…я пачала знаходзіць сэнс майго жыцця на вуліцы. Той любові, якой не атрымала дома, я пачала шукаць у іншых месцах. Блукаючы цэлымі днямі па вуліцы, я часта станавілася ахвярай сэксуальных адносінаў. Вельмі хутка я навучылася піць, курыць, ужываць наркотыкі, мацюкацца. Мае знаёмыя навучылі мяне як даваць сабе рады на вуліцы: як красці, займацца рэкетам, быць цвёрдай і ніколі не саступаць…
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Завуць мяне Магдалена. Я хачу падзяліцца з вамі гісторыяй майго жыцця, хачу расказаць вам пра Божую Міласэрнасць, пра Любоў, якая мяне знайшла і вызваліла з моцы граху і няволі зла.
Нарадзілася я ў невялічкім гарадку ў цэнтральнай Польшчы. Людзі называюць такіх, як я, выпадковымі дзецьмі, гэта значыць, што бацькі зусім мяне не планавалі і не хацелі. І такім «выпадковым» дзіцем я сябе адчувала ўсё жыццё. Маё дзяцінства было залежнае ад алкагалізму бацькі і абыякавасці маці. Так я расла з пачуццём вялікай крыўды, адкінутасці і прыніжэння.
З дзяцінства памятаю пастаянныя сваркі, авантуры, бойкі. Часта трэба было ўцякаць з дому сярод начы. Такім было маё маленства – поўнае страху, сумніваў. Па вечарах я малілася да Бога, каб мой тата прыйшоў дахаты цвярозы, альбо хоць бы мяне не біў, але маё жаданне спаўнялася вельмі рэдка.
У маёй сям’і была традыцыйная вера, якая пераказвалася з пакалення ў пакаленне, але гэтая вера не мела нічога супольнага з рэчаіснасцю, з жыццём. Хутка я адышла ад Касцёла, так і не спазнаўшы на практыцы, што гэта такое. З часам пачала знаходзіць сэнс майго жыцця на вуліцы. Той любові, якой не атрымала дома, я пачала шукаць у іншых месцах. Блукаючы цэлымі днямі па вуліцы, я часта станавілася ахвярай сэксуальных адносінаў. Вельмі хутка я навучылася піць, курыць, ужываць наркотыкі, мацюкацца. Мае знаёмыя навучылі мяне, як даваць сабе рады на вуліцы: як красці, займацца рэкетам, быць цвёрдай і ніколі не саступаць. Даволі хутка я здабыла аўтарытэт у групе, бо заўсёды ведала, дзе ўзяць грошы. Доўгія гады я праводзіла двайное жыццё. Дома я была спакойнай, ціхай дачушкай, а на вуліцы і ў школе да мяне баяліся падыходзіць.
Але, шчыра кажучы, я не хацела так жыць. Спрабавала нават пакінуць сваё жыццё на вуліцы, але ўвесь час мне казалі, што я злая і нічога добрага з мяне не будзе. Адзін грэх клікаў за сабой наступныя. Пасле некалькі месяцаў маёй працы над «нармальным» жыццём я вярталася да старога. Хацелася жыць інакш, але я не магла. Увесь час на мяне ўплывала асяроддзе, а ў сэрцы я ўсё ж марылася мець нармальную сям’ю, дом, пачаць вучыцца ... Падлеткам я не змагла супрацьстаяць той навале зла, якая давяла мяне да кропкі. Я ахвяравала сваё жыццё сатане, аддала яму сваю душу ўзамен за зямное шчасце. Было мне тады 16 гадоў, і дагавор мой з д’яблам бачыўся мне як чарговы эксперымент. Я зусім не усведамляла таго, што зрабіла і праз некалькі месяцаў аб усім забылася. Цяпер жа, калі гляджу на тыя падзеі з перспектывы часу, бачу, што сатана, аднак, пра мяне не забыўся. Ён распачаў павольны працэс майго зняволення. Найперш узнікла цікавасць да магіі, акультызму, парапсіхалогіі, варажбы. Са мной пачало дзеецца штосьці нядобрае: я магла чытаць чужыя думкі, прадказваць будучыню, увесь час расла ў-ва мне агрэсія да святарства і Касцёла. І пры гэтым усім нічога не перашкаджала мне час ад часу па-святатацку прымаць Святую Камунію, будучы ў стане цяжкіх грахоў. Усё жыццё сталася адным вялікім ашуканствам. Урэшце пачалі з’яўляцца думкі пра самагубства. Жыццё згубіла для мяне ўсялякі сэнс, пачалася дэпрэсія. Удзіным паратункам здавалася смерць.
