ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
Айцец Жак Філіп пісаў, што для веруючага чалавека адсутнасць супакою не мае ніякага апраўдання, таму што супакой з'яўляецца месцам, дзе прабывае Бог. Менавіта таму Бог абяцаў Маісею: Я ўвяду цябе ў Мой супакой. Спадзяюся, што гэтыя тэксты дапамогуць таксама тым, хто не быў на апошняй сустрэчы "Вінаградніку".
ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
І. Супакой – шлях да святасці

1. Без Мяне нічога не зможаце ўчыніць (Ян 15,5)

Найперш трэба моцна паверыць у гэтыя словы. Езус не кажа: без Мяне ў вас не ўсё атрымаецца, ці вам будзе крыху горш… Езус кажа: без Мяне нічога не можаце ўчыніць. Найперш чалавеку трэба дайсці да сваёй бязраднасці і не толькі на ўзроўні свядомасці, але і ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Бог мог бы аддаліць ад нас гэтыя балючыя хвіліны, але Ён не робіць гэтага, бо толькі так мы можам усвядоміць, што без Яго нашае жыццё нічога не вартае. Менавіта таму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус пісала, што самая вялікая рэч, якую ўчыніў для яе Бог – гэта паказаў яе бездапаможнасць і нікчэмнасць.

Неспакой у нас нараджаецца тады, калі мы спадзяемся на свае сілы, а яны падводзяць. Таму трэба навучыцца не браць паспешліва на сябе абавязкі і служэнні, але найперш распазнаваць, наколькі мая душа гатовая дазволіць Богу дзейнічаць ува мне, у чым я магу даць Яму месца, а ў чым яшчэ не. Святы Вінцэнт дэ Поль пісаў, што паколькі самыя вялікія рэчы Бог сам чыніць у нас і праз нас, то найважнейшае, каб мы навучыліся не столькі дзейнічаць, колькі цярпець.


Вядома, гаворка ідзе не пра ляноту, а пра, у нейкім сэнсе, панічную паніку Марты, якая пачула ў адказ на яе: Марта! Марта! ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно.Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе (Лк 10,41-42). Марта мітусілася і бегала, хаця нават невядома, ці патрэбны быў Езусу гэты пачастунак. Марыя ж села і слухала, і гэта было найважнейшым.

Ибо так говорит Господь Бог, Святый Израилев: оставаясь на месте и в покое, вы спаслись бы; в тишине и уповании крепость ваша; но вы не хотели и говорили: «нет, мы на конях убежим», - за то и побежите; «мы на быстрых ускачем», - за то и преследующие вас будут быстры (Ісаі 30,15-16).
ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
2. Два віды супакою

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца (Ян 14, 27).

Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю; не спакой прыйшоў Я прынесці, але меч (Мф 10,34).

Супакой можа быць эгаістычны – адчапіцеся ад мяне ўсе, я хачу заняцца сабой, мне ніхто не патрэбны і г.д. Можа таксама прыйсці супакой, калі ў жыцці ўсё добра складваецца. Такі супакой можна назваць знешнім, таму што часта ён залежыць ад знешніх фактараў. Альбо больш правільна было б яго назваць «свецкім».

Процілеглым знешняму супакою будзе супакой унутраны, які дае Хрыстос. Ён не звязаны з эгаізмам. Наадварот, чалавек павінен перамагчы свае амбіцыі, сваё «я», прызнаць сваю залежнасць ад Бога, дазволіць паміраць самому для сябе і дазволіць нараджацца ў ім Богу, Яго планам. Пра такі супакой св. Серафім Сароўскі пісаў: «Здабывай унутраны супакой, і натоўпы знойдуць збаўленне каля цябе». Заўважце: не вы іх збавіце, а яны знойдуць каля вас збаўленне, бо не вы будзеце дзейнічаць і бегаць, а Госпад будзе дзейнічаць праз вас. Прычым гэты ўнутраны супакой далёка не звязаны са знешнімі фактарамі. Найчасцей нават наадварот. Каб дайсці да такога супакою, трэба перажыць многія войны. Святая Кацярына Сіенская пісала: «Без вайны няма супакою».

Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною. Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет (Ян 16, 32-33).

ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
3. Супакой і духоўная барацьба

Гэтая тэма асабліва закраналася на мінулай сустрэчы «Вінаградніку» не толькі тэарытычна, але нават і на практыцы, таму мы тут толькі ўзгадваем галоўнае. Найважнейшае ў духоўнай барацьбе – гэта не паддацца паніцы, не паказваць ворагу спіну. Ён хоча, каб мы страцілі панаванне над сваім унутраным светам, хоча, каб згубілі супакой, таму што ва ўнутраным супакоі прабывае Бог. Таму трэба, нягледзячы на вялікую колькасць атакаў, проста навучыцца стаяць. Нават тады, калі мы зразумелі, што прайгралі бой, нельга кідацца наўцёкі, але і надалей трэба панаваць над сабой і трымаць строй. Можна сказаць, што першы крок у духоўнай барацьбе – гэта не перамога, а здольнаць, нягледзячы ні на што, надалей трываць у радах. Другі крок – пачынаць збіраць маленькія перамогі.

