалавека нараджаецца вера, якая здзіўляе нават Езуса? Канечне ж, не!!! Такіх выпадкаў не бывае. Гэта – не выпадковы чалавек! Працэс любові і веры распачаўся ў ім даўным даўно, і толькі Бог ведаў гэты працэс.

Іншае евангелле…

Штосьці процілеглае да сотніка мы бачым у галатаў з другога чытання, да якіх піша апостал Павел. Калі пра сотніка можна сказаць, што ён, будучы далёкім ад Бога, пачынае проста на вачах расці ў веры, то галаты якраз наадварот. Яны з радасцю прынялі Евангелле, але ненадоўга. Апостал Павел здзіўляецца: Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста. Іншае евангелле… Сапраўды, як кажа Павел, іншага Евангелля не існуе. Евангелле – Добрая Вестка. І толькі Хрыстос пераказвае нам гэту Вестку. Аднак гэты свет, гэтыя людзі падсоўваюць нам іншае евангелле, больш прывабнае, больш простае, якое не вымагае ад нас шмат, а нібы дае досыць прыемнасцяў. Такім іншым евангеллем становіцца для нас малады чалавек, жаданне быць кімсьці важным, рэалізавацца ў гэтым жыцці, здабыць пазіцыі, быць заўсёды ўпэўненым і не памыляцца, быць лепшым за іншых, не дазволіць сябе пакрыўдзіць і г.д.

Так лёгка пайсці за іншым евангеллем! Здзіўляецца апостал Павел. Здзіўляюся я. І толькі Госпад ведае нашыя сэрцы, толькі Ён бачыць працэс у нашых сэрцах. За Богам выпадкова сапраўды ніхто не ідзе. Гэта выбар, які трывае гадамі, і толькі Бог ведае, хто насамрэч робіць гэты выбар.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

1) Ці не маеш наіўнага мышлення, што некаму больш шчасціць і яму прасцей ісці за Богам, або што Бог яму чамусьці больш дапамагае?
2) Назаві сваё іншае евангелле.