Навошта нам праўда? Хрыстос кажа: Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць (Ян 8,32). Хто з нас не хоча быць свабодным? Хто з нас не хоча жыць і ні аб чым не клапаціцца, ні за што не перажываць, нічога не баяцца?.. АБ праЎДЗЕ

Праўда і свабода

Навошта нам праўда? Хрыстос кажа: Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць (Ян 8,32). Хто з нас не хоча быць свабодным? Хто з нас не хоча жыць і ні аб чым не клапаціцца, ні за што не перажываць, нічога не баяцца? Кожны марыць або некалі марыў аб свабодзе. А да свабоды вядзе праўда. На шчасце, мы гэтую свабоду можам адчуць, перажыць на ўзроўні нашых пачуццяў. Уявіце сябе ў ролі Адама, у якога Бог пытаецца, чаму ён гэта зрабіў. А Адам, замест таго, каб проста прызнацца, пачынае апраўдвацца: гэта Ева вінаватая, гэта не я, а ўвогуле, то гэта Ты мне яе даў… Адам увесь унутрана сціскаецца, шукае аргументаў, баіцца стаць у праўдзе. А цяпер уявіце іншую сітуацыю. Адам кажа Богу: Тата, прабач, я вінаваты, я свіння. Не ў Еве справа, і нават не ў гэтай змяюцы. Гэта я – баран. Тата, калі хочаш, пакарай мяне, але прабач і не дай аддаліцца ад Цябе… Пастаўце сябе на месца Адама. Адчуйце, наколькі розныя гэтыя дзве сітуацыі. Адчуйце, наколькі праўда сапраўды вызваляе.

Аднойчы Бог дазволіў мне дасведчыць свабоду пасля праўды. Я павінен быў прызнацца ў праўдзе аднаму чалавеку і гэта стала для мяне так нечакана, што я некалькі хвілін маўчаў і не ведаў, што далей рабіць. Я думаў, што стаю перад выбарам: прызнацца альбо выкруціцца, але тады, я разумеў, нашыя адносіны сапсуюцца. І я проста маўчаў, а ў сэрцы адбывалася цяжкая бітва. Я адчуваў сябе дзікім зверам, загнаным у кут. Пасля таго маўчання, я ўсё ж назваў рэчы сваімі імёнамі і адчуў, як вялізны цяжар выходзіць з майго нутра. Нешта з мяне выйшла. Мне здавалася, што я памаладзеў, што нарадзіўся занава. Я фізічна адчуў, што значыць – быць свабодным! Такой радасці і такога пачуцця свабоды ніколі раней я яшчэ не адчуваў!

Іншым разам Бог даў мне задумацца пра адну сітуацыю, і я сказаў сабе, што яна не дрэнная, тут няма ніякага зла, але я адчуваю сябе несвабодным. Мне здалося, што я нібы тая рыба ў акварыуме, куды закінулі голы кручок. Ён нібыта не перашкаджае, але яго заўсёды (у самы нечаканы і неадпаведны момант) нехта можа пацянуць і, магчыма, распорыць мне жывот. Я адчуваў сябе несвабодным і разумеў, што для таго, каб вызваліцца, мне трэба падзяліцца, проста падзяліцца сваім грузам з адным святаром. Калі я з ім паразмаўляў, «кручок» быў размініраваны і неспакой прайшоў.

Той, хто хоць аднойчы адважыўся стаць у праўдзе і пакаштаваў свабоды, не зможа пра яе забыцца. Гэта досвед. Ты ведаеш, наколькі яна класная, гэтая свабода. Ты ведаеш, колькі яна прыносіць радасці і шчасця, здавалася б, на пустым месцы. Толькі дасведчыўшы свабоды на ўласным вопыце, ты пачынаеш яе прагнуць яшчэ больш.

