Доўгі час мяне вельмі цікавіла тэма розных надзвычайных Божых дароў. Напрыклад, дар аздараўлення хворых, дар малітвы заступніцтва (асабліва малітвы вызвалення), дар моваў і тлумачэння моваў, дар прароцтва, дар пазнання, дар слова і г.д. Быў час, калі Бог паказваў мне, што тое, што адбылося падчас Пяцідзесятніцы і пасля яе з Апосталамі, нікуды не знікла, але ўсё і надалей актуальна. Я сустракаў людзей, якія мелі такія дары, час ад часу мог на сабе адчуць надзвычайнае дзеянне Духа Святога. Яно праяўлялася альбо ў тым, што я сам атрымліваў некаторыя дары ад Духа Святога, альбо я трапляў у эпіцэнтр дзеяння Духа ў жыцці іншых людзей. Мне вельмі хацелася, каб нешта такое было не толькі ў Польшчы, Францыі ці Бразіліі, але таксама і ў Беларусі. Я спадзяваўся ўбачыць праяўленне Божай славы ў тым выглядзе, у якім я яе бачыў недзе там за мяжой. Аднак праходзілі гады, мы прасілі Духа Святога, каб Ён таксама і сярод нас рабіў тое, што Ён зрабіў недзе там, а бачных вынікаў не было... Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
Былі ў Ерузалеме юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей, і захвалявалася, бо кожны чуў іх, што яны гавораць на ягонай мове. І бянтэжыліся і дзівавалі, кажучы: Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся. Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынеяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, – мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя?

(Дз 2, 1–11)

Браты:
Ніхто не можа сказаць «Езус — Пан», калі не будзе ў Духу Святым.
Розныя ёсць дары, але той самы Дух;
розныя служэнні, але Пан адзін і той самы;
розныя дзеянні, але той самы Бог, які робіць ўсё ва ўсіх.
Але кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.
Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.
Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

(1 Кар 12, 3b–7. 12–13)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
(Ян 20, 19–23)

Дух вядзе тых, хто дазваляе сябе вeсці

Доўгі час мяне вельмі цікавіла тэма розных надзвычайных Божых дароў. Напрыклад, дар аздараўлення хворых, дар малітвы заступніцтва (асабліва малітвы вызвалення), дар моваў і тлумачэння моваў, дар прароцтва, дар пазнання, дар слова і г.д. Быў час, калі Бог паказваў мне, што тое, што адбылося падчас Пяцідзесятніцы і пасля яе з Апосталамі, нікуды не знікла, але ўсё і надалей актуальна. Я сустракаў людзей, якія мелі такія дары, час ад часу мог на сабе адчуць надзвычайнае дзеянне Духа Святога. Яно праяўлялася альбо ў тым, што я сам атрымліваў некаторыя дары ад Духа Святога, альбо я трапляў у эпіцэнтр дзеяння Духа ў жыцці іншых людзей. Мне вельмі хацелася, каб нешта такое было не толькі ў Польшчы, Францыі ці Бразіліі, але таксама і ў Беларусі. Я спадзяваўся ўбачыць праяўленне Божай славы ў тым выглядзе, у якім я яе бачыў недзе там за мяжой. Аднак праходзілі гады, мы прасілі Духа Святога, каб Ён таксама і сярод нас рабіў тое, што Ён зрабіў недзе там, а бачных вынікаў не было. Дакладней, не магу сказаць, што не было зусім. У Беларусі Бог мне паказаў цудоўныя рэчы, якіх я нават не сустрэў за шэсць гадоў вучобы ў Польшчы, аднак, гэтыя цудоўныя рэчы Божага дзеяння праяўляліся вельмі нечакана, у жыцці, здавалася б, выпадковых людзей, якіх я не ведаў, якія з’яўляліся невядома адкуль і невядома чаму. А там, дзе я асабліва прагнуў і дзе асабліва спадзяваўся ды чакаў, там, як правіла, нічога не дзеілася. Мне хацелася сабраць людзей, хацелася, каб праявіліся духоўныя дары і каб імі мы маглі служыць Богу… Ну менавіта, СЛУЖЫЦЬ…