Яшчэ хачу нагадаць, што злы знарок будзе нас заманьваць на тую тэрыторыю, дзе мы ўрэшце рэшт страцім раўнавагу і пачнем панікаваць. Таму таксама важна менавіта нам, а не яму выбіраць месца барацьбы. Для гэтага трэба ведаць свае сілы, трэба навучыцца стаяць у праўдзе і рэальна ацэньваць сябе. Не ўсім адразу трэба займацца і не ўсюды павінен быць я сам – гэта і ёсць выбар поля барацьбы.

4. Супакой і Божы Провід

Многія з нас у жыцці хочуць усё праверыць, усё аблічыць, удакладніць, абы не памыліцца. Гэта можа даваць пэўны супакой, але толькі знешні, «свецкі». Унутраны ж супакой залежыць толькі ад Бога і ад асабістых адносінаў чалавека з Ім. Таму досвед Божай апекі з’яўляецца проста неабходным для таго, каб здабыць унутраны спакой.
Карацей, нам трэба перажыць тыя моманты, калі Бог падае нам руку.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: ідзі! Выйшаўшы з чаўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса.
Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне!
Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!
(Мц 14, 28-33).
ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
Досвед, калі Бог хапае цябе за руку, не залежыць ад прачытаных кніг, ад твайго розуму. Гэта – досвед, перажытая твая гісторыя. Перш чым Пётр дасведчыў гэткага ратунку, ён павінен быў адважыцца і насуперак усялякай логіцы выйсці з лодкі. Як парашутысты. Найперш ім трэба пераламаць свой страх, выскачыць з самалёта і толькі пасля дасведчыць, як ратуе парашут. Калі б удава не дала прароку Іллі апошняга хлеба, то не дасведчыла б Божага абяцання і цуду. Калі ж мы ўсё будзем правяраць і аблічваць, то ніколі не дасведчым, як Бог намі апякуецца, а значыць, увесь час будзем баяцца і хвалявацца. Многія заснавальнікі манаскіх супольнасцяў адчынялі дамы і ішлі на місіі, не ведаючы, ці будуць на гэта грошы і ці гэта прынясе хоць нейкую карысць. Найперш павінен быць крок веры, альбо, хутчэй, даверу. Гэта заўсёды рызыка і трэба быць гатовым, што можаш прайграць. Трэба Бога не заганяць у рамкі, а дазволіць Яму дзейнічаць, даць Яму свабоду дзеянняў у нашай гісторыі. Незалежна ад вынікаў.

5. Добрая воля

Адным з галоўных матораў унутранага супакою з’яўляецца добрая воля чалавека, г.зн. згода з Божымі планамі, прызнанне сваёй залежнасці ад Яго. Для святога Ігнацыя Лаёлы добрая воля з’яўляецца нормай духоўнага распазнання. Калі чалавек мае добрую волю, ідзе ад дабра да большага дабра, то злы дух прыходзіць з неспакоем, а Дух Божы прыносіць супакой. Менавіта таму веруючыя людзі, якія шукаюць Божай волі ў большасці не павінны прымаць ніякіх сур’ёзных рашэнняў, пакуль у сэрцы не будзе супакою ад Госпада. Калі ж чалавек не мае добрай волі (не ідзе па жыцці за дабром і за Госпадам), то адбываецца ўсё наадварот. Злы дух прыносіць супакой (нічога не мяняй, усё будзе добра…), а Божы Дух пачынае мучыць сумленне (табе трэба парваць з грахом, кінуць старое жыццё, перамагчы страх…). Святая Гертруда пісала, што добрая воля, нягледзячы на грахі, можа даць значна больш, чым добрыя ўчынкі. Думаю, што апостал Павел, нягледзячы на тое, што на сваіх руках меў кроў дыякана Стэфана, радыкальна перамяніўся менавіта таму, што меў добрую волю, хацеў служыць Богу ад чыстага сэрца. У сваю чаргу фарысеі нібыта нічога дрэннага не рабілі, але разам з тым былі падманшчыкамі (не мелі добрай волі) і таму не маглі прыняць Езуса сваім Збаўцам. Святая Тэрэса ад Дзіцятка Езус пісала, што з добрай воляй не даюць рады дэманы, яна вядзе да раю.

