Кожны раз тыя самыя грахі… Нічога не мяняецца… Тыя самыя праблемы… Усё тое самае і нават яшчэ горш… Абяцаеш быць іншым – і як заўсёды…
Хто з нас гэтага не дасведчыў? Але чаму так дзеіцца? Напэўна, адказаў будзе шмат. Ды адзін з іх – гэта недахоп вернай штодзённай працы над сабой у Божай Прысутнасці. Менавіта ў гэтым нам можа дапамагчы простая практыка штодзённага рахунку сумлення паводле методыкі св. Ігнацыя Лаёлы.
Хто з нас гэтага не дасведчыў? Але чаму так дзеіцца? Напэўна, адказаў будзе шмат. Ды адзін з іх – гэта недахоп вернай штодзённай працы над сабой у Божай Прысутнасці. Менавіта ў гэтым нам можа дапамагчы простая практыка штодзённага рахунку сумлення паводле методыкі св. Ігнацыя Лаёлы.
За гады маёй святарскай паслугі я стаў заўважаць адну малацікавую рэч. Шмат людзей перажывае досвед Божай Любові пасля ўдзелу ў рэкалекцыях «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», або пасля «Вінаградніку», паездак на сустрэчу з а. Джэймсам, а. Рэчэкам, рознымі экзарцыстамі і г.д., але пасля ўсё гэта некуды знікае, і людзі бегаюць у пошуках чарговай «дозы» альбо акцыі. Праблема не ў гэтых сустрэчах ці рэкалекцыях, а ў тым, што мы часта не ўмеем бачыць Бога ў нашых штодзённых буднях. Не бачым і не шукаем Яго. Чакаем, што гэта павінны нам даць іншыя. А мы, святары, у сваю чаргу, часам таксама загнаныя нашымі штодзённымі абавязкамі (нават тымі, што для Бога), і ў выніку таксама не бачым Яго. Мой уласны горкі вопыт паказвае, наколькі важна ва ўсім гэтым знайсці Крыніцу Жывой Вады, з якой можна піць штодзённа. Калі мы не знойдзем гэтай крыніцы на штодзень, то ўсе гэтыя паездкі і акцыі не прынясуць плёну, і наш вінаграднік будзе бясплодны. Некалі я сказаў сам сабе: калі б ты штодзённа перад Госпадам і разам з Ім жыў паводле тых тэмаў, якія Ён адкрыў табе праз «Вінаграднік», то быў бы зусім іншым чалавекам. Таму на гэты раз хачу падзяліцца той малітоўнай практыкай, якая перыядычна дапамагае мне вярнуцца да Яго, трываць пры Ім і свядома старацца аб Божым плёне ў маім жыцці.
Ігнацыянскі рахунак сумлення – агульныя прынцыпы
Што такое рахунак сумлення? Рахунак – гэта папера, на якой падрабязна напісана ўсё, што мы набываем. Часам можна ўзяць чэк, альбо рахунак, які заваляўся ў кошыку ад мінулага наведвальніка крамы, прагледзець яго і зрабіць выснову пра чалавека. Адзін звычайны рахунак з крамы можа нам тое-сёе сказаць пра чалавека. Калі ж мы возьмем іх некалькі, напрыклад, за апошнія пару тыдняў, то скажам ужо штосьці з большай упэўненасцю. А калі мы будзем аналізаваць кожны штодзённы рахунак, то з нас атрымаецца неблагі Шэрлак Холмс.
Рахунак сумлення – гэта малітоўная практыка, якая найперш дапамагае падрыхтавацца да споведзі. Мы глядзім на сваё сэрца, на сваю гісторыю і спрабуем там разабрацца. Шмат людзей ідзе да споведзі без рахунку сумлення і таму нічога дзіўнага, што гэтыя споведзі павярхоўныя, агульныя і не маюць вялікай вартасці. Але нават тады, калі мы раз на месяц робім рахунак сумлення, бо штомесяц спавядаемся, ён дае, вядома, свае вынікі, але гэта нішто ў параўнанні з той сітуацыяй, калі мы робім рахунак сумлення штодзённа.
