Пан Магуццяў прыгатуе для ўсіх народаў на гэтай гары
гасціну з тлустых страваў, гасціну з добрага віна,
з туку касцей ды з найлепшага віна.
Скіне Ён на гэтай гары заслону,
што закрывае твар усіх народаў,
покрыва, расцягнутае над усімі плямёнамі.
Ён знішчыць смерць назаўсёды.
І вытрэ Пан Бог слёзы з усіх твараў,
і здыме ганьбу з народа свайго па усёй зямлі,
бо так сказаў Пан.
І скажуць у той дзень:
Гэта Ён, наш Бог!
На Яго мы спадзяваліся, што Ён нас збавіць.
Гэта Пан, у Ім наша надзея,
будзем радавацца і весяліцца ў Яго збаўленні!
Бо рука Пана спачне на гэтай гары.
(Ісаі 25,6-10а)
Браты:
Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне. Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё.
А мой Бог няхай споўніць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале, у Езусе Хрысце. Богу ж і Айцу нашаму хвала на вякі вечныя.
(Філіпійцам 4, 12–14. 19–20)
Езус зноў расказаў ім прыпавесць:
«Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю,
зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго
знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
(Мацьвея 22,1-14)
Пакліканыя на пір…
Калі мы чытаем сённяшнія тэксты чытанняў, то на што перш за ўсё звяртаем увагу? Думаю, што большасць з нас затрымліваецца над вобразам таго бедачыны, якога Бог выганяе ў цемру. Пакаранне за грэх, за абыякавасць да Божага запрашэння. Гэта рыса Божага выхавання асабліва падкрэсліваецца многімі вернікамі. Многія так альбо падобным тонам «евангелізуюць»: ты павінен хадзіць у касцёл, ты павінен спавядацца, ты павінен маліцца, бо калі не, то Бог табе зробіць тое і тое…
Раней і я зазвычай у гэтай прыпавесці найчасцей глядзеў на бедачыну ў цемры. Але гэтым разам чамусьці звярнуў увагу на іншае. Бог запрашае на пір! Пра гэта нам сёння апавядае Стары Запавет і Евангелле. Я раптам чарговы раз са здзіўленнем зразумеў, што мне нашмат прасцей убачыць Бога, які загадвае і вымагае, чым Бога, які хоча мяне ашчаслівіць, які, да прыкладу, хоча, каб я адпачыў ці проста парадаваўся. Адкажыце, калі ласка, самі сабе, колькі разоў вы звярталі ўвагу на Божыя абяцанні і ці звярталі ўвагу ўвогуле, ці верыце ім? Так часта мы іх чамусьці зусім не заўважаем. Нам, католікам, часта бліжэйшы вобраз цярпення, крыжа, стыгматаў, хваробаў святой Фаустыны ды Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, гнілой бульбы святога Яна Марыя Віянэя і г.д. Крыж і цярпенне ёсць і будуць, бо іх прадказваў Езус. Але нельга толькі іх бачыць і не заўважаць Божых абяцанняў. Гэта, зрэшты, небяспечна. Бо цярпенне пачынае станавіцца вартасцю для нас само па сабе, а гэта няпраўда. Мы становімся духоўнымі мазахістамі і іншым паказваем знявечаны, парэзаны вобраз Бога. Божыя абяцанні датычаць або гэтага жыцця, або будучага, але яны ёсць і маюць агромністае значэнне ў жыцці вернікаў. Задумаемся, чаму Абрагам пайшоў за Богам, якога не ведаў (падобна, як не ведаюць, што там таіць, многія з нас)? Таму, што Бог абяцаў яму ўрадлівую зямлю і шматлюднае патомства. А Маісей куды выводзіў людзей? У Зямлю… АБЯЦАНУЮ! І дай Божа ўсім нам мужыцкай шчырасці апостала Пятра: «Госпадзе, мы ўсё кінулі і пайшлі за Табой – што мы за гэта атрымаем?..»
Разважаючы на тэму Божага піру, Яго запрашэння на гэты пір, я чамусьці стаў думаць пра тое, як бы я адчуваў сябе на гэтым піры? Прызнаюся, напэўна адчуваў бы сябе крыху няўтульна. Асабліва, калі ўлічыць словы Езуса, які сказаў, што сам падпяражацца і пачне нам служыць! Я, напэўна, ёрзаў бы і думаў, як бы мне ўцячы з гэтай нязручнай сітуацыі. Думаю, што на дадзены момант майго мышлення мне было б на такім піры не да радасці. Справа ў тым, што калі ты ўвесь час жывеш як на фронце, умела ці няўмела, але рыхтуеш сябе да крыжа, да чыёйсьці здрады, да ўдараў у плечы, то табе ўжо не да піру…
Як жа цяжка навучыцца яднаць выпрабаванні і цярпенні гэтага жыцця, якія прадказаў Госпад, з абяцаннямі, якія Ён жа таксама прадказаў! Дзе знайсці сярэдзіну? Хочацца нават па-добраму пазайздросціць святому Паўлу: «Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу». Навучыцца жыць у нястачы і навучыцца жыць у дастатку. Вось дзе залатая сярэдзіна.
