26 сакавіка ў Воршы адбылося малітоўнае чуванне, дзе сабраліся не толькі аршанцы, але і веруючыя з іншых гарадоў. Вядучай тэмай была тэма малітвы і ёю хачу падзяліцца з чытачамі сайта. Спадзяюся, што такога тыпу чуванні будуць адбывацца не адзін раз. Веру, што наш Госпад нават даў ім назву - "ВІНАГРАДНІК". Плануецца, што наступная сустрэча "ВІНАГРАДНІКУ" адбудзецца ў суботу 14 мая (пачатак а 18.00). У хуткім часе, магчыма, на сайце з'явіцца таксама рубрыка спецыяльна прысвечаная гэтым чуванням.
а. Аляксандр
Адразу скажу: я не выступаю па гэтай тэме ў ролі вялікага знаўцы. І не праз фальшывую сціпласць, а таму што і сам шукаю, спрабую розныя варыянты і бачу, як шмат існуе спосабаў малітвы
Усвядоміць прысутнасць ЖЫВОГА БОГА
Самае галоўнае для верніка, які збіраецца распачаць малітву, – усвядоміць, што малітва – гэта размова з жывым Богам. Калі будзем трымацца гэтага правіла, то самі ўбачым, наколькі наша малітва можа быць штучнай і дзіўнай. Што праўда, баімся ў гэтым прызнавацца, таму нам і бывае прасцей затрымацца на тым, што маем і нічога не мяняць. Напрыклад, пачынаецца малітва праслаўлення ці падзякі і я кажу: дзякуй Табе, Божа, за гэты новы дзень. Як правіла, кожны новы дзень я ўспрымаю як нармальную з’яву, а не падарунак ад Бога, таму ў сэрцы няма падзякі і радасці, а тое, што я выказваю вуснамі – гэта часта пусты звон, якім спрабую нібы падмануць Бога. І зусім інакш будзе, калі я прамучыўся ўсю ноч з прычыны болю альбо нейкае трывогі, не мог заснуць, і калі нарэшце ўзыходзіць сонца, пачынаецца новы дзень, я кажу: дзякуй Табе, Божа, што скончылася гэтая ноч і пачынаецца дзень. Гэта ўжо, згадзіцеся, будзе зусім іншая малітва. Бо я кажу тое, што на сэрцы, а не тое, што нібы трэба сказаць. Можна падмануць сябе і іншых, але не Бога.
Таму перш, чым мы пачнем маліцца, трэба добра ўсвядоміць, што я зараз буду рабіць, з Кім хачу сустрэцца. Святы Ігнацы Лаёла пісаў пра тое, як важна ўвайсці ў прысутнасць Бога, усвядоміць, што Ён тут, са мной і толькі пасля гэтага пачаць маліцца ЖЫВОМУ БОГУ, а не сцяне ці кавалку дрэва. Для гэтага часам трэба прысвяціць даволі шмат часу. Так некаторыя святыя ўваходзілі ў Божую прысутнасць паўгадзіны, альбо і цэлую гадзіну.
Адзін прапаведнік некалі трапна заўважыў, што перш, чым пачаць славіць Бога, трэба прыняць унутранна рашэнне, што я хачу Яго праславіць. І тады песні, якія я спяваю, перастаюць быць проста песнямі, а становяцца малітвай. Тады я перастану думаць, ці гэтая песня мая любімая, ці не, ці хтосьці фальшывіць, ці не, але пачну спяваць словы, якія на самой справе хачу сказаць Богу. Калі такога рашэння няма, то песня носіць усяго толькі рэлігійны характар, а не становіцца маёй асабістай малітвай. У гэтым і тоіцца сэнс выказвання святога Аўгустына: хто спявае, той моліцца двойчы. Мала толькі прыгожа спяваць ці іграць, трэба гэтым спевам маліцца. Словы песні павінны стаць маімі асабістымі словамі, якія я кажу-спяваю Жывому Богу. Гэта цяжка, але калі мы так робім, то спеў сапраўды становіцца двайной малітвай. Госпад даў мне разуменне гэтай праўды падчас майго служэння ў турме. Найперш я зразумеў, што нічога не зменіцца ў жыцці чалавека, пакуль яго не закране Божая Любоў. Пасля я выбраў адпаведную песню і спяваў яе з верай у тое, што словамі гэтай песні выпрошваю дар Божай Любові. Прычым вязням я нічога не сказаў, а проста спяваў песню з верай. Якое ж было маё здзіўленне, калі падчас спеву адзін з вязняў упаў на калені, пачаў гучна плакаць, а пасля засведчыў: я яшчэ ніколі не адчуваў так моцна Божай любові да мяне!