Рахунак сумлення, якому вучыў святы Ігнацы Лаёла (т.зв. ігнацыянскі рахунак сумлення) адрозніваецца ад звычайнага рахунку сумлення. Калі мяне вучылі ў навіцыяце гэтай практыцы, то я напачатку не разумеў, навошта кожны дзень рыхтавацца да споведзі. Нават калі я і спрабаваў гэта шчыра рабіць, то ўсё роўна не мог узгадаць перад споведдзю ўсяго, што мне прыходзіла на розум у папярэднія дні. Справа ў тым, што ігнацыянскі рахунак сумлення скіраваны не толькі на падрыхтоўку да споведзі. Перш за ўсё – гэта малітоўная практыка, якая паказвае нам Божую Прысутнасць у пражытым дні, а тут важна бачыць не толькі нашыя грахі. Таму назва «рахункак сумлення» не зусім адпаведная для гэтай малітоўнай практыкі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра запавет чалавека з Богам. Я ўзгадваю пра гэты запавет і хачу быць яму верным. Для мяне важны не столькі той момант, ці буду я апраўданы перад Богам і ці Ён мяне не асудзіць, колькі жаданне трываць з Ім у адносінах. Я гляджу на Яго вернасць у нашым супольным запавеце, на тое, што Ён робіць у маім жыцці, а таксама хачу адказаць тым самым. Гэта не праверка мяне самога, майго сумлення. Гэта сустрэча нас дваіх. Менавіта таму многія кажуць, што гэта найважнейшыя хвіліны пражытага дня. Сам жа святы Ігнацы дазваляў сваім вучням прапусціць многія малітвы, але не дазваляў занядбоўваць узгаданую практыку.
Чатыры фундаментальныя рысы:
1) Бог прыходзіць першы. Таму рахунак сумлення – гэта не столькі праца розуму чалавека, колькі просьба, каб Ён паказаў стан рэчаў. Чалавек найперш імкнецца ўбачыць, што Ён зрабіў у ягоным жыцці сёння.
2) Адказ чалавека. Варта адказаць на пытанне, ці быў ты верны твайму запавету з Богам?
3) Не забываць пра Божыя справы.
4) Навучыцца распазнаваць Божы характар. Аналізуючы кожны дзень Божае дзеянне ў сваім жыцці чалавек у выніку пачынае пазнаваць Яго стыль.
Асноўныя памылкі найчасцей праяўляюцца ў тым, што мы адразу пачынаем шукаць свае грахі або плануем крок за крокам прааналізаваць пражыты дзень, каб заўтра зрабіць яго больш дасканалым. Наша праца над сабой і змаганне з грахамі – гэта толькі элемент ігнацыянскага рахунку сумлення. Найважнейшае – гэта свядомая сустрэча з Богам, а не самадасканаленне.
Падрыхтоўка
Вельмі часта малітва не атрымліваецца, таму што мы ставімся да яе як да абавязку, які трэба адбыць, а не як да практыкі, якая павінна прыносіць плён у нашым жыцці. Святы Ігнацы Лаёла вельмі шмат удзяляе ўвагі падрыхтоўцы. Гэта тычыцца не толькі рахунку сумлення, але таксама медытацыі і любой іншай малітвы. З майго ўласнага досведу вынікае, што без падрыхтоўкі малітва праслаўлення альбо і Святая Імша таксама прабягае не так, як бы хацелася. Жывучы ў гэтым свеце, слухаючы яго голас і яго праблемы, трэба зрабіць нібы паўзу перад тым, як распачаць сустрэчу з Богам. Інакш гэты свет будзе нас заглушаць.
