Напэўна, многім з нас даводзілася быць пакрыўджанымі і часам вельмі моцна. Нехта носіць крыўду ў сабе, а я, напрыклад, тады пачынаю думаць, як адрэагаваць мне на дадзеную сітуацыю. Як правіла, хочацца неяк ушчыкнуць свайго крыўдзіцеля, укусіць, ну хаця б слоўцам – абы забалела. Як кажуць, калі не паб’ю, дык хоць пакусаю. Канечне ж, усё гэта хочацца рабіць у імя дабра. Абы чалавека правучыць, абы ён зразумеў ды пакаяўся, абы іншыя зразумелі. Часам мы кажам, што зло нельга пакідаць непакараным. Што ў такія моманты перажываю я сам? Здаецца мне, што многія з вас разумеюць, пра што я пішу... Вось толькі адна праблемка. Як бы я не хацеў свае перажыванні апрануць у пабожную форму, за імі, як правіла, стаіць не любоў да ворага, а жаданне проста адпомсціць яму. Так, проста жаданне помсціць…
Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.
Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.
Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму
(Ісаі 50, 4-7).

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца (Філіпійцам 2, 6-11).

Езус – мой Настаўнік?

Вучні ў Антыёхіі першы раз сталі называцца хрысціянамі (Дзеі Апосталаў 11,26). Можа гэта дзіўна, але я перакананы, што пераважная большасць сучасных хрысціянаў нават нічога не ведаюць пра Езуса Хрыста, не кажучы ўжо пра тое, што па ўсёй логіцы павінны стаць Яго вучнямі. Вядома, гаворка ідзе пра вучняў у старажытным разуменні, калі чалавек выбіраў сабе настаўніка, жыў з ім, стараўся быць на яго падобным ва ўсім. Сёння такія адносіны паміж вучнем і настаўнікам можна ўбачыць амаль выключна ў фільмах пра самураяў, дзе вучань згаджаецца на самыя цяжкія і недарэчныя вымаганні, абы толькі нечаму навучыцца і быць хоць бы крыху падобным да свайго настаўніка. Асабіста я не сустракаў у жыцці такіх прыкладаў. Наўрад ці нехта ўзгадае сваю настаўніцу па матэматыцы альбо хіміі, альбо і прафесара з універсітэта, на якога ажно так моцна хацелася б быць падобным. Пішу гэтыя радкі і адчуваю нейкі ўнутраны сум, што ў нашым грамадстве няма такіх аўтарытэтаў, ды і грамадства, зрэшты, іх не шукае, яны яму проста мала патрэбныя. Краіна без старцаў. Сумнавата… Але ўключым крыху фантазію і паспрабуем уявіць старажытных вучняў і настаўнікаў. Менавіта такімі былі Апосталы і першыя хрысціяне. Думаю, што тым, хто сапраўды хоча хаця б крыху быць Яго вучнем, ёсць сэнс чытаць гэтыя разважанні далей…

Бездапаможны Цар?

Напэўна, многім з нас даводзілася быць пакрыўджанымі і часам вельмі моцна. Што мы тады адчуваем, што робім, што плануем? Некаторыя носяць у сабе злосць альбо і нянавісць месяцамі. Некаторыя няздольныя прабачыць гадамі. Даводзіцца нават сустракаць сітуацыі, калі чалавека пакрыўдзілі ды правучылі, як кажуць, заслужана, а яго злосць гадамі не адпускала. А што ўжо казаць пра тыя сітуацыі, калі чалавека несправядліва асудзілі альбо аблілі гразёй з галавы да ног? Нехта носіць крыўду ў сабе, а я, напрыклад, тады пачынаю думаць, як адрэагаваць мне на дадзеную сітуацыю. Як правіла, хочацца неяк ушчыкнуць свайго крыўдзіцеля, укусіць, ну хаця б слоўцам – абы забалела. Як кажуць, калі не паб’ю, дык хоць пакусаю. Канечне ж, усё гэта хочацца рабіць у імя дабра. Абы чалавека правучыць, абы ён зразумеў ды пакаяўся, абы іншыя зразумелі. Часам мы кажам, што зло нельга пакідаць непакараным. У такія хвіліны мне асабіста алеем на душу Псальмы, у якіх «караюць» грэшнікаў. Тады асабліва хочацца імі маліцца. Узгадваю тады таксама Ананію і Сапфіру, якія ўпалі мёртвымі пасля таго, як хацелі ашукаць Апосталаў. Менавіта, ашуканства, подласць, крывадушша – за такія грахі найбольш неяк чакаецца гневу Божага, магчыма, таму, што яны найбольш раняць. Уявіце сабе, што перад вамі стаяць два праціўнікі. Адзін трымае ў руцэ нож і гатовы да бою, а другі ўсміхаецца, гладзіць па плячы, кажа кампліменты, а ў другой руцэ таксама трымае нож за плячыма. На каго вы пайшлі б першым, каб уступіць у бой? Я, без сумніву, выбраў бы першага, нават калі б і атрымаў сур’ёзна ад яго. Мне ажно не па сабе робіцца, калі думаю пра другі вобраз. Нездарма сатану Біблія называе айцом падману. Магчыма, пра такіх ворагаў спяваюць «Начныя снайперы»: а я не люблю маленьких собак. Толькі вось не такія яны і маленькія на самой справе. За іх чамусьці асабліва хочацца памаліцца, каб правучыць, паставіць на месца і г.д.

Што ў такія моманты перажываю я сам? Здаецца мне, што многія з вас разумеюць, пра што я пішу... Вось толькі адна праблемка. Як бы я не хацеў свае перажыванні апрануць у пабожную форму, за імі, як правіла, стаіць не любоў да ворага, а жаданне проста адпомсціць яму. Так, проста жаданне помсціць…

У сувязі з усім гэтым вельмі трывожыць факт уезду Божага Сына і Цара ў Ерузалем, а асабліва суд над Ім. У адрозненні ад цароў і рымскіх імператараў, якія вярталіся ў свае гарады на кані пад ухвальныя крыкі ды музыку, Езус едзе на асляняці – сімвале пакоры і спакою. На судзе ж Ён не агрызаецца, не супраціўляецца, а проста стаіць.

Калі Езус з’яўляецца тваім Настаўнікам і ты хочаш быць Яго сапраўдным вучнем, то гэты вобраз павінен як мінімум цябе занепакоіць, асабліва, калі захочацца камусьці адпомсціць «па-Божаму», «па-біблейску». Езус не баіцца за сябе так, як мы. Ён баіцца за іншых. Ён любіць.

абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань

З любові Езуса вынікае яшчэ адна рыса – здольнасць слухаць і быць паслухмяным Айцу. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе Езус з’яўляецца вучнем Айца. Ён слухае і выконвае Яго заданне. Для Яго нашмат важней споўніць волю Айца, чым бараніць Сябе.

Асабіста мяне найбольш кранула першае чытанне. Перш чым некаму нешта растлумачыць, навучыць, даць добрую параду, трэба найперш навучыцца слухаць Яго, як вучань. Трэба найперш пажадаць быць у Яго школе.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Ці належу я да групы вучняў Езуса?
Ці ёсць у мяне жаданне помсціць за несправядлівасць?