1

...аднойчы, калі я быў зусім на дне , калі, мабыць, ніхто ўжо не верыў, што з мяне можа быць нешта добрае, мая жонка звярнулася да мяне з прапановай – памаліцца вяночак да Божай Міласэрднасці. Яна сказала: «Хто хоць раз памоліцца, той будзе збаўлены». Я паразважаў, што нічога не губляю, то чаму б і не паспрабаваць?.. І як тапелец хапаецца за саломінку, так і я ухапіўся за Божую Міласэрнасць…

 

 

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Хачу распавесці вам пра маё навяртанне і як я, дзякуючы працы айцоў марыянаў, падтрымліваю ў сабе агонь веры.

Ранейшае маё жыццё было адной вялікай залежнасцю: ад гарэлкі, ад цыгарэт і ад многіх іншых рэчаў, якія нішчылі маё жыццё і жыццё маіх родных. Найперш пакутавала мая сям’я: бацькі, жонка, дзеці. Я разумеў, што далей так немагчыма жыць, але ўсе мае намаганні неяк выскрабсціся былі дарэмнымі. І вось аднойчы, калі я быў зусім на дне , калі, мабыць, ніхто ўжо не верыў, што з мяне можа быць нешта добрае, мая жонка звярнулася да мяне з прапановай – памаліцца вяночак да Божай Міласэрднасці. Яна сказала: «Хто хоць раз памоліцца, той будзе збаўлены». Я паразважаў, што нічога не губляю, то чаму б і не паспрабаваць?.. І як тапелец хапаецца за саломінку, так і я ухапіўся за Божую Міласэрнасць.2

Ішлі гады, і я паціху пачаў хадзіць у касцёл. Кожнае казанне як быццам было для мяне аднаго. Яно адказвала на ўсе мае пытанні, якія ўзнікалі ў мяне ў той час: нібы сам Бог, які ведае мае праблемы, размаўляў са мной. Але ж была і вялікая спакуса вярнуцца да ранейшага  жыцця, асабліва, калі раптоўна загінуў наш маленькі сынок. Тады здавалася, што жыццё скончылася. Скажыце, як без Божай падтрымкі было ўсё гэта перажыць? Але, дзякуючы цярплівасці маёй каханай жонкі і бясконцаму даверу Богу, дзякуючы яе малітвам, маё жыццё пачало паступова змяняцца. Дзякуй ёй вялікі, што вытрывала, што не адкінула мяне. Потым у Беларусі з’явіліся рэкалекцыі «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», якія праводзілі айцы марыяне. На іх паехала мая жонка. Спачатку я не разумеў яе, пярэчыў, пытаўся: «Чаго ты едзеш туды? Ці табе мала касцёла? Дома ўсё молішся, яшчэ ехаць некуды хочаш». Яна клікала і мяне з сабой, але ў мяне была яшчэ адно захапленне – рыбалка. Думаў, яе то я ўжо не прамяняю на Бога, хопіць, што я хаджу ў нядзелю ў касцёл. Але Ліля не хацела мірыцца і з такім становішчам, і ўсё ж выцягнула мяне на тыя рэкалекцыі.

 Тут Бог і злавіў чарговую «рыбу» – мяне.  Гэтыя рэкалекцыі навучылі мяне працаваць над сабой, мяняцца да лешага, я адчуў сапраўдную смагу па Богу. Вельмі ўдзячны айцу марыяніну Міхаілу Цвячкоўскаму. Дзякую яму за супрацоўніцтва з хрысціянскім гуртом «Кана» з Украіны, які сумесна з а. Міхаілам арганізавалі штогадовыя музычныя варштаты, куды мы с жонкай аднойчы патрапілі. Мы былі самымі старэйшымі, там была адна моладзь, а нам з Ліляй было па 38 гадоў. Прызнацца, гэта нас вельмі бянтэжыла. Да таго ж, па талентах мы былі амаль што самымі найменшымі. Але, нягледзячы на такія акалічнасці, Бог выкарыстаў нас, найменшых. Праз год мы прыехалі на такую ж музычную сустрэчу ўжо са сваімі песнямі, чым вельмі ўсіх здзівілі. Бог нас так благаславіў, што мая жонка, не маючы музычнай адукацыі, пачала пісаць песні (музыку і словы) – на хвалу і праслаўленне Пана. Я таксама, не браўшы ў рукі гітару больш за 16 гадоў, пачаў узмоцнена займацца: успамінаць тое, што забыта і вучыцца новаму. Зараз я амаль што кожны дзень удзяляю шмат часу ігры на гітары, бо адчуваю вялікае прагненне славіць Бога. Цяпер у нас дома (і не толькі дома) вельмі часта гучаць песні праслаўлення пад акампанемент гітары альбо фортэпіяна (старэйшая дачка мае музычную адукацыю), бо нам хочацца гэта рабіць, хочацца дзякаваць Богу, заступніцы і апякунцы Панне Марыі за ўсе шчодрыя дары для нашай вялікай сям’і.

Дзякуем таксама і нашым айцам марыянам, якія працуюць у мікрараёне Сухарава, дзе мы і пражываем, за тое, што з іх рук мы прымаем Святую Камунію, за тое, што праводзяць катэхезы з нашымі дзецьмі. Дзякую за змястоўныя казанні, за карысныя парады. Дзякуй, дарагія нашы святары, што ахвяравалі сваё жыцце на служэнне Богу і нам, людзям.

Алег Дарагуш,

 г. Мінск.

3