Таму перш за ўсё трэба паклапаціцца пра адпаведны час, месца і паставу цела. Кожны сам павінен знайсці для сабе найлепшы варыянт. Няма вялікага сэнсу пачынаць рахунак сумлення, калі мы нецярпліва чакаем тэлефоннага званка або нейкага фільма і хочацца хутчэй скончыць гэты няшчасны рахунак. Трэба знайсці такі час і такое месца, дзе табе ніхто не будзе перашкаджаць. Святы Ігнацы звяртаў асаблівую ўвагу на ўсведамленне Божай Прысутнасці. Думаю, што калі б Хрыстос з’явіўся перад намі, то ніхто з нас не змог бы сядзець, закінуўшы нагу за нагу. У дадзеным выпадку важная пастава цела. Прымаючы адпаведную паставу, старайся ўсведаміць, перад Кім ты цяпер стаіш, Хто глядзіць на цябе і г.д.
Асабіста мне дапамагае малітва на каленях перад крыжом, які вісіць на сцяне. Кожны раз, калі я прысяду альбо абапруся на канапу, малітва робіцца ўжо не той. Малітва трывае 15-20 хвілін.
Малітва пяці пунктаў
Ігнацыянскі рахунак сумлення складаецца з пяці элементарных крокаў:
1) Дзякаваць Богу за атрыманыя дары і ласкі. Вельмі важна чалавеку маліцца, каб Бог паказаў тое, што Ён для яго сёння зрабіў. Гэта малітва падзякі павінна быць шчырай. Трэба дзякаваць за тое, што сапраўды табе здаецца важным і што ты цэніш. Трэба дзякаваць ад сэрца, а не розумам. І таму вельмі важна духам бачыць значэнне таго, што Ён чыніць. Менавіта таму лічу, што трэба найперш запрасіць Яго, каб Ён паказаў глыбіню свайго дзеяння на працягу пражытага дня. Пасля трэба старацца храналагічна, гадзіна за гадзінай прабегчы па сённяшнім дні.
Некалі я быў сведкам пэўных зменаў у Касцёле, што мяне шчыра ўзрадавала. У гэтых зменах я бачыў Провід Божы, Яго апеку, у нечым бачыў паняцце «пашчасціла», аднак і блізка не мог бачыць, што я сам маю непасрэдны ўдзел у гэтых зменах. Толькі праз нейкі час Дух Святы ўзгадаў мне, што я маліўся кожнага дня аб гэтых зменах, толькі крыху інакш іх сабе ўяўляў. Гэтае бачанне прыйшло ад Яго, а я сам чамусьці не мог супаставіць усіх нюансаў у адно цэлае.
Ігнацыянскі рахунак сумлення складаецца з пяці элементарных крокаў:
1) Дзякаваць Богу за атрыманыя дары і ласкі. Вельмі важна чалавеку маліцца, каб Бог паказаў тое, што Ён для яго сёння зрабіў. Гэта малітва падзякі павінна быць шчырай. Трэба дзякаваць за тое, што сапраўды табе здаецца важным і што ты цэніш. Трэба дзякаваць ад сэрца, а не розумам. І таму вельмі важна духам бачыць значэнне таго, што Ён чыніць. Менавіта таму лічу, што трэба найперш запрасіць Яго, каб Ён паказаў глыбіню свайго дзеяння на працягу пражытага дня. Пасля трэба старацца храналагічна, гадзіна за гадзінай прабегчы па сённяшнім дні.
Некалі я быў сведкам пэўных зменаў у Касцёле, што мяне шчыра ўзрадавала. У гэтых зменах я бачыў Провід Божы, Яго апеку, у нечым бачыў паняцце «пашчасціла», аднак і блізка не мог бачыць, што я сам маю непасрэдны ўдзел у гэтых зменах. Толькі праз нейкі час Дух Святы ўзгадаў мне, што я маліўся кожнага дня аб гэтых зменах, толькі крыху інакш іх сабе ўяўляў. Гэтае бачанне прыйшло ад Яго, а я сам чамусьці не мог супаставіць усіх нюансаў у адно цэлае.
