ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24)
Нашы разважанні пра тое, як мы павінны сведчыць пра Уваскрослага Хрыста, мы пабудуем на дваццаць чацвёртым раздзеле Евангелля ад Лукі. Таму што тут ёсць вельмі шмат важнай інфармацыі для разумення, чым на самой справе з’яўляецца евангелізацыя ў сіле Святога Духа.
ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24)
У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі. Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы. І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса. І калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні. Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне». І ўзгадалі яны словы Ягоныя, і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім. Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам. Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім. Але Пётр устаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася (Лк 24, 1-12).

Успомніце, як Ён сказаў вам… І ўзгадалі яны словы Ягоныя...


Мы часта чуем, што чалавек – гэта істота разумная, што менавіта розум адрознівае нас ад жывёльнага свету. Нас вучылі ў школе, што менавіта пад уплывам інтэлекту нашым продкам захацелася раптам паляваць і надаўжэй захоўваць ежу, або калі раней біліся проста палкай, то пасля чамусьці чалавек дадумаўся да гэтай палкі прывязаць заточаны камень, дадумаўся распальваць агонь і смажыць мяса, дадумаўся трымаць і гадаваць жывёлу, а пасля нават дадумаўся садзіць гародніну. Карацей, мы толькі думаем. І гэта нас адрознівае ад жывёльнага свету. Картэзій не выпадкова сказаў: cogito ergo sum (думаю, а значыць існую). Для многіх філосафаў, і не толькі для іх, наш розум – гарант нашага існавання. Быў такі час, што пад уплывам развіцця навукі людзям здавалася, што перад чалавецтвам няма нічога немагчымага. Фантастычныя ідэі пра вандроўкі ў часе, пра замарожванне людзей на гады, якія пасля «прачынаюцца», пра «элексіры даўгалецця», або і вечнасці – гэта толькі прыклады мыслення чалавека, якому здаецца, што для нашага розуму няма нічога немагчымага. Толькі некаторыя спрабавалі спыніць гэты энтузіязм, паказваючы, што ўсё-ткі ёсць межы. Ёсць тое, што для нас незразумела, што не будзе нам падпарадкоўвацца.

ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24) Разважаючы пра тэндэнцыі культу чалавечага інтэлекту ў чалавечым грамадстве, а асабліва яны моцна бачныя ў ХХ стагоддзі, прызнаймася, што мы выраслі сярод гэтых поглядаў і яны на нас вельмі моцна паўплывалі. Гэтыя погляды культу чалавечага розуму заўсёды былі, а асабліва ўзраслі ў ХХ ст., калі так моцна пайшла наперад навука. Мы выраслі ў перыяд гэтага культу. Чаму нам важна пра гэта ведаць? Таму што мы, вернікі, часта спадзяемся, што варта перадаць частку сваіх ведаў іншаму чалавеку, і ён усё зразумее. І, як вынік, пачне верыць. Мы часта наіўна думаем, што ўсё вырашаюць аргументы і таму расчароўваемся, калі бачым, што нешта тут не так. Часам, здаецца, ужо настолькі чалавеку ўсё разжавалі, ужо так выразна паказалі, а паглядзіш у ягоныя вочы – а там студня. А іншы чалавек, пачуўшы штосьці пра Бога, робіцца адразу актыўны, яму ўсё цікава, ён шмат пытаецца, шмат цікавіцца і г.д. Ён, здаецца, гатовы упітаць у сябе ўсю інфармацыю. Але праходзіць год, і ты бачыш, што ўсё вяртаецца на кругі свае.

Я вельмі шмат расчароўваўся, калі бачыў, што мае самыя моцныя аргументы і веды проста не працуюць. У такія моманты апускаюцца рукі і нічога не хочацца рабіць. Ты пачынаеш асуджаць людзей, альбо самога сябе. А корань праблемы вельмі просты – веды, мазгі, інфармацыя далёка не вырашаюць усяго.