Праўда і Бог

Апроч свабоды ёсць яшчэ адзін момант, дзеля якога для нас важная праўда. Размова ідзе пра Бога. А цяпер пытанне: хіба праўда з’яўляецца мэтай сама па сабе? Як гэта не дзіўна – не! Мэтай з’яўляецца Бог. Ён і ёсць Праўда (“Я Праўда, Дарога і Жыццё” Ян 14,6). Усё ж іншае – гэта большае ці іншае падабенства да адзінай Праўды.

Досвед свабоды пасля праўды, а, значыць, радасці і шчасця – гэта важна, але ў нейкім сэнсе гэта элемент эгаізму. Мне добра, я перажыў шчасце, я хачу яшчэ… Для некага ж праўда будзе важнай таксама таму, што ўсялякі падман раніць і аддаляе ад Бога, а я настолькі Яго люблю, што не магу дазволіць сабе падман.

Для мяне асабіста гэты момант менш зразумелы, бо я не маю ажно столькі любові да Госпада (гэта таксама праўда). Але крыху Яго адчуваю, бо падман і няпраўда злуюць мяне не толькі таму, што забіраюць свабоду і не толькі таму, што баюся пакарання ад Бога. Злуюць нібыта проста так, бо гэта Богу недаспадобы.

Праўда і страх

Галоўным ворагам свабоды і праўды з’яўляецца страх. Мы баімся і мы не свабодныя, нас нешта трымае. А чаму баімся? Таму што перад намі у бліжэйшай альбо далейшай будучыні маячыць нейкая складанасць, цяжкая сітуацыя або цяжкае заданне. Яно ў будучыні. Падкрэсліваю – У БУДУЧЫНІ!!! І што атрымліваецца? Мы на самой справе баімся не цяжкасцяў, а чакання. Калі прыходзяць цяжкасці, мы з імі змагаемся, а вось калі чакаем іх, то наш розум становіцца нашым злейшым ворагам. Тут збіраюцца ўсе нашыя рэальныя і самыя недарэчныя страхі. У гэтым выпадку праўда нас вызваляе, таму што мы пераходзім з катэгорыі чакання ў катэгорыю рэальнасці. Калі мы чакаем, то ў нашым жыцці нічога не адбываецца. Калі ж апынаемся ў праўдзе ў рэальнасці, то ёсць магчымасць зменаў, пачынаецца бітва, праца. У рэальнасці мы можам зрабіць наступны крок у нашым жыцці.

Праўда – і крок далей

Пасля адных рэкалекцый, калі я заахвочваў удзельнікаў быць у праўдзе, праз нейкі час адзін чалавек спытаўся: і што мне далей рабіць з гэтай праўдай? Вельмі класнае пытанне. Праўда ў жыцці не з’яўляецца мэтай, яна правацыруе нас ісці далей. Калі не рабіць кроку далей, то праўда становіцца часам нават небяспечнай. Але без гэтых крокаў, без гэтай рызыкі немагчыма жыць!!!

Калі хвораму мы кажам праўду пра тое, што ён праз пару тыдняў памрэ, то чалавек становіцца перад выбарам: рыхтавацца да смерці ці пачаць усіх праклінаць і ўпасці ў роспач. Праўда, як гэта не дзіўна, правацыруе да жыцця.

Некалі чуў сведчанне аднаго мужчыны, якому ўрачы сказалі, што ён памірае. Прымаючы хімію, сказалі, працягнеш яшчэ гадоў 10. Мужчына сказаў сабе, што лепш пажыве менш, але паўнацэнна, чым даўжэй, але небаракай. Ён адмовіўся ад хіміі і пачаў весці вельмі актыўны місіянерскі вобраз жыцця. Праўда пра хваробу дала яму новае дыханне, новае жыццё, падштурхнула да новых крокаў.

Падобна таксама, калі ў складаных, цяжкіх адносінах з іншым чалавекам мы пачынаем трымацца праўды, то стаім перад выбарам – або мы і далей ідзем разам, ачышчаючы нашыя адносіны, або далей я іду адзін, але іду далей… павінен ісці далей…


ПРАЎДА АБ САМІМ САБЕ

Цяжка сказаць, ці яна важнейшая за праўду аб іншых, але, напэўна, з яе ўсё пачынаецца.

