БиблияРазважанні над Божым Словам (Іс 5,1-7) з прапановай асабістай працы і малітвы над пачутым Словам. Тэма: абранне чалавека Богам, грэх самадастатковасці, значэнне Божай абароны, плён веры чалавека і яго жыцця.

 

Заспяваю прыяцелю майму 
песню сябра майго пра вінаграднік ягоны: 
Мой сябра меў вінаграднік 
на ўрадлівай гары. 
Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення, 
і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу, 
і пабудаваў вежу пасярод яго, 
і давіла вычасаў у ім. 
Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду, 
але ён прынёс дзікія ягады. 
Дык цяпер, жыхары Ерузалема 
і мужы юдэйскія, 
рассудзіце мяне і вінаграднік мой. 
Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго
і не зрабіў для яго? 
Чаму я чакаў гронак вінаграду, 
а ён прынёс дзікія ягады? 
Цяпер я пакажу вам, 
што я зраблю з вінаграднікам маім: 
я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён, 
знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны. 
І прывяду яго ў запусценне: 
не будуць падразаць і ўскопваць яго, 
і зарасце ён цернем і пустазеллем, 
і забараню хмарам ліць на яго дождж. 
Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля, 
а мужы юдэйскія — Яго ўмілаваныя саджанцы; 
Ён чакаў правасуддзя — і вось беззаконне; 
чакаў справядлівасці — і вось крык

(Іс 5, 1–7).

 

Абранне Богам

1Прыпавесць прарока Ісаі пра вінаграднік паказвае нам гісторыю адносінаў Ізраільскага народа з Богам, гісторыю абрання гэтага народа Богам. Прарок ад Божага Імя разважае пра тое, як Бог клапаціўся пра народ, як аберагаў яго. За словамі ускапаў яго і ачысціў яго ад камення можна смела бачыць прарокаў, якіх Бог на працягу стагоддзяў пасылаў са словам ачышчэння і пакаяння, каб вырваць з народа ўсялякае зло. Гэта была Божая справа, якая трывала стагоддзямі, а не год і не два.

Асабіста я вельмі добра разумею, пра што кажа прарок Ісая, ведаючы гістарычны кантэкст. Ізраільскі народ быў нічым не лепшым за іншыя народы. Зрэшты, і сам Бог пра гэта казаў: Не потому, чтобы вы были многочисленнее всех народов, принял вас Господь и избрал вас, - ибо вы малочисленнее всех народов (Втор 7,7). Такіх народаў сапраўды было шмат. Многіх з іх мы не ведаем, бо іх няма, ад некаторых засталіся толькі назвы. Больш за тое, зніклі цэлыя імперыі і агромністыя ўплывовыя цывілізыцыі. Ізраільскі ж народ застаўся, ён мае сваю дзяржаву і ён і надалей невялікі. Некаторыя лічаць, што самы старажытны горад у свеце знаходзіцца ў Ізраілі. Гэта знакаміты Ерыхон, якому больш за 10 000 год, як паказалі раскопкі. Гэтыя факты гавораць не пра тое, што Ізраільскі народ лепшы, больш правільны ці больш здольны, але паказваюць на факт абрання яго Богам. Гэта Бог асаблівым чынам апекаваўся народам і вёў яго.

Аднак гэтае Божае абранне мае сваю цану. Бог не роўна дзеліць, але ўсіх роўна любіць (Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва (Дз 10,34-35)). Калі Бог праявіў большы клопат пра Ізраільскі народ, чым пра іншыя народы, то толькі таму, што гэты народ павінен быў стаць знакам для іншых, прыкладам. Інакш кажучы, Бог чакаў выніку, плёну свайго клопату. Так, як вінаградар чакае плёну ад вінаграднай лазы. Праца павінна даваць вынікі…

Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду, 
але ён прынёс дзікія ягады…

