Для мяне асабіста тэма набалелая, бо ніколі не разумеў сэнсу пажаданняў, што яны даюць людзям і чаму мы губляем увогуле на іх час. А пра тосты дык і зусім маўчу. Суцэльнае красамоўства. Са школьных часоў памятаю такія дзіўныя танцы на дыскатэках, калі ўсе танцавалі ў крузе і па чарзе нехта выходзіў у сярэдзіну і пачынаў «выкаблучвацца» сваімі здольнасцямі. Што за маразм!.. Нешта падобнае адбываецца хіба што і з тостамі. Хтосьці падымаецца, каб сказаць слова, а іншыя з дзіўнай сур’ёзнай павагай на твары чакаюць, што ж ён нам тут мудрага «парадзіць». Не ведаю каму як, а я такога не разумею і ў сэрцы адно злуюся на пустаслоўе...
Вось ужо некалькі тыдняў, як я нічога не пісаў для сайта. Шчыра кажучы, не хацелася пісаць і цяпер. З аднаго боку — святы, шмат непатрэбнага клопату, пустой беганіны, з іншага боку — сумныя падзеі ў грамадстве і г.д. Прачытаў нядзельныя чытанні — таксама нібыта нічога не кладзецца на сэрца. Але менавіта ў той час, калі я разважаў над Пісаннем, мне патэлефанаваў адзін чалавек і між іншым сказаў, што не любіць віншаванняў на Новы год, бо сама па сабе дата і «магічная» лічба 24.00 нічога для яго ў жыцці не мяняе, а, тым часам, вакол яе столькі шухеру. Бо цяжка ўвогуле вытлумачыць, чаго ад сэрца можна ў гэты момант пажадаць і чаму менавіта ў гэты момант.

Для мяне асабіста тэма набалелая, бо ніколі не разумеў сэнсу пажаданняў, што яны даюць людзям і чаму мы губляем увогуле на іх час. А пра тосты дык і зусім маўчу. Суцэльнае красамоўства. Са школьных часоў памятаю такія дзіўныя танцы на дыскатэках, калі ўсе танцавалі ў крузе і па чарзе нехта выходзіў у сярэдзіну і пачынаў «выкаблучвацца» сваімі здольнасцямі. Што за маразм!.. Нешта падобнае адбываецца хіба што і з тостамі. Хтосьці падымаецца, каб сказаць слова, а іншыя з дзіўнай сур’ёзнай павагай на твары чакаюць, што ж ён нам тут мудрага «парадзіць». Не ведаю каму як, а я такога не разумею і ў сэрцы адно злуюся на пустаслоўе.

Скончыўшы размову па тэлефоне, я вярнуўся да разважання над Пісаннем і раптам убачыў пажаданне святога Апостала Паўла: непрестанно благодарю за вас [Бога], вспоминая о вас в молитвах моих, чтобы Бог Господа нашего Иисуса Христа, Отец славы, дал вам Духа премудрости и откровения к познанию Его, и просветил очи сердца вашего, дабы вы познали, в чем состоит надежда призвания Его, и какое богатство славного наследия Его для святых (Ефесянам 1,16-18). Вось прыклад сапраўдных пажаданняў! Па-першае, Павел праслаўляе Бога і моліцца! Не трэба «красамоўства», высокіх словаў, пафаснасці, а, разам з тым, усё сапраўды мае сілу. Па-другое, Павел моліцца (жадае) аб дарах мудрасці і пазнання Бога. Моліцца, каб мы адкрылі сваё сэрца перад Богам і зразумелі, чаго нам трэба спадзявацца і чакаць. Ну менавіта, а чаго нам трэба спадзявацца, чаго чакаць? Усё гэта адлюстроўваецца ў нашых тостах-пажаданнях. Мы найчасцей жадаем здароўя, практычнага розуму для гэтага жыцця, грошай і г.д. (у залежнасці ад здольнасці плесці языком). Павел жа жадае (моліцца) пазнаць надзею Божага паклікання і багацце Божай узнагароды. Жадалі каму-небудзь такога? Распазнаць пакліканне можа нехта некаму і жадаў, але пра якое пакліканне ішла размова? Паспрабую адгадаць. Святарства, манаства, добры муж або жонка? Павел жадае-моліцца аб іншым. Божае пакліканне і Яго ўзнагарода – гэта Яго Валадарства, рай, у які мы часта так неахвотна і з трывогай ды страхам вяртаемся. Павел моліцца за хрысціянаў аб пазнанні імі Бога, Яго любові да нас і той прыгажосці, якую Ён падрыхтаваў.

