Магчыма, сярод тысячаў вашых знаёмых знойдзецца адзін Самуіл і яму патрэбны будзе прыклад чалавека, які любіць Бога, хоча Яму служыць у праўдзе, нягледзячы на ўласны грэх. Бог можа паслужыцца вамі, каб узбудзіць некага нашмат большага чым вы ў сваёй веры. Гэта Ён на нашым шляху ставіць настаўнікаў на гэтай зямлі, а іншым разам часова чыніць нас такімі настаўнікамі і падкідвае нам вучняў. Часам табе так патрабна нейкая парада і ты сам можаш даць яе іншым, а іншым разам патрэбны ўсяго толькі прыклад, звычайная вернасць у прастаце і праўдзе, каб у некага проста з’явілася жаданне...
У тыя дні:
Самуэль спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія, і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль!
Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі. Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць. А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой.
Самуэль рос, а Пан быў з ім. Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю.
1 Сам 3, 3b–10. 19


У той час:
Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам.
А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце?
Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?
Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны.
Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае «Пётр», «скала»).
Ян 1, 35–42


Слуга Твой слухае

Назва сённяшняга казання прыйшла мне даволі лёгка. Праўда гэтая вельмі простая і зразумелая для многіх хрысціянаў. Вось толькі ў жыцці яна ад нас далёкая.

Самуэль з’яўляецца прадстаўніком тых веруючых, хто хоча служыць Богу. Ён выхоўваецца у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. Інакш кажучы, Самуэль прабываў у прысутнасці Бога. Ён стаяў верна перад Богам, проста – быў прад Ім. І таму, калі Бог кліча Самуэля, той адказвае: я тут, Бог, я стаю перад Табой, я верны гэтаму месцу і Табе. Многія з нас, падобна Самуэлю, верна стаяць перад Панам. Мы стаім перад Ім кожную нядзельную Імшу, кожнюю ранішнюю і вячэрнюю малітву. Мы стаім перад Ім на рэкалекцыях, праслаўленнях. Многія з нас штосьці для Яго робяць. Некаторыя робяць нават вельмі шмат, а нехта нават не мае зусім часу для сябе, бо так шмат служыць Яму.

Тым не менш, гэтага становішча «стаяння» не хапае, каб увайсці ў жывыя адносіны з Богам. Словаў Самуэля вось я не дастаткова. Бог чакае іншага адказу: Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой. Бог чакае ад чалавека паслухмянасці.

Часта мы думаем, што працуем для Бога, а самі нават не рупімся пацікавіцца, ці трэба гэта Яму. Прыкрываючыся Богам, мы працуем самі на сябе, рэалізуем сябе. Некаторыя здольныя прабываць у гэткім стане ўсё жыццё і не бачаць праблемы. Але ёсць таксама і іншыя, каторыя час ад часу спрабуюць усё ж Яго шукаць. І ў іх перыядычна ўзнікае пытанне: а ці Богу патрэбна тое, што я раблю? У мяне асабіста такое пытанне ўзнікае асабліва пасля таго, як я ўнутрана і фізічна добра змучаюся. Здаецца, робіш, мітусішся, а чаканых вынікаў і блізка не бачыш. І тады ўзнікае першае пытанне: ці гэта хоць бы каму-небудзь патрэбна? А пасля незаўважна з’явіцца другое пытанне: а ты сам у Яго пытаўся, ці трэба табе ўвогуле гэтым займацца? Часам пераконваеш сябе, што трэба набрацца цярплівасці і не спадзявацца вынікаў увогуле, бо, магчыма, не мне іх збіраць. А іншым разам адчуваеш, што сам увайшоў туды, куды Бог мяне не пасылаў, а цяпер вось спрабуеш Ім прыкрыцца, нібы менавіта для Яго ўсё гэта робіш.

