АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Нарэшце магу выкласці змест канферэнцый апошняга «Вінаградніку», які адбыўся на пачатку снежня. Прашу прабачэння ва ўсіх, хто вымушаны быў рэгулярна правяраць сайт, ці з’явілася тут што новае)))
а. Аляксандр


АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Найперш некалькі думак, якія я запазычыў у аднаго псіхолага. Яны тычацца адрозненняў паміж паняццем «адказнасць» і «абавязковасць». Абавязковасць у нейкім сэнсе дадзена нам кімсьці, яна нібы накінута знешне, а адказнасць – гэта ўнутраны парыў, які залежыць толькі ад нас саміх. Да адказнасці мы выхоўваем самі сябе. І не заўсёды адказнасць і абавязковасць ідуць поруч. Напрыклад, я будаўнік. Працую рэгулярна з васьмі да пяці і за гэтыя гадзіны мне плацяць. Я выконваю свой абавязак і пра мяне могуць казаць, што я абавязковы. Аднак адказным я буду тады, калі мяне пачнуць цікавіць не гадзіны маёй працы, а вынік. Бо я ж магу гэтыя гадзіны праседзець, пракурыць, праспаць, або проста буду цягацца з кута ў кут, робячы ўражанне, што працую. Такім чынам, абавязковасць больш звязана з працэсам, а адказнасць – з вынікам.

Бог чакае плёну…

Найперш мы павінны памятаць, што мы жывем не проста так. Бог чакае ад нас выніку. Чалавек нараджаецца і прыходзіць у гэты свет з канкрэтнай мэтай, а не для таго, каб неяк там пражыць гэтыя гады.

А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў сто разоў (Мк 4,20).


Калі мы гаворым пра плён, якога чакае ад нас Бог, то хачу звярнуць увагу на дзве небяспекі ў жыцці верніка. Першая небяспека – гэта выключная дамінацыя дагматычных і маральных праўдаў веры. Ёсць шмат хрысціянаў, якія вельмі добра і дакладна ведаюць вучэнне Касцёла, ведаюць, чым мы адрозніваемся ад пратэстантаў і праваслаўных, дакладна ведаюць маральнае вучэнне, могуць з лёгкасцю вызначыць, дзе дабро, а дзе зло, што чалавеку можна, а чаго нельга. Да таго ж, яны могуць не толькі гаварыць на гэтую тэму, але па гэтых правілах яны і жывуць. Такія людзі з’яўляюцца для многіх прыкладам «ідэальнага католіка». І толькі калі больш глыбока прыгледзецца да такога жыцця, то становіцца зразумелым, што нешта тут яўна не так. Такое жыццё не мае дынамізму, яно прэснае, не прываблівае, каб з яго браць прыклад. Гэта не жыццё Абрагама ці Майсея, якія ідуць у невядомае. Тут няма хаджэння па водах. Цяжка ўявіць, каб Езус, які дакранаецца да пракажоных, аздараўляе хворых, размаўляе з прастытуткамі і злодзеямі, ідзе да грэшнікаў і вызваляе апантаных, каб Ён жыў выключна па гэткіх правілах. У гэтак званай «праведнасці» няма нечага асноўнага – няма любові і гарачага сэрца, а ёсць толькі правілы, толькі закон. Да гэткай катэгорыі людзей больш пасуе дзелавы бізнэсовец, які апранае заўсёды адпаведны касцюм, ідзе на працу і п’е каву а той самай гадзіне, ведае, як не рызыкаваць і не памыляцца, як трымаць марку, ведае, дзе свае, а дзе чужыя і г.д. Карацей, ён заўсёды правільны. Даруйце, але да такой катэгорыі я не магу аднесці Езуса і Яго вучняў. Праведнасць Езуса іншая. Ён кіруецца Законам, але Законам, які ідзе ўпоруч за любоўю.
АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Прыкладам Езусавай праведнасці з’яўляецца Язэп, які з аднаго боку не парушае рэлігійнага Закону, а з іншага боку для яго найважнейшым становіцца дабро Марыі і ён не адкідае яе, хаця дзіця ў лоне Багародзіцы і не ад яго. Гэта праведнасць з любоўю, з верай, з рызыкай. Процілеглым прыкладам з’яўляецца багаты хлопец, які нібыта і не грашыць, нібыта і праведнік, але ў выніку не пайшоў за Езусам, бо не мог згадзіцца на рызыку і на любоў. Ён проста верна выконваў Закон, але, асмелюся сказаць, гэтае выкананне Закону ў выніку не прынесла плёну, якога чакае ад нас Бог.