Гэтая добрая воля вядзе нас да дзіцячага даверу Госпаду на сто адсоткаў. Не пакінуць для сябе нічога, спаліць усе масты, адрачыся ад усялякіх ідалаў і служыць толькі АДНАМУ ГАСПАДАРУ, не азірацца назад, глядзець толькі наперад, толькі на Яго спадзявацца – гэта дае ўнутраны супакой. Святы Ян ад крыжа пісаў: усе дары я атрымаў ад Яго тады, калі перастаў пра іх клапаціцца. А што ж нам рабіць, калі мы не можам Яму аддацца без рэшты? Нягледзячы ні на што, зрабіць гэта – так раіла француская містычка і стыгматычка Марта Робэн. Іншага шляху няма.

У Аднове Харызматычнай ёсць практыка ахвяравання свайго жыцця Госпаду (прыняць Езуса сваім Госпадам і Збаўцам). Я перажыў гэты момант прыблізна дванаццаць гадоў таму. Ён змяніў маё жыццё настолькі, што я мог без сумніву казаць, што я нарадзіўся занава. Падобнае ж казалі пра мяне мае сябры і выхавацелі. Падобныя рэчы перажываюць многія вернікі падчас сустрэчаў у «Школе хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» альбо «Вінаградніку». Аднак многія не атрымліваюць гэтага дару «новага нараджэння». Ад чаго гэта залежыць? Між іншым, і ад таго, наколькі шчыра мы аддаем сваё жыццё Госпаду, наколькі тут няма падману, наколькі гэта бескарысліва. Карацей, многае залежыць ад нашай добрай волі. Калі я думаў, што выбраў Яго раз і назаўсёды, то памыляўся… Выбар гэты трэба рабіць вельмі часта. Зноў і зноў трэба руйнаваць чарговыя ідалы, нешта выкідваць і наноў выбіраць Яго. Калі ж чалавек не бачыць сваіх ідалаў сёння, калі Дух Святы не паказвае яму іх, то гэта значыць, што ён яшчэ не здольны з імі нічога зрабіць.

ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)
ІІ. Што забірае супакой…

1. Блізкія змены

Наша галоўная памылка ў тым, што мы больш жывем заўтрашнім днём, чым сённяшнім. Мы чакае лепшага часу, лепшых акалічнасцяў, мы чакаем, што некалі там зменяцца людзі або станем лепшым мы самі, але калі прыходзіць гэтае «некалі там», то ўсё застаецца такім самым, і мы далей чакаем лепшых часоў… Аднак усё можа змяніцца, калі мы пачнем жыць не заўтрашнім днём, а нашым «сёння». Страх і неспакой прыходзіць тады, калі мы думаем пра будучыню. Як гэта ні дзіўна, але ў крэсле зубнога ўрача нашмат менш страху, чым у пачакальні, калі ты думаеш пра бліжэйшую будучыню.

Калі размова ідзе пра распазнанне паклікання, то гэта тэма бадай найчасцей мучыць вернікаў. Перш за ўсё трэба навучыцца чакаць, не спяшацца з рашэннем, добра абдумаць і старацца сапраўды пачуць свае самыя глыбокія прагненні, бо менавіта ў чыстым сумленні прамаўляе Бог. Наступны крок – параіцца з божымі людзьмі ці хаця б проста распавесці некаму свае сумнівы і сваю гісторыю. Зразумела, што рашэнне будзе прымаць толькі сам чалавек і распазнаваць Голас Божы перш за ўсё павінен таксама ён сам, але Бог не хоча, каб мы былі самадастатковымі. Бог чыніць нас залежнымі ў добрым сэнсе ад Сябе, ад іншых людзей. Менавіта таму Ён часам прамаўляе праз іншых ці ў кіраўніцтве духовым, ці проста ў размове. І менавіта таму нават наша пакаянне Езус зрабіў у нейкім сэнсе залежным ад паслугі святара. Трэці крок – шукаць Божых знакаў і пацвярджэння свайго прагнення. Трэба старацца ісці да ўпэўненасці ў сваім рашэнні і да ўнутранага супакою. Часам Бог не дае такой упэўненасці. Тады трэба больш даверыцца Яму, які кіруе нашай гісторыяй, і прымаць рашэнне нібы ўсляпую, але разам з тым веручы, што Бог дапусціў і пакіраваў нашым «сляпым» рашэннем.

2. Цярпенне іншых

Калі мы сустракаемся з цярпеннем блізкіх нам людзей, то нараджаецца спачуванне. З аднаго боку – гэта дар Божы. Многія святыя спачувалі грэшнікам да слёзаў (напрыклад, святы Дамінік). Аднак святыя не гублялі раўнавагі і супакою. Яны прымалі цярпенне іншых, а разам з тым, умелі давярацца ў гэтай сітуацыі Богу. Мы ж часта пры цярпенні іншых губляем усялякі супакой. І тады гэта ўжо не проста спачуванне. Гэта ілюзія спачування. Мы часта спачуваем не з любові да Бога і чалавека, але спачуваем і непакоімся, бо баімся страціць блізкага нам чалавека. Гэта мы да яго прывязаліся, гэта нам будзе балюча і страшна, гэта мы згубілі супакой.

