Паспрабуем напачатку ўявіць карціну: Апосталы ў страху, зачыненыя дзьверы, Езус праходзіць праз зачыненыя дзверы і становіцца пасярэдзіне. Чаму менавіта пасярэдзіне? Каб усе глядзелі на Яго, каб адвялі свае вочы ад дзвярэй, да якіх Апосталы былі прыклееныя страхам, а ўзіраліся цяпер на Таго,у кім ёсць адзіны паратунак – на Уваскрослага Госпада.
Нашыя праблемы і беды, нашыя страхі – гэта зачыненыя дзверы перад юдэямі. Уваскрослы запрашае кожнага з нас адвесці свой позірк ад дзвярэй і сабрацца вакол Яго...
Браты заставаліся вернымі вучэнню апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам. І быў страх у кожнай душы; і шмат цудаў і знакаў чынілі апосталы. Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж ўсімі, хто меў патрэбу. Штодня былі разам у святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народа. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто збаўляўся (Дзеі 2,42-47).

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных у сіле Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час. Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго, весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ (1 Пятра 1,3-9).

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае
(Яна 20,19-31).

Калі Хрыстос становіцца ў цэнтры

Цяжка тлумачыць тэкст, калі бачыш не столькі новую невядомую інфармацыю, колькі Божую сілу і славу. Як яе паказаць, як ёй падзяліцца? Спрабую, як магу…

Паспрабуем напачатку ўявіць карціну: Апосталы ў страху, зачыненыя дзьверы, Езус праходзіць праз зачыненыя дзверы і становіцца пасярэдзіне. Чаму менавіта пасярэдзіне? Каб усе глядзелі на Яго, каб адвялі свае вочы ад дзвярэй, да якіх Апосталы былі прыклееныя страхам, а ўзіраліся цяпер на Таго,у кім ёсць адзіны паратунак – на Уваскрослага Госпада. Падобную ідэю паказаў мне мой сябра ў фрагменце, калі Пётр ідзе па вадзе да Езуса. Апостал стаіць на вадзе да таго моманту пакуль узіраецца ў свайго Настаўніка. А як толькі ён адвёў позірк ад Яго і стаў глядзець на вецер і хвалі – адразу пачаў тануць.

Нашыя праблемы і беды, нашыя страхі – гэта зачыненыя дзверы перад юдэямі. Уваскрослы запрашае кожнага з нас адвесці свой позірк ад дзвярэй і сабрацца вакол Яго. У маім жыцці сапраўдная бяда прыходзіць не тады, калі праблема стукаецца ў дзверы, а тады, калі я толькі на яе і гляджу, калі губляю ўсялякі супакой, калі забываю пра любячага Бога, калі сваёй логіцы і «геніяльным» рашэнням давяраю больш, чым Яму. Карацей, бяда прыходзіць тады, калі Уваскрослы не ў цэнтры маёй сітуацыі, калі я загледзеўся на нешта іншае.

Калі ўжо не хапае слоў і нам патрэбныя сілы

Уваскрослы Езус не вучыць, не кажа новых цікавых інфармацый. Ён за тры гады ўжо самае неабходнае сказаў. Ды і апосталы, падазраю, не патрабавалі ўжо дадатковых навучанняў. Ім не хапала аднаго – Яго самога. І Езус прыходзіць. Няма навучання пра тое, што ім трэба зрабіць, каб захаваць унутраны супакой, няма псіхалагічных практыкаў. Ён проста прыходзіць і са словамі «супакой вам» сапраўды дае гэты патрэбны супакой. Прычым Езус кажа-дае гэты супакой ажно тры разы (напэўна, настолькі не хапала ім супакою). Езус не вучыць, што трэба зрабіць, каб пусціць Яго ў цэнтр свайго жыцця, каб прыняць Духа Святога. Ён проста становіцца ў цэнтры, Ён проста дыхае і дае Духа.

