1

 

Кардынал Леў Юзаф Сунэнс быў адным з уплывовых іерархаў Каталіцкага Касцёла у той час, калі адбываўся Другі Ватыканскі Сабор. Ён стаў адным з першых іерархаў, які не толькі ацаніў значэнне Руху Адновы Харызматычнай, але доўгі час быў кіраўніком Руху і яго гарачым абаронцам. У гэтай публікацыі прапануецца фрагмент яго кнігі на тэму Руху Адновы.

 

  

Дух Святы, які ажыўляў старажытны Касцёл

 

Харызматы – гэта дары Духа Святога, якія характэрызуюцца тым, што яны бачныя і дадзеныя для агульнай мэты, якой з’яўляецца пабудова Божага Валадарства. Яны нараджаюцца нечакана, нібы промні ўзыходзячага сонца, якія асвятляюць ранак Пяцідзесятніцы. З’яўляюцца яны таксама на кожнай старонцы гісторыі старажытнага Касцёла.

Дзеі Апосталаў асаблівым чынам даюць шмат доказаў гэтай падзеі. Калі мы згадваем пра гэтую кнігу, то не таму, што яна нечым лепшая. (...) Аднак некаторыя прыклады, якія паказаў святы Лука, уражваюць асаблівым чынам.

Ужо на першых старонках мы бачым, што Дух Святы аб’яўляецца нечакана, збівае з панталыку людзей. Настолькі нечаканыя Яго дзеянні, што часам, здавалася б, нават асляпляюць. Аднак мы выразна бачым і тое, што Дух Святы вядзе і ажыўляе жыццё Апосталаў і ўсёй супольнасці вернікаў. Ён настолькі ўваходзіць у нюансы штодзённага жыцця Касцёла і Яго місійнай дзейнасці ў Рымскай Імперыі, што можна нават сказаць, што Дзеі Апосталаў – гэта нібы пятае Евангелле, Евангелле Духа Святога.

Выходзячы ў тую раніцу з «вячэрніка» (так называўся пакой, дзе прабывалі вучні Езуса, калі адбылося Спасланне Духа Святога) у дзень Пяцідзесятніцы, Пётр адразу ўзгадвае прароцтва Ёэля пра спасланне Духа: «І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсялякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, і хлопцы вашыя будуць мець аб’яўленні, а старцы – сны. Нават на рабоў і нявольніц Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго (...) перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і цудоўны» (Дз 2,17-20; Ёэл 2,28-31).2

Вось як тую падзею апісаў адзін біскуп:

«Калі супакоіўся ўраган Пяцідзесятніцы і зніклі агеньчыкі полымя, твары першых хрысціянаў паказвалі захапленне ..., нейкую таямніцу, якая толькі што іх наведала. Іх вусны «прарочылі» і спявалі «мовамі» пра Божую моц.

Тое ж самае здарылася з Майсеем, які сыходзіў з гары Сінай, са Стэфананам, які «меў твар падобны да твару анёла», тое ж было і з Палікарпам, а пасля з мучанікамі з Ліёну. Дух Святы быў для іх святлом і мудрасцю.

Дух Святы скончыў фармацыю хрысціянаў. Ерузалемскія хрысціяне жылі з Хрыстом, аднак чагосьці ім яшчэ не ставала ажно да дня Пяцідзесятніцы. І толькі цяпер яны атрымалі найвышэйшае хрысціянскае святло. Да гэтага часу яны толькі спрабавалі няўмела наследаваць свайго Настаўніка. У дзень жа Пяцідзесятніцы Дух Святы дапаўняе распачатую Езусам справу. Падобным чынам некалі мастак Рубенс забіраў з рук сваіх вучняў пэндзаль для таго, каб няпэўным лініям надаць колер і жыццё...»

Мы чакаем другога прыйсця Хрыста, які аб’явіць нам хвалу Бога, а тым часам дзейнічае Дух Святы. Адчуваем Яго прысутнасць на кожнай старонцы Дзеяў Апосталаў. Ён там больш прысутнічае і больш актыўны, чым людзі, пра чыю дзейнасць можна даведацца з гэтай Кнігі. Пра Яго гаворыцца як пра нейкую вельмі каштоўную і пэўную Прысутнасць. Нават калі святы Лука не гаворыць пра Яго выразна, мы ўсё адно бачым Яго прысутнасць, так, як бы Ён быў нейкім водным знакам на старонках Дзеяў. Ён кіруе вялізнай апостальскай дзейнасцю і піша нябачны, толькі Яму вядомы, сцэнар.