У некаторых малітоўных групах ёсць такая практыка, што ў той час, калі на сустрэчу збіраюцца людзі, адказныя за малітву сустракаюцца ў іншым памяшканні (суседнім), каб увайсці ў Божую прысутнасць, а пасля яны выходзяць да ўсіх сабраных і пачынаецца малітва. Людзі, якія ўжо трываюць у Божай прысутнасці, маюць больш магчымасці дапамагчы іншым сустрэцца з Жывым Госпадам.
Усведамляць Божую прысутнасць трэба не толькі перад малітвай праслаўлення, але таксама перад Святой Імшой, Ружанцам, ранішняй ці вячэрняй асабістай малітвай, чытаннем Бібліі і г.д. Мне асабіста не верыцца, што можна перажыць Божую прысутнасць, калі ляціш на Імшу ў апошнюю хвіліну і пры гэтым слухаеш нешта там у навушніках. Альбо п’еш з сябрамі гарбату, а пасля ў адзін момант ускокваеш у праслаўленне. Не ўяўляю такога. Некалі я сустрэў мужчыну, які да таго, як пачаць чытаць Біблію, апранаў белую кашулю і касцюм. Мой жа духоўны настаўнік вобразна казаў, што Слова Божае трэба адкрываць на каленях.
Для таго, каб сапраўды сустрэцца з Богам, трэба дбаць пра адпаведны час і месца. Зразумела, што Бог прамаўляе, калі захоча і як захоча і гэта не залежыць ад маёй падрыхтоўкі, бо Ён жа Бог, але калі ідзе размова пра мой высілак, а ў адносінах з Богам ён неабходны, то час і месца маюць вялікае значэнне.
Падрыхтаваць час і месца
У Евангеллі мы даволі часта сустракаемся з тым, што Езус адыходзіць у пустыню для малітвы, адыходзіць, каб Яго ніхто не бачыў і не турбаваў, нібы ўцякае. Нам жа часта час для малітвы трэба амаль даслоўна вырываць з боем. Гэта выбар кожнага з нас. Тут няма дарадцаў, бо я нікому не магу сказаць, калі і дзе яму найлепш маліцца. Магу дзяліцца толькі ўласным досведам, але гэта не значыць, што мой досвед абавязкова падыдзе для іншых.
Перш за ўсё трэба дбаць, каб падчас маёй малітвы ніхто да мяне не прыйшоў, не патэлефанаваў і каб я сам не сядзеў як на іголках, бо на плячах тысячы іншых спраў і трэба некуды бегчы. Калі я пачынаю маліцца і раптам пачынае званіць тэлефон, то праблема не ў чалавеку на тым канцы провада, а ўва мне, які знайшоў неадпаведны час на малітву альбо не выключыў тэлефон. Кожны з нас будзе мець шмат розных перашкодаў, ад якіх яму трэба асабіста адгарадзіцца. Для мяне найлепшы час для малітвы – раніца, прыкладна каля 6 гадзіны. Але павінны былі прайсці гады няўдалых досведаў перш чым я гэта зразумеў. Спачатку я і не надта перажываў, калі не паспеў памаліцца, пасля пачынаў дбаць пра рэгулярную малітву і стараўся маліцца а 8.00, пасля шукаў найлепшы час на чытанне Бібліі і ўбачыў, што адзіная магчымасць адкрыць Божае Слова была а 7 раніцы, ажно ўрэшце спыніўся на 6 гадзіне як на самай адпаведнай для мяне. Калі я некалькі месяцаў таму ўбачыў укнігарні «Духоўная кніга» у Мінску кнігу “Утро с Богом”, а адразу ж зразумеў, што яна стаіць і чакае, каб я яе купіў. Аналізуючы, бачу, як на працягу года Бог сам вызначаў мне час для малітвы і маленькімі крокамі вучыў мяне. Разумею вартасць вячэрняй малітвы, а асабліва рахунку сумлення, але хачу падзяліцца некалькімі тэзамі з кнігі пра ранішнюю малітву, бо для мяне гэта вельмі жывое (гэтыя тэзы змешчаны ў дадатку).