Іншая небяспека – дамінацыя эмацыйнай сферы. У гэтым выпадку таксама можна лёгка падмануцца і замест сапраўднага плёну, якога чакае ад нас Бог, кінуцца на нейкі міраж. Напрыклад, калі я бачу натоўп людзей на «Вінаградніку», то задумваюся, ці гэта той плён, які можна прынесці Богу? Невядома. Тады трэба задаць пытанне, чаму гэтыя людзі тут стаяць, ці змянілася што ў іх жыцці, ці будуць яны іншымі і г.д. Калі нам радасна на малітве, калі мы плачам або смяемся, калі нешта асаблівае ці надзвычайнае перажываем і нам хочацца зноў сюды прыехаць, зноў тут маліцца – гэта плён, ці яшчэ не? Гэта яшчэ не плён. Ян Хрысціцель кажа: дайце годны плён пакаяння. Плён пакаяння з’яўляецца не тады, калі я плачу, а калі нешта хоць бы і паволі, але пачынае змяняцца ў маім жыцці. Плён – гэта не працэс, а вынік. Ён з’яўляецца тады, калі грэх перастае паўтарацца, або паўтараецца радзей, калі чалавек, напрыклад, пачынае заўважаць і цаніць іншага чалавека, калі ён здольны прабачыць і падаць руку, калі яму хочацца нешта рабіць і ён пачынае рабіць. У гэтым выпадку мы можам казаць пра нейкі плён. Нашыя ж перажыванні і захапленні яшчэ ні аб чым не гавораць. Часам можа аказацца, што Бог тут і ўвогуле ні прычым, а лічыцца толькі тое, ці добра нам тут.

Яшчэ раз хачу звярнуць увагу на некаторыя незвычайныя ці харызматычныя з’явы, якія мы часам бачым, з якімі часам сустракаемся. Калі нехта перажывае «адпачынак у Духу Святым», то трэба задаць пытанне, ці гэта нешта дае чалавеку. Часам людзі, калі яны перажываюць аздараўленне фізічнае, духоўнае, аздараўленне роду, або абнаўленне Духам Святым, то пры гэтым здараецца, што чалавек можа ўпасці. Аднак з гэтым «адпачынкам» звязана вельмі канкрэтнае дзеянне Божае. Найчасцей гэта адбываецца на пачатку нашай прыгоды з Духам Святым. Пасля ж мы служым Госпаду, цвёрда стоячы на нагах. Мы патрэбныя Богу свядомымі. Такі «адпачынак» можа паўтарацца пры нейкіх чарговых этапах у жыцці чалавека, але калі гэта здараецца рэгулярна і даволі часта, то варта тады паставіць вялікі пытальнік наконт таго, што з чалавекам адбываецца. Бо сам па сабе «адпачынак» нічога не дае і не з’яўляецца ніякай вартасцю і ні аб чым яшчэ не сведчыць. Плён павінен праявіцца не ў ім, а ў зменах у жыцці. Асабіста я дасведчыў такога «адпачынку ў Духу Святым» толькі адзін раз, калі нада мной маліліся аб дарах Духа Святога. Гэта было на самым пачатку майго свядомага служэння.

Падобнае адбываецца і з дарам малітвы на мовах. Апостал Павел на гэтую тэму разважае вельмі практычна. Дарам малітвы на мовах ты можаш маліцца, але калі гэта непрыемна разіць іншых вернікаў, асабліва тых, хто прыйшоў на малітву ўпершыню, то навошта іх выпрабоўваць? Лепш тады маліцца звычайнымі словамі (1 Кар 14). Карацей кажучы, што гэта дае, які плён?

Такім чынам, пад уплывам эмоцый мы можам перастаць дбаць пра сапраўдны плён, а займемся толькі сваімі перажываннямі і самімі сабой: што я перажыў, што ўбачыў, што прысніў, што адчуў і г.д. Гэтая эмацыйная небяспека праяўляецца не толькі ў надзвычайных і харызматычных з’явах, але таксама тады, калі чалавек прывыкае да нейкай формы пабожнасці, яму з гэтым добра і ён перастае шукаць Божых планаў. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра традыцыяналізм. Некаторыя людзі так прывыклі да мясцовых звычаяў, што ўсялякая «іншасць» імі абсалютна не ўспрымаецца. Напрыклад, яны абвострана рэагуюць на тое, калі на Імшы трэба станавіцца на калені, як адпраўляць набажэнствы і г.д. Як ні дзіўна, але гэта таксама эмацыйная сфера. Бо чалавеку добра, утульна так, да чаго ён прызвычаіўся.

Такім чынам, дамінацыя эмацыйнай сферы ў той ці іншай форме проста не дазваляе нам бачыць сапраўдныя змены і плён, якіх ад нас чакае Бог.

АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Адказнасць за даверанае нам заданне…

Толькі пасля таго, як мы пачынаем верыць і разумець, што важна не тое, як мы сябе адчуваем, ці нам добра ці не, а тое, ці прынясу я Богу чаканы плён, толькі пасля разумення, наколькі важны для Бога і для нас гэты плён, мы бярэмся за выкананне нашага задання з усёй адказнасцю, бо нас ужо цікавіць не сам працэс, а вынік і толькі вынік. У імя выніку мы гатовыя ахвяраваць многім, але найперш трэба паверыць, што Бог чакае плёну і гэта сур’ёзна.

Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць [яе]. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы – незнішчальны. Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы
б’ючы паветра; але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным
(1 Кар 9,24-27).

Апостал Павел кажа, што калі ў цябе з’яўляецца канкрэтная мэта, калі ты павінен здабыць нейкі вынік ці нечага дабіцца, то ты пачынаеш змагацца, адмаўляешся ад многага для таго, каб здабыць галоўнае. Менавіта здабыць! Тут ужо ідзе гаворка пра мэтанакіраванасць. Калі мы ад усяго сэрца пачынаем верыць, што Бог чакае ад нас плёну, то пачынаем адмаўляцца ад усяго непатрэбнага, каб здабыць галоўную мэту і прынесці плён. На пачатку мы казалі, што адказнасць нараджаецца тады, калі нам патрэбны вынік. Менавіта тут нараджаецца адказнасць.

Найбольш на тэму адказнасці кажа нам прыпавесць пра Гаспадара і пра слугаў. Таму паспрабуем больш падрабязна паразважаць над ёй. Раю таксама потым узяць гэты тэкст на медытацыю ці малітву, каб суаднесці яго з уласнай сітуацыяй.

Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства. Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся” (Лк 19, 11 – 13).

Слугі атрымалі канкрэтнае заданне. Яны не проста павінны былі неяк там ператрываць без свайго гаспадара, яны павінны былі паклапаціцца пра яго справы, яго маёмасць. Гаспадар даў ім вельмі канкрэтнае заданне. Што праўда, не сказаў, якіх дакладна ён чакае вынікаў або прыбытку, але ясна было адно – ты павінен не проста пратрымаць срэбра, але вярнуць яго ў большай колькасці, чым атрымаў. Евангеліст Мацьвей дадае, што гаспадар даў кожнаму паводле яго магчымасцяў. Наш гаспадар не тыран, ён не проста хоча нажывацца, ён ведае сваіх слугаў, улічвае іх магчымасці, лічыцца з імі, але адначасна не дазваляе слугам ленавацца і бяздзейнічаць.

А якія заданні даў табе наш Гаспадар? Як думаеш, за што ты нясеш адказнасць перад Ім? Евангеліст Мацьвей апавядае пра таланты, і нам адразу хочацца думаць пра нашыя здольнасці, якія нам трэба развіваць. У нейкім сэнсе ёсць тут рацыя, але не да канца. Нашыя здольнасці могуць служыць толькі нам. Напрыклад, талент іграць у карты або ездзіць на роліках, або развівацца навукова. Гэта могуць развіваць толькі людзі з эгаістычнымі амбіцыямі. Пытанне: ці Яму гэта патрэбна? Ці для Яго гэта прыносіць плён?

Другі важны момант. Адказнасць нараджаецца тады, калі за цябе перастаюць вырашаць дадзеную праблему. Калі ты маеш за каго схавацца, або перавесці стрэлкі, або спіхнуць, то не развіваешся ў адказнасці. У апосталаў адказнасць пачынаецца тады, калі Езус пасылае іх прапаведваць па-двое. А найбольш адказнасць праявіцца тады, калі Езус адыйдзе да Нябеснага Айца. Гэтак жа і ў прыпавесці. Гаспадар пакідае сваіх слугаў, і яны павінны, магчыма, упершыню пазнаёміцца з адказнасцю. З аднаго боку гэта прыгожа гучыць і выглядае, але з іншага боку ідзе размова пра сітуацыю, якой мы страшна баімся. Слугі застаюцца без свайго Гаспадара. Яны самотныя, яны не адчуваюць Яго прысутнасці. Ім няма з Кім параіцца, і ім трэба самім прымаць рашэнні, якія могуць быць памылковымі. Такім чынам, мы бачым, што момант адказнасці неразрыўна звязаны з пачуццём пакінутасці і самотнасці. Узгадай сабе такія сітуацыі, калі Бог дае табе заданні, а разам з тым ты адчуваеш сябе пакінутым, бо Ён у іншай Краіне.

Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі” (Лк 19,14).