Гэта Дух Святы падказвае словы, якія трэба казаць перад Сінэдрыёнам, праконсуламі, прадстаўнікамі Рыму ці падчас штодзённага пераследу (1 Кар 2,4-5), з’яўляецца натхненнем смелых чынаў Апосталаў (Дз 8,29-39), сілай і адвагай мучанікаў  (Дз 7,55), вядзе Пятра ў дом Карнэлія (Дз 10,19-20), выбірае вучняў для місіі (Дз 13,2), з’яўляецца радасцю і ўпэўненасцю для тых, хто церпіць пераслед (Дз 13,50-52), кіруе рашэннямі, якія будуць мець уплыў на жыццё маладога Касцёла (Дз 15,28), Ён выбірае шляхі для падарожжа Апосталаў, пасылае іх або затрымлівае (Дз 16,6-7), а асаблівым чынам Дух Святы кіруе дзейнасцю святога Паўла (Дз 20,22-24). Усе гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што вера маладога Касцёла ў прысутнасць Духа Святога была рэальнай і канкрэтнай, і што гэтая вера была нічым іншым як штодзённым жыццём.

 

3Дух Святы і Яго дары

 

 Дух Святы з’яўляецца сілай, якая вядзе Касцёл наперад па шляхах гэтага жыцця і надае Яму місійны, каталіцкі (паўсюдны) характар.

Ён таксама стварае жывую еднасць містычнага Цела, асвячаючы хрысціянаў і даючы ім сваю сілу. Святы Павел на кожнай старонцы сваіх Пасланняў паказвае нам Яго прысутнасць.

Езус абяцаў, што Дух, якога Ён спашле, аб’явіцца, ўражваючы сваімі дарамі і ласкамі настолькі, што вучні пачнуць чыніць нават большыя рэчы, чым Езус, не выключаючы таксама і цуды.

Харызматы, якія ў маладым Касцёле нараджаліся нібы грыбы пасля дажджу, з’яўляліся доказам адзінай рэчаіснасці: дзейнасці Духа, які напаўняў душы вернікаў.

Гэтыя дары, дадзеныя для будовы Касцёла, узаемна дапаўняюцца. Святы Павел падкрэслівае, што ўсе яны вядуць да адной мэты: «Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух. Розныя таксама паслугі, але той самы Госпад. Розныя, урэшце, дзейнасці, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для агульнага дабра. Аднаму даецца праз Духа слова мудрасці, другому даецца слова пазнання ў тым самым Духу, яшчэ іншаму даецца дар веры ў тым жа Духу, іншаму – дар аздараўлення тым жа Духам, яшчэ іншаму – дар чыніць цуды, іншаму – прарочыць, іншаму – распазнаваць духаў, іншаму – розныя мовы і, урэшце, іншаму – тлумачэнне моваў. Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі» (1 Кар 12,4-11).

Гэты фрагмент з’яўляецца ў сваім родзе ўводзінамі да трынаццатага раздзелу, дзе святы Павел прадстаўляе адзіную прыгажосць і першынство любові, якая «ніколі не знікае». Аднак, нягледзячы на тое, што любоў – найбольшая з цнотаў, што Дух Святы ўлівае яе, нібы сонца, у жыццё хрысціянаў, яе святло, аднак, не засланяе бляску зорак (харызматаў), якія свецяць уначы (...).

Усе хрысціяне пакліканыя быць «жывымі камянямі», каб будаваць «духоўную святыню» (пар. 1 П 2,5). Дух Святы не паказвае сам сябе, але паказвае і славіць Езуса і Айца. Аднак можна адчуць Яго дзейнасць – яна падобная да ветру, якога не бачыш, але разумееш пра яго прысутнасць, якую выдаюць лісткі дрэваў, што калышуцца ад яго подыху.

Дух Святы дзейнічае праз шматлікія харызматы (Рым 12,6; 1 Кар 12,4.8-10.28-31; 1 Цім 4,14; 2 Цім 1,6; 1 П 4,10). Некаторыя з іх надзвычайныя, іншыя не (...).

Хрыстовы Касцёл для святога Паўла з’яўляецца не звычайнай рэлігійнай арганізацыяй, якая кіруе вернікамі. Гаворка ідзе пра містычнае Цела жывога і асабовага Хрыста, якое ажыўляе Святы Дух.

 

4Харызматычны досвед на працягу стагоддзяў

 

Той, хто чытае Біблію, безумоўна будзе задаваць сабе пытанне: куды знікла гэтае багацце дароў і харызматаў на працягу стагоддзяў? Такое пытанне адважыўся паставіць нават святы Ян Хрызастом і па-свойму даў на яго адказ. На яго думку, Касцёлу ў свой час патрэбна была асаблівая падтрымка для апостальскай працы; гэты час быў асаблівы і непаўторны. Цяжка пагадзіцца з тым, што гэты адказ правільны. Насамрэч, рэчаіснасць харызматаў ніколі не пераставала існаваць у Касцёле. Дух Святы заўсёды заставаўся верным.

Пад канец ІІ стагоддзя святы Ірынэй заўважаў сталую прысутнасць незвычайных харызматаў і лічыў, што пра гэта ўсім вядома: «Шмат братоў у Касцёле мае дар прароцтва, гаворыць, дзякуючы Духу, рознымі мовамі, раскрывае таямніцы людзей для іх жа дабра і паказвае таямніцы Бога» (AdversushaeresesV,6,1).