У касцёльных кругах вельмі часта сустракаю вернікаў, каторыя апантаныя ідэяй, каб некаму нешта даказаць. Існуюць рэлігійныя сайты, напоўненыя палемікай і дыспутамі. У Любліне даводзілася мне хадзіць на дыспуты двух амбонаў, дзе, напрыклад, каталіцкі святар на адной амбоне спрабаваў нешта даказаць, пратэстанцкаму пастыру або габрэйскаму равіну. На такія дыспуты прыходзіла вельмі шмат студэнтаў. Мне таксама было цікава. Вось толькі такія дыспуты, як правіла, нікога не мяняюць. Усе застаюцца пры сваіх поглядах. Падобна і з палемікамі на сайтах. Як правіла, пасля такіх спрэчак кожны застаецца пры сваім і яшчэ больш угрунтоўваецца ў сваім, а мы атрымліваем толькі непрыязнасць адзін да аднаго, або і нянавісць ды злосць.

Толькі праз гады я пачаў разумець, што добрае сэрца, якое любіць і шукае, нашмат важней за залатыя аргументы. Гэтае сэрца і павінна быць наперадзе аргументаў.

У Евангеллі мы пачулі, як анёлы нагадваюць жанчынам, што Хрыстос прадказваў тое, што станецца. Падобнае ж адбываецца і з вучнямі. Езус ім вымушаны нагадваць тое, што казаў раней. Аказваецца, Ён даваў ім інфармацыю, аргументы. Толькі яны нейкім дзіўным чынам чулі а, адначасна, нібы і не чулі. Слухалі, але нічога не зразумелі, хаця інфармацыя была не такая ўжо і складаная. Сам Езус не змог ад пачатку ўбіць усяго ім у галовы. Пасля Ён скажа, што Дух Святы пра ўсё нагадае. Інфармацыя нібы ўсплыве ў адпаведны час. Зараз жа анёлы нагадваюць жанчынам, і яны сапраўды прыпамінаюць, што некалі пра ўваскрашэнне і смерць сапраўды ішла гаворка. Нам гэтая яскравая гісторыя паказвае, што веды – гэта далёка не ўсё.

Тым не менш Езус, хаця Яго і не разумелі, перадаваў патрэбную інфармацыю. Ён проста сеяў. Але яна далёка не была асноўнай. Апроч яе Езус чыніў цуды, вучыў іншым праўдам, маліўся, проста быў з Апосталамі. Такое ўражанне, што інфармацыю пра смерць і ўваскрашэнне Ён сеяў між іншым.

ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24)
Першую праўду, якую павінен усвядоміць евангелізатар – гэта тое, што веды далёка ўсяго не вырашаюць. Мы не на ведах, не на догмах і нават не на маралі павінны будаваць наш дыялог з чалавекам, якога хочам прывесці да Хрыста. Аднойчы я чуў, як біскуп разважаў пра тое, як важна новым людзям распавядаць пра сакраманты і трыдыцыі Касцёла. Я слухаў ягоныя аргументы і абсалютна не згаджаўся. Хрыстос адправіў Эўхарыстыю толькі праз тры гады пасля таго, як сабраў вучняў, а не праз месяц. Таму не трэба баяцца не паспець сказаць нейкай інфармацыі. Усяму свой час.

і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім… Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.

Евангелізатар павінен быць падрыхтаваны, што яму не будуць верыць. Мая самая вялікая памылка была ў тым, што мне здавалася, што я сею, я падліваю і я ж павінен збіраць плён свайго пасеву. Калі я гэтага не бачыў, а як правіла, не бачыў, то вельмі расчароўваўся і, як кажуць, апускаліся рукі.

А цяпер уявіце сабе, як балюча было жанчынам з Евангелля. Яны расказалі пра пустую грабніцу і анёлаў не абы-каму, а Апосталам, якія любілі Хрыста, слухалі Яго, верылі Яму. А тыя не паверылі! І каму? Жанчынам, якіх яны вельмі добра ведалі. У гэтым выпадку жанчын увогуле трэба было б здаць у псіхушку.