Часам мы можам перажываць больш за самога пацярпелага. Напрыклад, нехта ўжо даўно змірыўся са сваёй хваробай і будучай смерцю, ён ужо не мае жалю да Бога, верыць Яму, а блізкія не могуць згадзіцца з дадзенай сітуацыяй. Зразумела, што тут праблема не ў хворым, а ў блізкіх.

3. Памылкі і грэх іншых

Святы Францішак Сальскі пісаў, што нішто так не марудзіць Божай справы, як здабыццё яе паспешлівым чынам. Гаворка ідзе зноў жа пра няздольнасць чакаць і давяраць Госпаду. Менавіта гэтая няздольнасць давяраць нараджае неспакой, бо тут Езус не з’яўляецца Гаспадаром.

Асабіста я вельмі шмат нацярпеўся ад гэтай нясталасці. Мне часта вельмі хацелася ды й цяпер яшчэ хочацца навяртання многіх давераных мне душаў, што я забываю, што веру дае Бог і гэта агромністы працэс і агромністая рэвалюцыя ў чалавечай душы. Ён вельмі рэдка адбываецца адразу. Я ж не ўмею чакаць, не ўмею верыць Яму і быць свабодным ад людзей. Я пачынаю злавацца, што яны не рашаюцца на змены, і губляю супакой. А ўся праблема ў тым, што веру ў такіх сітуацыях больш сваім сілам і забываюся, што ўсё залежыць насамрэч ад адносінаў паміж дадзеным чалавекам і Госпадам. Гэта іх адносіны! Я тут толькі пасрэднік і назіральнік, але ніяк не ўплываю ў рашаючым моманце на гэтыя адносіны. Часта чалавек стаіць перад выбарам, і гэта ён павінен зрабіць выбар. Я тут не дапамагу. Трэба ўмець адпусціць чалавека… А калі не ўмееш, то прыходзіць неспакой, і страх, і кашмар… Бачу, што для многіх вернікаў гэта з’яўляецца вельмі сур’ёзнай праблемай, падобна як і для мяне. Мне Госпад столькі разоў паказваў, што як толькі я адважваўся адпускаць лейцы, Ён сам пачынаў дзейнічаць і мяняў чалавека. Госпад паказваў, а я ўсё адно – на тыя самыя граблі… Гэта сапраўды праблема для многіх нас.

4. Асабісты грэх

Досвед уласнага граху найчасцей наганяе на нас апатыю, у нас апускаюцца рукі, мы пачынаем вініць сябе, нам не хочацца маліцца, нічога не хочацца рабіць і г.д. Але, заўважце, як правіла нам дрэнна не таму, што мы абразілі Бога, зрабілі Яму балюча, а таму, што ў НАС не атрымалася. Мы глядзім у гэтым выпадку больш на сябе, а не на Бога. Гэта эгаізм. Злы пераконвае нас у нашай нягоднасці, ён нас асуджае. Мы губляем спакой, таму што не давяраем Госпаду, а і надалей разлічваем на свае сілы. Калі пасля граху ў нас апускаюцца рукі, то гэта знак, што нас скручвае злы. Калі ж, нягледзячы на ўсведамленне граху, нам хочацца нешта рабіць, хочацца вярнуцца да Міласэрнага Айца, то гэта знак, што тут працуе Дух Божы. Давер да Бога вядзе да ўсведамлення, што я сам па сабе нічога не магу і таму нічога дзіўнага, што я зноў зграшыў. Толькі ў гэтым выпадку я ўжо не апускаю рукі, бо яны і так мала што зробяць, а яшчэ больш настойліва прыбягаю да Яго, але прыбягаю з даверам, расчараваны сабою ды іншымі, але поўны веры ў Яго моц.

Высновы


Падсумоўваючы… Адзіны лек на здабыццё ўнутранага супакою – гэта менш клапаціцца пра сябе, а больш давяраць Яму…

Тэма «Вінаградніку» у значнай ступені апрацавана па падставе кнігі а. Жака Філіпа «Шукай супакой і ідзі за ім». Жак Філіп належыць да харызматычнай «Супольнасці Блаславенстваў» і доўгія гады (не ведаю як на дадзены момант) быў адказным за кляштар гэтай супольнасці ў Рыме. Яго кнігі былі перакладзеныя на рускую мову і для жадаючых даю адну са спасылак:

http://beread.ru/religiya/234714-vremya-dlya-boga-ischi-mira-i-stremis-k-nemu.html

ШУКАЙ СУПАКОЙ І ІДЗІ ЗА ІМ (ВІНАГРАДНІК, 24.11.2012)