Чарговая праблема. Адказнасць павінна быць незалежнай ад таго, разумеюць цябе людзі і падтрымліваюць, ці не. Слугі апынуліся ў вялікай небяспецы. Яны раптам сталі ворагамі для многіх. Яны былі слугамі Таго, каго ўзненавідзелі. І ў гэтым моманце павінна праявіцца, ці ты і надалей хочаш быць верным і выконваць сваё заданне, здабываючы давер свайго Гаспадара. Тваё заданне, якое ты выконваеш, павінна быць для цябе настолькі важным, што ты перастаеш звяртаць увагу на знешнія перашкоды. Супастаў гэты нюанс з канкрэтнымі сітуацыямі ў тваім жыцці.

Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слугаў, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі. Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадáру, твая міна прынесла дзесяць мін”. І сказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”. Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадáру, твая міна прынесла пяць мін”. І сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”. Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадáру, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы, бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”. Гаспадáр сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў. Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?” (Лк 19, 15 – 23)

Звернем увагу на трэццяга слугу. Здаецца, ён не зрабіў нічога дрэннага. Ён не згубіў срэбра. Яно засталося, акуратна скручанае ў хустачцы. Ні мінуса, ні плюса – па нулях. Аднак такі варыян не праходзіць. Жыццё, якое не прыносіць плёну, – змарнаванае жыццё.

І сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”. І сказалі яму: “Гаспадáру, ён ужо мае дзесяць мін!” Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і пабіце іх перада мною!» Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем (Лк 19,24-28).
АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Калі не бачым плёну…

Часам мы можам паставіць перад сабою мэты, якія насамрэч проста няздольныя асягнуць. Нашае «ідэальнае я» не адпавядае рэчаіснасці. Мы можам вельмі старацца, але проста нерэальна, каб нешта змянілася.

Іншым разам Бог хоча паказаць нам, наколькі мы без Яго бязрадныя. Рост зерня, якое сее Бог, залежыць найперш ад Яго. Гэта трэба ў пакоры прызнаць і згадзіцца на сваю безраднасць і бездапаможнасць, хоць адначасна гэта не звальняе нас ад высілку.

Яшчэ іншым разам Бог хоча, каб мы навучыліся ў цярплівасці чакаць. Для гэтага трэба вера. Але, зноў жа, гэта не звальняе нас ад высілку.

І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?” Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”» (Лк 13,6-9).

Гэтая прыпавесць з аднаго боку кажа нам пра тое, што Бог дае час і чакае, але, з іншага боку, яна кажа нам пра тое, што калі мы пастаўлены на адказнае месца і не спаўняем свайго задання, бо, напрыклад, больш займаемся сабой, чым бескарысным служэннем Богу, то ў пэўным моманце Бог забірае ад нас служэнне і дае іншым.

*************************


Адказнасць нараджаецца тады, калі ў жыцці чалавека з’яўляюцца канкрэтныя мэты, нешта для нас вельмі важнае. І гэта датычыць не толькі глабальных пытанняў, напрыклад, нашага збаўлення ці паклікання, але таксама звычайных бытавых сітуацый. Старая правераная логіка «хто ў малым верны, той будзе верны і ў вялікім» дзейнічае тут як найбольш. Калі мы не выхавалі сябе да адказнасці ў дробных рэчах, калі мы не ўмеем ставіць мэты ў штодзённым жыцці і спрабаваць дабівацца іх, то тым больш не атрымаецца нам справіцца са складанымі пытаннямі. І якраз тут, у дробных бытавых пытаннях бачна, наколькі тэма адказнасці актуальная для кожнага з нас і для нашага беларускага грамадства ўвогуле.

АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Адказнасць «дзелавых» кругоў

Аднойчы мне давялося сустрэцца з цікавым чалавекам. Гэта быў бізнэсовец, які па-нашых мерках зарабляў крыху большыя грошы за іншых. Паколькі я з такімі людзьмі практычна не сустракаюся, то мне было цікава тое-сёе даведацца. Калі я запытаў, на чым палягае яго бізнэс, ён адказаў, што гэта не так важна. Нашмат важней, з кім ты працуеш. Аказалася, што гэта група прадпрымальнікаў і для іх не важна, чым яны гандлююць. Нашмат важней тое, што гэта правераныя людзі, якія давяраюць адзін аднаму. Фірмы і крамы зачыняюцца і адчыняюцца новыя, але людзі тыя самыя. Усё пабудавана на даверы і на адказнасці. Пасля я даведаўся, што давер і адказнасць – гэта асноўныя падмуркі ў галіне бізнесу і палітыкі. Адзін прадпрымальнік любіў паўтараць: «Мяне можна падмануць толькі адзін раз». У гэтак званых «дзелавых» кругах калі ты спазняешся хоць раз на сустрэчу (асабліва на першую), або абяцаеш і не выконваеш, то на гэтым супрацоўніцтва спыняецца. Паглядзіце, як мы ў большасці цэнім, або хочам мець рэчы вядомых марак. Канечне, не таму, што гэта крута ці модна, а таму, што гэтая рэч павінна нам паслужыць, таму што дадзеная фірма даказала, што ёй можна верыць, таму што ў гэтай фірме працуюць сумленна, даюць гарантыю і г.д. Ідзе размова пра давер і пра адказнасць.


