1

Многія каталіцкія багасловы лічаць, што Каталіцкая Аднова Харызматычная не з’яўляецца рухам, паколькі не мае сярод людзей заснавальніка. Гаворка ідзе пра асаблівае дзеянне Духа Святога сярод простых вернікаў у часы Другога Ватыканскага Сабору. І гэтае дзеянне праяўлялася ў розных месцах. Тым не менш, досвед амерыканскіх каталікоў аказаў найбольшы ўплыў на развіццё Руху Адновы ў Касцёле…

 

Малітва Папы Рымскага

Шмат людзей, якія задумваліся ў 1967 г. над пачаткамі Каталіцкай Адновы ў Духу Святым, узгадвалі малітву Папы Рымскага Яна ХХІІІ, якая прагучала на распачацце ІІ Ватыканскага Сабору. Аднова ў Духу Святым з’яўляецца прадбачлівым Божым адказам на малітву Святога Айца, які прасіў аб новай Пяцідзесятніцы:

«Аднаві ў гэтыя дні Твае цуды, нібы праз новую Пяцідзесятніцу. Учыні, каб Твой Касцёл, будучы еднасцю і трываючы на малітве з Марыяй, Маці Езуса, ідучы пад кіраўніцтвам святога Пятра, мог распаўсюджваць валадарства нашага Божага Збаўцы, валадарства праўды і справядлівасці, валадарства любові і супакою. Амэн».

Пра што думаў Папа Ян ХХІІІ, молячыся аб новай Пяцідзесятніцы? Чаго прагнуў? Адкуль з’явілася гэта прагненне? Безумоўна, яго крыніцай з’яўляецца першая Пяцідзесятніца, калі нарадзіўся Касцёл. Дух Святы не перастаў дзейнічаць. На працягу стагоддзяў Госпад клікаў вялікіх святых, як мужчын, так і жанчын, напаўняў іх сваім Духам Святым, незвычайнымі харызматамі. Былі таксама ў гісторыі і каталіцкія супольнасці, якія перажывалі моцнае дзеянне Духа Святога, так, як гэта было ў першыя гады хрысціянства. Папа Ян ХХІІІ добра пра гэта ведаў, калі прасіў Духа Святога, каб і ў нашыя дні адбылося аднаўленне Яго знакаў і цудаў. Ведаў, што існуе магчымасць перажыць досвед Пяцідзесятніцы. Быў нават сведкам гэтага.2

 

Вёска, напоўненая Духам

Папа Ян ХХІІІ, будучы яшчэ біскупам, вядомым пад імем Анджэло Ронкаллі, часта наведваў невялікую вёску ў Чэхаславакіі, якая налічвала каля трохсот жыхароў. Там жыла мая добрая сяброўка Анна Марыя Шміт. На працягу многіх стагоддзяў каталікі гэтай вёскі перажывалі досвед розных харызматычных дароў, пра якія пісаў святы Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў. Для гэтых людзей надзвычайныя харызматы былі часткаю нармальнага хрысціянскага жыцця... Пяцідзесятніца была штодзённай рэчаіснасцю.

Анна Марыя распавяла мне пра акалічнасці з’яўлення першых праяваў харызматаў у іхняй вёсцы ў ХІ стагоддзі. Тады жыхарам вёскі з-за моцных маразоў пагражаў голад. Людзі маліліся да Бога, прасілі ў Яго дапамогі. Прыгожая Пані, якая нечакана аб’явілася на пагорку, не сказала, кім яна з’яўляецца, але навучыла людзей, як трэба прасіць Духа Святога. Калі людзі паслухалі гэтых парадаў і зрабілі так, як казала Пані, то ўсіх напоўніў Святы Дух. Людзі атрымалі такія дары, як распазнаванне духаў, прароцтва і дар моваў. Перажылі таксама моц асвячальных дароў Духа, асабліва дару любові. Хлеб, які пяклі гэтай зімой, быў блаславёным, і яго цудоўным чынам хапіла да наступнага ўраджаю збожжа.

