Чакаючы вяртання… (казанне, 11.08.13)
Як мы чакаем? У радасці? Ці мы ўвогуле чакаем гэтага дня сустрэчы са Створцам, ці прымаем яго надыход як няшчасце, з якім трэба змірыцца? Гэта пытанне веры і нашых адносінаў з Ім.

Чакаючы вяртання… (казанне, 11.08.13)
Ноч вызвалення была прадвешчана айцам нашым, каб яны падбадзёрыліся, цвёрда ведаючы, якім абяцанням паверылі. Народ Твой чакаў выратавання справядлівых і згубы сваіх ворагаў. Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас.
Праведныя дзеці добрых патаемна прыносілі ахвяры і ў згодзе ўстанавілі Боскі закон, каб святыя аднолькава саўдзельнічалі ў тым самым дабры і небяспецы. І яны пачалі ўжо спяваць гімны айцоў.

Мдр 18, 6–9

Браты:
Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе старэйшыя атрымалі сведчанне.
Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і накіраваўся да месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе. Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання. Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.
Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла вартым даверу таго, хто даў абяцанне. Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, як зорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.

Гбр 11, 1–2. 8–12

У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.
Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Лк 12, 35–40


Чакаючы ў страху…

З аднаго боку тэма прыходу, або вяртання Бога, тэма канца свету, або маёй смерці – гэта тыя тэмы, якія хочаш-няхочаш напаўняюць чалавека неспакоем ці страхам. Бо трэба будзе разлічыцца за пражытае жыццё, трэба будзе пакінуць тое, што будаваў, да чаго прызвычаіўся – працу, планы, людзей… Трэба будзе сустрэцца з невядомым. Ды што там казаць – проста неспакойна ад перспектывы гэтага прыходу. І што тут не кажы, як ты сябе не пераконвай – усё роўна неспакойна.

Чакаючы ў стоме…


Ёсць яшчэ іншы характар чакання. Табе можа і страшна і неспакойна, але гэтае жыццё, гэтыя людзі, гэтыя праблемы, гэтая мітусьня ўжо так пачынае мучыць, што насуперак страхам хочацца сказаць: ну прыйдзі скарэй, будзь як будзе, але абы скарэй усё скончылася.

Чакаючы ў радасці…

Зразумела, што папярэднія два спосабы чакання адрозніваюцца паміж сабой. І можна нават сказаць, што адзін лепшы, а другі горшы. Тым не менш, не думаю, што Бог гаворыць сёння пра адно з гэтых чаканняў. У прыпавесці Езус паказвае Бога, які прыйдзе і сам займе месца слугі. Ён сам пачне служыць сваім падданым. Гэта зусім іншыя адносіны. Ідзе размова не пра той момант, калі начальнік вяртаецца і пачынаюцца разборкі і пакаранні. Гаворка ідзе пра радаснае чаканне, бо паміж слугамі і Гаспадаром ‘хутчэй сяброўскія і братэрскія адносіны, чым рабскія. Слугі не вымушаныя чакаць, але яны чакаюць, бо ім хочацца сустрэцца з Гаспадаром, з Жаніхом.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Як мы чакаем? У радасці? Ці мы ўвогуле чакаем гэтага дня сустрэчы са Створцам, ці прымаем яго надыход як няшчасце, з якім трэба змірыцца? Гэта пытанне веры і нашых адносінаў з Ім.