Калі ягады становяцца дзікімі? Калі вінаградную лазу не даглядаюць належным чынам, калі пры ёй не працуюць. У Беларусі можна бачыць месцы, дзе некалі жылі людзі, а цяпер засталіся адны дрэвы, як правіла, яблыні. Некалі яблыкі на іх былі салодкія, але калі за імі не глядзяць гадамі, то яны дзічэюць. Бог не проста «насадзіў» Ізраільскі народ. У гэтую працу Бога трэба было ўвайсці, нельга было пасіўна і ляніва назіраць, як усё “само сабой” добра вырашаецца. Якую самую вялікую памылку дапусціў народ? Людзі пачалі думаць, што яны лепшыя, а іншыя горшыя, што яны самі нечага дабіліся. Такім чынам іх спакусіў грозны дух самадастатковасці, і яны забыліся пра Бога, які так шмат рабіў за іх, і забыліся, што Ён нечага ад іх чакае…

заданне падумаць

 

У малітве і роздуме паспрабуй убачыць сваё асабістае абранне. Узгадай тыя моманты, калі Бог сам цябе “насаджваў”, калі вучыў, калі ачышчаў ад камянёў (праз людзей, праз Слова ці Асабіста). Ці не звёў цябе дух самадастатковасці? Якога плёну чакае ад цябе Госпад?

 

Знішчаная агароджа

Цяпер я пакажу вам, 
што я зраблю з вінаграднікам маім: 
я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён, 
знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны. 

Уражвае, што Бог не помсціць за нявернасць народу, не пасылае на іх ворагаў. Мы часта так думаем, што Бог нішчыць і помсціць. Але што робіць Бог? Ён прыбірае агароджу, якую сам жа і пабудаваў. І цяпер ворагі пачнуць нішчыць вінаграднік.

За гэтым вобразам мне бачыцца вельмі важны нюанс духоўнага жыцця. Завербаваныя духам пыхі і самадастатковасці, мы пачынаем адчуваць сябе незалежнымі. Нам здаецца, што гэта мы сябе спрытна баронім ад нашых ворагаў (духоўных ці нават фізічных, матэрыяльных). Мы думаем, што калі ў нашым жыцці ўсё гладка, то гэта норма, і не заўважаем, што “гладка” у нас толькі з тае прычыны, што Бог паставіў сваю агароджу. Прычым гэтая агароджа стаіць не толькі ў жыцці вернікаў, але і ў жыцці многіх людзей, бо ўсе мы Яго дзеці. А мы вось так жывем нібыта самі па сабе, нібыта ніхто нас і не бароніць. Вось так жыў і Ізраільскі народ.

2З розных прычынаў гэтая агароджа пачынае знікаць. Часам людзі не вераць свайму Гаспадару і пачынаюць выходзіць за агароджу, імкнучыся ўсё паспрабаваць, пазнаць нешта новае, зрабіць па-свойму. Тут ідзе размова пра грэх свядомы ці несвядомы. А часам Гаспадар Сам знішчае агароджу, каб людзі, якія ў самадастатковасці перасталі бачыць і цаніць Яго ролю, убачылі, наколькі яны, насамрэч, залежныя ад Яго і наколькі нічога толкам без Яго не могуць рабіць (без Мяне нічога не можаце зрабіць (Ян 15,5)). І толькі тады, калі з тых ці іншых прычынаў знікае нашая агароджа, мы пачынаем разумець, як моцна Ён абегараў нас і наколькі мы несамадастатковыя. Часам гэтае разуменне прыходзіць да нас з агромністым болем, бо мы не гатовыя прымаць сваю абмежаванасць і ўбогасць. Гэтая бязраднасць праяўляецца ў выпадку смерці блізкай асобы, у выпадку цяжкой хваробы некалі такога спраўнага чалавека, у выпадку распаду сям’і, калі яшчэ нядаўна “усё было пад кантролем”, у выпадку фінансавых праблемаў, працы і г.д. Адчай, роспач, дзікія страхі і дыпрэсія часта паказваюць, наколькі людзі былі непадрыхтаваныя да прыняцця інфармацыі, што гэта не яны пабудавалі агароджу свайго жыцця, а Госпад.

Асабіста мяне Бог вучыў гэтай тэме пра агароджу, пра Яго міласць і абарону некалькі разоў.

