Ці нашай дабрыні дастаткова для збаўлення? (казанне, 18.05.14)
Вельмі часта даводзіцца чуць, як людзі наіўна спрабуюць апраўдаць сваю няверу ці бязбожнасць. Не так даўно давялося мне пачуць верш нібы веруючага чалавека. Галоўны сэнс гэтага верша – найважнейшае, каб у сэрцы быў супакой, дабрыня і святло. На жаль, многія людзі думаюць, што калі ў цябе ў сэрцы дабрыня, то перад табой дзверы Божага Валадарства ну проста-ткі самі адчыняюцца. Калі нехта памірае і я пытаюся, ці быў нябожчык веруючым, то найчасцей чую ў адказ, што ён не хадзіў, што праўда, ні ў касцёл, ні ў царкву, але ўсім рабіў дабро, яго ўсе любілі, ён усім прабачаў і г.д. Карацей, быў – ну проста да раны прыкладзі. Ці быць добрым і любімым усімі – гэта дастатковы аргумент, каб увайсці ў Божае Валадарства?

Ці нашай дабрыні дастаткова для збаўлення? (казанне, 18.05.14)
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.
Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?
Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І ад гэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі.
Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам.
Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго.
Ян 14, 1–12


Вельмі часта даводзіцца чуць, як людзі наіўна спрабуюць апраўдаць сваю няверу ці бязбожнасць. Найбольш распаўсюджаны аргумент такога апраўдання – дастаткова, што «Бог ёсць у сэрцы». Канечне, ніхто не ведае гэтага «бога», ніхто з ім незнаёмы і ніхто яго не любіць, тым не менш такое апраўданне для многіх становіцца дастатковым. Іншае апраўданне – гэта «галоўнае, што Бог адзін». Яшчэ больш смешнае апраўданне. І чаму раптам гэта самае галоўнае? Нібыта маё жыццё змяняецца ад таго ці «бог» адзін, ці іх дзесяць штук. Гэтым артыкулам хачу паказаць яшчэ адно распаўсюджанае апраўданне. Не так даўно давялося мне пачуць верш нібы веруючага чалавека. Галоўны сэнс гэтага верша – найважнейшае, каб у сэрцы быў супакой, дабрыня і святло. На жаль, многія людзі думаюць, што калі ў цябе ў сэрцы дабрыня, то перад табой дзверы Божага Валадарства ну проста-ткі самі адчыняюцца. Калі нехта памірае і я пытаюся, ці быў нябожчык веруючым, то найчасцей чую ў адказ, што ён не хадзіў, што праўда, ні ў касцёл, ні ў царкву, але ўсім рабіў дабро, яго ўсе любілі, ён усім прабачаў і г.д. Карацей, быў – ну проста да раны прыкладзі.

Ці быць добрым і любімым усімі – гэта дастатковы аргумент, каб увайсці ў Божае Валадарства? Езус кажа: ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Тая самая думка прагучала падчас чытання Евангелля на Святой Імшы тыдзень таму: Езус сказаў: сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу (Ян 10, 7-9). Езус – гэта адзіная дарога, адзіная брама ў Божае Валадарства. Няма іншай. Падабаецца нам гэта, ці не. Ён праліў сваю Кроў за нас і яна з’яўляецца нібы білетам для людзей у Яго Валадарства. Да ўваскрашэння Хрыста былі добрыя і праведныя людзі, але ні іх дабрыня, ні праведнасць не адчынілі брамы Божага Валадарства. Усе яны, пачынаючы ад Адама, Абрагама ды Майсея, чакалі Хрыста, які прыйдзе і пакліча іх да жыцця вечнага.

Ці нашай дабрыні дастаткова для збаўлення? (казанне, 18.05.14) У той самай прыпавесці пра Пастыра і авечак Езус кажа: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец (Ян 10,1). Я задаў сабе пытанне: хто гэтыя злачынцы, што спрабуюць уваходзіць не брамай, а лезуць праз плот? Не ведаю, ці было гэта з натхнення Божага, але я зразумеў, што гэта тыя дзіўныя тэорыі, каторыя кажуць, што можна збавіцца без Хрыста, проста быць добрым, правільным, мець Бога ў сэрцы і верыць, што Ён адзін. Вось яны – злодзеі. Яны спрабуюць прарвацца міма Хрыста, а гэта немагчыма.

Заўважце, што калі Езус кажа, што Ён – дарога і праўда, і жыццё, то Божы Сын не кажа: я пакажу вам, дзе дарога і г.д. Ён кажа – гэта Я дарога. Хрысціянства не з’яўляецца рэлігіяй ідэальных добрых і гуманных правілаў. Хрысціяне сабраныя вакол Асобы Жывога Бога, а не вакол ідэальнага спосабу жыцця. Многія з нас не задаюць сабе пытання, навошта нам хрысціцца, спавядацца і г.д. Мы гэта робім толькі таму, што Ён так сказаў! Калі б Езус прыйшоў сёння і сказаў, што больш не трэба хрысціцца, то вернікі павінны былі б падпарадкавацца Яго жаданню. Езус кажа, што хто спаўняе Яго наказы, той любіць Яго (Ян 14, 21). Вернасць Божым запаведзям вынікае толькі з пашаны і з любові да Яго. Я нікому не магу растлумачыць, чаму маладым нельга займацца сэксам перад шлюбам, я не растлумачу, чаму гомасэксуалістам нельга жыць разам, хоць ім гэтага хочацца, не растлумачу, чаму гэта трагедыя, калі нехта скарыстаўся з магчымасцяў сённяшняй навукі і раптам мужчына стаў нібы жанчынай. У мяне няма геніяльных лагічных аргументаў, якія б пераканалі ўсіх без выключэння. Самы моцны мой аргумент такі: Той, Хто для мяне важны і Каго я спрабую любіць, называе ўсё гэта грахом і Яму гэта ўсё не падабаецца. Для мяне гэта дастатковы аргумент і я нават не хачу слухаць танных апраўданняў.

Прыблізна пятнаццаць гадоў таму Бог дазволіў мне перажыць дзве малітвы, каторыя, у прынцыпе, казалі пра тое самае. Бог паказаў мне, што нават калі я буду самым правільным чалавекам на зямлі, самым добрым і справядлівым і ўсе мяне будуць любіць і хваліць, я, без Яго сілы, без сілы Крыві Хрыста і Яго збаўчай смерці, лягу ў магілу разам са сваёй дабрынёй і праведнасцю і застануся ў ёй навечна. Бо Ён – адзіная брама і адзіная дарога.

Калі Езус – адзіная брама, то што ж будзе з атэістамі і вызнаўцамі іншых рэлігій? А гэта не нашае пытанне. Гэтым пытаннем займаецца Бог. Касцёл вучыць, што перш за ўсё хрысціяне нясуць адказнасць за пазнаныя праўды веры. Я павінен прапаведваць тое, у што паверыў. Гэта маё заданне ад Бога. А чаму нехта не верыць і чаму нехта не пазнаў – гэта не маё пытанне і не маё заданне. Абрагам таксама не ведаў Езуса, але Божы Сын кажа, што Абрагам чакаў дня Яго ўваскрашэння. Адзін мой знаёмы святар казаў, што прыйдзе час, калі ўсе паклоняцца Хрысту, і тыя, хто верыў Яму, і тыя, хто не верыў і не хацеў верыць, і тыя, хто апраўдваў сваю няверу, і тыя, хто нават не чуў толкам пра Яго нічога. Усе Яму паклоняцца, бо Ён – адзіная дарога і адзіная брама.

Ці нашай дабрыні дастаткова для збаўлення? (казанне, 18.05.14)