1Разважанні на гэтую тэму нарадзіліся ў маім сэрцы пад уплывам двух апошніх урачыстасцяў – Спаслання Духа Святога і Найсвяцейшай Тройцы. Для многіх людзей, на жаль, Дух Святы – гэта незразумелы дадатак да нашага рэлігійнага жыцця. Іншыя ж наадварот лічаць, што толькі Дух Cвяты можа іх ашчаслівіць. Бо Ён дае харызматы, чыніць цуды, рашае праблемы… Гэта дзве крайнасці. Дык навошта ж нам, насамрэч, Дух Святы?

 

 

Пасля першароднага граху аб’яўленне Бога, можна сказаць, у шырокім плане пачынаецца з гісторыі Абрагама. Пасля будзе Ісаак, пасля Якуб. Бог увайшоў у жыццё гэтых патрыярхаў вельмі канкрэтна, у падзеях іхняга жыцця. Таму калі Бог аб’явіўся Маісею, Ён адразу ж зазначыў: Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба. Маісей веда, якія гісторыі здарыліся ў жыцці гэтых ягоных продкаў. Для іх Бог аб’явіўся не як Бог поглядаў і філасофіі, але як Бог падзеяў. І менавіта такім Бог аб’явіць сябе Маісею і ўсяму народу. Яны пазнаюць Бога дзейснага, Бога фактаў, які вызваліць іх з рабства.

Бадай што самым важным момантам знаёмства з гэтым Богам падзеяў будзе запавет на гары Сінай. Бог абяцае апекавацца народам, а народ, у сваю чаргу, павінен захоўваць правілы, якія даў Бог. Можна сказаць, што вакол гэтага моманту пабудаваны ўвесь Стары Запавет. У нейкім сэнсе гэта нават зразумела ў эмацыйным плане. Бог Айцец, які стварыў сусвет, які даў сябе пазнаць людзям, цяпер усталёўвае парадак, дае Закон. І ўсе павінны жыць паводле гэтага Закону, каб гармонія ў сусвеце не парушылася.2

Для габрэяў Закон, дадзены Богам праз Маісея, стаў, бадай, асновай іх рэлігійнасці. Яны увесь час будуць вяртацца да Пісанняў, а спалучэнне “Закон і прарокі” неаднаразова будзе гучаць з вуснаў Езуса.

Аднак, як пакажа час і гісторыя, гэтага будзе мала. Закон не зможа сам па сабе давесці да праведнасці, да збаўлення, да сустрэчы з Айцом. Езус скажа, што Ён прыйшоў не змяніць Закон, але споўніць. У іншым моманце Езус скажа, што Ён дае запаведзь новую, але адначасна і старую – любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас.

Асноўны момант аб’яўлення Божага Сына ў тым, што Ён паказвае, як спаўняць Закон. Ён сам прыйшоў яго споўніць. Гаворка ідзе не пра выкананне чарговага правіла, а пра любоў, дзякуючы якой можна выканаць тое ці іншае правіла Закону. Найбольш гэты момант бачны ў нагорным казанні Хрыста ў Евангеллі ад Мацьвея, калі Езус навучае, выкарыстоўваючы формулу: напісана ў Законе…, а Я вам кажу…

Магчыма, для многіх гэтая тэма будзе незразумелай, але яна вельмі важная. Многія людзі наіўна думаюць, што спаўняючы Божыя правілы, ты аўтаматычна трапляеш на неба або становішся Божым чалавекам. Але гэтага не дастаткова! Бо гэта быў толькі першы этап аб’яўлення. Апостал Павел скажа, што Закон – гэта «детоводитель ко Христу» (Га 3,24). Хрыстос – гэта наступны этап, гэта працяг Божай педагогікі. На самой справе Закон – гэта толькі перасцярога, каб мы не трапілі ў балота, каб хоць як-небудзь зачапіліся за грунт пад нагамі. Можна сказаць, што Закон патрэбны для таго, каб не трапіць у пекла. Але трэба ісці далей. Закон і правілы ніхто не адмяняе, але каб іх выканаць паводле Божага замыслу, трэба глядзець на Хрыста і наследваць Яго, і асабліва ў любові. Калі добра зразумець гэтую тэму, то становіцца зразумелым вядомае выказванне святога Аўгустына: любі і рабі што хочаш. Паверце, святы Аўгустын і блізка не заахвочваў да анархіі. Ён добра разумеў, што той, хто сапраўды любіць, не зможа парушаць Божы Закон.

Калі разважаю пра Закон, то разумею, што без гэтых элементарных правілаў людзі не проста пойдуць у балота, яны перастануць быць людзьмі. Напрыклад, Законам заўсёды праследваўся грэх чужалоства. Для многіх сёння гэтая тэма проста неактуальная, таму што гэтая запаведзь паўсюль парушаецца і гэта лічыцца нармальным. І што ў выніку маем? Па першае, інстытут сям’і проста знікае, бо ўжо мала хто ведае, чаму трэба захоўваць вернасць, а па-другое, папулярнасць гомасэксуалізму. І калі нехта кажа, што нас гэта не датычыць, то смела магу сказаць: пакуль што не датычыць. Пытанне толькі часу. І ўвогуле. Закон патрэбны там, дзе людзі не ўмеюць жыць. Таму чым больш правілаў, тым больш гэта сведчыць пра хворае грамадства. У гісторыі габрэйскага народу гэты працэс вельмі бачны. Пасля першароднага граху людзі не здольныя былі жыць і Бог Айцец даў ім Закон, але людзі ўсё роўна не навучыліся. У часы Хрыста габрэі нашмат больш навыдумвалі сабе правілаў. Гэта сведчыла пра хваробу грамадства. І тут прыходзіць Хрыстос, які сваім прыкладам любові паказвае, навошта быў Закон.

І цяпер трэці этап Аб’яўлення – Дух Святы. Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Бо вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца. (Рым 8, 14-17).

Дзеянне Духа Святога – гэта не прыкольны дадатак. Многія чакаюць ад Яго сюрпрызаў і дароў. Самае галоўнае, што робіць Дух святы – гэта дар усынаўлення Айцом. Ён вядзе нас і пераконвае нас. Без Яго мы не здольныя цярпець для Хрыста і з Хрыстом, без Яго мы не зможам любіць Айца, мы будзем вечна баяцца, будзем рабамі.

Шчыра кажучы, я пачаў пісаць гэтыя разважанні толькі дзеля таго, каб падзяліцца гэтым урыўкам Паслання да Рымлянаў. Пачытайце яго самі, памаліцеся ім, пажывіце ім. Каб паверыць гэтаму Слову ўсім сэрцам, трэба сапраўды Аб’яўленне.

3