МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Прыняць любоў ад іншых і даць сваю любоў – гэта дзве дарогі, і ў гэтым – корань разумення нашай тэмы. Як правіла, нас не трэба вучыць любіць саміх сябе. Карацей, усе мы сябе любім. Быць падобным да Бога – гэта навучыцца любіць іншых вакол сябе... На гэтую тэму ёсць даволі выразны анекдот. Адам пытаецца ў Бога: «Чаму Ты стварыў жанчыну такой прыгожай, што я не магу ад яе адарваць сваіх вачэй?» Бог адказаў: «Каб ты мог любіць яе». «А чаму такой… не надта разумнай?» – пытаўся далей Адам. «Каб яна магла цябе палюбіць за твой розум», – адказаў Бог.
 
 

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Што значыць – быць чалавекам?

І кажа Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі». І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх (Быц 1,26-27).

Што вынікае з гэтага тэксту? Чалавек – гэта не толькі той, хто мае рукі і ногі і стаіць на нагах. Чалавек – гэта мужчына і жанчына. Яны залежныя адно ад аднаго. Калі б мне трэба было намаляваць чалавека, то, згодна з маім разуменнем біблейскага тэксту, я не маляваў бы голага мужчыну (як часта бачым у падручніках па біялогіі), а намаляваў бы мужчыну і жанчыну ў крузе. Калі я, мужчына, задаю сабе пытанне, што значыць – быць чалавекам, то павінен звярнуць увагу на жанчыну і на яе рысы, каторых я не маю і не буду мець. Без жанчыны я не змагу быць мужчынам. Прычым, мне не трэба стацца жанчынай ці пераняць яе характар, я проста павінен зразумець, што ў яе ёсць тое, чаго мне не хапае. Яна не аддасць мне гэтае «штосьці», яна проста павінна быць дзесьці побач. Бог адначасна з’яўляецца і мужчынам і жанчынай, як гэта паказаў Рэмбрандт на карціне «Вяртанне блуднага сына». Звычайнаму ж чалавеку такога не дадзена. Таму мужчыну не хапае жанчыны, і наадварот.

Для таго, каб добра зразумець гэтую тэму, паспрабуйма ўявіць асяроддзе, дзе ёсць адны мужчыны… Працяглы час… Яны выхоўваюць дзяцей… Можа з іх нехта і здольны праявіць чуллівасць, але таму, што ён некалі сам перажыў гэтую чуллівасць ад маці альбо любімай жонкі. А ўявіце свет, дзе сапраўды гадамі і пакаленнямі адны мужчыны… Або адны жанчыны… Я збольшага магу ўявіць гэты кашмар, маючы досвед служэння ў папраўчай калоніі. Выключна мужское асяроддзе – гэта хворае асяроддзе. Кожнаму мужчыну ў дзяцінстве, а потым у юнацтве патрэбна была маці, настаўніца, сяброўкі і г.д. Без іх ён не змог бы быць чалавекам. Значыць, быць чалавекам – гэта зразумець, хто такі мужчына і жанчына. Важна прыняць, што чалавеку на нейкім этапе не хапае другой паловы.



Створаны на вобраз Божы



Вельмі часта можна пачуць каментар, што наша падабенства з Богам – у нашай здольнасці выбіраць, думаць, прымаць рашэнні. Карацей кажучы, чалавек па вобразе Божым – гэта разумны чалавек. Тады ўзнікае пытанне: «А як жа псіхічна хворыя, калекі, дзеці яны ж таксама па вобразе Божым?.. Мабыць, нам важна зразумець, што быць падобным да Бога – гэта значыць, любіць так, як Ён.

Арыстоцель казаў, што кожны чалавек па сваёй прыродзе імкнецца да шчасця. Кожны чалавек па сваёй прыродзе хоча таксама быць любімым і любіць іншых. Толькі грэх – наш альбо іншых – можа нам закрыць гэтую праўду так, што нам пачне раптам здавацца, што нам ужо ніхто не патрэбны, што мы нікога не зможам любіць і што мы не патрабуем любові іншых. Любіць іншых і дазволіць іншым палюбіць сябе – гэта і ёсць наша падабенства да Бога. Мы жывем на гэтым свеце выключна з тае прычыны, што Бог і надалей хоча любіць і Ён дзеліцца гэтай любоўю, даючы нам жыццё. Але Ён, як ніхто іншы, патрабуе таксама нашай любові. Ён любіць і патрабуе нашай любові.