Евангелізатар павінен змірыцца, што яму могуць не верыць. Трэба быць да гэтага гатовым. Наша задача – сеяць у веры, што зерне некалі ўзыйдзе, хоць ты, сейбіт, хутчэй за ўсё, гэтага і не ўбачыш. Езус ведаў, што вучні шмат чаго з таго, што Ён ім кажа, не разумеюць і не могуць прыняць. Ён сеяў на будучыню.

Каб быць евангелізатарам, г. зн. перш за ўсё сеяцелем, трэба мець пакорнае сэрца, якое верыць і ўмее чакаць.

Але Пётр устаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.

Можна сказаць, што паспешлівы шлях Пятра да магілы – гэта плён евангелізацыі жанчын. Вядома, мы б чакалі іншага плёну. Напрыклад, глыбокай багаслоўскай размовы, ці вялікай радасці, ці малітвы падзякі, слёзаў і г.д. Нічога такога не было. Жанчыны ўзамен атрымалі абвінавачванне ў пустаслоўі і бязглуздзіцы. Вось толькі Пётр пабег… Словы жанчын разбудзілі ў ім гарачае сэрца. Гэта і ёсць плён евангелізацыі, толькі не такі вялікі як бы нам, нецярплівым, хацелася.

Часам так прыемна пасля доўгіх шматгадовых спрэчак і размоваў пачуць ад некага з сям’і, што ён цэніць тое, што я веру ў Бога. Некалі мой тата, падаючы мне руку на развітанне, сказаў: З Богам! У маіх вушах вельмі доўга гучалі гэтыя словы, таму што я іх з ягоных вуснаў ніколі не чуў. Ён пакуль не навярнуўся. Проста нам гэта вельмі важна бачыць: як зерне пачынае прарастаць, хоць і не так хутка, як бы нам хацелася.

Вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

Як жа часта мы паддаемся спакусе, каб асуджаць людзей і гэты свет, што яны не такія, як мы, што яны няправільныя, не Божыя. Я вельмі часта чую такія смаркатыя стогны і нараканні сярод вернікаў. У гісторыі вучняў, якія ўцякаюць з Ерузалему мы бачым не бязбожнікаў, а веруючых людзей. Тым не менш іхнія вочы, як кажа Евангелле, былі стрыманыя. Не будзем тут разважаць, з якой прычыны, не будзем асуджаць гэтых вучняў. Яны вераць і далёка неабыякавыя, але тым не менш, яны чамусьці не бачаць Хрыста, які ідзе каля іх, ідзе наблізіўшыся.

Евангелізатар перш за ўсё павінен вызваліцца ад стогнаў і нараканняў, што мы жывем у дрэнныя часы, таму што можа раптам аказацца, што ты сам, падобна як і гэтыя вучні, не бачыш Езуса. Зусім нядаўна Бог зрабіў для мяне адкрыццё. Я заўсёды лічыў, што страх – гэта нешта дрэннае, ад чаго трэба вызваляцца. У ідэале, вядома, не пажадана мець страхаў. Але Бог паказаў мне, што мой страх паказвае мне на іншую праблему, на маю няверу. Быў час, калі я проста не верыў, што Бог мяне не пакінуў, што Ён са мною. Часам нам цяжка паверыць у тое, што мы Яго дзеці, пра якіх Ён сапраўды клапоціцца. Калі ж чарговы раз мне прыйшлося пазмагацца са сваімі страхамі, то я ўжо не прасіў, каб Бог вызваліў мяне ад страху, але прасіў, каб умацаваў маю веру ў Яго прысутнасць. Я зразумеў, што павінен пакаяцца за грэх няверы. Ці я раней быў слабейшы ў веры? Ці я быў горшы? Не! Проста Бог адчыніў мне вочы на тое, чаго я раней не заўважаў, я пачаў больш выразна бачыць праўду пра сябе.

ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24) Евангелізатар не можа з пагардай ці з вышыні глядзець на слепату іншых. Трэба быць гатовым да таго, што ты таксама можаш аказацца сляпым. Езус ідзе блізка таксама каля сляпых, якія Яго не заўважаюць, бо Ён прыйшоў ратаваць тое, што загінула.