Ці многія з нас пагадзіліся б, калі б Бог нам сказаў: даверся Мне, нічога не рабі, Я сам збаўляю маіх авечак, а ты маліся, пасціся, працуй, як усе астатнія, і лепш нават носа не высоўвай. Для некаторых гэта быў бы крах «рэлігійнай кар’еры». У сваю чаргу, іншым Бог можа сказаць наадварот: хопіць хавацца, раскажы іншым тое, што думаеш, што ў цябе на сэрцы, у што ты верыш і г.д. Богу не патрэбныя дарадчыкі і стратэгі, актывісты альбо ціхія мышкі. Богу патрабныя тыя, хто Яго слухаецца. Ён сам ведае, што мы павінны рабіць і калі. Ён сам вызначае нам заданні. У Яго Народзе ёсць месца для кожнага з нас, але гэтае месца вызначае Ён. Менавіта таму нам не толькі трэба навучыцца прабываць разам з Ім, але, перш за ўсё, слухацца Яго. Нават калі мы і не чуем Ягонага голасу, то, прынамсі, мусім выхоўваць у сабе паслухмянасць. Заўважце, што Самуэль не мог размаўляць з Богам, пакуль не прыняў стан слугі, які слухае свайго Госпада, каб потым выканаць пачутае.

Многія з нас мараць быць падобнымі да Самуэля. Нам уяўляюцца нечуваныя цуды і «пакорная» рэлігійная слава, пачуццё, што я прыдатны, упэўненасць у сабе – такія вось адносіны з Богам «на кароткай назе» і г.д. Карацей, быць прарокам аплочваецца. Цікава вось толькі, што Самуэль, безумоўна, думаў на той час зусім па-іншаму. Пасля згоды Самуэля слухацца Бога, Госпад загадаў яму перадаць яго настаўніку Элію, што яго чакае пакаранне ад Бога (гл. 1 Сам 3). Уяўляеце, што перажываў Самуэль? Уяўляеце, якім было першае заданне яму як прароку? Паслухмянасць вымагае ахвяры, а не дадае нам славы. Паслухмянасць дорага каштуе чалавеку. Падобна, як каштуе памазанне Духам Святым. Я яшчэ не сустрэў ніводнаго прарока, які не дрыжэў бы як асінавы ліст перад чарговым Божым заданнем. Паверце, такімі людзьмі кіруе не чалавечая слава. Яны паслухмяныя Богу толькі таму, што любяць Яго і інакш не могуць жыць. Апосталы з сённяшняга фрагменту Евангелля пачынаюць Езуса слухацца і называюць Яго Настаўнікам. З гэтае прычыны ў іх у будучыні з’явіцца вельмі шмат праблемаў, але гэта іх ужо не спыніць, таму што па-іншаму яны ўжо проста не змогуць.

Некалі чытаў пра адну жанчыну, якая не малілася за сваіх блізкіх, таму што верыла, што перш за ўсё трэба быць паслухмяным Яму, а Ён прызываў яе маліцца за іншых людзей, далёкіх, невядомых, чужых. Яна тлумачыла, што калі будзе паслухмяная Яму, то Бог сам паклапоціцца пра яе блізкіх.

Працэс выхавання, або як хтосьці пры кімсьці расце

Мяне ўвесь час мучае адно пытанне. Чаму некаму хочацца ісці за Богам, а іншым не? Чаму нехта гатовы для Яго на многае, а іншы ставіць сваю хату з краю? Адкуль бяруцца такія Самуэлі? Як іх знаходзіць у жыцці, як выхоўваць, як самому стаць такім? Карацей, як мне захацець напоўніцу скарыцца перад Ім і быць сапраўды Яму паслухмяным?
З аднаго боку, я разумею: трэба сябе змушаць, пераконваць сябе, што калі не хочацца, то трэба захацець. Ну а калі не хочацца хацець, то трэба… Карацей, немагчыма сябе ўвесь час змушаць і самога сябе выцягваць з балота, нібы барон Мюнхаўзен. Вымагаць ад сябе – гэта справа важная, а можа і надзвычай важная, але гэтага ўсё ж мала. Павінна быць штосьці іншае.

Гісторыя Самуэля пачынаецца словамі: слово Господне было редко в те дни, видения [были] не часты (1 Сам 3,1). Бог не шмат размаўляў з народам. І вось чамусьці Ён выбраў нявопытнага яшчэ Самуэля. Менавіта, Бог выбраў. Заўважым, гэта Ён выбірае, калі, каму і што казаць. Людзкіх намаганняў тут мала.