З часам рэлігійная літаратура ўсё менш і менш звяртаецца да гэтай тэмы. Бачная дзейнасць Духа Святога ў жыцці Касцёла перастае таксама аб’яўляцца ў сувязі з тым, што хрысціяне паціху пачынаюць губляць евангельскую веру, а хрысціянства становіцца з’явай агульнаграмадзкай. Цяжка ўжо ўбачыць паўсюднае дзеянне Духа Святога, так як гэта было некалі, аднак Яго прысутнасць адчувалася там, дзе людзі і надалей жылі моцнымі вымаганнямі веры, а было гэта ў зачыненым свеце манахаў, асабліва ў жыцці заснавальнікаў розных манаскіх супольнасцяў і кляштараў.

Манаскае жыццё ад самага пачатку па сваёй сутнасці было рухам харызматычным. Аскетычная форма гэтага стылю жыцця прапаведвала перамогу Духа над цёмнымі сіламі гэтага свету, цела, шатана. Уся літаратура айцоў пустыні (ApophtegmataPatrum) была перапоўнена дарамі прароцтва і цудаў, а асабліва дарам аздараўлення. Перабольшванне і наіўная прастадушнаць тых часоў не могуць аднак пярэчыць факту, што хрысціяне першых стагоддзяў і надалей мелі жывую веру ў дзейнасць Духа Святога ў Яго дарах.

Сапраўдныя манахі з’яўляліся духоўнымі айцамі, якія былі здольныя кіраваць людзьмі паводле шляхоў Духа. Нават да сённяшняга дня хрысціяне, асабліва ўсходняй традыцыі, бачаць у манахах духоўных мудрацоў і ахвотна шукаюць у іх парадаў.

Калі гаворка ідзе пра харызматы, то старажытныя аўтары кладуць асаблівы націск на тое, каб больш асцярожна карыстацца дарам распазнавання духаў і каб ніколі не ўспрымаць харызматы як самамэту, але як сродак для больш дасканалай любові. Аднак ніхто не пярэчыў іх існаванню. Іерархі Касцёла ўвесь час адкрыта ставіліся да Божых дароў, за выключэннем тых момантаў, калі Касцёл змагаўся з распаўсюджваннем сектаў. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што святы Атаназій або святы Васіль, дбаючы пра рэлігійнае аднаўленне, асаблівую дапамогу бачылі ў манахах.

У ХІ стагоддзі вядомы канстанцінопальскі манах, святы Сымон, называны Новым Багасловам, прамаўляе выразна харызматычнай мовай. На яго думку, спасланне Духа Святога заўсёды актуальнае. Гэта Дух яднае нас з Хрыстом і вядзе да Айца, калі толькі асабістае пакаянне дазволіць нам дайсці да Яго ўнутраннага святла. Толькі тыя, хто дасведчыў Духа – кажа Сымон – могуць кіраваць (духоўным) жыццём іншых, незалежна ад таго, ці гэта асобы свецкія, ці духоўныя.

На Захадзе пнеўматалагічная («пнеўма» – г.зн. Дух) традыцыя была менш заўважнай. Аднак і тут дзейнічала тая самая вера, асабліва ў жыцці заснавальнікаў манаскіх ордэнаў і ў жыцці святых. Так, святы Ігнацый Лаёла напісаў нормы распазнавання духаў і ў гэтай справе ён быў не адзіны (...).

Для таго, каб убачыць прысутнасць надзвычайных Божых дароў у наш час, трэба наноў перагледзець жыццё святых апошніх пакаленняў. Некалі для таго, каб звярнуць увагу на святасць дадзенай асобы, людзі збіралі інфармацыі пра рэдкія харызматы і цуды. Аднак надышоў такі час, за што трэба дзякаваць Богу, калі з рэлігійнай літаратуры зніклі непатрэбныя і нерэальныя рэчы. Цяпер жа мы патрапілі ў іншую крайнасць. Перагляд жыцця святых, такіх, як святы Ян Марыя Вяннэй, Ян Боска і іншых, даў бы нам разуменне прысутнасці харызматычных дароў у жыцці гэтых людзей. Гэта такія дары, як распазнаванне духаў, прароцтва, аздараўленне. А значыць, нельга казаць, што харызматы належаць толькі далёкаму мінуламу.

 

Кардынал Леў Юзаф Сунэнс (1904-1996) прыняў святарскія пасвячэнні ў 1927 годзе. У 1961 г. стаў арцыбіскупам, а ў 1962 г. – кардыналам. Па запрашэнні Папы Рымскага Яна ХХІІІ працаваў над падрыхтоўкай ІІ Ватыканскага Сабору, а пасля быў мадэратарам Сабору. Быў адказным за рух Адновы ў Духу Святым ва ўсім свеце ў гады пантыфікатаў Паўла VIі Яна Паўла ІІ. 

Пераклад з кнігі: Kard. L. J. Suenens, Nowe Zesłanie Ducha Świętego?, Poznań 1988, cт. 33-39.