2) Прасіць аб здольнасці ўбачыць свой грэх і нявернасць. У малітве трэба прасіць аб тым, каб убачыць усё тое, што аддаляе цябе ад Бога. Паводле святога Ігнацыя, усе рэчы трэба ацэньваць пытаннем: вядуць яны мяне да Бога ці аддаляюць. У гэтай малітве трэба прасіць аб пазнанні таго, што не дазваляе вытрываць у запавеце з Богам і належным чынам адказаць Яму.
3) Аналізаваць пражыты дзень у пошуках граху і занядбання. Ад моманту, калі ты адкрыў вочы раніцай ажно да гэтых хвілінаў, калі ты стаў перад Богам і робіш рахунак сумлення, старайся гадзіну за гадзінай узгадаць, што было. Асабліва звяртай увагу на думкі, словы і канкрэтныя дзеянні.
4) Малітва аб прабачэнні і просьба аб аднаўленні запавету.
5) Рашэнне выправіцца ў сіле Яго ласкі. Ідзе размова пра ўсведамленне, што ты сам па сабе мала што можаш змяніць, бо грахі ж паўтараюцца. Таму старайся рашыцца на змены, але ў веры, што атрымліваеш ад Яго помач. Старайся ахвяраваць дадзеную праблему Госпаду. У гэтым моманце асабіста для мяне неабходна хаця б у выпадку нейкіх грахоў ці занядбанняў зрабіць вельмі канкрэтныя пастановы на заўтрашні дзень. Што я павінен зрабіць, каб гэты грэх заўтра (або і ўвогуле) не паўтарыўся? Датычыць гэта перш за ўсё тых грахоў, якія часта паўтараюцца і якія мы (так нам здаецца) не надта можам кантраляваць.
Па ўсёй логіцы, устаючы з пасцелі на наступны дзень, чалавек павінен узгадаць пра свае пастановы.
Не ўсё адразу…
Некаторыя раяць, каб у свабодзе падыходзіць да дадзенай малітоўнай практыкі. Ідзе размова не пра тое, каб навучыцца выконваць усе пункты, а пра тое, каб навучыцца сустракацца з Жывым Богам, бачыць Яго прысутнасць у сваім штодзённым жыцці і спрабаваць адказваць чынам на Яго заклікі. Бог выхоўвае нас па кроках. Таму нехта зможа скарыстаць адразу з гэтай практыкі, а нехта будзе рабіць першыя нясмелыя маленькія крокі.
Для тых, хто пачынае…
Некаторыя маюць схільнасць бачыць у сваім жыцці адны толькі негатывы. Часам мы самі сябе пераконваем у такім бачанні, а часам нам «дапамагаюць» нашы «бліжнія». Іншыя ж маюць схільнасць бясконца капацца ў сваёй гісторыі і шукаць там памылак ды вінаватых. Яшчэ іншыя гадамі стараюцца дайсці да вобраза «ідэальнага» верніка, які не памыляецца і на якога ўсе будуць глядзець як на ідэал. Для такіх людзей перш за ўсё пажадана навучыцца проста дзякаваць Богу, бачыць Яго Любоў і апеку, а для гэтага трэба перастаць асуджаць сябе і бясконца ў сабе капацца. Такім людзям нават пажадана цэлымі тыднямі рэгулярна практыкавацца толькі ў першым пункце – падзякі.
Па-першае, становімся ў Яго прысутнасці. Глядзім не на сябе, а на Яго.
Па-другое, прасім Яго святла. Хачам не самі сябе мяняць і ў сабе капацца, а даверыцца Яго позірку. Бо не наша праца, але Яго праца ідзе ўнутры нас. Хачам быць залежнымі не ад сваіх сілаў, а ад Яго. Таму прасім Яго святла на наш пражыты дзень.
Па-трэццяе, трэба дзякаваць за канкрэтныя рэчы. Гэта можна зрабіць у трох напрамках: а) праглядаючы пражыты дзень храналагічна; б) звярнуць увагу на пазытыўныя пачуцці і пры якіх акалічнасцях яны паўсталі – пачуццё радасці, супакою, удзячнасці; в) можна затрымацца над нейкім невялічкім момантам і пастарацца ўбачыць у ім прысутнасць Бога.