Прыняць любоў ад іншых і даць сваю любоў – гэта дзве дарогі, і ў гэтым – корань разумення нашай тэмы. Як правіла, нас не трэба вучыць любіць саміх сябе. Ёсць выключэнні, калі людзі так моцна перажылі нейкія раны, што кажуць, што яны не любяць сябе. Падкрэсліваю: так яны кажуць. На самой справе, яны таксама любяць вельмі моцна, проста баяцца ўпусціць іншых у сваё жыццё, не хочуць прыняць чужой дапамогі, каб не расчаравацца, каб не параніць сябе яшчэ больш. Карацей, усе мы сябе любім. Быць падобным да Бога – гэта навучыцца любіць іншых вакол сябе. Палюбіць жанчыну – гэта значыць не выкарыстоўваць яе для таго, каб табе сталася добра, а прыняць яе іншай, не падобнай на цябе. У яе іншая псіхіка, іншае мышленне, іншыя прынцыпы, выгляд і г.д. Нам часта здаецца, што мы павінны ўсё ведаць і ўсё мець, быць самастойнымі і незалежнымі. Не. Мы павінны найперш адкрыць і зразумець, хто мы такія. Напрыклад, што значыць, што ты – мужчына, якое пакліканне мужчыны ў Божых планах? А пасля трэба ўбачыць, што табе яўна не хапае таго, што мае жанчына, ты не самадастатковы і табе патрэбна яе дабрыня, яе бачанне, яе інтуіцыя. Табе трэба пазнаць і палюбіць яе, іншую, не такую, як ты сам.

На гэтую тэму ёсць даволі выразны анекдот. Адам пытаецца ў Бога: «Чаму Ты стварыў жанчыну такой прыгожай, што я не магу ад яе адарваць сваіх вачэй?» Бог адказаў: «Каб ты мог любіць яе». «А чаму такой… не надта разумнай?» – пытаўся далей Адам. «Каб яна магла цябе палюбіць за твой розум», – адказаў Бог.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Розніца паміж мужчынам і жанчынай



Большасць непаразуменняў у адносінах паміж мужчынам і жанчынай узнікае з прычыны ўзаемнага неразумення мужчынскай і жаночай прыроды. Таму паспрабуем убачыць гэтую розніцу. Буду шчыры: я не спецыяліст у гэтай тэме, таму карыстаўся дапамогай майго сябра, які мае багаты вопыт і веды ў дадзенай галіне.

Мужчына стварае структуры, а жанчына іх ажыўляе



Некаторыя кажуць, што жанчына на 90% складаецца з духа, а 10% - з цела. Мужчына ж – наадварот. Жанчына ўспрымае навакольны свет хутчэй сэрцам, інтуіцыяй, перажываннямі. Яна стварае атмасферу дабрыні і ўмее запоўніць быт прыгожымі рэчамі. Мужчына стварае быт матэрыяльны, структуру. Ён пабудуе дом, але, як правіла, не дадумаецца, якія ў тым доме павінны вісець шторы, карціны, дываны, кветкі і г.д. Мужчына ў прыбіральні паставіць унітаз і падключыць ваду, але толькі жанчына можа дадумацца павесіць там кветкі, паставіць свечкі з пахамі ці павесіць маленькую карціну. Гэта ўсё нібыта і не патрэбна, але такім чынам мёртвая каробка дома пачынае ажываць. Можна сказаць, жанчына з’яўляецца душой гэтага дома, ажыўляе яго. Мужчыне, напрыклад, цяжка зразумець, як можна так доўга выбіраць колер пліткі ў прыбіральню, ці тумбачкі на кухню, ці люстру ў залу, ці нават шпалеры. У яго логіцы ўсё інакш. Яркім прыкладам можа быць гараж. Тут усё проста і, нібыта, самыя неабходныя рэчы. Але згадзіцеся, што прыемна з бруднага гаража прыйсці дахаты ў ванны пакой, дзе чысценька, дзе плітка з колерамі нейкіх кветак, дзе ёсць пена для ванны (хаця, па ўсёй логіцы, яна абсалютна непатрэбная), а ў прыбіральні – пах ружаў… Аказваецца, розніца ў падыходзе да бытавых пытанняў, мае сваю прыгажосць.

Цікавая рэч. Мужчына ідзе ў краму для таго, каб купіць. Жанчына – для таго, каб купляць. Для мужчыны важны вынік, а для жанчыны сам працэс. І таму яна гатовая прымерваць нейкую рэч некалькі гадзін, а за больш таннымі памідорамі абабегчы палову горада. Думаю, што справа тут не толькі ў грашах.