І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку.

Смутак – знак таго, што нечага не хапае. Упалі муры нашай самадастатковасці і ўпэўненасці. Гэта добрая глеба для пасеву. Чалавек, які не верыць ва ўсемагутнасць чалавечага розуму, які расчараваўся ў людзях, у сабе – такі чалавек мае добры шанец звярнуць увагу на Госпада. Багаты хлопец таксама адыйшоў ад Езуса сумны. Канечне, гэта знак таго, што хлопец не мог адмовіцца ад свайго багацця і пайсці за Госпадам, але разам з тым гэты смутак сведчыць пра тое, што ўпалі ілюзіі. Багаты хлопец стаў перад балючай праўдай, убачыў сваю прывязанасць, свайго ідала і цяпер мае шанец працаваць. Так ці інакш, але смутак часта можа стацца добрым трамплінам працы ў адносінах з Госпадам. Ён сведчыць пра нашую слабасць, недасканаласць, абмежаванасць. Сведчыць пра тое, што мы далёка ўсяго не кантралюем.

Менавіта моманты нашага смутку, болі і расчаравання – гэта шанец сустрэцца з Богам. Езус не выпадкова прыйшоў да ўбогіх, да людзей абмежаваных і параненых. Яны – добрая глеба да пасеву. Таму евангелізацыя будзе плённай менавіта сярод такіх людзей. Я сустракаў тых, хто вельмі цікавіўся хрысціянствам на ўзроўні догмаў, сенсацый, ведаў. Цяпер жа нават не магу ўзгадаць з іх тых, хто застаўся пры веры. Навошта ім Бог, калі ў іх усё нармальна. Зусім інакш з убогімі ў шырокім сэнсе гэтага слова. Алкаголікі, вязні, хворыя, людзі, якія страцілі блізкіх, расчараваныя ў сябрах, тыя, што згубілі сэнс жыцця, пачуццё бяспекі і г.д. Гэта зусім іншая глеба. Але такім людзям нельга даваць мёртвую тэорыю. Яны не патрабуюць ведаў. Яны патрабуюць канкрэтнай помачы, а не завучаных фразаў. Не так лёгка размаўляць з такімі. Часта трэба быць гатовым аказаць ім вельмі канкрэтную помач, стаяць разам з імі ў іх нядолі. Іншым разам ты нічога не можаш даць, нічога не зменіш і трэба ўмець проста падтрымаць такога чалавека. Выслухаць яго, і, перш за ўсё, даць надзею. Паказаць, што я не магу рашыць праблемы, але ёсць Іншы, хто можа. Мой сябра некалі сказаў, што калі размаўляе ці спавядае жынчын, у якіх п’юць мужы ці сыны, то разумее, што нічога тут не зменіць, але стараецца ўсялякім спосабам паказаць, што такая жанчына не адна, што Бог яе не пакідае, што трэба спадзявацца і верыць. Даць надзею і абудзіць веру – далёка не так проста. Колькі разоў я сустракаў сітуацыі, калі абяздоленыя прыходзілі ў дом Божы за надзеяй і помаччу, а замест гэтага атрымлівалі ад нібы вернікаў жорсткія правілы, выслухоўвалі асуджэнне, ім чыталі мараль… І ў выніку людзі гублялі апошнюю надзею. Калі мы не здольныя бачыць абяздоленых, быць салідарнымі з імі ў бядзе, умацаваць надзею – то няма чаго нават вырушаць з евангелізацыяй. Езус лячыў хваробы, выганяў злых духаў і лячыў сэрцы грэшнікаў. Гэта цэлая плойма ўбогіх! Ён ішоў да такіх і пасылаў сваіх вучняў.

