Прапаноўваю пазнаёміцца з адной вельмі важнай малітоўнай практыкай, якая распаўсюджана сярод многіх харызматаў розных хрысціянскіх канфесій. Спадзяюся, што гэты апрацаваны артыкул натхніць многіх да малітвы за вашыя гарады.
а. Аляксандр

Заботьтесь о благосостоянии города, в который Я переселил вас,
и молитесь за него Господу;
ибо при благосостоянии его и вам будет мир

(Ераміі 29,7)


Пакліканне да малітвы за горад

Малітву за горад распачынаюць тыя, хто ўнутрана адчувае такую патрэбу. Не так важна колькасць чалавек, але важна, каб было моцнае жаданне, якое дае Дух Святы і тым самым заклікае да такой малітвы. Таму ў групу «заступнікаў за горад» не трэба нікога ні змушаць, ні заманьваць, але трэба толькі прапаноўваць.

Распачынаем ад Яго бласлаўлення і кіраўніцтва

Перад пачаткам такой малітвы варта сабрацца на Святой Імшы і прыняць Святую Камунію ў інтэнцыі распачатай справы, або распачаць ад Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Трэба ўзбудзіць у сабе веру, што поспехі такой малітвы залежаць не ад нашай арганізацыі і нашай колькасці, але ад Госпада. А таму трэба з верай прасіць Яго бласлаўнення і пытацца, як Ён хоча, каб мы маліліся, пытацца ў Яго падказак. Запрашаем таксама Багародзіцу, каб абараніла нас ад усялякіх атакаў злога духа.

Абавязак штодзённай малітвы і выбар інтэнцыі

Кожны ўдзельнік малітоўнай групы прымае на сябе абавязак штодзённа маліцца за горад.

Такая малітва складаецца з:

• малітвы да Духа Святога;
• адна таямніца ружанца (можна Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літанію да Крыві, цэлы ружанец іг.д.);
• малітва ў нейкай канкрэтнай інтэнцыі (дадаткова можна браць пост).

Выбар інтэнцыі мае асаблівае значэнне. Мы молімся не за збаўленне ўсяго свету, а за горад, у якім жывем. Таму важна ведаць гісторыю гэтага горада, канкрэтныя падзеі з яго жыцця, важна сачыць за рознымі падзеямі і тэндэнцыямі. Часам трэба маліцца, каб нечаму перашкодзіць (напрыклад, каб зачынілі нейкі бар, дыскатэкі, салон варажбы, стрыпціз-клуб і г.д.). Іншым разам – каб Бог асаблівым чынам бласлаўляў нейкую справу (працу дактароў, настаўнікаў, сумленных міліцыянераў і г.д.).

Адзін з важных прынцыпаў пры выбары інтэнцыі – пытанне, ці тое, за што мы молімся (месца, людзі), мае нейкую ўладу альбо ўплыў на людзей, на горад. Біблія заахвочвае нас маліцца за тых, хто мае нейкую ўладу (духоўную, палітычную, уладу выхавання, сілавую ўладу, уладу над здароўем і г.д.): Итак прежде всего прошу совершать молитвы, прошения, моления, благодарения за всех человеков, за царей и за всех начальствующих, дабы проводить нам жизнь тихую и безмятежную во всяком благочестии и чистоте, ибо это хорошо и угодно Спасителю нашему Богу, Который хочет, чтобы все люди спаслись и достигли познания истины (1 Цім 2,1-4). У такой малітве трэба пазбыцца ўсялякіх сімпатый і нелюбові да той ці іншай улады. Важна памятаць і разумець, што пры ўладзе знаходзяцца людзі, якія маюць уплыў на жыццё іншых людзей, таму злы дух будзе асабліва іх спакушаць. Таму за іх найбольш патрэбна маліцца.

