Слава Госпаду за магчымасць надалей працягваць разважаць над Словам для працы над сабой у святле Духа Святога на працягу бягучага тыдня. Умоўна гэты спосаб разважання называю “Каб Слова сталася целам…”. Прапаноўваю чарговы фрагмент Евангелля з літургіі 24 звычайнай нядзелі і спадзяюся, што будзе ў дапамогу мне і вам.
а. Аляксандр

Приближались к Нему все мытари и грешники слушать Его. Фарисеи же и книжники роптали, говоря: Он принимает грешников и ест с ними. Но Он сказал им следующую притчу: кто из вас, имея сто овец и потеряв одну из них, не оставит девяноста девяти в пустыне и не пойдет за пропавшею, пока не найдет ее? А найдя, возьмет ее на плечи свои с радостью и, придя домой, созовет друзей и соседей и скажет им: порадуйтесь со мною: я нашел мою пропавшую овцу. Сказываю вам, что так на небесах более радости будет об одном грешнике кающемся, нежели о девяноста девяти праведниках, не имеющих нужды в покаянии. Или какая женщина, имея десять драхм, если потеряет одну драхму, не зажжет свечи и не станет мести комнату и искать тщательно, пока не найдет, а найдя, созовет подруг и соседок и скажет: порадуйтесь со мною: я нашла потерянную драхму. Так, говорю вам, бывает радость у Ангелов Божиих и об одном грешнике кающемся (Луки 15,1-10).

Приближались к Нему все мытари и грешники слушать Его. Фарисеи же и книжники роптали, говоря: Он принимает грешников и ест с ними. Якую гісторыю нагадваюць нам гэтыя два сказы? Евангеліст Лука не выпадкова ў тым самым пятнаццатым раздзеле падае прыпавесць пра міласэрнага Айца, блуднага сына і яго старэйшага брата. Блудны сын бачыць у сваім айцы заступніка, падобна як мытнікі і грэшнікі прыходзяць да Езуса, бо бачаць у Ім свайго хадатайніка. А старэйшы сын не разумее чаму яго бацька так радуецца з навяртання бесталковага брата, падобна як фарысеі не здольныя зразумець і прыняць Любві Езуса да грэшнікаў.

Евангелле паказвае нам вельмі важную рысу Бога, Яго анёлаў і ўсіх, хто пайшоў за Ім і стаў хаця б крыху да Яго падобным. Ідзе размова пра здольнасць радавацца з чужых асягненняў. Гэта радасць вынікае з любві Бога, а не ад Яго справядлівасці.

Справядлівасць без любві становіцца пракляццем
Мы, людзі, часта кіруемся прынцыпамі фарысеяў і разважаем, што грэшнік сам па сваёй віне “ўцяпаўся” ў нейкую гісторыю і таму павінен цярпець, гэта справядліва. Толькі такая справядлівасць становіцца невыноснай, жорсткай, не дае чалавеку больш шансаў. Такая справядлівасць урэшце рэшт нараджае грэх зайздрасці. Я ўсё больш і больш заўважаю, што грэх зайздрасці вельмі паскудны. Даруйце, не магу падабраць іншага слова. Зайздрасць не назаву цяжкім грахом, бо няма цяжкай матэрыі (забойства, крадзеж), але гэты грэх, здаецца, з’яўляецца нават больш страшным, бо ён точыць сэрца чалавека як чарвяк, нібы рак пажарае ўсё жывое ў арганізме. Не выпадкова паводле катэхізіса зайздрасць называецца галоўным грахом. Хрысціянін, які жыве зайздрасцю, часта не здольны радавацца сам і не можа радавацца за іншых. Падобна як старэйшы сын з прыпавесці, мы маем усе патрэбныя дары ад Бога, але не можам іх дацаніць, выкарыстаць, усё глядзім і раўняемся да іншых: вот, я столько лет служу тебе и никогда не преступал приказания твоего, но ты никогда не дал мне и козленка, чтобы мне повеселиться с друзьями моими; а когда этот сын твой, расточивший имение свое с блудницами, пришел, ты заколол для него откормленного теленка. Он же сказал ему: сын мой! ты всегда со мною, и все мое твое, а о том надобно было радоваться и веселиться, что брат твой сей был мертв и ожил, пропадал и нашелся (Луки 15,29-32).