Нехта некалі спытаўся ў мяне, ці нам у гэтым жыцці ўжо няма чаго добрага спадзявацца, а таму застаецца толькі глядзець і чакаць НЕБА? Канечне ж, не! Бог прысутнічае не толькі ТАМ, але і тут, хоць і па-іншаму. Мы кажам пра Бога-Любоў. Шмат хто з нас адчуваў і ведае, што такое любоў. Сапраўды, Бог ёсць у тым, што мы называем бескарыслівай любоўю. Гэта значыць, Бог ёсць у любові, якая скіравана да іншага чалавека, а не спрабуе падпарадкаваць іншага мне самому, у выніку чаго нараджаецца эгаізм. Хачу звярнуць увагу, што ёсць таксама іншыя моманты прысутнасці Бога ў нашым зямным жыцці. Іх шмат, напрыклад, радасць. Але мне асабліва лягла на сэрцы тэма супакою. Бог прысутнічае сярод нас у тым супакоі, калі мы не баімся, не перажываем за сябе ды за іншых, калі мы вольныя ад неспакою, гневу, хвалявання. Насамрэч шмат хто з нас марыць аб такім жыцці. Мы думаем, што здабудзем супакой, калі нешта выканаем, калі штосьці ў нас атрымаецца, калі нас заўважаць, пахваляць, мы нешта здабудзем і г.д. Мы думаем, што наш супакой залежыць ад нейкіх рэчаў, людзей, абставінаў ці нашых планаў. На самой жа справе сапраўдны супакой залежыць толькі ад Бога. Ты можаш не спраўляцца са сваімі абавязкамі, можаш нарабіць памылак, застацца самотным і пакінутым, але супакой прыходзіць тады, калі разумееш, што Бог, нягледзячы ні на што, і надалей ёсць з табой і Ён ад цябе не адвярнуўся. Супакой прыходзіць тады, калі ты сэрцам і розумам пачынаеш разумець, што ты нікому нічога не абавязаны, апроч самога Бога.

Веру ў тое, што Бог сапраўды прысутнічае ў духоўным супакоі, у міры. Адзін з вязняў некалі сведчыў, што пасля забойства, якое ён учыніў, да яго раптоўна прыйшоў агромністы мір, і, нягледзячы на імгненні страху, што прарываліся ў ягоную душу, нешта моцнае ўнутры казала: нічога не бойся, не ўцякай, застанься на месцы… Гэты чалавек дачакаўся міліцыі, і яго пасадзілі. Такі быў пачатак яго навяртання і сустрэчы з Жывым Богам.

Ці заўсёды Бог прыходзіць у супакоі? Вельмі дакладны адказ дае іспанскі містык святы Ігнацы Лаёла. Чалавек, які згадзіўся на цяжкі грэх і жыве ў ім, праз неспакой будзе адчуваць голас Божы, які мучае сумленне і кліча да зменаў і пакаяння. Злы ж дух, наадварот – прыходзіць у такім выпадку з «мірам» і хоча пераканаць, што ўсё нармальна і мяняць нічога не трэба. Выразны прыклад гэтага мы чытаем у Евангеллі: Ирод боялся Иоанна, зная, что он муж праведный и святой, и берег его; многое делал, слушаясь его, и с удовольствием слушал его (Марка 6,20). Некаторыя іншыя рускія пераклады, а таксама польскі падаюць, што Ірад любіў слухаць Яна, хаця пры гэтым адчуваў моцны неспакой. Любіў, бо адчуваў прысутнасць Бога і, разам з тым, Бог нараджаў у ім неспакой, бо Ірад жыў у граху. Чалавек жа, працягвае святы Ігнацы, які ідзе па дарозе ад граху да меншага граху і ад дабра да большага дабра, мае адваротнае адчуванне, чым у першым выпадку. Божы Дух прыходзіць з супакоем (нават сярод выпрабаванняў), а злы дух наадварот – сее страх, разлад і неспакой.

Не паварочваецца ў мяне язык сказаць «жадаю», бо не ведаю, ці нясе гэтае слова за сабой што-небудзь. Не магу сказаць таксама, як апостал Павел, што ўвесь час малюся. Але ў гэтую хвіліну проста прызываю Божы мір і Божую прысутнасць над усімі чытачамі гэтых словаў у Імя Езуса Хрыста і праз Яго Найдаражэйшую Кроў!
Амінь.

а.Аляксандр