Памятаю, як аднойчы з хлопцамі мы ў Польшчы пайшлі купляць нейкія шмоткі. Хлопцам спатрэбілася даволі шмат часу, каб нешта там выбраць. Можа і нічога ў гэтым дрэннага не было, але мая прырода не магла гэтага вытрываць. Я раззлаваўся, выйшаў на вуліцу і праседзеў на лаўцы нейкую гадзіну, а пасля абазваў іх «прынцэсай Дзіанай». Асабіста мне хочацца купіць, нават не прымераючы, абы менш рухаў, разважанняў, абы быў вынік, а не працэс.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Мужчыну патрэбныя кароткія перажыванні, а жанчыне – адносіны

Мужчына паўстае перад намі як той, у каго ўсё лагічна і ўсё разлічана, як той, хто не разумее кветак у прыбіральні альбо ваннай. Але, разам з тым незразумела, якой логікай кіруецца ён, калі прастойвае дзве гадзіны на стадыёне на футбольным матчы, або, яшчэ горш, глядзіць той матч па тэлевізары. Справа ў тым, што мужчыну патрэбныя кароткія перажыванні, ён не гатовы чакаць. Менавіта таму сярод наркаманаў прыблізна 80% – мужчыны, таксама і сярод алкаголікаў. Жанчынам цяжэй перажываць гэтыя залежнасці і цяжэй выходзіць, але мужчыны нашмат хутчэй паддаюцца ў рабства алкаголю ці наркотыкаў. Чаму? Таму, што не ўмеюць чакаць і шукаюць хуткіх перажыванняў у алкаголі, або, радзей, у наркотыках. Для гэтага ж ім таксама патрэбныя спартыўныя эмоцыі, а часам нават экстрымальны спорт. Тое ж самае і з сэксам. Мужчыну патрабныя моцныя кароткія перажыванні. Часта жанчына, якая згаджаецца на сэкс з чужым мужчынам, перажывае расчараванне і боль, бо яна чакала нечага большага, а мужчына проста хацеў парадавацца кароткай хвілінай. Ён, можа, і не пакіне яе, але будзе падтрымліваць стасункі для наступнай кароткай хвіліны. Чаго ж чакае жанчына? Найперш, адносінаў. Часта жанчынам, асабліва якія маюць ужо пэўны жыццёвы вопыт, зусім непатрэбныя сэксуальныя адносіны. Яны робяць гэта для мужчын, самім жа ім патрэбна, каб гэты чалавек проста быў, каб не адыйшоў, каб можна было да яго прыйсці, каб было з кім паразмаўляць, каб не застацца самотнай. Самотнасць – гэта асобная тэма. Жанчыне вельмі патрэбныя адносіны, ёй амаль немагчыма быць адной. Ёй патрэбны сябра, ёй патрэбныя вушы, якія проста выслухаюць яе, і яна не будзе адна. Менавіта таму ў першыя стагоддзі хрысціянства, калі нараджаўся манаскі рух на Егіпецкай пустыні, там былі тысячы самотных атшэльнікаў-манахаў. І гэта былі бадай выключна мужчыны. І не толькі таму, што на пустыні цяжка. Проста мужчыны інакш пераносяць самотнасць. Як правіла, дзяўчына, якая расстаецца з хлопцам і застаецца адна, нашмат цяжэй перажывае гэта.

З прычыны недахопу адносінаў жанчына вельмі церпіць. Нам здаецца, што спрэчкі ў сям’і – гэта самае страшнае. Не. Для жанчыны самае страшнае – гэта маўчанне, гэта калі муж прыходзіць дадому, а ты для яго быццам і не існуеш. Жанчыне вельмі патрэбныя любоў і ўвага. Часам даводзілася чуць гісторыі, калі жанчына, даведаўшыся, што ёй здрадзіў муж, «аддавалася» першаму лепшаму мужчыну на працы. Можа тут быць жаданне адпомсціць, але з іншага – тут агромністая эмацыйная рана з прычыны таго, што цябе адкінулі, што ты, як здаецца, не патрэбная. Для мужчыны сітуацыя здрады выглядае нашмат прасцей. Гэта можа быць слабасць, грэх, які больш ніколі не паўторыцца. Гэта не значыць, што муж збіраецца кінуць жонку ці завесці раман. Жанчына ж часта перажывае зусім інакш. Яна можа пайсці да іншага мужчыны нават крыху несвядома, не таму, што патрабуе сэксу, а таму, што хоча мець некага побач. Хоць бы і на кароткі час.