Бог справядлівы і міласэрны
Некалі адзін мой знаёмы святар сказаў: Мы да канца не ведаем чым ёсць наш грэх у Божых вачах. Калі б Бог быў да нас, верных каталікоў, толькі справядлівы, то нам усім былі б кранты. Божая справядлівасць не можа быць адарвана ад Яго любві. Заўважце адзін вельмі важны нюанс. Грамадзяне Божага Царста радуюцца не проста з грэшнікаў, а грэшнікаў, якія перажываюць глыбокае пакаянне: Так, говорю вам, бывает радость у Ангелов Божиих и об одном грешнике кающемся. Калі чалавек не мае ў сабе дастаткова Божай Любві, то ён тады пачынае разважаць: дары Божыя трэба заслужыць, трэба папрацаваць некалькі год, за грахі трэба пакутаваць доўгі час і г.д. Такія людзі не здольныя прыняць праўды, што Бог прымае грэшнікаў з пакаяннем, не ставячы ім больш ніякіх умоваў апроч самога шчырага пакаяння (моцная пастанова больш не грашыць). Падобна як не могуць пагадзіцца, што Бог некаму ў адзін момант можа даць тое, чаго я дабіваўся дзесяткі год (Божыя дары, харызматы).

Лепш быць грэшнікам ці праведнікам?
Правакацыйнае пытанне і на гэту тэму некалі ўжо ішла размова на сайце. Грэшнікі бачаць у Езусе заступніка, прызнаюць свой грэх і патрабуюць Божай дапамогі. Езус іх прымае і ставіць толькі адну ўмову – усё зрабі, што ў тваіх сілах, каб грэх больш не паўтарыўся. Як правіла, гісторыі навяртання вялікіх грэшнікаў вельмі прыгожыя, эмацыйныя. Аднак яны не трываюць вечна. Як правіла, такое эмацыйнае навяртанне грэшнік перажывае толькі раз у жыцці. А пасля застаецца асабісты выбар – мазольная праца, штодзённы выбар, каб вытрываць у вернасці Богу, каб радавацца разам з Ім, каб перамагаць свае грахі ці старыя схільнасці. Можна сказаць, што пасля свайго навяртання, кожны грэшнік мае ўсе шансы стаць фарысеем. Шмат залежыць ад асабістых выбараў. Усе вялікія грэшнікі, якіх я сустракаў пасля іх громкага і слаўнага пакаяння, павінны былі яшчэ доўгі час выбіраць Бога нібы першы раз. Аздараўленне душы не адбывалася ў адзін момант, яно трывала ў працэсе. Я ведаў хлопца, які амаль дзесяць разоў спрабаваў пакончыць жыццё самагубствам і Бог яго ўвесь час цудоўна ратаваў. Урэшце рэшт ён перажыў глыбокае навяртанне, жаніўся, у яго нарадзілася трое дзетак, шмат сведчыў пра сваё пакаянне і Бога перад людзьмі. Недзе праз 5-6 год я даведваюся, што ён пакончыў жыццё самагубствам… Тут халявы няма. Грэшнік, падобна як праведнік, павінен з тым самым высілкам змагацца і выбіраць Бога кожны дзень. Як толькі супакоіцца, раслабіцца і пачне думаць, што з ім ужо ўсё нармальна, што ён амаль святы, атрымае ад сатаны нож у плечы…



КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ...

Спрабуй убачыць сябе ў евангельскай гісторыі і зрабі для сябе адпаведныя пастановы ці высновы.

Грэшнікі, якія патрабуюць заступніка
Гэта людзі, якія ведаюць свой грэх, патрабуюць прабачэння Езуса, прыходзяць да Яго і Езус ставіць толькі адно вымаганне – ідзі і больш не грашы. Калі ты маеш за сабой цяжкі грэх і ў табе ёсць такое трывалае і моцнае жаданне пакаяцца і больш не грашыць, то ты даеш радасць усім жыхарам Неба.