Разумеючы, што гэта важны Божы адказ для мяне, я раптам узгадаў гісторыю, калі аднаму беспрацоўнаму чалавеку ўдалося зарабіць крыху грошай і мы з ім пайшлі ў рэстаран. На мае сумнівы, ці не надта гэта шыкоўна, чалавек адказаў: «Сёння Госпад блаславіў мяне, і я хачу хаця б гэты дзень пражыць нармальна, у міры і радасці». Магчыма, гэта і ёсць здольнасць жыць і ў прыніжэнні і ў дастатку. Я пачаў прасіць Бога, каб павучыў мяне на гэтую тэму. Не прасіў доўга, не ўгаворваў Яго, але папрасіў станоўча і з верай (а гэта небяспечна, бо Ён не глухі і чуе). Адказу доўга чакаць не давялося. Недзе праз гадзінку пасля разважання над Божым Словам я ўзгадаў, што адзін чалавек «пазалаціў мне ручку», каб я мог купіць адну патрэбную рэч. Я пачаў шукаць яе праз інтэрнэт, пачаў параўноўваць кошты, лічыць кіламетры, пераводзіць на даляры, еўра, грыўны, злоты… Угробіў больш чым паўдня для таго, каб сказаць сабе, што ўсё выходзіць на тое самае. Замест таго, каб прыняць бласлаўленне ад Бога і дазволіць сабе быць у дастатку, я, прызвычаіўшыся да прыніжэння, пачаў камбінаваць і раскідваць мазгамі, каб сэканоміць, каб выйграць. І толькі пасля змарнаванага часу я зразумеў, што сам прасіў аб Божай навуцы.
Некаму трэба больш вучыцца жыць прыніжэннем, іншым – больш у дастатку, але ўсім нам трэба вучыцца спалучаць гэтыя рэчы.
…не могуць адмовіцца
Прааналізуем прыпавесць. Гаспадар-Кароль некалькі разоў запрашае на пір. Людзі не ідуць. Адны маюць нейкае там апраўданне (праца, часу не хапае, стома, беганіна), іншыя, чамусьці, праяўляюць гнеў і агрэсію аж да праліцця крыві. Па-людзку здаецца, што пір не адбудзецца. Нармальная рэч. Але не ў гэтага Гаспадара-Караля. Ён пасылае слугаў, каб запрасілі на вяселле ўсіх – і кепскіх, і добрых, без разбору. Карацей кажучы, пір не можа не адбыцца. Сярод запрошаных раптам знаходзіцца чалавек апрануты не ў вясельную вопратку, і яго выкідваюць у цемру. Здзіўляе тое, што гэты чалавек не апраўдваецца, не кажа, што ён не ведаў, не абвінавачвае Караля ў несправядлівасці і жорсткасці. Гэты чалавек меў час падрыхтавацца. І таму ён маўчыць, бо вінаваціць можа толькі сябе…
Уявіце, што адбываецца з чалавекам пасля смерці. Тут, на зямлі, мы можам «пазіхацець» сваімі ведамі, філасофіяй, логікай, гардыняй, прынцыпамі. Мы можам сказаць Богу, што Яго няма, што Ён нам не патрэбны, што нам няма часу, што ёсць рэчы больш важныя і нават сучасныя, папулярныя. Але пасля смерці, калі станем перад Каралём-Богам, мы са здзіўленнем убачым, што ёсць толькі пір. І ўсё… А вакол піру толькі цемра. І няма месца на тваю філасофію, на пустую балбатню. Ты альбо на піры, альбо ў цемры…
Цікавы пір. Цябе на Яго запрашаюць, і ты можаш адмовіцца ад яго. Але, разам з тым, ты разумееш, што ў цябе... няма выбару. Ёсць і адначасна няма. Бо вакол піру толькі цемра, плач і скрыгатанне зубоў.
Калі мы спрабуем нейкага чалавека прывесці да Бога (евангелізуем), нам часта хочацца даказаць, навошта нам Бог. Бо Ён пакарае, бо Ён узнагародзіць, бо Ён дапаможа. Усе гэтыя аргументы правільныя, але ёсць яшчэ адзін. Калі не хочаш трапіць у пекла, а жыць вечна ў раі, то трэба пачаць слухацца Бога. Іншага выбару няма. Калі ты чуў запрашэнне на пір, то адмаўляцца позна.
Некага гэты аргумент моцна занепакоіць і напужае. Для іншых будзе падтрымкай. Калі часам вернік губляе сілы і да яго прыходзяць думкі, што можна паспрабаваць пайсці лягчэйшым шляхам, то праўда пра тое, што няма іншага шляху апроч піру і Госпада, дапамагае ўтрымацца на плыву.
КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…
Кожнаму, як вядома, сваё, але можна паспрабаваць адважыцца і папрасіць, каб Бог павучыў, як жыць і ў прыніжэнні, і ў дастатку адначасна.
Усё магу ў Тым, хто ўзмацняе мяне…