Кожнае наступнае пакаленне жыхароў вёскі таксама перажывала прысутнасць Духа і Яго дароў. Людзі не ведалі, што іх досвед з’яўляецца нечым надзвычайным, таму што вёска была ізаляваная ад рэшты цывілізацыі. Анна Марыя апавядала, што моц малітвы і прысутнасць Божай любові былі настолькі значнымі, што людзям не былі патрэбныя шпіталі і турмы. Калі нехта пачынаў хварэць, то ўся вёска збіралася на супольнай малітве, каб прасіць Бога аб аздараўленні. У сем’ях дзеці былі вельмі чаканыя, не было разводаў. Панаваў супакой і любоў. Нядзельная Імша была радасным святам. А пасля Імшы людзі дзяліліся супольным пасілкам. У дамах чыталі Біблію, а дзяцей вучылі як жыць моцай Духа Святога.

Менавіта гэтую харызматычную вёску ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя і наведаў біскуп Ронкаллі. Жыхары прынялі яго з радасцю, як духоўнага айца. Анна Марыя, будучы тады яшчэ дзіцем, запамятала яго як чалавека напоўненага Божай любоўю. Яна любіла сядаць каля ног гэтага святара і слухаць апавяданні пра Езуса. Молячыся з яе сям’ёй і іншымі жыхарамі вёскі, біскуп адчуваў прыязную прысутнасць харызматычных дароў.

3Калі я  запыталася Анну Марыю, ці думае яна, што малітва Папы Яна ХХІІІ аб новай Пяцідзесятніцы была вынікам яго побыту ў іхняй вёсцы, тая адказала, што такія высновы былі б выразам пыхі. На яе думку, прагненне Яна ХХІІІ нарадзілася ў яго сэрцы значна раней. Анна Марыя мела ўражанне, што біскуп добра ведаў, што можа адбыцца, калі людзі звернуцца да Бога ў пакаянні, з пакорным сэрцам і пачнуць прасіць Духа Святога, каб Ён дзейнічаў сярод іх.

Думку Анны Марыі пацвярджаюць таксама іншыя сведкі. Без сумніву, асоба Папы Яна ХХІІІ – гэта адна з найбольш харызматычных асобаў ХХ стагоддзя. Кардынал Сюнэнс назваў яго «чалавекам, цалкам падуладным Святому Духу, які, будучы вольным ад самога сябе, ішоў шляхамі Духа».

У трыццатых гадах нехта сказаў прароцтва, што цяжкае выпрабаванне закране вёску Анны Марыі. Найперш будзе пагроза знішчэння, але потым надыдзе радасць, таму што жыхары вёскі падчас выпрабавання застануцца вернымі Богу і Касцёлу. Гэтае прароцтва споўнілася ў 1938 г., калі войскі нацыстаў забілі амаль усіх жыхароў вёскі. Моц Святога Духа была з гэтымі людзьмі, і ніводзін чалавек не адрокся ад сваёй веры. Я ж, у сваю чаргу, дзякую Богу за тое, што Ён уратаваў малую Анну Марыю Шміт, якая, прайшоўшы праз нямецкія і савецкія лагеры, магла пазней падзяліцца са мной часткаю гэтага нязвыклага досведу.

 

Апостал Духа Святога

Першая асоба, якую беатыфікаваў Папа Ян ХХІІІ, была манахіня Алена Гуэрра. Айцец Валь Гаўдэт звярнуў увагу, што да малітвы аб новай Пяцідзесятніцы Папу маглі натхніць таксама намаганні сястры Алены, якую ён назваў «апосталам Духа Святога». Гэтая манахіня жыла на мяжы стагоддзяў, у часе, які меў асаблівае значэнне для гісторыі харызматычнага руху.

Сястра Алена Гуэрра з’яўляецца заснавальніцай супольнасці Сясцёр Духа Святога ў Італіі. Калі ёй было пяцьдзесят гадоў, яна адчула натхненне, што павінна напісаць ліст да Папы Льва ХІІІ, просячы яго, каб ён распачаў аднаўленне Касцёла праз вяртанне да Духа Святога. Аднак тады сястра не паслухалася гэтага натхнення. Яна зрабіла гэта нашмат гадоў пазней, калі Бог, паслугоўваючыся простай жанчынай, што працавала на кухні, аб’явіў сястры Алене сваю волю. Заахвочаная таксама духоўным кіраўніком, яна напісала ў 1895-1903 гадах дванаццаць лістоў да Святога Айца, просячы яго аб адноўленным навучанні пра Духа Святога, які «выхоўвае вернікаў».4

У хуткім часе Папа Леў ХІІІ пад натхненнем Божым апублікаваў энцыкліку ProvidaMatrisCaritate, у якой заклікаў увесь Касцёл маліцца навэннай да Духа Святога паміж урачыстасцю Унебаўзяцця і Спаслання Духа Святога. У гэтым часе сястра Алена пачала ствараць малітоўныя групы, якія назвала «пастаяннымі Вячэрнікамі».

