Ибо два зла сделал народ Мой: Меня, источник воды живой, оставили, и высекли себе водоемы разбитые, которые не могут держать воды... (Ерамія 2,13).
Так гаварыў Ёў, кажучы:
Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт прагне платы сваёй, так я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў адведзены мне. Калі я кладуся, кажу: Калі ж я ўстану? Але вечар працягваецца, і я непакоюся аж да світання.
Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі. Помні, што жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця.
Ёв 7, 1–4. 6–7
У той час:
Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.
Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.
І прапаведваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
Мк 1, 29–39
Спадзеючыся на Божыя падарункі…
Першае чытанне апавядае нам пра чалавека, які шмат страціў у гэтым жыцці і цяпер вельмі пакутуе. Ёў кажа пра «месяцы марнасці» і пра «ночы пакутаў». Апавядае пра тое, як не можа заснуць з прычыны ўнутранага неспакою. Але найбольш мяне ўразілі словы: Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі. Многія бачаць у гэтым чалавеку праведніка, які не праклінае Бога за тое, што сталася. Аднак для мяне Ёў не такі ўжо і праведнік. Крыху пазней ён пачынае праклінаць дзень, калі нарадзіўся. Ёў поўны горычы, не бачыць выйсця, не мае надзеі!.. Ён нават не здольны марыць пра лепшы лёс. Яму ўжо няма на што спадзявацца. Ён быў верны Богу ва ўсім, таму нібыта павінен быў жыць у дастатку і пры яўнай падтрымцы Бога, а тут во маеш табе… З Бібліі даведваемся, што Бог, які благаславіў і аберагаў Ёва, ў пэўны час пачынае яго выпрабоўваць і дапускае беды: И отвечал сатана Господу и сказал: разве даром богобоязнен Иов? Не Ты ли кругом оградил его и дом его и все, что у него? Дело рук его Ты благословил, и стада его распространяются по земле; но простри руку Твою и коснись всего, что у него, - благословит ли он Тебя? И сказал Господь сатане: вот, все, что у него, в руке твоей; только на него не простирай руки твоей. И отошел сатана от лица Господня (Ёва 1,9-12). Становіцца зразумела, што Ёву ўжо, калі разважаць, вядома, чалавечымі меркамі, няма на што спадзявацца, і таму ён губляе надзею.
У чым знаходзіцца корань безнадзейнасці Ёва? Яго трапна заўважыў вораг Бога і чалавецтва: Не Ты ли кругом оградил его и дом его и все, что у него? Дело рук его Ты благословил, и стада его распространяются по земле; но простри руку Твою и коснись всего, что у него, - благословит ли он Тебя? Праблема Ёва ў тым, што ён бачыў сілу і Божую руку ў сваім дастатку, а не ў самім Богу. І калі гэтага дастатку не стала, Ёў упадае ў роспач.
Калі мы разважалі над гэтым фрагментам з Бібліі ў турме, то адзін вязень зазначыў, што Ёў сам падклаў пад сябе бомбу: ибо ужасное, чего я ужасался, то и постигло меня; и чего я боялся, то и пришло ко мне (Ёва 3,25).
Ёў не робіць нічога дрэннага, таму яго справядліва можна назваць словамі Бібліі: человек этот непорочен, справедлив и богобоязнен и удалялся от зла (Ёва 1,1). Аднак гэты праведны чалавек дапусціў надзвычай істотную памылку: замест таго, каб давяраць і спадзявацца на Бога, ён давяраў Божым падарункам. Адсюль яго безнадзейнасць і роспач. На гэтую тэму, але яшчэ больш сурова Бог гаворыць таксама праз прарока Ерамію: Ибо два зла сделал народ Мой: Меня, источник воды живой, оставили, и высекли себе водоемы разбитые, которые не могут держать воды (Ерамія 2,13).
Спадзеючыся на Бога…
У Евангеллі мы чытаем, як Езус аздараўляе цешчу Пятра, а пасля яшчэ аздараўляе мноства народу з таго горада. Зразумела, што людзі так лёгка не адчэпяцца ад такой «залатой рыбкі». Аднак Езус пакідае людзей, каб памаліцца, паразмаўляць з Айцом, а пасля адыходзіць з горада са словамі: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў. Езус прыйшоў не дзеля таго, каб лячыць людскія хваробы і нават не дзеля таго, каб выганяць злых духаў. Ён прыйшоў, каб прапаведваць Добруй Вестку пра Божае Валадарства. Ён прыйшоў не для таго, каб людзям даць сілу, а для таго, каб паказаць, дзе яе браць.
Некалі адзін выкладчык сказаў, што добры прафесар не той, які ўсё сам рашае замест студэнтаў, а той, які навучыць думаць і пакажа, дзе трэба шукаць адказы.
Нешта падобнае робіць Езус. Для многіх жыхароў з горада, у якім жыла Пятрова цешча, Езус прынёс надзею, бо Ён (якая ж радасць!) можа вылечыць хваробы. Але праз нейкі час хваробы вернуцца, альбо прыйдуць іншыя, магчыма, яшчэ цяжэйшыя. І што тады? Людзі зноў страцяць надзею і будуць падобнымі да Ёва. Таму Езус хоча даць ім больш. Ён прапаведвае і паказвае, якімі павінны быць нашы адносіны з Богам незалежна ад нашага «матэрыяльнага» бласлаўлення. Для Яго гэта важней. І для нас таксама павінна быць важней.
КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…
Ёў сімвалізуе людзей, якія глядзяць на Божыя падарункі больш, чым на самога Бога. Ёў ёсць у кожным з нас. Не ведаю, як яшчэ больш даходліва патлумачыць гэтую тэму, таму прапаную пашукаць у сабе некалькі распаўсюджаных момантаў, калі ў нас прачынаецца наш Ёў:
…калі мой унутраны спакой залежыць ад прысутнасці нейкага чалавека (святара, сябра, харызматыка) і знікае пры адсутнасці гэтага чалавека;
…калі мой унутраны спакой залежыць ад абставінаў (праца, дзейнасць палітычных лідэраў, месца пражывання) і знікае пры адсутнасці гэтых абставінаў.
У часе апошняга майго візіту ў турму, я адчуваў сябе, нібы слоік мёду сярод пчолаў. Бо вязні абступілі мяне з рознымі пытаннямі і просьбамі. Самыя ж мудрыя духоўна (а іх усяго некалькі) вельмі рэдка аб чым-небудзь просяць мяне, хоць маюць патрэбы зусім не меншыя за іншых. Проста яны разумеюць, што не на мяне трэба спадзявацца, і ўвогуле не на чалавека варта ўскладаць надзею, а на Кагосьці Большага…