Былі моманты, калі вельмі хацелася вярнуцца да Бога. Я глядзела на маіх аднакласнікаў з ліцэя і зайздросціла: яны такія шчаслівыя, бо маюць да каго пайсці са сваімі праблемамі. Сябе ж я адчувала асуджанай. Сатана пераконваў мяне, што я не змагу ўжо вярнуцца, што трэба і надалей ісці тым шляхам, які выбрала. Часам перад сном мне хацелася зрабіць знак крыжа, але не магла. Часам уздыхала: «Божа, я хачу вярнуцца, але не магу ...». Гэта была мая адзіная малітва. А потым зноў прыходзіла спроба самагубства.
Заканчэнне школы не давала мне ніякіх планаў на будучыню. Жыццё страціла ўсялякі сэнс, хаця ніхто гэтага не бачыў. Знешне я выглядала, як і ўсе мае аднагодкі. Ніхто нават і не падазраваў, што да таго, як выйсці з дому, я штодня выпівала некалькі шклянак алкаголю. А знешне усё нібыта было звычайна: была надзея атрымаць вышэйшую адукацыю, я сябравала нават з хлопцам, які мяне кахаў, але ў сэрцы я і надалей думала пра смерць.
Аднак Бог меў адносна мяне свае планы. Ён паставіў на маім шляху сяброўку, якая аднаго вечара расказала мне пра Божую Любоў. Памятаю, як гэтая размова цягнулася некалькі гадзінаў: паміж мной, баявой атэісткай, і Касяй, веруючай каталічкай. Тады мне здавалася, што я чую пра Езуса ўпершыню. Яе словы сапраўды траплялі да майго сэрца. Калі я вярнулася дахаты, у галаве ўсё гучалі словы Касі: «Езус любіць цябе; Ён цябе шукае і не перастае прабівацца да твайго сэрца». Гэтыя простыя словы змянілі маё жыццё, бо далі надзею, якая казала: «Гэта сатана пераконвае цябе, што нельга вярнуцца, што Бог не прабачае, а Езус чакае цябе».
Мае дарагія! Гэта былі словы маёй свабоды, словы пра збаўленне, пра Божую Любоў канкрэтна ў маім жыцці. Сатаністам цяжка навярнуцца не таму, што пра іх забыўся Бог, а таму, што яны самі спальваюць усе масты. Пасля той размовы я не магла заснуць, не ведала, што з сабой зрабіць. Увесь час чула словы: «Ты можаш вярнуцца. Маліся”. А мне не верылася. Як маліцца? Я ж столькі гадоў не малілася! Але ўнутраны голас не пакідаў мяне. Я паднялася, хоць была ўжо позняя ноч, укленчыла і пачала маліцца. Гэта была мая першая шчырая і свядомая малітва.
Мае дарагія! Я нават не ўмела маліцца Ойча наш. Але ў адным я перакананая: Бог прыйшоў да мяне тае начы. Гэта Ён усё запланаваў, Ён выйшаў мне насустрач. Цяпер я ведаю, што ў тую ноч я атрымала дар новага жыцця. Можна сказаць, я амаль фізічна адчувала, як спадаюць з мяне кайданы зла, а цела напаўняе Дух Святы. Усё гэта мела працяг таксама ў наступныя дні. Знаёмыя пыталіся, што са мною сталася. Ім здавалася, што нават твар у мяне змяніўся. А я магла адказаць толькі адно: «Езус жыве!». Я перастала піць, ужываць наркотыкі. Скончылася дэпрэсія. Нават голас мой змяніўся. Бог пасылаў мне людзей, якія дапамаглі паціху вярнуцца ў Касцёл.
Праз некалькі дзён пасля маёй малітвы, калі я аддала сваё жыццё Езусу, я павыкідвала ўсё, што звязана з магіяй. Сатана, што праўда, і надалей змагаўся за маю душу. Але з Божай дапамогай я магла супрацьстаяць злу, на гэта патрэбны быў час. Немагчыма ўбачыць, чым ёсць грэх, пакуль чалавек сам не пачне з ім змагацца. Вялікай дапамогай для мяне тады была малітва на ружанцы. Змяніліся таксама мае адносіны з сям’ёй. Праз нейкі час я змагла прабачыць маім блізкім. Бог дазволіў мне быць сведкам навяртання майго бацькі.
Бог вызваліў мяне ад зла не адразу. Магу сказаць, што шэсць гадоў крок за крокам Бог мяне аздараўляў. Я веру моцна, што іду Яго шляхам і што Ён мяне вядзе. Спачатку я скончыла універсітэт, а цяпер з’яўляюся манахіняй місійнага ордэна. Адзінага, чаго я прагну: каб дар новага жыцця, які я атрымала ад Бога, не быў змарнаваны, але каб я магла таксама ім падзяліцца з іншымі.
На заканчэнне хачу вам яшчэ раз сказаць, што для Бога няма рэчаў немагчымых. Гэта Ён, Валадар усяго свету, і нішто не можа вырваць цябе з Яго рук. Ён большы за ўсялякі грэх ці безнадзейныя сітуацыі.
Жадаю вам усяго добрага!
Ваша сястра Магдалена.