Вельмі часта жанчына, апранаючы кароткую спадніцу, хоча звярнуць на сябе ўвагу мужчын. Часта яна пры гэтым хоча не проста звярнуць увагу, а пабудаваць адносіны. Хлопцы, канечне ж, клююць на прывабны і сэксуальны выгляд жанчыны, але пра адносіны з іхняга боку зусім не ідзе гаворка, а толькі пра кароткае перажыванне, якое называецца сэксам, нават калі яно і будзе перыядычна паўтарацца. Часам дзівішся, як дзяўчына лавіла хлапцоў на свой прывабны сэксуальны выгляд і, урэшце, злавіла, а пасля сама ж здзіўляецца, што не складваюцца адносіны з яе маладым мужам. А ён, аказваецца, пра адносіны і не думаў. У яго разуменні ўсё нармальна, гэта яна абманулася.

Аднойчы я быў сведкам сітуацыі, калі ў аўтобус зайшлі дзве прывабныя дзяўчыны. Іх адразу ж зачапілі хлопцы, дзяўчаты пачалі смяяцца, какетнічаць, падміргваць. Ехалі ўсяго некалькі прыпынкаў. За гэты час адна дзяўчына сказала, што яе завуць Юля і дала свой нумар тэлефона. Яна выйшла. Хлопец запісваў на мабілу дадзеныя, называючы ўпаўголас: «Юля, (даруйце) б…». Сумняваюся, што гэтая Юля мела менавіта такія намеры.

Я не заўжды на баку святароў, якія не прапусцяць дзяўчыны ў кароткай спадніцы, каб не скрытыкаваць яе. Правіламі і наказамі гэтую тэму не вырашыш. Яе трэба разумець альбо адчуваць. Тэма сэксуальнасці для мужчыны часта іншая, чым для жанчыны. Дзяўчаты часта абураюцца, калі на іх сварацца за кароткія спадніцы. Але ці дзяўчына можа зразумець, што яе кароткая спадніца, як правіла, больш будзе спакушаць хлопца ,чым купальнік на пляжы?

Вялікая патрэба адносінаў – гэта, інакш кажучы, агромністы голад любові. У святле вышэй сказанага можна зразумець, чаму менавіта Марыя Магдалена сядзіць каля грабніцы Езуса і плача, нібы нечага чакае. Таксама становіцца больш зразумелай размова Езуса з самаранкай, якая мела шмат мужчын, а Езус абяцае насыціць яе голад.

Жанчына, якая мае агромністы голад любові і адносінаў часта здольная на такія штучкі, якія мужчына ніколі не зразумее. Яму застаецца проста прыняць іх і зрабіць адпаведныя высновы.

Адна такая «галодная» жанчына насварылася на мужа, што яго вечна няма дома, а сын часта плача. У выніку муж адразу ж вярнуўся раней дадому і ўзяў з сабой сына на вуліцу. Жанчына ж і надалей была незадаволенай, таму што на самой справе яе хваляваў не столькі сын, а тое, што яна адна, што муж на працы, а трэба ж ім быць разам і выхоўваць дзіця разам. Ці мужчына можа здагадацца, што адбываецца ў жаночай галаве?

Жанчына, якая прагне любові, часта гатовая на многія ахвярныя рэчы, гатовая служыць. Але калі не будзе атрымліваць чаканай любові, узаемнасці, пачынае мучыцца, часта перажывае дэпрэсію, расчараванне, боль і пачынае шукаць гэтай любові ў іншых месцах. Часам гэта грэшныя сэксуальныя адносіны з іншымі мужчынамі (хаця, як я ўжо казаў, жанчына можа і не мець патрэбы ў сэксе, а толькі менавіта ў адносінах), а часам гэта спроба замест насычэння схапіць хаця б крошкі са стала. Напрыклад, жанчына можа хацець заставацца хворай толькі для таго, каб на яе звярталі ўвагу.