І менавіта ў гэтым праблема нашага грамадства! Спазняцца на працу або на сустрэчу, даваць абяцанне і яго не выконваць, падводзіць чалавека або падманваць, ленавацца – нормы нашага жыцця. У дзяржаву прыходзяць новыя тэхналогіі, але мы, як правіла, нічога з імі не можам зрабіць. Бо пытанне не ў тэхналогіях, а ў нас саміх. Беларусы, якія выязджаюць замяжу, усёадно застаюцца беларусамі і часта не могуць прызвычаіцца да вымаганняў рыначнага свету.

Я кажу пра адказнасць у бытавым, ці фінансавым свеце. Магчыма, нехта задасць пытанне, які гэта мае ўплыў на нашае жыццё верай і на нашыя адносіны з Богам? Найважнейшае ж, нібыта, быць добрым, веруючым, пабожным і г.д. Мяне ўражвае адно выказванне Хрыста на тэму матэрыяльных дабротаў: Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?(Лк 16,11-12) Цікава, што Езус, гаворачы пра вернасць, робіць параўнанне менавіта з матэрыяльным багаццем. Калі мы нават тут, у звычайным бытавым жыцці, не навучымся адказнасці і вернасці, то да чаго мы ўвогуле надаемся?

Адказнасць у распазнанні паклікання

Шчыра кажучы, планавалася, што тэма нашага «Вінаградніку» будзе іншай. Мне хацелася размаўляць на тэму выбару святарскага, манаскага або сямейнага паклікання. Аднак калі я пачаў рыхтаваць гэтую тэму, адбылася цікавая размова з маім сябрам святаром. Мы сталі ўзгадваць аднаго хлопца, які доўгі час не можа рашыцца пайсці ў манаскую супольнасць. І мой сябра раптам сказаў: «Ён не толькі не можа рашыцца ўступіць у Закон, яму ўвогуле складана прымаць якія-небудзь рашэнні. Я ўпэўнены, што жонку яму было б таксама цяжка выбраць».

Пасля гэтай размовы я зразумеў, што такая часта балючая тэма распазнання паклікання выплывае з тэмы адказнасці. Доўгі час мне здавалася, што пакліканне трэба распазнаваць па знаках. Я таксама шукаў гэтых знакаў ад Бога. Бог, як ні дзіўна, даваў мне знакі, але, думаю, толькі таму, што я тады не бачыў іншых шляхоў распазнання паклікання. Магчыма я памыляюся, але сёння ў мяне на гэты конт іншае мышленне. Знакі не з’яўляюцца асноўнай формай нашага дыялогу з Богам. Мы маем Духа Святога, Бог жыве ў нас, дае нам падказкі, прагненні, нагадвае нам і г.д. Як бы гэта банальна ні гучала, але Бог найчасцей гаворыць праз нашае сумленне, прагненне сэрца, а знакі толькі пацвярджаюць, нібыта пераконваюць нас у гэтым. Знакі ніхто, апроч мяне самога, не можа каментаваць. Я часта эмацыйна рэагую на знакі, яны мне нешта кажуць і пераконваюць, а іншыя гэтага могуць і не разумець. Напрыклад, я аднойчы ў семінарыі ў Гродне прачнуўся і ўбачыў, што спаў на невялікім абразку Маці Божай. Я ўвечары пераглядаў абразкі і адзін з іх выпаў. Але для мяне гэта быў сур’ёзны знак, што трэба ісці ў ордэн марыянаў. Аднак калі б я не насіў гэтага прагнення ў сэрцы, то гэты знак нічога б для мяне не значыў. На той час я шукаў знакаў і не звяртаў увагі на сэрца. Я шукаў знакаў каля пяці гадоў, каб у выніку прыйсці да таго, аб чым я ведаў на самым пачатку. Проста я не ведаў пра Духа Святога і не ведаў, што Ён жыве ў маім сумленні і сэрцы. Нават пасля, калі я ўжо быў святаром, Бог казаў мне, каб я глядзеў на сваё сэрца і шукаў менавіта там Яго Любові, а не сярод людзей ці рознай актыўнасці.