Калі салдат атрымлівае рыдлёўку, то не для таго, каб проста з ёй хадзіць, захапляцца, хваліцца або капаць там, дзе яму ўздумаецца. Разам з рыдлёўкай ён атрымлівае канкрэтнае заданне. Служба ў войску вымагае абавязковай паслухмянасці, суровай дысцыпліны і падпарадкаванасці. Калі гэтага няма, то такому салдату ніхто не дасць рыдлёўкі, а тым больш не даверыць аўтамат ці яшчэ якое больш важнае заданне. Перш, чым атрымаць духоўныя дары ад Духа Святога, трэба выхаваць у сабе безагаворачную паслухмянасць Богу. Напрыклад, калі нехта атрымаў дар аздараўлення хворых, то трэба быць гатовым маліцца за тых хворых, якія няўдзячныя, нямытыя, гніюць і г.д.

Я зразумеў, што сапраўдная паслухмянасць Богу нашмат важнейшая за духоўныя дары. Дары даюцца для службы Богу, а служба вымагае паслухмянасці: Свидетели Ему в сем мы и Дух Святый, Которого Бог дал повинующимся Ему (Дз 5,32). Шчыра кажучы, я вельмі мала сустракаў вернікаў, якія ў пакоры былі здольныя прызнаць грэх непаслухмянасці. У большасці ўсе мы думаем, што мы верныя, якія Яго ніколі не пакінулі. І толькі тым, хто сапраўды шчыра шукае Бога і хоча Яму пакарыцца, хоча быць падданым, Бог час ад часу паказвае непаслухмянасць і дае магчымасць пакаяцца і працаваць над сабой. Гэта падрыхтоўчы працэс, і ён пачынаецца перад служэннем надзвычайнымі дарамі Духа Святога.

Антыбіётык для жыхароў Вавілона

Многія даследчыкі Бібліі ў Спасланні Духа Святога бачаць сувязь з гісторыяй пра вавілонскую вежу (Быцця 11,1-9). Тады людзі хацелі быць незалежнымі ад Бога, самастойнымі, кіраваць сваёй гісторыяй без Яго дапамогі. У выніку гэтых дзеянняў яны перасталі разумець адзін аднаго, з’явіліся розныя мовы. Карацей, розныя мовы ў біблійным сэнсе — гэта не багацце, а вынік непаслухмянасці Богу. Гэтая непаслухмянасць вядзе да непаразумення паміж людзьмі.

Падчас Спаслання Духа Святога людзі, нягледзячы на розныя мовы, разумеюць адзін аднаго. Такім чынам Бог аздараўляе так званы вавілонскі грэх і паказвае, што не мова, не дзяржава, не горад, не навука яднае людзей, а Дух Святы збірае ў адно тых, хто Яму паслухмяны. Збірае ў адно Цела і кожнаму дае заданні (другое чытанне). Ён, нібы той генерал, ведае каго куды паставіць і на які час. Ён стратэг. Ён раздзяляе адпаведную зброю (дары, служэнні), бо ведае нашыя здольнасці. Некалі пачуў, што няма людзей памазанных Духам на ўсё. Няма такіх, якія б усё ведалі і ўсім маглі б аднолькава добра займацца. Дух памазвае і ставіць на канкрэтнае месца. Для таго, каб такі варыянт пачаў існаваць, трэба найперш навучыцца быць Яму паслухмяным.

Прыйшоў да сваіх

Уявіце групу салдатаў, якія паслухмяныя свайму камандзіру не ад страху ці жадання атрымаць узнагароду, а з уласнай волі, проста так, бо высока цэняць свайго камандзіра і гатовыя для Яго на многае. Такія салдаты з радасцю сустракаюцца са сваім шэфам, слухаюць яго, збіраюцца вакол Яго з радасцю, бо камандзір свой і прыходзіць да сваіх. Нешта такое адбываецца ў евангельскай гісторыі. Езус прыйшоў да сваіх, стаў у цэнтры, прынёс упэўненасць і забраў страх (мір вам), а яны ўзрадаваліся…

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Ці паслухмяны ты Богу?
Спрабуй уявіць сябе ў супольнасці вучняў, якія сустракаюцца з Уваскрослым. Ці можаш назваць Яго сваім і ці можаш сказаць, што Ён прыйшоў да свайго (да цябе)? Ці адчуваеш ты тыя ж пачуцці, што Апосталы?

Менавіта сваім Езус дае Духа Святога…