Аднойчы на Божае Нараджэнне пасля начной літургіі да мяне прывялі жанчыну. Ад яе несла перагарам. Яна плакала і нават не магла нічога толкам сказаць. Паверце, мне было вельмі непрыемна з ёй размаўляць. Гэта было свята, якое і так мне заўсёды цяжка перажываць, а тут яшчэ такая гісторыя. Яна смярдзела, была ўся ў смаркачах і г.д. Я адвёў яе ў іншы пакой, хаця б для таго, каб не псаваць свята іншым людзям. Я зразумеў адно: я не вырашу яе праблемаў, але я павінен паспрабаваць даць ёй надзею. Я зрабіў усё, што мог. Яна перастала плакаць і выходзіла з касцёла сапраўды іншым чалавекам. Яна ўсміхалася і нават пацалавала мне руку, пасля абняла. Спачатку я баяўся, што ў такім стане яна можа нават забіць сябе, але цяпер яна выйшла іншым чалавекам. Я ўзяў яе тэлефон і мы дамовіліся, што я паспрабую ёй нечым дапамагчы. Але больш мы так і не сустрэліся. Проста, будучы п’янай, яна стала ўбогай, а калі праблема рашылася, яна зноў стала самадастатковай, упэўненай у сабе і перастала быць убогай. Я не мог паўплываць на гэтую сітуацыю, але ведаў, што зрабіў тое, што павінен быў зрабіць, – даць ёй хоць бы крышку цяпла, разумення, надзеі.

Хрыстос прыйшоў да ўбогіх, таму і з евангелізацыяй мы павінны ісці перш за ўсё да такіх.

Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні». Ён спытаў іх: «Што?»
Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі
Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

Езус тут выступае сапраўдным правакатарам. Ён пытаецца ў вучняў, пра што яны размаўляюць і чаму сумуюць. Нібыта Ён не ведаў… Ведаў. Проста хацеў пачуць ад іх, хацеў, каб яны самі сказалі. Цяпер Ён робіць выгляд, што не ведае, што адбылося ў Ерузалеме. Навошта? Езус хоча, каб вучні выказалі тое, што ляжыць у іх на сэрцы. Ён не перапыняе іх, не павучае. Ён проста хоча, каб яны ўсё-ўсё расказалі. У гэтым аповедзе мы раптам чуем корань праблемы: а мы спадзяваліся… Яны не чулі Яго навучання, Яго прадказанняў, таму што ў іх былі свае планы, свае надзеі. Яны не столькі слухалі і шукалі Яго, колькі хацелі, каб Ён быў для іх выгадным, каб Ён споўніў іхнія надзеі. Замест любові да Госпада і пошукаў Яго ў іхнім сэрцы панаваў эгаізм. І тут прыходзіць расчараванне. Вось ён – гэты смутак. І ў гэтым расчараванні і смутку яны становяцца ўрадлівай глебай. Езус не вучыць іх, не паказвае праблему. Яны самі павінны яе ўбачыць і назваць. Езус, як самы таленавіты псіхолаг, проста дапамагае ім гэта зрабіць.

ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24)
Евангелізацыя ўбогіх – гэта перш за ўсё здольнасць выслухаць чалавека. Не закідваць яго тэорыяй і маральнымі нормамі, а пазнаёміцца з яго сэрцам, яго чаканнямі, яго грахамі, памылкамі і г.д. Евангелізатар не можа мець гатовага адказу на ўсе пытанні і праблемы. Часта ніякага адказу ўвогуле не будзе. Часта чалавек, які паказвае сваё сэрца, сам атрымае палёгку і адказ праз тое, што некаму даверыўся і выказаўся.

Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

Мы бачым, як Езус выпроствае іх мысленне, дае інфармацыю, сеіць, але гэтая інфармацыя сама па сабе яшчэ не мяняе вучняў. На змены паўплывае нешта іншае, а інфармацыя стане толькі дапаўненнем.

Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.