Апошнім часам я, як ніколі раней, разумею, наколькі нам патрэбная сіла Бога, Яго спакой, Яго Дух Святы. Нашмат больш патрэбная за разумныя навучанні, пабожныя спевы, размовы ды разважанні. Заўважаю, што часта мая святарская дзейнасць накіравана на тое, каб растлумачыць або паказаць людзям, што трэба верыць, трэба любіць, жадаць. А людзі тады адказваюць: сапраўды, мы ведаем, што трэба… І ўсё на гэтым… Сапраўды, агромністая прорва паміж паняццямі «трэба хацець» і «жадаю». І гэтую прорву знішчае Уваскрослы, які становіцца пасярэдзіне і дыхае Духам. Менавіта таму мне ўсё менш і менш хочацца даказваць і тлумачыць, а больш хочацца пасціцца і маліцца, хоць і па-рознаму гэта атрымліваецца.

Міласэрнасць Божая для ўсіх?

Другая велікодная нядзеля – гэта свята Божай міласэрнасці. Гэта ініцыятыва і падарунак Езуса – прыйсці і стаць пасярэдзіне, забраць людскі страх, а ўзамен падараваць супакой і Духа Святога. Аднак Езус не ўваходзіць у кожны дом, Ён тады прыйшоў толькі ў адзін, да сваіх… І не таму, што яны лепшыя, а таму што нешта ж іх сабрала разам. Пераслед іх разагнаў, страх паставіў на калені, былі слёзы і была здрада, але пасля ўсяго гэтага яны зноў ёсць разам. Пабітыя, напужаныя, але зноў разам. Чаму? Бо хацелі, бо шукалі, бо любілі. Тут перад намі паўстае велізарная тайна ў адносінах паміж Богам і чалавекам. Божая міласэрнасць і любоў для ўсіх дармовая і для ўсіх без выключэння, але вось чамусьці не ўсе яе прымаюць і хочуць пазнаць. Вельмі яскрава гэта праяўляецца ў сакрамэнце пакаяння. Чаму нехта моцна перажывае, што ён сваімі грахамі пакрыўдзіў Бога, што аддаліўся ад Яго, а іншы нібы нават і не мае, за што яму ў Бога прасіць прабачэння? Не бачыць? Чаму нехта перажывае дзень і ноч па сваіх грахах, а іншы з яшчэ большымі грахамі нават не зварухнецца? Тут агромністая тайна. І тут таксама патрэбныя пост і малітва…

Адказ на Божую міласэрнасць

У Дзеях Апосталаў чытаем апісанне жыцця першай хрысціянскай супольнасці. Для многіх веруючых гэты фрагмент станавіўся марай жыцця – нам бы так жыць! Мяне гэты вобраз таксама ўзрушвае. Мне бачыцца ў ім адказ вернікаў на Божую Міласэрнасць. Найперш прыходзіць Езус і прыносіць свае падарункі, а пасля вучні яшчэ больш гараць жаданнем быць разам і любіць.

Можна шмат каментаваць гэты ідэал супольнасці веруючых. Хачу толькі звярнуць увагу на самае галоўнае.
Яны трываюць у вернасці (даслоўна «придерживались», «держались за…»). Без вернасці (сталасці, пастаянства) нічога сур’ёзнага ў жыцці не адбываецца.
Яны трымаюцца чатырох вуглавых камянёў – навукі Касцёла (Апосталаў), супольнасці, Імшы (ламанне Хлеба) і малітваў.
Яны маюць адзінства. Прычым адзінства нараджаецца не таму, што ўсе думаюць так як я, Пётр, або Павел, а таму, што ўсе шукаюць аднаго і таго ж Бога, усе сабраныя вакол Яго. Найперш нараджаецца адзінства духа і мэтаў, а пасля гэта пераліваецца нават на сферу матэрыяльнага адзінства.
Яны прабываюць у радасці і ў прастаце. І гэта не штучная ветлівасць, там ніхто не ўсміхаецца іншым, бо так нібы трэба. Веру, што калі ім было сумна, то прастата рабіла іх шчырымі і ім не трэба было ні перад кім прыкідвацца і апранаць маскі. Магчыма, такая прастата і дае дадатковую радасць.
Яны славяць Бога. Славілі не таму, што нехта навучыў іх малітве праслаўлення, а таму, што бачылі, за што Яго трэба славіць.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Запрашаю затрымацца на вобразе Езуса, які стаіць у цэнтры. Назавіце свае канкрэтныя праблемы (зачыненыя дзьверы). Маліцеся, размаўляйце з Ім, прасіце ў Яго падарункі…
Можна таксама затрымацца на вобразе супольнасці першых хрысціянаў.