Сястра сказала Святому Айцу пра сваё прагненне бачыць Касцёл з’яднаным на безупыннай малітве, так як гэта было з Марыяй і Апосталамі, якія ў вячэрніку чакалі прыйсця Святога Духа. Сваё прагненне яна выказала словамі: «Як бы мне хацелася, каб малітва Прыдзі, Дух Святы сталася гэтаксама папулярнай, як і малітва Вітай Марыя

Сястра Алена мела прарочую місію, каб клікаць Касцёл да быцця Вячэрнікам, які безупынна моліцца. У 1897 г. яе духоўны кіраўнік біскуп Вольпі прывёз з Рыму абяцанне Папы, што ён зробіць усё магчымае для пашырэння культу Духа Святога. Праз нейкі час Святы Айцец абвясціў энцыкліку пра Духа Святога Divinumilludmunus. Сястра Алена была задаволеная энцыклікай, але расчаравалася слабай рэакцыяй Касцёла на гэты дакумент, асабліва біскупаў.

 

І напоўніў іх Дух Святы

Згодна з просьбай сястры Алены 1 студзеня 1901 г. (у першы дзень першага году дваццатага стагоддзя) Папа Леў ХІІІ звярнуўся з просьбай да Духа Святога. Ад імя Касцёла ён заспяваў гімн VeniCreatorSpiritus. У той жа самы дзень адбылося здарэнне, якое дало пачатак вялікаму абуджэнню ў моцы і дарах Духа Святога, якое павінна было распаўсюдзіцца на ўвесь сьвет.5

У мясцовасці Тапэка, што ў Канзасе, на 17-ай вуліцы некалі стаяў вялізны двухпавярховы дом з трыццаццю пакоямі. Гэтае месца называлі «вар’яцтвам Стоўна», таму што Эрастус Стоўн, які пабудаваў гэты дом, не мог сабе дазволіць  жыць у ім. У верасні 1900 г. у доме размясцілася Школа Бэтэль і Біблійная Школа. Чарльз Парам і яго вучні збіраліся тут, каб маліцца і вывучаць тое, што Біблія кажа на тэму хросту ў Святым Духу. Найвышэйшая вежа будынку была прызначана для малітваў, у ёй і адбылося малітоўнае чуванне. Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень маладыя людзі прасілі Бога, каб усе яны, або нехта з іх атрымалі ад Бога досвед хросту ў Святым Духу. Гэта сапраўды быў сталы Вячэрнік, пра які марыла блаславёная Алена Гуэрра!

1 студзеня 1901 г., недзе каля адзінаццатай гадзіны ўвечары, адна з вучаніцаў, Агнэз Озман папрасіла Парама, каб той усклаў на яе рукі і прасіў Бога аб хросце ў Духу. І сталася так, як яна прагнула! Агнэз пачала маліцца мовамі, а праз некалькі дзён той самы досвед перажылі Парам і іншыя вучні. Гэтае здарэнне дало пачатак пацідзесятніцкім рухам.

Бог даў адказ тым, хто з запалам маліўся да Яго дзень і ноч. Нягледзячы на слабы водгук каталіцкага грамадзтва на просьбу Папы Льва ХІІІ наконт пастаяннай малітвы да Духа Святога, на пачатку гэтага стагоддзя знайшліся хрысціяне іншых веравызнанняў, якія ў пакоры слухалі і з удзячнасцю прымалі хрост Духа і Яго харызматычныя дары.

У 1906 г. адбыўся сталы хрост Святога Духа ў Лос-Анджэлесе. Паўсюдна гэтае здарэнне называецца абуджэннем вуліцы Азуса. Тыя, хто перажыў гэты досвед, у большасці былі змушаныя да таго, каб пакінуць свае рэлігійныя  супольнасці, да якіх яны належалі, і пачаць збірацца ў новых веравызнаннях, якія атрымалі назву «пяцідзесятніцкіх». Шмат гісторыкаў лічыць, што рух пяцідзесятнікаў можна называць «трэццяй сілай» хрысціянства, нароўні з каталіцызмам і пратэстантызмам.