Многім з нас здаецца, што чалавека трэба пераканаць, а часам нават змусіць, і ён паверыць. Мне раней здавалася, што людзі проста не разумеюць і ім трэба ўсё паразжоўваць, пакласці ў рот. Калі не дапамагло, то трэба разжоўваць яшчэ раз, і яшчэ, і яшчэ… Калі не дапамагае – трэба напужаць людзей, найлепш пеклам ці чарцямі, ці якім няшчасцем, хваробамі і г.д. Здараецца, што такія методыкі на нейкі час крыху дзейнічаюць. Вось толькі Езус ужывае іншых метадаў. Ён выступае ў ролі правакатара. Ён не змушае і не шантажуе, а правацыруе, каб вучні самі прынялі рашэнне, каб самі Яго запрасілі застацца з імі. Ён пабуджае іх сэрца, каб яно пачало біцца. У гісторыі сустрэчы Езуса з вучнямі, якія ўцякаюць з Ерузалему, мы ажно тройчы сустракаемся з правакацыямі з боку Езуса. Найперш Ён пытаецца ў вучняў, пра што яны размаўляюць. Пытаецца так, быццам Ён сам не ведае. Але пытаецца для таго, каб яны выказаліся. Наступная правакацыя – гэта жаданне паказаць, што Ён нібыта хоча ісці далей. Трэццяя правакацыя – гэта момант, калі вучням адчыняюцца вочы і яны пазнаюць Езуса, але Ён знікае. Езус не вучыць іх, не тлумачыць, не дае заданняў. Яны самі павінны прыняць рашэнне, што трэба вяртацца ў Ерузалем.

Менавіта ў гэтым і ёсць паслуга евангелізатара. Нельга ўсё вырашаць за чалавека. Трэба разбудзіць яго сэрца, падвесці да прыняцця рашэння, абудзіць голад.

Аднойчы я вельмі здзівіўся сам сабе, калі зразумеў, што часам чамусьці паводжу сябе даволі жорстка. Напрыклад, нехта кажа мне, што хоча ўзяць пост, або хоча штодзённа хадзіць на Імшу, або хоча больш маліцца. Я заўважыў, што часам, нечакана для сябе, я пачынаў людзей нібы адгаворваць. Не хачу сябе апраўдваць, але я зразумеў, што ў некаторых момантах я станавіўся нібы правакатарам, які спрабуе адгаварыць людзей, а на самой справе я хачу, каб іх выбар стаў яшчэ больш моцны і ўпэўнены.

Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Вучні распазналі Яго на Эўхарыстыі і па ўласных гарачых сэрцах. Езус знікае, каб яны пачалі Яго шукаць. Яны самі павінны прыняць рашэнне, каб вярнуцца ў Ерузалем. Вяртанне ў Ерузалем – гэта сустрэча з іхнім страхам. Але гэта яны павінны прыняць рашэнне, што ад страху нельга ўцякаць – з ім трэба сустрэцца. Нядаўна я чарговы раз гэта зразумеў. Калі раней я маліўся і прасіў, каб Езус забраў мой страх, то ў апошні час я стаў прасіць, каб Ён умацаваў маю веру, каб я мог сустрэцца са сваім страхам і разам з Езусам перамагчы Яго. Мне шмат разоў прыходзілася ноччу прачынацца ад нейкага дзіўнага страху. Я разумеў, што гэта не быў кашмар. Я ўначы з некім змагаўся і прачынаўся з малітвай да Багародзіцы, але прачынаўся ў дзікім страху. Адзіная мая малітва была: абарані мяне, ратуй мяне і г.д. Можна сказаць, што гэта была малітва страху. Пасля таго, як я стаў маліцца, каб Бог умацаваў маю веру, каб я паверыў, што я сапраўды Яго дзіця і Ён мяне не пакідае, пасля таго, як я перастаў бегаць ад майго страху, а стаў прасіць Госпада, каб даў мне сілы стаяць перад ворагам у барацьбе. І аднойчы я ўпершыню прачнуўся пасля «начной бітвы», але гэтая бітва адбылася ў міры, а не ў страху. Думаю, што прыйдзе час, калі тое, што адбываецца са мной уначы ў несвядомасці, пачне адбывацца ў рэальным жыцці.

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа.