Бог выбірае Самуэля, але паслугоўваецца вопытам Эліі. Увага!!! Паслугоўваецца вопытам чалавека, які зграшыў перад Богам і якога сам Бог неўзабаве пакарае! Элі, нягледзячы на свой грэх, быў чалавекам, які хацеў служыць Богу і служыў Яму. Гэта яго ратавала. Была людзкая слабасць, але было таксама і пакаянне, і любоў. І вось гэтага слабога чалавека Бог выкарыстоўвае, каб падрыхтаваць для служэння прарока Самуэля. Элі з’яўляецца для Самуэля прыкладам, ён для яго той, на каго глядзіш і ў табе таксама з’яўляецца жаданне, ты хочаш быць падобным, ты хочаш пераняць яго вопыт, ты хочаш, як ён…

У Бібліі ёсць усяго некалі гісторыяў, калі Бог кліча «наўпрост». Перш за ўсё маю на ўвазе Абрагама і Маісея. Пераважная ж большасць памазаннікаў Божых выхоўваецца пры некім, падобна як Самуэль пры Эліі. Нават Апосталы Ян і Андрэй, якія пайшлі за Езусам, павінны былі пачакаць, пакуль іх настаўнік Ян Хрысціцель пакажа ім сапраўднага Месію.

Мы не павінны думаць, для каго мы з’яўляемся прыкладам і хто пры нас расце ў Духу. Нам трэба быць паслухмянымі Богу і шукаць Яго, а Ён сам пашле на наш шлях настаўнікаў, альбо ўчыніць так, што мы самі станем для некага прыкладам.

Часам сустракаю людзей, якія моцна рупяцца аб Божых справах, служаць Яму, любяць з усіх сілаў, але не бачаць, каб іншым людзям гэта было патрэбна. Тады нараджаецца пачуццё адзіноты. Такім людзям хочацца схавацца ад грамадства, ад народа і проста жыць для Бога, бо яны адчуваць, што толькі Яму яны патрэбныя. Да таго ж дадаецца ўсведамленне ўласнага граху. Мне ж, у сваю чаргу, хочацца сказаць такім, кааб яны не хаваліся, не ціхарыліся. Бо, магчыма, сярод тысячаў вашых знаёмых знойдзецца адзін Самуіл і яму патрэбны будзе прыклад чалавека, які любіць Бога, хоча Яму служыць у праўдзе, нягледзячы на ўласны грэх. Бог можа паслужыцца вамі, каб узбудзіць некага нашмат большага чым вы ў сваёй веры. Гэта Ён на нашым шляху ставіць настаўнікаў на гэтай зямлі, а іншым разам часова чыніць нас такімі настаўнікамі і падкідвае нам вучняў. Часам табе так патрабна нейкая парада і ты сам можаш даць яе іншым, а іншым разам патрэбны ўсяго толькі прыклад, звычайная вернасць у прастаце і праўдзе, каб у некага проста з’явілася жаданне.

Я з самага дзяцінства хацеў быць паслухмяным Богу настолькі, наколькі я гэта разумеў. Але дванаццаць год таму распачаўся зусім іншы перыяд у маім жыцці. Я прыйшоў да харызматаў не таму, што дасведчыў дзеяння Святога Духа, убачыў цуды ці перажыў глыбокае навяртанне. Я прыйшоў, таму што ў харызматаў пачуў казанне святара, які сваім словам паказаў мне Жывога Бога. І я яму паверыў. У той дзень я сказаў сабе: на гэтых сустрэчах мне мала што падабаецца, але я застануся тут, таму што ў гэтага чалавека мне ёсць што паслухаць і ёсць чаму павучыцца. Цікава тое, што сёння ў мяне няма амаль ніякіх адносінаў з гэтым святаром. Я цаню яго, памятаю, але гэта быў настаўнік на той час. А пасля былі іншыя…

Бог сам знойдзе нам адпаведных настаўнікаў, калі толькі мы будзем мець жаданне Яму служыць, быць паслухмянымі Яму, скарыцца перад Ім.