У пяцідзесятых гадах, калі харызматы пачалі прымаць таксама тыя хрысціяне, якія не згаджаліся выходзіць са сваіх канфесій, нарадзіўся рух «нэапяцідзесятнікаў». Досвед хросту ў Святым Духу пачаў распаўсюджвацца сярод англіканаў, лютэранаў і іншых хрысціянаў. Гэтыя людзі заставаліся пры сваёй веры, спадзеючыся, што таксама і ў іх канфесіях распачнецца духоўнае адраджэнне. І няма нічога дзіўнага ў тым, што ў сярэдзіне 60-х мінулага стагоддзя Каталіцкі Касцёл таксама пачаў перажываць досвед адновы ў Святым Духу. Шмат назіральнікаў вельмі дзівіліся, калі даведваліся, што хрост у Духу так хутка распаўсюдзіўся сярод каталікоў і што афіцыйная ўлада Каталіцкага Касцёла так прыхільна ставіцца да гэтых падзеяў.6

 

 

Напярэдадні малітвы ў Дуквэснэ

Недзе ў палове 60-х гадоў паміж студэнтамі Універсітэта Дуквэснэ ў Піцбургу (Пенсільванія) і Універсітэта Нотр Дам у Саўф Бэнд (Індзіана) паўсталі цесныя сувязі (...). Гэта было не толькі сяброўства, але перш за ўсё прадбачлівая падрыхтоўка да духоўнага аднаўлення. Задоўга да сакавіка 1967 г. у супольнасцях Нотр Дам і Саўф Бэнд адбываліся малітоўныя сустрэчы. Айцец Эдвард О’Коннар CSC, які ўзначальваў каталіцкую Аднову ў Духу Святым на пачатку яе існавання, так апісвае тыя падзеі:

«На пачатку 60-х па краі пракаціўся запал да біблійных вечароў і малітоўных сустрэчаў. У 1963-1964 гг. у Нотр Дам гэтыя ініцыятывы развіваліся асаблівым чынам. Група магістраў арганізавала штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы. Сярод іх былі тыя, хто пасля меў значны ўплыў у Аднове ў Духу Святым. На сустрэчах чыталі Біблію, была спантанная малітва, спевы і дыспуты. Малітва, аднак, была менш спантаннай, чым на пазнейшых сустрэчах Адновы, а дыспуты трывалі даўжэй і тычыліся пераважна людзкіх справаў (...).

У гэтым самым годзе, дзякуючы ініцыятыве Сціва Кларка, у Саўф Бэнд былі запрошаныя прадстаўнікі руху Курсілла. На працягу наступных гадоў яны мелі вялікі духоўны ўплыў на некалькі сотняў людзей з горада і вучэльні (...) Былі арганізаваныя антыёхскія сустрэчы, якія паказвалі студэнтам што гэта значыць – быць хрысціянінам (...) Асноўны націск гэтых штотыднёвых сустрэчаў лёг на дыспутах, якія вучылі пазнаваць самога сябе, служылі ўзаемнаму заахвочванню да вернасці і малітве.

У гэтым самым годзе ў семінарыі Морэа паўстала іншая група, апякункай і інспіратарам якой сталася Наша Дзева. Група сустракалася штотыдзень для ўзаемнай падтрымкі ў духоўным жыцці...

Гэтыя факты сведчаць пра тое, што полымя Пяцідзесятніцы, якое разгарэлася вясной 1967 г., пачало гарэць яшчэ раней, дзякуючы дыспутам, малітве і апостальскай дзейнасці... Большасць планаў знікала праз год або праз два, а на іх месца прыходзілі іншыя, якія таксама знікалі... Усё гэта, аднак, мела вялікае значэнне для будучага руху Адновы, таму што людзі вучыліся малітве і апостальскай дзейнасці, пазнавалі новых людзей, якія праз нейкі час распаўсюдзілі вестку пра цудоўнаю дзейнасць Духа Святога.