Многім нам здаецца, што злыя духі могуць нас нішчыць толькі з прычыны нашага граху (самі выходзім за агароджу), або калі нехта іх натравіў на нас (магія). Праз адну непрыемную гісторыю я зразумеў, што злыя духі могуць разарваць цябе на кавалкі, нібы дзікія ваўкі, і ім не трэба для гэтага спецыяльнага запрашэння. Грэх і магія толькі могуць пагоршыць усю справу, могуць дадаць свайго “каларыту”. І калі многія думаюць, што яны нас не атакуюць і гэта нармальна, то я зразумеў, што толькі Бог іх стрымлівае і забараняе ім нішчыць Яго дзяцей. Як толькі Ён адыме Сваю Руку, як толькі знішчыць агароджу, нас ужо нішто не ўратуе. Пасля таго, як я гэта па-свойму перажыў і зразумеў, я кожны вечар кладуся спаць і падымаюся з ложка з малітвай падзякі і даверу. Таму што пераканаўся: калі я нармальна выспаўся, перажыў ноч альбо дзень, то гэта не “норма”, а вялікая Яго міласць да мяне. Многія любяць паўтараць словы “ўсё па міласці Яго”. Я гэта зразумеў праз канкрэтнае здарэнне.

А яшчэ дапамагло мне гэта зразумець цяпер ужо шматгадовае служэнне ў вязніцы. Гэта нармальна, што мы ставім у кватэрах замкі, сігналізацыі, камеры, заводзім байцоўскую сабаку. Усё гэта дзейнічае супраць выпадковых злодзеяў, п’яніцаў, альбо недасведчаных пацаноў. Аднак гэтыя сродкі не дапамагаюць, калі мы маем дачыненне з крымінальнымі злодзеямі, якія былі, напрыклад, у “ліхія дзевяностыя”. У турме я чуў гісторыі, ад якіх простаму чалавеку амаль немагчыма схавацца. Гэтыя “метады” зламаюць любога. Гаворка пра тых, хто гвалціў, хто займаўся шантажом, рэкетам. Чуючы тыя ці іншыя страшныя гісторыі, я зразумеў, што ад такіх людзей і сітуацый нас ратуе толькі міласць Божая, каторую мы, зноў жа, часам не заўважаем праз самадастатковасць.

Трэці прыклад – адносіны з людзьмі подлымі, ілжывымі і крывадушнымі. Усе людзі маюць тыя ці іншыя недахопы, слабасці, грахі. Аднак асаблівым чынам хачу вылучыць людзей подлых. Не выпадкова Езус перасцерагаў апосталаў, каб яны сцерагліся крывадушша фарысеяў. Справа ў тым, што чалавек ілжывы і подлы гуляе не па правілах. Для яго магчымыя ўсе сродкі. І ў выніку ты, як чалавек веруючы, стаіш перад выбарам – стаць такім, як ён, і выкарыстоўваць тыя самыя подлыя метады, альбо проста пачаць прайграваць. Калі я зразумеў, што менавіта так выглядае сітуацыя з крывадушнікамі, то стаў маліцца і прасіць Божай абароны. Бо зразумеў, наколькі я безабаронны ў такіх сітуацыях. І гады малітвы абароны ад ворагаў пачалі прыносіць чаканы плён: гэтыя людзі проста сталі некуды знікаць з майго жыцця.

Многія з нас, магчыма, і не падазраюць, што наша тэма гучыць на вуснах вернікаў штодня у малітве Ойча наш…: “і не дазволь, каб мы паддаліся спакусе (і не ўводзь нас у спакусу)”. Гэта азначае, што калі Ты, Госпадзе, не паставіш сваю агароджу, то я не змагу супрацьстаяць спакусе ворага.

заданне падумаць

 

 Памаліся і паразважай над тым, ці ўсведамляеш ты абсалютную неабходнасць Яго агароджы? Ці ўспрымаеш, што многія рэчы ў тваім жыцці, а то і ўсе, гэта не “норма” і не твой спрыт, а вялікая Божая ласка? Як табе Бог паказваў прысутнасць Яго нябачнай агароджы?

 

Гронкі вінаграду

Многія біблійныя прыпавесці кажуць нам, што Бог чакае ад нас плёну. Можна шмат разважаць пра тое, якім можа быць гэты наш плён. Апостал Павел у Пасланні да Галатаў кажа пра плён Духа і пералічвае плады Духа. Веру, што галоўным плёнам для нас ёсць сам Дух Святы, Якому мы дазваляем жыць у нас, як у святыні, Якога не баімся, Якому праяўляем паслухмянасць перш за ўсё праз Слова Божае. Але гэта ўжо іншая тэма…