На маю думку, пры распазнанні паклікання мы часта трапляем у плынь штучнай містыкі. Нам хочацца бачыць знакі, хочацца выразна чуць Божы голас або ўбачыць Езуса, як Яго бачыла святая Фаустына Кавальская. Памятаю, я вельмі баяўся, што калі зраблю няправільны выбар, то Бог мяне пакарае, або што пайду ў пекла і г.д. І толькі пасля я зразумеў, што я проста маю праблему з верай. Я глядзеў на сябе і на Бога як на ўдзельнікаў гульні «кошкі-мышкі». Бог нібы хаваўся і выдумваў розныя лабірынты для мяне, ну а я павінен быў іх разгадаць. І ад гэтых разгадак залежыла, ці я траплю ў рай ці ў пекла. І толькі пасля я стаў разумець, што Бог – гэта мой Айцец і сябра, а не аўтар красвордаў. І толькі пасля я ўбачыў, з якой прастатой апостал Павел піша пра бязжэнства для Божага Валадарства: маеш дзяўчыну – жаніся і не дуры нікому галавы, не маеш – не спяшайся жаніцца, бо, маючы жонку, цяжэй будзе аддаць сябе службе Богу. Павел не кажа, што гэта будзе немагчыма. Проста будзе цяжэй, бо прыдзецца выбіраць паміж службай Богу і неабходнымі бытавымі пытаннямі. Карацей кажучы, апостал ставіць нас перад выбарам. Вядома, ідзе гаворка пра пакліканне ад Бога, пра жаданне ў сэрцы, але я прымаю абсалютна свабодны выбар. Грэх ёсць тады, калі я дакладна ведаю, чаго хоча Бог і не раблю так. Калі ж я не ведаю, то граху няма. Менавіта таму Павел разважае не пра грэх у распазнанні паклікання, а пра наш выбар. І Бог талеруе гэты выбар. Для апостала не так важна, ці ты будзеш жыць у сям’і, ці будзеш бязжэнны для Божага Валадарства. Для яго важна, ці ты будзеш з Госпадам. Калі ты збіраешся выйсці замуж ці жаніцца, то думаю, што не так важна, за каго ты выходзіш, але ці зможаш ты быць вернай Богу, жывучы з гэтым чалавекам. Мы так часта хочам размахваць сцягам «першая, шчырая, сапраўдная любоў», носячы яго, нібы ідала, у той час, калі гэтая «першая любоў» абсалютна не дае гарантыі, што чалавек застанецца верным Богу. У сярэднявеччы бацькі аддавалі сваіх дачок замуж, нават не пытаючыся ў іх пра згоду ці любоў. Па нашых мерках, гэтыя шлюбы былі проста няважнымі, некананічнымі. Аднак людзі ўмудраліся захаваць вернасць, змаглі палюбіць, а часам нават станавіліся святымі. Тое самае са святарствам ці манаствам. Ты можаш быць у найлепшым кляштары, жыць побач са святымі манахамі, але гэта не значыць, што ты будзеш жыць з Госпадам. Для Бога важна, ці мы застанемся вернымі Яму, ці даверымся Яму, ці не будзем думаць, што Ён нас пакінуў з нашымі рашэннямі. Менавіта таму ў распазнанні паклікання гаворка ідзе хутчэй не пра знакі, а пра прагненне сэрца, пра веру, пра смеласць. Бог ставіць нас перад выбарам, свабодным выбарам.
АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
І менавіта тут пачынаецца наша тэма адказнасці. Чаму нам так складана зрабіць выбар адносна нашага паклікання? Таму што трэба даверыцца, трэба прыняць рызыкоўнае рашэнне і пасля за яго несці адказнасць. Хачу паказаць простую схему, у якую веру. Калі ты, па шчырасці сэрца шукаючы Госпада і жывучы ў праўдзе, даходзіш да таго моманту, калі трэба прыняць рашэнне, то трэба ў веры вызнаць, што Бог твой Айцец і ўсё ведае, даверыць Яму сваё рашэнне, а пасля самому зрабіць адказны крок. Я ўпэўнены, што калі ты памыляешся, то Бог нават у апошнюю хвіліну цябе нейкім чынам паўстрымае. Трэба толькі верыць, што Ён не схаваўся, не заснуў, не гуляе з табой, трэба верыць, што Ён Добры. Калі ж Бог не паўстрымаў цябе, То значыць так хоча або дапускае. І менавіта тут трэба адказнасць. Калі па-чалавечы табе здаецца, што ты зрабіў памылку, або Бог дапусціў тваю памылку, то трэба быць верным і адказна выконваць свае абяцанні. Вельмі прыгожа на гэтую тэму кажа Божае Слова: хто можа прабываць у жытле Тваім? хто можа жыць на святой гары Тваёй? (…) той, хто клянецца, [хоць бы] і злому, і не здраджвае (Пс 14,1.4). Польскі пераклад падае сэнс: хто дае абяцанні некарысныя для самога сябе, але ўсё роўна не здраджвае дадзеным абяцанням.