Езус кажа ў Евангеллі, што Ён дае супакой, але не такі супакой, які прапануе гэты свет. Супакой гэтага свету залежыць ад знешніх фактараў. Калі ў цябе пачынаюцца праблемы – пачынаецца паніка. Супакой Бога іншы. Ён – вынік Яго прысутнасці. Вучні надалей баяцца, надалей праблема з пераследам не вырашаная, але Езус сярод усяго гэтага здольны даць супакой.

Яшчэ адзін момант. Часам мы наіўна думаем, што ў Божай прысутнасці нам так спакойна. Заўважце, што вучні спужаліся. Яны ўбачылі Езуса, а думалі, што гэта дух. А прыгадайма, як спужаліся Пётр ды іншыя на гары Табор падчас перамянення. А што перажывалі вучні, калі Езус ішоў па вадзе, або калі супакоіў мора, або калі загадаў дэманам увайсці ў свіней і тыя кінуліся ў мора? Што перажываў Майсей, які ўпаў перад Богам на зямлю і закрыў твар рукамі? І чаму анёл, які прыходзіць да Марыі, найперш кажа: не бойся? Гэтыя гісторыі павінны выбіць нас з падманнага мышлення, калі мы чакаем ад сустрэчы з Богам нейкіх асаблівых прыемных перажыванняў. Можа аказацца, што нашыя перажыванні будуць зусім іншымі, не падобнымі да тых, якіх мы чакалі.

Таму калі мы жадаем адкрыць для кагосьці Бога, трэба быць настолькі мудрым, каб не карміць чалавека таннымі і непраўдзівымі абяцаннямі: прыйдзі да Бога і ўсё вырашыцца, і ўсё будзе добра, перажывеш асаблівую радасць і супакой, і ўсё будзе класна-класна і г.д. Гэта не праўда, альбо не зусім праўда. Так можа быць, але можа быць, і, хутчэй за ўсё будзе, зусім інакш. Адзінае, што можа затрымаць чалавеку пры Богу – гэта досвед Яго Любові, любоў да Яго, голад па Ім, а не вырашэнне праблемаў і чаканыя перажыванні.

ВІНАГРАДНІК: «БЫЦЬ СВЕДКАМ УВАСКРОСЛАГА» (каментар да Евангелля ад Лукі 24) Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах».

Звярніце ўвагу на дзіўную радасць насуперак усяму, што адбываецца. Праблемы не вырашаныя, а нават пачнуцца яшчэ большыя. Тым не менш ёсць радасць. Гэта радасць ад прысутнасці Таго, каго любіш, хто важны для цябе, а ўсё астатняе нібы хаваецца ў цень.

Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага. Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні». Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.

Заданне вучняў – найперш быць сведкамі. Менавіта таму цяпер Ім аб’яўляецца Езус, менавіта таму дазваляе Ім дакранацца сваіх ранаў, менавіта таму есць разам з імі, каб яны пераканаліся, што Ён мае сапраўднае цела пасля ўваскрасення. Пераказ ведаў важны, але веды пераказваюць тыя, хто сам дасведчыў. Таму сведчанне ідзе наперадзе ведаў. Калі Апосталы выбіраюць Мацвея на месца Юды, то падпарадкоўваюцца аднаму крытэрыю. Гэта павінен быць той, хто быў ад самага пачатку. Чаму? Таму што ён будзе сведкам, а не толькі настаўнікам. Апостал Ян пасля скажа: мы гаворым пра тое, што бачылі, пра тое, чаго дакраналіся нашыя рукі.

Евангелізацыя – гэта найперш сведчанне. Калі мы гаворым пра тое, што Бог зрабіў у нашым жыцці, пра тое, што мы бачылі, калі мы ўзгадваем простыя факты Яго прысутнасці, то можна сказаць, што ў гэты момант Ён зноў прысутны сярод нас. Гісторыя нібы ажывае. Езус абяцае Апосталам сілу Святога Духа. Апосталы будуць сведчыць, а Дух Святы будзе дзейнічаць, будзе пацвяржаць сведчанні Апосталаў. Гэта і ёсць евангелізацыя ў сіле Святога Духа. Гэта не сенсацыя і не цуды – гэта перш за ўсё сведчанне ў прысутнасці Духа Святога.