Мы часта задаем пытанне, чаму ў гэтым свеце так шмат несправядлівасці, так шмат незаслужаннага цярпення? Не думаю, што ёсць просты адказ на гэтае пытанне. Зрэшты, сам Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI некалі прызнаўся, што не мае адказу на гэтае пытанне. На першы погляд можна падумаць, што евангельская навучанне не дае нам сёння адказу на гэтую складаную тэму. Мне ж асабіста, аднак, падаецца, што сённяшняя прыпавесць пра пшаніцу і кукаль апавядае пра зло, якое прысутнічае не ў несправядлівым цярпенні, а, хутчэй, у граху і спакусе. Карацей, трэба было б задаць пытанне: чаму Бог дазваляе мне жыць і расці сярод граху і спакусаў?
У той час:
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.

Мц 13, 24–30


Мы часта задаем пытанне, чаму ў гэтым свеце так шмат несправядлівасці, так шмат незаслужаннага цярпення? Не думаю, што ёсць просты адказ на гэтае пытанне. Зрэшты, сам Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI некалі прызнаўся, што не мае адказу на гэтае пытанне. На першы погляд можна падумаць, што евангельская навучанне не дае нам сёння адказу на гэтую складаную тэму. Мне ж асабіста, аднак, падаецца, што сённяшняя прыпавесць пра пшаніцу і кукаль апавядае пра зло, якое прысутнічае не ў несправядлівым цярпенні, а, хутчэй, у граху і спакусе. Карацей, трэба было б задаць пытанне: чаму Бог дазваляе мне жыць і расці сярод граху і спакусаў?

Калі рыхтую людзей да сакрамэнтаў, паказваю ім асновы веры, то заўсёды распавядаю пра грэх, пра тое, што можна рабіць у жыцці, а што не. Канечне, гэта нармальна, і так трэба рабіць. Аднак мой вопыт паказвае, што такое навучанне ў любым выпадку ўсяго не вырашаць. Па-першае, усіх сітуацый немагчыма прадугледзіць. Любы чалавек сустракаецца ў жыцці з такімі момантамі, пра якія яму ніхто не распавядаў і ў кнігах не пісалі, таму што наша жыццё нашмат багацейшае за нашы веды ці кнігі. У такіх сітуацыях вельмі важна мець кіраўніцтва Духа Святога, які праз сумленне падкажа, што можна рабіць, а чаго нельга. Многім веруючым, напэўна, нашмат прасцей было б жыць, калі б Касцёл адназначна выказаўся пра “Гарры Потара”, акупунтуру, гамеапатыю ці іншыя сумніўныя рэчы, пра якія адны святары кажуць як пра нешта добрае, а іншыя ўцякаюць, нібы ад агню. Аднак Касцёл адназначна не выказваецца а, магчыма, і ніколі не выкажацца, а веруючым трэба самім пытацца ў Духа Святога, ці можна ім звязвацца з такімі рэчамі. Думаю, што такім чынам Бог нас выхоўвае. Думаю, Яму важна, каб мы самі ў Яго пыталіся і шукалі адказы, а не чакалі, што нехта за нас рашыць дадзеную праблему. Па-другое, калі людзям тлумачыш, дзе белае, а дзе чорнае, многія пачынаюць сумнявацца. Праяўляецца гэтак званы дух бунту. Маўляў, ты, ксёндз, сабе кажы, а я і так ведаю што для мяне лепшае. Пераканаць такога чалавека амаль немагчыма, бо ён проста бунтаўшчык. Што застаецца? Дазволіць яму самому пакаштаваць гора і самому сабе адказаць, што для яго добрае, а што не. Карацей, простае навучанне ў выглядзе інфармацыі пра дабро і зло часта недастаткова. Трэба, каб чалавек займеў уласны досвед і кіраўніцтва Духа Святога.

Спрабую скаментаваць евангельскую прыпавесць пра пшаніцу і кукаль. На пачатковым этапе росту пшаніца знешне выглядае гэтак жа, як і кукаль . Даследчыкі Бібліі кажуць, што ў старажытнасці злодзей мог падсеяць некаму ў пшаніцу кукаль з помсты, бо на ранняй стадыі росту іх немагчыма было адрозніць. Падобна і зло (грэх, спакуса) часта выглядае як дабро (падобнае да пшаніцы). Калі б грэх не выглядаў “салодкім яблыкам”, то мы ніколі б не грашылі. У кнізе Быцця (Быцця 3) мы чытаем, што Ева захапляецца забароненым плодам. Ён дае веды, прыгожы для вачэй, смачны. Яе вочы адчыняюцца толькі пасля. Паколькі на пачатковай стадыі зло цяжка адрозніць ад дабра, то Бог, які пачне забараняць, не пускаць, караць, стане для нас проста тыранам, а мы і так будзем упэўненыя, што ведаем найлепш. Магчыма, менавіта таму Бог дазваляе, каб мы жылі сярод спакусаў і граху, каб самі з часам убачылі, дзе пшаніца, а дзе кукаль і навучыліся выбіраць, што для нас лепшае. Спачатку мы змагаемся супраць грахоў сэксуальных, грахоў акультызму, нянавісці, непрабачэння, а пасля пачынаем заўважаць, што кукаль расце таксама і ў іншых сферах, якія нам раней здаваліся не такімі ўжо і страшнымі.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Магчыма, Бог у апошнім часе паказаў табе твой кукаль, які ўжо не падобны да пшаніцы, як гэта было раней. Што ты робіш для таго, каб самому асцерагацца гэтай небяспекі, а не чакаць, што нехта яго вырве?