Распазнанне і дух адзінства

Кожны з удзельнікаў малітоўнай групы моліцца індывідуальна за горад, але раз на месяц адбываецца супольная сустрэча і супольная малітва. На ёй удзельнікі дзеляцца сваімі перажываннямі, сведчаць аб плёнах малітвы і распавядаюць пра цяжкасці. Найлепш, каб падчас такой малітвы была і малітва праслаўлення альбо Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні. Падчас такой малітвы адбываецца супольнае распазнанне, за што нам трэба маліцца. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў у адной інтэнцыі могуць маліцца ўсе разам, або некалькімі крупамі – у розных інтэнцыях.

Дух адзінства такой малітоўнай групы павінен праяўляцца не толькі ў супольным выбары інтэнцыі, але таксама ў еднасці са святаром. Калі такой еднасці няма, трэба ў духу пакоры маліцца аб ўзаемным паразуменні.

Дух адзінства можа таксама праяўляцца ў кантактах з хрысціянамі іншых канфесій. Яны, згодна са сваімі малітоўнымі традыцыямі, таксама могуць сабрацца разам, каб маліцца з намі ў супольнай інтэнцыі.

Малітоўны патруль

Апроч практыкі штодзённай малітвы і штомесячных сустрэчаў, ёсць таксама вельмі плённая практыка г.зв. «малітоўных патрулёў». У часе іх некалькі чалавек ідуць у канкрэтнае месца і там моляцца. Малітва адбываецца ў цішыні, каб не прыцягваць да сябе ўвагі. Гэта можа быць Вяночак да Божай Міласэрнасці, таямніца ружанца і г.д. Важна, каб была малітва падзякі і праслаўлення за дадзенае месца і людзей. Такія патрулі выходзяць раз на месяц або і часцей у розныя месцы горада. Здаралася, што ўдзельнікамі такіх патрулёў былі выкладчыкі і іх студэнты, або дактары і іх падапечныя, якія з малітвай хадзілі па калідорах сваіх будынкаў.

Як маліцца падчас выхаду «патруля»?

• Найперш група сустракаецца ў капліцы і давярае Богу свой выхад, просіць Яго абароны, прызывае Кроў Яго Сына, прызывае Яго Імя, прызывае анёлаў, святых, Багародзіцу, просіць Яго кіраўніцтва, Яго Святла і аб духу адзінства паміж намі і з Ім;
• Калі з групай ёсць святар, то абавязкова атрымліваем яго бласлаўленне на наш выхад. Пажадана, каб святар праводзіў такую малітву, а мы да яе далучаліся;
• Падчас выхаду молімся ў 2-3 асобных групках за месцы, па якіх праходзім. Пажадана, каб вернікі разышліся ў розныя бакі горада.

Паколькі ўдзельнікаў малітвы не хапае, то, стоячы, напрыклад, перад школай, молімся за ўсе школы, усіх настаўнікаў і вучняў гэтага горада і г.д.

Не забывайма абуджаць у сабе веру ў тое, што найважнейшы ва ўсім Бог, а мы хочам Яму паслужыць. Таму мы павінны Яму безупынна дзякаваць за ўсё, што Ён дае.

Часам у малітве трэба прасіць, каб Бог звязаў і выгнаў з дадзенага месца нейкага духа (напрыклад, духа падману, зайздрасці, страху і г.д.). Пасля молімся, каб Бог даў гэтаму месцу процілеглага духа (напрыклад, духа праўды, любові, адвагі і г.д.). Некаторыя вернікі, што практыкуюць такія малітвы, сведчаць, што мала толькі маліцца аб вызваленні. Месца, з якога выйшла зло, застаецца пустым. Яго трэба напоўніць Божай прысутнасцю, пакуль зло не вярнулася.

Падчас малітоўнага патруля пажадана, каб нейкая частка вернікаў трывала ў капліцы на Адарацыі (альбо дома на прыватнай малітве) і ў ціхай малітве заступалася за братоў і сясцёр, якія выйшлі на малітоўны патруль.

Матэрыял падрыхтаваны паводле:
„Praktyka modlitwy wstawienniczej”, Łódź 2007, с. 96-111.