Праўда пра ўласны грэх і слабасці

Заўсёды ёсць спакуса гаварыць аб праўдзе ў жыцці іншых, а асабліва аб тым, што мяне злуе і дражніць. Праўда ж датычыць найперш жыцця (прыпавесць пра саломінку і бервяно). Прызнаць праўду пра ўласны грэх вельмі складана. Асабліва пра той грэх, які вельмі балючы, крыўдны, які ганіць цябе ў вачах Бога і іншых. Цар Давід не здольны быў прызнаць праўды пра свой грэх. Прарок Нафан павінен быў добра пакамбінаваць, каб паказаць цару яго грэх (2 Цар 12,1-15). Свае грахі не здольныя былі прызнаць многія духоўныя лідэры Ізраіля. Яны не бачылі сваёй хваробы і не патрабавалі Лекара-Месіі.

Праўда пра дары Божыя

Многім з нас таксама цяжка прызнаць праўду пра нашыя здольнасці і дары ад Бога. Мы часта ў амбіцыях чакаем аднаго, а не хочам прымірыцца з тым, што мы маем. Доўгі час я чакаў, што атрымаю дары Духа Святога, падобныя ды тых, якія маюць многія мае знаёмыя харызматы. Мяне здзіўляла толькі тое, што гэтыя ж харызматы некалі часта казалі мне: «Саша, ты маеш бласлаўленне Бога ў іншай сферы, Бог цябе памазаў, Ён праз цябе гаворыць, дзейнічае» і г.д. Я ж чакаў іншага, а на гэтыя каментары нават не звяртаў увагі. І толькі недзе праз тры гады, калі жаданых дароў я так і не дачакаўся, раптам стаў узгадваць пра тое, што мне ўвесь гэты час казалі мае сябры. І Бог сур’ёзнымі знакамі пацвердзіў, што так яно і ёсць. Ён даў мне дары і заданне, але мне цяжка было з гэтым пагадзіцца, стаць у праўдзе. Я глядзеў не ў сваю талерку.

Хочацца тут звярнуць увагу на тое, што міласэрны Айцец з прыпавесці пра блуднага сына паказвае грэшнаму сыну праўду пра тое, што той не перастаў быць Яго дзіцем, нягледзячы на грэх і памылкі. Айцец паказвае, што сын, нягледзячы ні на што, мае годнасць Божага дзіцяці. І гэта вельмі важная праўда.

Праўда часта адкрываецца і забіраецца праз іншых

Многім з нас праўда будзе адкрывацца праз іншых людзей, паколькі мы самі не можам у шчырасці паглядзець на сябе. Гэта наша прырода. Мы залежныя адзін ад аднаго ў грамадстве – так пажадаў Бог. Ён збаўляе нас па-асобку, але ідзем мы да Яго ў супольнасці. Гэта Яго план, бо Ён сам – Супольнасць трох Асобаў. І таму нічога дзіўнага, што Давід змог убачыць свой грэх толькі праз паслугу прарока Нафана. Гэтаксама і Пётр мог прызнацца ў сваім крывадушшы, дзякуючы адвазе і праўдзівасці Паўла (Когда же Петр пришел в Антиохию, то я лично противостал ему, потому что он подвергался нареканию. Ибо, до прибытия некоторых от Иакова, ел вместе с язычниками; а когда те пришли, стал таиться и устраняться, опасаясь обрезанных. Вместе с ним лицемерили и прочие Иудеи, так что даже Варнава был увлечен их лицемерием. Но когда я увидел, что они не прямо поступают по истине Евангельской, то сказал Петру при всех: если ты, будучи Иудеем, живешь по-язычески, а не по-иудейски, то для чего язычников принуждаешь жить по-иудейски? (Гал 2,11-14)). Падобна, нягледзячы на тое, што Бог наўпрост размаўляў з Майсеем, Ён дапускае, каб Майсей быў навучаны праз яго цесця, які раіць выбраць суддзяў у дапамогу (Вых 18).

