Аллелюя!
Ва ўсіх сталых наведвальнікаў сайта прашу прабачэння за працяглую паўзу. Было шмат Божых справаў, якія забралі ў мяне шмат часу і якія, спадзяюся, неўзабаве дадуць свой плён. На гэты раз у прынцыпе таксама няма грунтоўнага тэксту, але прапаную некалікі пунктаў для разважання.
а. Аляксандр
У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.
Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выберыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова.
Спадабалася гэтая мова ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў прыняло веру
(Дз 6, 1–7)
Умілаваныя:
Прыступаючы да Пана, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу праз Езуса Хрыста. Бо сказана ў Пісанні: Вось я кладу на Сіёне камень краевугольны, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца.
Таму, для вас, веруючых, Ён — каштоўнасць, а для няверуючых — камень, які адкінулі будаўнікі. Ён стаў галавою вугла, каменем спатыкнення і скалой спакусы. Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і прызначаны.
Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло сваё
(1 П 2, 4 — 9)
1. У першахрысціянскай супольнасці наспеў невялікі канфлікт. Грэкі (эліністы) заўважылі, што габрэі перастаюць належным чынам дбаць пра іх удоваў. Гэта была сапраўды несправядлівасць, і апосталы не збіраюцца прапускаць слушнай крытыкі міма вушэй. Як яны вырашаюць той канфлікт? Яны не збіраюцца рашаць праблему самі, а вызначаюць Божых людзей для ўстанаўлення справядлівасці. Чаму? Бо для іх ёсць рэчы нашмат важнейшыя – малітва і прапаведванне Божага Слова.
Гэты момант паказвае нам, наколькі важна ведаць сваё месца ў Целе Хрыста – у супольнасці Касцёла. Калі б апосталы перасталі маліцца і прапаведваць Слова, а пачалі змагацца за правы ўдоваў, магла б здарыцца бяда. Але калі сем выбраных мужоў перасталі б служыць удовам, а вырашылі б, што прапаведванне Слова і малітва для іх важней – таксама магла б быць бяда. Словам, кожнаму — сваё. Калі святар прамяняў Слова Бога і малітву на тэлевізар, сваё здароўе, будоўлю, палітыку, клуб паклоннікаў (даруйце, паклонніц…), машыну і г.д., то лепш было б яму не нараджацца. І я, хіба што, не жартую! Калі ж жанчына, маючы мужа і дзяцей, пачне жыць нібы манахіня, то вынік будзе той жа.
У сувязі з гэтай тэмай прапаную для разважання два пытанні: Дзе маё месца ў Целе Хрыстовым? Ці не чакаю я часам ад святара, што ён павінен абслугоўваць сталы (святкаваць дні нараджэння, бавіць нас і весяліць, вазіць за мяжу, будаваць, раздаваць падарункі і г.д.)?
2. Зазначым, што апосталы не адварочваюцца ад бытавых бедаў удоваў. Яны проста не хочуць прапусціць больш важных справаў. Для некаторых гэта дзіўна. Ну, што можа быць больш важным за наш дабрабыт, здароўе, супакой? У Евангеллі ж мы чуем, што не гэтыя рэчы даюць жыццё і вядуць у Валадарства Божае, а Хрыстос. Ён — адзіная дарога, і таму, нават калі б і не знайшлося сем Божых і праведных мужоў, то нельга было дбаць пра быт коштам Божага Сына. Тут справа прыярытэтаў. Дык зададзім сабе пытанні: Ці важнейшы Ён для мяне за бытавыя справы? Ці веру я ў тое, што Ён – адзіны шлях?
3. Вядома, усе мы добра ведаем, што Хрыстос найважнейшы. Але… ведаем і адначасна не. Калі б сапраўды ведалі ды верылі ў гэта, прымалі гэтую праўду, то пры бытавых няўдачах не гублялі б надзеі і спакою. Таму, для вас, веруючых, Ён — каштоўнасць, а для няверуючых — камень, які адкінулі будаўнікі. Ён стаў галавою вугла, каменем спатыкнення.
Той, хто не навучыўся аддаваць Яму першае месца, пачынае спатыкацца. Той, хто спадзяваўся на сваю працу, заробак, здольнасці, адукацыю, здароўе, сёння, магчыма, падае ў нашай краіне на калені перад фінансавым крызісам, таму што раптам аказалася, што мы не пануем над нашай гісторыяй. Раптам аказалася, што Бог можа змяніць усё, на што мы спадзяваліся, у адно імгненне. Тады надыходзяць страх і роспач. І мы аб Яго спатыкаемся, бо чамусьці Яго раней не заўважалі, не знаходзілі для Яго часу, спрабавалі без Яго абыйсціся. А цяпер аказваецца, што гэты Камень ніяк не абмінеш… Той жа, хто ўсё-ткі спрабаваў даваць Яму першынство, сёння і ў крызісе разумее, што толькі на Яго надзея. І так заўсёды: ці да крызісу, ці пасля яго.
Асабіста я моцна перакананы, што трагедыя ў Японіі, праблемы з валютай у Беларусі, сусветны фінансавы крызіс – усё гэта не выпадкова. Адчуваю ў гэтых падзеях моцную Божую руку і голас: «Хто кіруе вашай гісторыяй, каму давяраеце?»
Пра фінансавы крызіс (казанне, 22.05.11)
- СЛОВА
- 4450