РУЖАНЕЦ
Прапаноўваю невялічкую катэхэзу пра ружанец, якая складаецца з гісторыі гэтай малітоўнай практыкі, а таксама з аналізу некаторых Марыйных аб'яўленняў.
РУЖАНЕЦ
Гісторыя ружанца

Найперш трэба сказаць, што той ружанец, які мы сёння молімся некалі выглядаў інакш. Археалагічныя раскопкі паказалі, што сама форма малітвы на пацерках існавала задоўга да Хрыста. Яна выкарыстоўвалася ў розных рэлігіях па ўсім свеце. У раннім хрысціянстве малітва на пацерках распаўсюдзілася дзякуючы манахам, якія самі маліліся і вучылі іншых шмат маліцца малітвай “Ойча наш”. Малітва “Вітай, Марыя” з’явілася нашмат пазней. Аднак адзінай практыкі гэтай малітвы ў манахаў не было. Кожны меў сваю традыцыю і сваю сістэму. Назва ружанец з’явілася ад насення ружы, з якіх рабілі самі пацеркі, але некаторыя выкарыстоўвалі таксама каменьчыкі альбо дрэва.


Першыя манаскія супольнасці мелі практыку штодзённа чытаць Кнігу псальмаў, у якой мы маем 150 псальмаў. Манахі чыталі іх штодзённа. Тыя, хто быў неадукаваны і не мог чытаць, павінен быў штодзённа маліцца 150 разоў “Ойча наш”, а пасля з’явілася малітва “Вітай, Марыя”. Найчасцей да такой малітвы былі абавязаныя браты-манахі, якія шмат працавалі ў полі, альбо манахі-рыцары, якія доўгі час знаходзіліся ў падарожжы.

Лічыцца, што сённяшні выгляд ружанца пакінуў нам святы Дамінік (ХІІ ст.), аднак гісторыкі кажуць, што сучасны ружанец хутчэй узнік у XV ст. і да яго распаўсюджвання прычыніліся духоўныя сыны святога Дамініка – дамініканцы, а асабліва Алан з Рошы (1428-1475) і былы дамініканец Папа Рымскі Пій V.

РУЖАНЕЦ Тэма ружанца ў аб’яўленнях Марыйных

Паводле традыцыі, Найсвяцейшая Панна Марыя некалькі разоў аб’яўлялася святому Дамініку і, між іншым, казала, якой важнай з’яўляецца малітва “Вітай, Марыя” ў змаганні з няверуючымі і ў евангелізацыі абыякавых душаў.

У XV ст. Марыя аб’яўлялася дамініканцу Алану з Рошы і прасіла, каб ён распаўсюдзіў у Касцёле практыку малітвы на ружанцы. Менавіта яму Марыя сказала пра тры часткі ружанца і пра пятнаццаць таямніцаў.

У 1850 г. Божая Маці аб’явілася пастуху Мікалаю ў Ліхэні (Польшча) і прасіла, каб людзі маліліся на ружанцы, раскайваліся і прасілі Божай міласэрнасці. Толькі такая малітва і пакаянне маглі ўратаваць Польшчу і Еўропу ад Божага гневу. Падобнымі былі аб’яўленні і ў французскім Лурдзе, калі Марыя не толькі заахвочвала да малітвы на ружанцы святую Бернадэтту, але і сама трымала ў руках ружанец. Люрд з’яўляецца адным з самых вядомых Марыйных мейсцаў культу, дзе адбываецца найбольш духоўных і фізічных аздараўленняў.

У 1872 г. у Пампеі (Італія) Барталамей Лонга, які на той час нядаўна перажыў навяртанне, ішоў каля адной капліцы і пачуў словы: “Хто распаўсюджвае ружанцовую малітву, той пад абаронай! Гэта абяцанне Марыі”. Барталамей даў абяцанне распаўсюджваць культ ружанца да канца жыцця. Ён купіў і аднавіў стары абраз Маці Божай Ружанцовай і пачаў праводзіць рэкалекцыі і засноўваць ружанцовыя брацтвы, а на месцы аб’яўлення пабудаваў касцёл, які сёння з’яўляецца базілікай і лічыцца ружанцавым цэнтрам для каталікоў усяго свету. Абраз жа хутка стаў вядомым многімі цудамі. Адной дзяўчыне з гэтага горада, якая хварэла на невылечную хваробу, аб’явілася Марыя і сказала, каб яна адправіла тры ружанцовыя навэнны. Калі дзяўчына паслухмяна выканала просьбу, яна атрымала аздараўленне, а Марыя аб’явілася ёй другі раз і сказала, каб тыя, хто хоча выпрасіць нейкую ласку, адправілі тры ружанцовымі навэнны з просьбамі, а пасля тры навэнны падзякі. Так паўстала практыка Пампейскай «Ружанцовай навэнны», якая доўжыцца 54 дні.

Марыйныя аб’яўленні былі ў Аўстрыі і Германіі, дзе Марыя заахвочвала маліцца на ружанцы. У Польшчы ў ХІХ ст. быў моцны рэлігійны пераслед з боку царскай Расіі і многія касцёлы былі зачыненыя, а святары знаходзіліся ў вязніцах. У 1877 г. у Гетшфалдзе Марыя аб’явілася двум дзяўчынкам і сказала, што вернікі, молячыся на ружанцы, не застануцца без святароў і атрымаюць зноў свае святыні.

У Фаціме падчас аб’яўленняў у 1917 г., якія працягваліся некалькі месяцаў, Марыя прасіла штодзённа маліцца ружанец у інтэнцыі супакою ў свеце, а таксама прасіла дадаваць да кожнай таямніцы малітву “О, мой Езу…”. У 1925 г. Марыя яшчэ раз аб’явілася адной з візіянерак, Люцыі і сказала, каб тыя, хто хоча паміраць у ласцы Божай, асабліва ўшанавалі пяць першых суботаў месяца праз споведзь, Камунію і Святую Імшу, адзін ружанец і 15 хвілінаў разважання над таямніцамі. Усе гэтыя рэчы трэба ахвяраваць у інтэнцыі перапрашэння за грахі.

У шматлікіх аб’яўленнях па ўсім свеце, а іх было больш за сотню, ёсць агульныя элементы: Марыя запрашала маліцца ружанец штодзённа і пакутаваць за грахі, за супакой у свеце і за духавенства. У Японіі Марыя прасіла маліцца ружанец, каб паўстрымаць гнеў Божы і каб не прыйшлі запланаваныя кары. Новы нюанс быў пры аб’яўленнях у Руандзе. Там Маці Божая прасіла маліцца Ружанец да сямі ранаў, паколькі многія людзі не могуць шкадаваць за свае грахі, не маюць жалю.

Хіба што самымі бліжэйшымі да нас па часе з’яўляюцца аб’яўленні Марыі ў Меджугор’і (Харватыя), якія трываюць па сённяшні дзень. Тут Марыя таксама запрашае вернікаў да малітвы на ружанцы, а нават прасіла маліцца штодзённа тры часткі.

РУЖАНЕЦ