 

Блізкія сувязі з Курсілла

Вельмі важным з’яўляецца ўплыў руху Курсілла на людзей з Нотр Дам і Дуквэснэ, якія пазней узначалілі каталіцкую Аднову ў Духу Святым. У лютым 1973 г. у «NewCovenant» з’явіўся артыкул, які наступным чынам прадстаўляў людзей з Курсілла:

Людзі, якія ў сярэдзіне 60-х пачалі збірацца ў Нотр Дам вакол руху Курсілла, паходзяць з розных асяродкаў, але маюць некалькі супольных рысаў. Усе яны з’яўляюцца высока адукаванымі людзьмі. Большасць з іх былі прыхільнікамі артадаксыйнага каталіцтва. І хаця толькі некаторыя з іх атрымалі багаслоўскую адукацыю, а іншыя бралі чынны ўдзел у рухах абароны грамадзкіх правоў і належалі да грамадзкіх аб’яднанняў, але ўсе яны былі зацікаўленыя асабістай духоўнай і літургічнай адновай...7

Былі таксама і выключэнні. Напрыклад, Ральф Марцін, здольны студэнт філасофіі і рэдактар студэнцкай газеты, якога Касцёл увогуле не цікавіў. На пачатку 1964 г. ён адчуў сябе свабодным ад каталіцкага выхавання і на вучэльні быў вядомы як радыкальны атэіст. Аднак падчас першай сустрэчы Марціна са Сцівам Кларкам, калі адбылася моцная дыскусія на тэму хрысціянства, Марцін перажыў навяртанне. Змена яго поглядаў, што адбылася падчас другой ступені Курсілла, была настолькі нечаканай, што сведка той размовы Бэт Гэззі меў нават сумнівы, ці гэтыя падзеі сапраўднымі: «Ніколі ў жыцці я яшчэ не бачыў такой вялікай змены ў чалавеку. Нават не хацелася верыць, што гэта ўвогуле магчыма».

Ральф Марцін узгадвае, што калі сустрэўся з уваскрослым Езусам на Курсілла, адчуў, што яго напоўніла «моц з вышыні». Тады ж ён зрабіў заяву: «Хачу быць Яго сведкам». Такія людзі як Ральф Марцін і Сціў Кларк з Нотр Дам зразумелі, што заснавальнікі Курсілла практычна прадбачылі новую Пяцідзесятніцу. Эдуард Боннін, адзін з заснавальнікаў Курсілла, гаворыць пра гэта нават адкрытым тэкстам:

«Хрысціянства, як на пачатку, так і пасля, у прынцыпе з’яўляецца цудам Пяцідзесятніцы. Там, дзе не бачна дзейнасці Духа, там яшчэ не прыйшоў «Дарадчык». Можна сустрэць людзей, якія вераць у Айца. Аднак, будучы свята перакананымі што да практыкаў хрысціянскіх, яны ў сваім бязмерным эгаізме будуць прасіць у Айца дароў толькі для сваёй уласнай выгады. Ёсць таксама такія людзі, якія вераць у Слова і ў лагічнасць таго, што кажа нам Аб’яўленне. Гэтыя людзі захапляюцца новым разуменнем Слова, стараюцца наследаваць жыццё Езуса. Гэта пільныя людзі, якія вядуць маральнае жыццё, аднак яны – не тыя, пра каго можна сказаць, што іх перапаўняе Дух любові, што ў іх вачах можна ўбачыць дзівосны бляск. Для гэтых людзей Свята Пяцідзесятніцы яшчэ не надышло».

Большасць удзельнікаў Курсілла перажылі сваю ўласную Пяцідзесятніцу. Падчас адной малітоўнай сустрэчы ў 1965 г. у пакоі Філа О’Мэры людзі атрымалі дар моваў, аднак паколькі ніхто не ведаў, што гэта такое адбываецца, малітоўная сустрэча скончылася...

Падчас калядных святаў 1965 г. Ральф Марцін і Сціў Кларк сустрэліся ў Марціна ў Нью Джэрсі і вырашылі правесці лета на малітве ў кляштары Монт Савёр у Эльміры, у штаце Нью Йорк. Там яны распазналі, што Бог хоча, каб яны пакінулі вучобу, каб мець больш часу для хрысціянскага сведчання сярод студэнтаў. У 1965-1970 гадах Ральф са Сцівам правялі на тэрыторыі Злучаных Штатаў дзесяткі семінараў Курсілла. Дзякуючы гэтаму, праз нейкі час вестка пра досвед хросту ў Духу Святым разышлася імгненна.

 

Пацці Галлагер Мансфілд – жонка і маці чатырох дзяцей. У 1967 г. удзельнічала ў днях малітвы ў Дуквэснэ, якія сталіся пачаткам Каталіцкай Адновы Харызматычнай. Ад таго часу яе жыццё было цесна звязана з Адновай у Духу Святым, дзе яна доўгі час спаўняла кіруючыя пасады.