Малітва трох словаў
Некалі пачуў думку, што ўся наша малітва змяшчаецца ў трох словах: прашу, дзякую, слаўлю. Малітва просьбы для ўсіх нас зразумелая і, як падаецца, натуральная. Падзяка нараджаецца даволі рэдка і амаль як выключэнне, альбо як нешта выціснутае з нас праз сілу. Ну а праслаўленне ўвогуле чужое. Хочацца, каб мы, перш чым разбярэм больш падрабязна гэтыя элементы, проста запамяталі, што гэтыя тры словы павінны гучаць у нашай малітве.
Пане, навучы нас маліцца
Даўно ўжо заўважыў, што мы, ведаючы вучэнне святых, розныя практыкі і традыцыі, розныя погляды багасловаў, разам з тым вельмі ўскладнілі сабе жыццё і згубілі самае галоўнае. Бог сам нас вучыць маліцца ў асобе Езуса Хрыста і праз Біблію. І гэтая навука даволі простая. Толькі яна чамусьці пачынае пужаць нас сваёй прастатой, і мы самі пачынаем усё ўскладняць. Таму прапаную цяпер паглядзець на малітву трыма словамі ў святле навукі Езуса і Святога Пісання.
Прашу
Итак не заботьтесь и не говорите: что нам есть? или что пить? или во что одеться? потому что всего этого ищут язычники, и потому что Отец ваш Небесный знает, что вы имеете нужду во всем этом. Ищите же прежде Царства Божия и правды Его, и это все приложится вам. Итак не заботьтесь о завтрашнем дне, ибо завтрашний [сам] будет заботиться о своем: довольно для [каждого] дня своей заботы (Матфея 6,31-34).
Молясь, не говорите лишнего, как язычники, ибо они думают, что в многословии своем будут услышаны; не уподобляйтесь им, ибо знает Отец ваш, в чем вы имеете нужду, прежде вашего прошения у Него. Молитесь же так: Отче наш, сущий на небесах! да святится имя Твое; да приидет Царствие Твое; да будет воля Твоя и на земле, как на небе; хлеб наш насущный дай нам на сей день; и прости нам долги наши, как и мы прощаем должникам нашим; и не введи нас в искушение, но избавь нас от лукавого. Ибо Твое есть Царство и сила и слава во веки. Аминь (Матфея 6,7-13).
Гэтыя два тэксты кажуць пра адно і тое ж. Перш за ўсё трэба зрабіць акт волі і з моцаю вызнаць, што Айцец Нябесны клапоціцца пра мяне, бо я даверыўся Яму як мог. Калі мой розум і людзі будуць казаць што іншае, то я павінен намаганнем волі пераконваць сябе, што Айцец ведае пра мае патрэбы, бо Ён Бог. Гэта азначае, што не трэба за сябе баяцца, бо ёсць Той, хто пра мяне ўвесь час клапоціцца. Вера ў гэтую праўду не нараджаецца сама па сабе, яна звязана з маім рашэннем. Такую веру ў сабе трэба выхоўваць, у нейкім сэнсе ламаць сябе і змушаць да такой веры. Такім чынам, Езус вучыць нас, як не трэба маліцца. Бог не глухі, Яму не трэба па дзесяць разоў нагадваць. Трэба больш старацца выказаць просьбу, а пасля з верай чакаць, што Бог вядомым Яму спосабам адкажа. Гэта першы крок – крок даверу Айцу.
