1

…На практыцы вера маіх родных выглядала даволі сумніўна. Бацькі часта сварыліся, біліся. Іхняя злосць пераносілася на мяне і на маіх сясцёр. Я вельмі цяжка гэта перажывала, адчувала, што ніхто мяне не любіць, а я хацела, каб нехта мяне заўважыў, палюбіў. З часам пачалі выяўляцца мае комплексы непаўнавартасці. Мне здавалася, што я брыдкая і мяне ніхто ніколі не будзе любіць, нічога з мяне не атрымаецца добрага…

 

Напачатку хачу вас усіх вельмі сардэчна і цёпла прывітаць.

Завуць мяне Ганна. Я хачу падзяліцца з вамі тым, як Бог дзейнічаў і дзейнічае ў маім жыцці, як, дзякуючы Яго ласцы, я перамагла шмат жыццёвых праблемаў, змагла прабачыць сабе і іншым. Але пачну ад пачатку ...

Нарадзілася я ў каталіцкай сям’і, дзе традыцыяй з’яўляецца супольная малітва ў сям’і, нядзельная Імша і ўвогуле вера ў Бога. Ад самага дзяцінства я ўсведамляла, што Бог існуе, што трэба выконваць Яго запаведзі, што нельга грашыць. Верыла я таксама і ў тое, што мне казалі пра Бога родныя і бацькі: што Бог добры і што Ён хоча майго дабра. Аднак гэтая мая дзіцячая вера не давала мне нічога канкрэтнага. Я верыла, што Бог існуе, але быў Ён для мяне нейкім надта ж далёкім. На практыцы вера маіх родных выглядала даволі сумніўна. Бацькі часта сварыліся, біліся. Іхняя злосць пераносілася на мяне і на маіх сясцёр. Я вельмі цяжка гэта перажывала, адчувала, што ніхто мяне не любіць, а я хацела, каб нехта мяне заўважыў, палюбіў. З часам пачалі выяўляцца мае комплексы непаўнавартасці. Мне здавалася, што я брыдкая і мяне ніхто ніколі не будзе любіць, нічога з мяне не атрымаецца добрага…

Недзе ў гэты час я сустрэла майго першага хлопца. Я была шчаслівая, што некаму падабаюся, што нехта мяне любіць. Мой хлопец быў для мяне лекам на мае псіхічныя і духоўныя праблемы, на мой смутак і адчай, быў для мяне цэлым светам. Казаў мне, што ён таксама верыць у Бога і што для яго таксама важна, што кажа Бог наконт адносінаў паміж хлопцам і дзяўчынай. Увесь гэты час Бог быў для мяне больш суддзёю, чым бацькам, які мяне любіць. Любоў, якую мне не ўдавалася знайсці ў Богу, я нібыта знаходзіла ў адносінах з маім хлопцам. Але, на жаль, гэтая любоў сталася для нас суцэльным грэхам. Мы казалі адзін аднаму, што хочам жыць па-Божаму, але на практыцы рабілі па-свойму. Час ад часу сумленне казала мне, што я не магу больш так жыць, але мой хлопец развейваў усе мае сумнівы, і грэх надалей трываў. Так цягнулася два гады, ажно да таго моманту, калі я сказала, што больш так не магу. Я вырашыла, што мы павінны расстацца, бо зразумела, што з гэтых адносінаў не будзе нічога добрага. Гэта было вельмі цяжкае маё рашэнне. Цяпер я веру ў тое, што менавіта Бог тады дапамог мне перамагчы сябе і выйсці з майго граху.2

Але і пасля таго, як я пакінула свайго хлопца, лепш мне не сталася. Па-першае, я зноў была самотнай, па-другое, я не магла забыцца і прабачыць сабе грэх гэтых двух гадоў. І хоць святар на кожнай споведзі казаў мне, што Бог прабачыў мой грэх, сама я не магла з гэтым пагадзіцца. Я не магла сабе прабачыць, не магла прабачыць майму былому хлопцу. Заўсёды на малітве я адчувала сябе нягоднай Бога.

Увесь гэты час быў для мяне часам пакуты. Я старалася шмат маліцца, аддаючы мой боль і горыч Богу. Шмат у чым дапамагала мне малітва у супольнасці Адновы ў Духу Святым, у якой я пачала ўдзельнічаць.

Аднаго разу гэтая супольнасць малілася перад крыжам у касцёле. Нехта сказаў у мікрафон, што можна наблізіцца да крыжа і аддаць Богу тое, што найбольш баліць. Пасля хвіліны сумніву і змагання з сабой, я падышла і ў простай малітве аддала Богу тое, што мне так моцна балела, тое, што я не магла сабе прабачыць. Я прасіла Езуса, каб Ён вызваліў мяне ад маіх пакутаў. Пасля малітвы я вярнулася дахаты з нейкім дзіўным супакоем у сэрцы. І больш я не вярталася да сваіх думак, крыўды. Бог дазволіў, каб я прабачыла сама сабе памылкі, прызнала сваю грэшнасць і прыняла Яго любоў і прабачэнне.

Праз нейкі час у супольнасці нас заахвоцілі аддаць сваё жыццё Хрысту. Гэта была простая малітва, падчас якой я чарговы раз аддала Богу ўсе свае сумнівы і страх. Я навучылася ўсе свае жыццёвыя падзеі, праблемы, радасці перажываць разам з Богам. Веру, што гэта Ён дапамог мне з часам прыняць важнае рашэнне, нягледзячы на мой страх. Так, я адважылася выйсці замуж за чалавека, з якім пазнаёмілася ў супольнасці. Кожны месяц у дзень нашага шлюбу, мы разам молімся і дзякуем Богу за нашу сям’ю, просім у Яго апекі.

Мае дарагія! Вельмі гэта важна для нас – даверыцца Богу ва ўсім. Ён прабачае наш грэх, лечыць нашыя ўсе, нават найбольш балючыя раны. Але пры адной умове – калі мы Яго аб гэтым цярпліва просім і самі маем гарачае жаданне змяніць нашае жыццё. Ад усяго сэрца жадаю вам менавіта такой веры.

Ганна Лукашчык, Люблін (Польшча)

3