З іншага боку, Злы таксама можа выкарыстоўваць бліжніх, каб нас адвесці ад Божых планаў. Тут прыклад і Евы, якая спакушае Адама, і Пятра, што адгаворвае Езуса ад чаканых выпрабаванняў, і родных Езуса, якія ўвогуле казалі, што Ён звар’яцеў. Я заўважыў, што часта, калі Бог некага прызывае да больш цеснага жыцця з Ім, калі нехта хоць бы крыху пачынае вырывацца з мірскога жыцця і хоча большага, то тут жа знойдуцца тыя, каго выкарыстае злы, каб увесці чалавека ў падман. На жаль, гэтымі людзьмі найчасцей становяцца нашыя родныя альбо блізкія сябры, бо самыя блізкія нам людзі найбольш нас раняць.

У нас у навіцыяце была практыка, якая называлася дзіўным словам «тапэта». Першы яе крок быў заснаваны на тым, што мы адзін аднаму ў чатыры вокі павінны былі сказаць праўду. Найперш павінны былі памаліцца і ў Бога спытацца, а пасля казаць. Наступны крок: праз нейкі час мы павінны былі сказаць праўду пра некага ў прысутнасці ўсёй манаскай супольнасці. Не магу сказаць, што гэтая практыка геніяльная, бо было сказана таксама вельмі шмат глупстваў, але тым не менш вочы на тое-сёе адкрываліся. Такая практыка, канечне, магчыма толькі там, дзе людзі добра адзін аднаго ведаюць. Некалькі разоў мне давялося сустрэцца на шчырай размове ў семінарыі з маімі братамі. Нягледзячы на тое, што мы размаўлялі на балючыя тэмы, праўда адкрывалася і лячыла маё сэрца, а чалавек, які яе казаў, раптам станавіўся мне блізкім.

На самой справе, не шмат мы маем знаёмых, у якіх можна было б запытацца, што яны пра мяне думаюць, і прыслухацца да іх голасу. Такія моманты праўды і шчырасці трэба цаніць. Яны нашмат больш, у тысячы разоў больш значаць за пустыя захапленні здымкам, які выкладае нейкая дзяўчына «У Кантакце».

Небяспека суб’ектыўнай праўды

Бліжнія могуць быць для нас дапамогай, а могуць быць і перашкодай. Справа ў тым, што мы часта глядзім на праўду суб’ектыўна, кожны са сваёй званіцы. У кожнага з нас – свая праўда. Часта яна адпавядае рэчаіснасці, а часта не. І таму чым больш цесныя адносіны чалавека з Богам, тым больш для яго пачынае знікаць паняцце «мая ўласная праўда». Таму нічога дзіўнага, што сатана часта выкарыстоўвае далёкіх ад Бога людзей, каб нас аддаліць ад праўды.

Важна памятаць: прысутнасць бліжняга не вызваляе мяне ад уласных пошукаў праўды. Калі я буду толькі чакаць, што іншыя мне ўсё скажуць пра мяне, і не буду імкнуцца распазнаваць у сваім сэрцы таго, што мне кажуць, то магу нарабіць шмат памылак.

І ўсё ж я сам не магу быць гарантам, што ўсё разумею правільна. Таксама гэта адносіцца і да іншых. Таму нам так неабходны дар мудрасці і пакоры перад Богам, каб ва ўсім гэтым разабрацца. Адных ведаў і інфармацыі тут будзе замала.