Справядлівыя, якія “не патрабуюць пакаяння”
Можа такія недзе і ёсць, але быў бы тут найбольш асцярожным, каб раптам не атрымалася, што перад Богам мы грэшныя, а самі гэтага ў гардыні не бачым, як гэта здарылася з фарысеямі. Іх сітуацыя была больш трагічнай чым грэшнікаў, бо яны сталіся авечкамі, якія не звалі свайго Пастыра. Калі не бачыш свайго граху, каб па ім са слязьмі плакаць і раскайвацца, то не абуджай у сабе штучных эмоцый, а ў пакоры, адвазе і прастаце пачні прасіць Духа Святога, каб паказваў табе твой грэх, каб не жыць у самападмане. Гэта Дух Святы пераконвае аб граху. Калі ёсць шчырае і глыбокае жаданне служыць Богу і быць Яму вернымі, то Дух пакажа нам наш грэх, пра які нават і блізка не думаем і за які будзе вельмі сорамна. Як правіла, робіць Ён гэта нечакана.

Закладнікі зайздрасці
Калі ў выпадку цяжкога граху ты можаш проста ад яго адмовіцца (калі няма яшчэ залежнасці), то ў выпадку зайздрасці дзеіцца інакш. Гэты грэх жыве ў чалавеку, спецыяльнай вялікай спакусы не трэба, ён у сэрцы, у думках, з’яўляецца нечакана і, здаецца, на пустым месцы. Падобна дзеіцца з грахом ляноты, гардыні, гнева. Як такога граху зайздрасці пазбавіцца? Па-першае, трэба прызнацца перад сабой, што гэты грэх існуе. Па-другое, нельга з ім пагадзіцца і нельга яго не даацэньваць. Па-трэццяе, патрэба споведзі і малітвы з просьбай аб вызваленні. Па-чацвёртае (і гэта вельмі важна!), трэба навучыцца смяяцца з сябе, прызнавацца з пакаяннем і жалем да свайго граху перад іншымі (не толькі на споведзі) і не прыкідвацца “святошай”. Я заўважыў, што гэты чацвёрты лек вельмі моцны і неабходчы. Уявіце, што нейкі фарысей устае і кажа: Ну і асёл жа я! Паверыў у сваю праведнасць, апрануўся нібы паўлін, хвост распушыў, а сам не здольны радавацца навяртанню грэшнікаў, зайздрошчу ім… І само аж напрашваецца: Госпадзе, прабач мне і дапамажы… Верыце, што Езус не прыме такога фарысея? Апошні лек вядзе да пакаяння.
У пэўным моманце Езус раіць бласлаўляць ворагаў, жадаць ім Божага дабра. Падобна і тут, магчыма, трэба пачаць шчыра бласлаўляць тых, каму зайздрошчу, дзякаваць Богу за іх.

Радавацца з усім Небам…
Калі грэшнік перажывае пакаянне, альбо некаму нешта атрымалася па-Божаму, то ўсё Неба радуецца. Калі не раздзяляеш у сабе гэтай радасці, то на сілу не змусіш і лепш не прабуй выдаўліваць з сябе штучныя пачуцці. Найлепшы выхад – гэта прызнаць праўду, папрасіць прабачэнне, перажыць пакаянне і пачаць маліцца аб дары нябеснай радасці. Справа сур’ёзная, не такая і банальная. Можаш уявіць сябе ў Небе, дзе ўсе радуюцца, а ты, надуўшыся, стаіш у баку? Вось чаму нават тут трэба пакаянне.

На гэтым тыдні кожную раніцу прасі Духа Святога аб мудрасці і шчырасці, каб прыняць праўду пра сябе, каб паказваў як Евангельская нядзельная навука праяўляецца ў тваім жыцці. Вечарам, пад Яго кіраўніцтвам, старайся ўбачыць гадзіну па гадзіне свой пражыты дзень у святле пачутай праўды. Рабі высновы і практычныя пастановы, стаў перад сабой невялічкія мэты. Назірай ці здольны ты з іншымі радавацца, ці маеш у сабе пакаянне, ці не зайздосціш, ці сум не прыходзіць у сэрца, а калі прыходзіць, то чаму? Прычынай можа быць зайздрасць, гардыня…

Калі на працягу тыдня не знойдзеш сябе ні ў адной групе – віншую, ты дайшоў да святасці і збаўлення ад Бога не патрабуеш…
recourse smile