Калі я разважаў над сваім жыццём і над балючай для многіх тэмай, Госпад нечакана прыгадаў мне адну гісторыю. Падчас маёй практыкі ў Польшчы памерла мая цёця, мая хросная маці, і паўстала пытанне, ехаць мне на пахаванне, ці не. Гэта было далёка, каштоўна па грашах і па часе. Я амаль цэлы дзень хадзіў і мучыў сябе пытаннем, ехаць мне, ці не. У галаве было поўна аргументаў і «за», і «супраць». Пад канец дня я знайшоў выйсце. Я вырашыў спытацца ў ігумена нашай супольнасці і такім чынам перакінуць адказнасць на яго. Мне здолося, што гэта быў найлепшы выхад. Аднак ігумен у сваёй мудрасці сказаў мне самому прыняць рашэнне, а ён на ўсе варыянты згодзіцца. Я сказаў, што не паеду і вярнуўся ў пакой. Тут мяне зноў пачало мучыць… Зноў аргументы… На наступны дзень я сказаў, што перадумаў і хачу ехаць, на што ігумен, зноў жа мудра, адказаў: «Ты ўжо прыняў сваё рашэнне». На той час для мяне гэта была сапраўды Божая навука. Калі цяпер Госпад раптам узгадаў мне гэтую даўнюю гісторыю, я сказаў сабе: ты мучыўся з распазнаннем паклікання ажно пяць год, ты не мог прыняць адказнага рашэння і нічога дзіўнага, бо ты нават у такой простай справе не мог тады прыняць рашэння і несці адказнасць за гэтае рашэнне.

На заканчэнне гэтай тэмы ўзгадваю словы блізкага мне чалавека: «Людзі так ірвуцца стварыць сям’ю… Але ці здольныя яны ўзяць на сябе адказнасць за іншага чалавека, за дзяцей, за іх выхаванне ў веры і проста чалавечае выхаванне, ці ім проста хочацца, выходзячы замуж, зрабіць чарговы раз нешта прыемнае для сябе?» Тое ж самае можна сказаць і пра святарства, і пра манаства.

Адказнасць у служэнні

Служэнне – гэта адзін з асноўных момантаў у рэлігійным жыцці. Айцец Том Форэст пісаў, што калі няма служэння або ўсведамлення таго, што Бог кліча мяне да служэння, то якія б я не меў глыбокія перажыванні Божай прысутнасці – усё гэта раней ці пазней знікне і пачнецца моцны духоўны крызіс. Служэнне – неабходны элемент у адносінах чалавека з Богам. Калі яго няма, чалавек займаецца ўвесь час самім сабой: сваімі грахамі, сваёй балючай гісторыяй, сваёй сям’ёй, сваімі патрэбамі, эмоцыямі, перажываннямі і г.д. Такая рэлігійнасць становіцца глыбока эгаістычнай і яна пярэчыць Божым планам. А Бог перад намі ставіць іншага чалавека і дае нам заданні да выканання. Вобраз слугі – гэта таксама важны біблейскі вобраз, як і вобраз дзіця перад Богам.

АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)
Калі я сканчваў школу, мне вельмі падабаліся сустрэчы касцёльнай моладзі. Адарацыі пры пагашаным святле і запаленых свечках, прыгожы спеў на гітарах, добрая сяброўская атмасфера і г.д. Пасля гэтыя сустрэчы пачалі мяне злаваць. Яны ёсць ў большасці нашых парафій і нібыта тут нічога дрэннага. Моладзь моліцца і нешта там праз навучанне святара спрабуе зразумець. У гэтым няма нічога дрэннага, але я стаў заўважаць, што на такіх сустрэчах, як правіла, няма месца для новага чалавека, а асабліва, калі ён прыйшоў з вуліцы, калі ён не касцёльны і г.д. Тут няма месца для няверуючых, для тых, хто шукае, для наркаманаў і алкаголікаў. Тут збіраюцца тыя, хто задаволены сабой і ім тут добра. Кожны чалавек, які сваёй прысутнасцю можа парушыць гэтае «эмацыйнае блажэнства», становіцца ворагам. На такіх сустрэчах як правіла моладзь захоплена святарамі, а святары моладдзю. У выніку для ўсіх тут ідэальная атмасфера. Вось толькі па сутнасці мы займаемся самі сабой. У семінарыі мы называлі такія сустрэчы «коламі ўзаемнай адарацыі».

Усведамленне ж патрэбы служэння паказвае нам іншыя перспектывы. Хрысціяніну трэба быць не там, дзе яму добра і ўтульна, а там, дзе ягонае заданне. Калі пачынаецца служэнне, ты з часам пачынаеш разумець, што гэта тое месца, дзе Бог цябе паставіў і дзе ты расцеш, а не тое, дзе табе проста добра. Часта служэнне становіцца барацьбой і выпрабаваннем, але ты разумееш, што менавіта тут сустракаеш Госпада.