Самую глыбокую праўду здольны адкрыць толькі я сам у Божай прысутнасці

Нам часта так хочацца, каб нехта сказаў, да чаго нас Бог кліча і хто мы такія. Але гэты «нехта» можа адкрыць толькі частку праўды. Самыя глыбокія тайны пра нас знаходзяцца ў нашым сэрцы і пра іх ведае толькі Бог. Мы ж паступова можам адкрываць гэтыя праўды. Думаю, што гэта самае складанае. Многія з нас мучаюцца ў жыцці і жывуць чужымі планамі толькі таму, што не назвалі ўголас таго, што глыбока ляжыць у іх на сэрцы, дзе пасяліўся ціха, але ўпэўнена і назаўсёды Святы Дух, які з’яўляецца крыніцай жадання згодна з воляй Бога (потому что Бог производит в вас и хотение и действие по [Своему] благоволению Філ 2,13). Таму вельмі важна ў Яго пытацца і прасіць, каб Ён сам паказаў нам праўду пра нас.


ПРАЎДА Ў АДНОСІНАХ ДА ІНШЫХ

Тут больш складана. Нават не адчуваю сябе дастаткова моцным, каб штосьці тут тлумачыць. Чалавек, які цэніць праўду, сам пачынае разумець, калі і што трэба казаць. Гэта заўсёды рызыка. Проста надыходзіць такі момант, калі ты больш не можаш маўчаць. І зноў жа, трэбы быць вельмі асцярожным, бо ты, як і кожны чалавек, можаш памыляцца.

Ці заўсёды мы павінны гаварыць праўду?

Гэтае пытанне нас найбольш хвалюе. Хрыстос заўсёды гаварыў праўду, але, разам з тым, Ён толькі ад пэўнага моманту пачынае казаць сваім вучням пра смерць і ўваскрасенне. Абманваў? Не! Проста не казаў, бо ў Яго не пыталіся, а Яму не трэба было казаць раней часу. Ён быў праўдзівы. І ці маем мы абавязак казаць усім, калі нас пытаюцца, напрыклад, пра заробкі, працу, пра глыбока асабістыя рэчы? У такіх выпадках, відаць, мы можам адказаць проста: «Я не хачу размаўляць на гэтую тэму». І тады ты не абманваеш, ты праўдзівы!

Можна сказаць, што ў жыцці Езуса ў нейкім сэнсе дзейнічае правіла: прайграць бой і выйграць бітву. З аднаго боку Ён не падманвае, а з іншага, стоячы ў праўдзе, не адкрывае адразу ўсяго. Ён вядзе стратэгічны бой.

У жыцці мы сустракаемся з мноствам сітуацый, дзе па-людзку трэба хітрыць і абманваць. Нават і блізка не бяруся іх раскручваць і шукаць рашэнняў. Веру, што нам трэба быць праўдзівымі, бо Ён праўдзівы. Але, разам з тым, трэба быць мудрымі (я не пра тое, каб хавацца ад цяжкасцяў і ратаваць сваё мяккае месца). Паколькі мы слабыя і баязлівыя, а, разам з тым, хочам быць Яму вернымі, то Бог нас крок за крокам выхоўвае ў праўдзе. Ён пасылае нам такія сітуацыі, калі трэба рашацца і выходзіць з абману. Гэта не адбываецца адразу. Гэта працэс, крок за крокам. Але кожны з нас у пэўным моманце стане перад выбарам: ці хачу я ісці далей. Менавіта таму не надта бачу сэнсу разглядваць канкрэтныя сітуацыі і адказваць на пытанне, што трэба рабіць, казаць праўду ці не. Гэта выбар кожнага з нас асабіста.

Ворагі праўды – нелюбоў і страх

Перш за ўсё хочацца сказаць пра падман… Але не, трэба казаць пра страх і пра нелюбоў. Гэта яны – нашы ворагі. Калі я буду любіць толькі самога сябе, то ніколі не прызнаюся ў сваіх памылках і не буду паказваць іх іншым, каб не сапсаваліся адносіны. Гэтак жа я не скажу тады пра здольнасці і дары іншага, каб не аказалася, што ён лепшы за мяне. Таму першы вораг праўды – нелюбоў.

Другі вораг – страх. Пра гэта крыху ўжо было. Страх не дазваляе казаць праўды. Як змагацца са страхам? Адзіны выхад – перамагаць яго, а не хавацца.

а. Аляксандр