Наступны крок – гэта просьбы аб Божых справах: Ищите же прежде Царства Божия и правды Его, и это все приложится вам… да святится имя Твое; да приидет Царствие Твое; да будет воля Твоя и на земле, как на небе. Езус вучыць нас, што трэба клапаціцца перш за ўсё пра Божыя планы для ўсяго свету, а не толькі для сябе, і тады ўсё стане на свае месцы. Для гэтага кроку таксама патрэбна вера.
На гэтую ж самую тэму піша апостал Якуб. Просім і не атрымліваем, бо просім толькі для сябе і не клапоцімся пра Божыя справы, таму нічога ў нас не становіцца на свае месцы і абяцанне Езуса не працуе:
Желаете - и не имеете; убиваете и завидуете - и не можете достигнуть; препираетесь и враждуете - и не имеете, потому что не просите. Просите, и не получаете, потому что просите не на добро, а чтобы употребить для ваших вожделений (Иакова 4,2-3).
Езус не адгаворвае нас ад малітвы просьбаў. Ён вучыць нас найперш вызначаць прыярытэты, а пасля прасіць. Сапраўды, Езус вучыць прасіць. Аказваецца, гэта так званая элементарная малітва не такая ўжо і элементарная. Божы Сын дае нам прыклад жанчыны, якая настойліва дабіваецца свайго (Лукі 18,1-8), а ў іншым моманце вучыць апосталаў, што выганяць злога духа трэба не толькі малітвай (словамі), але і пастом. Нехта мне на гэту тэму сказаў: Богу мала нашых малітваў, Яму патрэбна ахвяра. Гэтымі нашымі ахвярамі могуць быць пост, грошы, праца, здароўе, начныя чуванні і г.д. Важна не тое, як ты просіш і якімі словамі, але ці твая просьба выходзіць з сэрца, ці ты гатовы яе дабівацца (складаць ахвяры), ці сапраўды гэта для цябе ажно так важна. Богу трэба не нашыя словы, а высілак, жаданне, настойлівасць, адвага, вера.
Дзякую
Часам можна пачуць выказванне, што многія з нас не ўмеюць дзякаваць ні Богу, ні людзям. Думаю, праблема ў іншым. Многія не здольныя ацаніць ці заўважыць дабро, якое чыніць для нас Бог альбо людзі. Калі мы бачым дабро і цэнім яго, то ўдзячнасць нараджаецца сама па сабе. Калі я пачну змушаць сябе да ўдзячнасці, то гэта будзе штучна. Чалавек можа і не разбярэцца, але Бога не падманеш, Яму не трэба наша выціснутае «дзякуй». Таму я не магу змусіць сябе дзякаваць, але магу старацца заўважаць дабро, якое мне нехта ўчыніў. Менавіта таму св. Ігнацы Лаёла заахвочвае ў штодзённым рахунку сумлення прасіць Духа Святога, каб той паказаў мне дабро, якое Бог мне ўчыніў. Бачыць дабро ў свеце і цаніць яго – гэта падарунак ад Бога. І трэба нам Яго прасіць, каб Ён даў нам новыя вочы.
Некалі ад вязняў у турме я пачуў цікавы прыклад. Чым адрозніваецца проста вернік ад верніка, да якога дакрануўся Дух Святы сваёй любоўю? Проста вернік скажа: Бог, чаму ты такі несправядлівы, чаму мяне пасадзілі на пяць гадоў, чаму ўсе адвярнуліся, асудзілі, хаця я не такі ўжо і дрэнны? Чалавек жа, адноўлены Святым Духам, у той самай сітуацыі скажа: слава Табе, Божа, што мяне, свінтуса, пасадзілі толькі на пяць гадоў…
Як правіла, малітва падзякі не будзе доўгай, і нічога ў гэтым страшнага няма. Галоўнае: яна павінна быць шчырай, ісці з самага сэрца, і таксама мусіць быць простай.