Калі я пачынаў хадзіць на сустрэчы Адновы Харызматычнай, то мне далёка не было добра на малітвах. Я часта адчуваў сябе няўтульна, часам чакаў, калі ўсё гэта ўрэшце скончыцца, мне часта хацелася як мага хутчэй вярнуцца ў семінарыю, але пасля сустрэчы, калі я вяртаўся на аўтобусе дахаты, я разумеў, што хачу зноў прыйсці на гэтыя малітвы. І, практычна, увесь тыдзень я чакаў чарговай сустрэчы. Для мяне гэта яскравы прыклад таго, як можна знайсці сваё месца, куды цябе паставіў Госпад, а адначасна адчуваць сябе няўтульна і не перажываць вялікай эйфарыі ды радасці. Нешта падобнае можа быць таксама з нашым служэннем. Калі я пачаў хадзіць на служэнне ў папраўчую калонію, то я, бадай што, кожную нядзелю меў ціхую надзею, што не прыйдзе афіцэр, каб мяне правесці на зону. Аднак, калі я пакідаў пасля служэння калонію, заўсёды перажываў дзіўнае і прыемнае пачуццё. З аднаго боку ты стомлены і ўжо нічога не хочаш, а з іншага боку ты адчуваеш, што зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. І ад гэтага пачуцця тваю душу напаўняе ціхая радасць і мір.

Як праяўляецца адказнасць у служэнні? Яна ў тым, што ты не шукаеш нечага асаблівага і добрага для сябе, а проста верна выконваеш сваё заданне. У выніку гэтай вернасці, як правіла, прыходзяць выпрабаванні і цяжкасці, але на гэтым і палягае адказнасць у служэнні, што ты не хаваешся, бо нешта нязручнае цябе сустрэла, а проста выконваеш заданне.

Праз нейкі час маіх «паходаў» у калонію я зразумеў, што мне прыдзецца сустракацца з былымі вязнямі таксама і на свабодзе, а гэта нашмат больш небяспечна ў розных аспектах. Проста калі ты на такое не гатовы, то няма чаго нават і распачынаць такое служэнне. Аднойчы адзін святар адчыніў у дзве гадзіны начы дзверы бандыту. Сёння гэты былы бандыт служыць святаром. А мой сябар святар, які пачаў працаваць ва універсітэце з моладдзю, аднае начы павінен быў прынесці на сваіх плячах абколатую наркаманку да сябе ў пакой. Ён пабег за доктарам, а яна зачынілася ў пакоі і збіралася парэзаць сабе вены. Калі пачынаецца служэнне, то ад такіх гісторый нельга хавацца. Важна разумець і прыняць, што служэнне – гэта не толькі прыгожыя словы і казанні. У служэнні трэба ісці да канца, пакуль не выканаеш заданне. Многія спрабуюць евангелізаваць, распавядаючы пра любоў Бога і пра тое, як трэба пакаяцца, але як толькі сустракаюцца з канкрэтнай праблемай чалавека, тут жа хаваюць галаву ў пясок. Чаму? Таму што думаюць, што евангелізацыя – гэта толькі прыгожыя апавяданні «вялікіх» прапаведнікаў. Калі я пачынаў хадзіць у калонію, то мяне вельмі хвалявала, што да мяне прыходзяць хворыя на сухоты, каторыя некалі былі заразнымі. Я не мог паказаць, што мне страшна, але ў размовах стараўся далікатна пытацца, ці яны правяраюцца, якія прыкметы туберкулёза, што адчуваеш, калі хварэеш, як хвароба перадаецца і г.д. І аднойчы адзін вязень падняўся і сказаў: «Калі вы, Божы чалавек, баіцеся хваробы і смерці, то чаго вы чакаеце ад нас, зэкаў? Чакаеце, што мы паверым?». Тады я зразумеў, што адказнасць у служэнні – гэта нешта нашмат большае, чым толькі пераказ рэлігійнай інфармацыі.

Мне даводзіцца бачыць шмат людзей, якія перажылі навяртанне, жывую прысутнасць Духа Святога, якія нечага дасведчылі і нават атрымалі харызматычныя дары. Але разам з тым я часта бачу, што гэтыя людзі прабываюць толькі ў сваім асяроддзі. Моляцца там, дзе іх разумеюць, гавораць там, дзе іх хочуць слухаць, сябруюць у сваіх колах і г.д. Аб чым гэта сведчыць? Мы ствараем нашыя «колы ўзаемнай адарацыі», мы шукаем месца, дзе нам утульна і добра, мы не ўваходзім на тэрыторыю служэння. Мы шукаем саміх сябе.

АДКАЗНАСЦЬ (канферэнцыя “Вінаградніку” ад 7 снежня 2013 г.)