Па-чацвёртае, даверыць Богу будучыню. Людзям, каторыя капаюцца ў сабе і ўсялякім коштам кантралююць сваё жыццё, хочацца быць беспамылковымі. Ім вельмі важна навучыцца перастаць спадзявацца на свае сілы, а даверыцца Богу. Такім людзям трэба найперш ламаць сябе. Трэба дзякаваць Богу за канкрэтныя рэчы, а ўсё астатняе проста давярыць Яму. У гэтым выпадку адзіны грэх, які трэба шукаць, – гэта грэх кантролю над уласным жыццём. Варта ўбачыць, ці ты зноў пачаў у сабе капацца, ці ўсё ж змог выпусціць са сваіх рук хоць невялічкую частку сваёй гісторыі і г.д.?
Практыкаванне ў малітве падзякі можа трываць штодзённа цэлымі тыднямі, або і месяцамі. Усё залежыць ад таго, наколькі чалавек засяроджаны і замкнёны на сабе. Малітва падзякі павінна з часам паказаць змены. Гаворка ідзе не пра эмацыйнае праслаўленне і радасць. Часам малітва падзякі будзе пазбаўлена пазітыўных эмоцый. Гэта малітва сэрца і волі, а пачуцці могуць быць пры гэтым зусім іншыя. Ты стаіш перад Богам у праўдзе, такі, які ёсць, і стараешся ў праўдзе ўбачыць Яго прысутнасць, падзякаваць Яму.
Для тых, хто стаў на шлях навяртання…
Толькі пасля таго, як чалавек навучыцца бачыць Бога ў сваім жыцці, можна пачаць шукаць свае грахі. Навяртанне – азначае развярнуцца на 180 градусаў. Калі ж ты яшчэ не ўбачыў Бога, то не будзе да каго разварочвацца. Тады ты будзеш круціцца толькі вакол сябе, а трэба развярнуцца і пайсці ў іншым напрамку. Трэба найперш убачыць гэты іншы напрамак і пераканацца ў Ім.
Без здольнасці глядзець на Бога і бачыць Яго прысутнасць у сваім жыцці, пошукі граху стануцца толькі праяўленнем эгаізму і самадасканаласці.
Для тых, хто распазнае…
Гэта больш складаны этап, і ён вымагае перш за ўсё вернага, штодзённага рахунку сумлення на працягу доўгага часу. На дадзеным этапе чалавек не проста распазнае, што добрае, а што дрэннае, дзе грэх, а дзе яго няма. Ён ужо стараецца пазнаць характар Бога і характар ворага. Ён спрабуе прадугледжваць, аналізаваць. Перш за ўсё гэта адбываецца на шляху малітвы і назірання за сваімі пачуццямі і перажываннямі. Супакой або неспакой, злосць або радасць – адкуль яны прыходзяць, што было прычынай, які пакінула плён у сэрцы, якія трэба прымаць рашэнні – ісці за гэтым ці не і г.д.
Галоўнае
Ігнацыянскі рахунак сумлення мае вельмі простую структуру. Тут няма нічога асаблівага, таму што яго сутнасць не ў пяці пунктах. Адзін езуіт напісаў, што гэта практыка не мае ніякага сэнсу, калі яе не рабіць штодзённа. Гаворка ідзе не пра тэхніку ў малітве, бо яе тут, практычна, і няма, а пра штодзённую вернасць у сустрэчы з Жывым Богам, дзе чалавек перш за ўсё правярае не сваю дасканаласць, а перажывае свае адносіны з Ім. Асабіста мне хочацца параўнаць гэтую практыку з сустрэчай мужа і жонкі, якія пасля доўгага працоўнага дня сустракаюцца недзе там на кухні, каб расказаць, што яны сёння перажылі. А пасля яны пагавораць і пра тое, як далей ім супольна жыць.