Слаўлю
Калі малітва просьбы і падзякі для нас хаця б больш-менш зразумелыя, то з малітвай праслаўлення нашмат цяжэй. Папа Рымскі Ян Павел ІІ некалі пісаў, што Бога трэба славіць не за тое, што Ён зрабіў (падзяка), а за тое, што Ён сам па сабе годны праслаўлення. У практыцы малітва падзякі і праслаўлення часта перасякаюцца і не ўдасца іх дакладна аддзяліць, аднак ёсць паміж імі розніца. Калі я дзякую Богу за канкрэтную рэч, то слаўлю Яго проста так, таму што мне радасна, таму што хочацца з Ім быць і г.д. Малітва праслаўлення часта нараджаецца тады, калі мне ўжо не хочацца ні аб чым прасіць, я нават не ведаю, за што дзякаваць, а хочацца проста з Ім быць. Я не ведаю, што Яму казаць, але я хачу маліцца. У такія хвіліны чалавек альбо проста замаўкае і трывае ў прысутнасці Божай моўчкі (малітва Адарацыі, малітва кантэмпляцыйная), альбо пачынае славіць Яго. Прычым у нашым разуменні славіць – гэта казаць некаму або пра некага кампліменты. Але Богу Яны не патрэбныя. Яму не трэба падымаць настрой ці самаадчуванне. Калі ўсё гэта ўлічыць, то праслаўленне становіцца даволі цяжкой малітвай. Гэта малітва не столькі розуму, а больш сэрца. Гэта малітва з’яўляецца дарам ад Бога і вынікае з таго, што мы пазнаем Яго Любоў. Менавіта таму для многіх вернікаў малітва праслаўлення проста чужая і незразумелая. Здольнасць славіць Бога вынікае з нейкага пэўнага этапу маіх з Ім адносінаў. Прызнаюся, жаданне так маліцца прыходзіць мне не так і часта. Гэта сапраўды дар, але такой малітве можна таксама вучыцца і яе можна развіваць у сабе.
Паколькі Богу не патрэбныя нашы кампліменты, мы не просім Яго ні аб чым і не дзякуем Яму за штосьці, то паўстае пытанне, што ж Яму тады казаць і як маліцца? Менавіта таму падчас малітвы праслаўлення шмат спеву. Я на такой малітве паўтараю словы, якія нехта ўжо некалі прыдумаў. Куплеты спеваў і прыпевы могуць паўтарацца шмат разоў. Спачатку я спяваю розумам, а пасля паступова спяваю сэрцам. Я не столькі кажу Богу нейкія словы, колькі выказваю Яму свае прагненні. Вельмі дапаможнымі ў такой малітве будуць адпаведныя фрагменты Бібліі. Чытаючы іх, я таксама не напружваю свой розум, каб нешта асаблівае выдумваць, а малюся словамі, якімі маліўся сам Дух Святы.
Такім чынам малітва праслаўлення складаецца са спеву, Біблейскіх тэкстаў і маіх уласных словаў. Прычым гэтых апошніх, як правіла, будзе найменш. Часам таксама здараецца, што калі даходзім да моманту, што не ведаем, як маліцца і што казаць ці спяваць, а маліцца і надалей хочацца, то можа адкрыцца дар іншых моваў у спеве альбо словах. Называем яго «дарам моваў», а не мовы, бо такой мовы не існуе. Чалавек пад натхненнем Святога Духа выказвае словы, якія на самой справе не існуюць у вядомых нам мовах. Такую форму малітвы апостал Павел тлумачыць наступным чынам: Также и Дух подкрепляет нас в немощах наших; ибо мы не знаем, о чем молиться, как должно, но Сам Дух ходатайствует за нас воздыханиями неизреченными (Римлянам 8,26). Не хачу тут дакладна тлумачыць дару моваў, а толькі звяртаю ўвагу, што такі дар Божы можа праявіцца. Больш дакладна пра яго можна пачытаць у Дзеях Святых Апосталаў і 1 Кар 12-14.
І самае галоўнае…
Самае галоўнае правіла, якое, магчыма, трэба было напісаць першым – гэта пачаць маліцца. Падобна, як можна шмат ведаць пра Бога і не сустрэць Яго асабіста, так і з малітвай: можна ведаць шмат тэхнікаў і ніколі з Ім не сустрэцца на размове.
ГОСПАДЗЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА
- СЛОВА
- 6040