Ёсць адна праблемка сярод каталіцкіх дзяўчат і жанчын, на якую асабліва хачу звярнуць увагу. Маючы агромністы голад любові і, згаджаючыся хаця б на крошкі, часам дзяўчаты не могуць адарвацца ад асяроддзя святароў і клерыкаў. Нібыта ўсім зразумела, што такія адносіны не маюць будучыні, яны і ёсць тымі эмацыйнымі крышынкамі, якімі не насыцішся, але яшчэ трошкі прадоўжыш. Канечне, здаралася, што такая ілюзія даводзіла да сэксу і нават эмацыйнай залежнасці, ці, сказаў бы, нават рабства. У большасці ж, аднак, гэта проста спроба насыціцца з дзіравай цыстэрны, як кажа Бог праз прарока Ерамію. Ведаю такую гісторыю, калі дзяўчына бурна карысталася з духоўнага кіравання аднаго святара, а пасля раптам знікла. Аказалася, што яна знайшла хлопца, а гэтыя ўсе «вялікія духоўныя праблемы» былі проста голадам любові, як сама пасля ў гэтым прызналася. Асабіста мне даводзілася перажываць сітуацыі, калі мне гаварылі «вялікія прароцтвы», а пасля аказвалася, што прадстаўніца прыгожай паловы насельніцтва проста патрабавала любові і ўвагі. Прычым не ўпэўнены, што ў гэтай справе жанчына разумее, што яна робіць і што з ёю адбываецца. А цяпер уявіце, што мне, як мужчыну, трэба было ў гэтыя хвіліны перажываць. Я ж то разумею логікай розуму, мне трэба ўсё раскласці па паліцах, назваць сваімі імёнамі, я ж не разумею, што тут нейкія нябачныя падводныя плыні. Больш за тое, гэта тэма можа ўвайсці ў сферу псіхасаматыкі і тады ўвогуле нічога не зразумела. Напрыклад, жанчына, якая прагне адносінаў, любові ці проста ўвагі, можа захварэць, пачаць перажываць надзвычайныя знешнія з’явы, якія бачаць таксама іншыя. Канечне ж, не спецыяльна. Проста ў сферы псіхасаматыкі моцныя эмацыйныя перажыванні аказваюць уплыў на нашае фізічнае цела. Менавіта таму нават нашыя духоўныя харызматычныя перажыванні (візіі, сны, падзенне «у Духу» і г.д.) не заўсёды маюць корань у Богу. Часам гэта можа быць проста непазнаная яшчэ жаночая прырода. У гэтай сферы я зусім не спецыяліст, проста даводзілася трохі сустракаць падобныя з’явы.

Паверце, я не хачу нікога напужаць. Проста, ёсць рэчы ў нашай прыродзе, якія мы не ведаем, і таму нават духоўныя рэчы патрабуюць часу для ацэнкі і для таго, каб праявіўся плён.

Ці толькі жанчыны настолькі галодныя адносінаў і любові? Вядома, не. Проста, мужчыны перажываюць гэты голад па-іншаму. Ім не столькі патрэбныя адносіны, а голад любові, як я ўжо казаў, яны заспакойваюць імгненнымі перажываннямі. Тут усё прасцей. Тут няма, як правіла, падземных плыняў. Галодны мужчына таксама хоча есці, згаджаецца часта на крышынкі і працягвае руку па алкаголь, залазіць у парнаграфію, іграе у кампутар, альбо безупынку глядзіць фільмы. Часам пабожныя каталіцкія хлопцы замест таго, каб пачаць рызыкаваць і прымаць адказныя рашэнні ў выбары адной і адзінай жонкі, задавальняюцца цёпленькімі і ўтульнымі размовамі з пабожнымі дзяўчаткамі. Але сустрэчы моладзі, пілігрымкі, рэкалекцыі не заменяць тых рашэнняў, якія трэба прыняць. Гэта толькі крышынкі.



МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Мужчына пануе, а жанчына падданая

І сказаў Бог Еве: да мужа твайго будзеш мець прагненні, ён жа будзе панаваць над табою… (Быц 3,16).

У гэтых словах адкрываецца нам таямніца адносінаў. Пра асаблівыя прагненні адносінаў, якія мае жанчына, мы ўжо казалі. Мужчына ж хоча выігрываць і здабываць, а жанчына хоча быць здабытай. У гэтым наша прырода. Менавіта таму мужчына любіць спорт не толькі глядзець, але і асабіста ўдзельнічаць, любіць пераконваць, даказваць, не суступаць, любіць азарт у розных формах, а хлопчыкі з дзяцінства гуляюць у вайнушкі, дзе адны выйграюць, а іншыя прайграюць. У гэтай прыродзе ляжыць жаданне мужчыны здабыць жанчыну. Менавіта таму некалі я прачытаў і паверыў, што калі дзяўчына прапануе хлопцу ажаніцца з ёй, то для хлопца – пішы прапала. Вядома, дзяўчына таксама хоча нейкім чынам здабыць хлопца, але, як правіла, гэта адбываецца зусім інакш. Яна, хутчэй, ненарокам будзе звяртаць на сябе ўвагу. Не кажу тут пра какетніцтва. Калі дзяўчына апранаецца, малюецца, размаўляе так, каб яе заўважылі і нехта захацеў здабыць яе сэрца – гэта нармальная рэч. Гэта прырода жанчыны. Але яна хоча быць здабытай. Хоча схавацца за ўпэўненымі плячыма, хоча схапіцца за адважную руку. Жанчыне не столькі патрэбна лідэрства, колькі бяспека. Часам мужчыны наіўна думаюць, што жанчыне патрэбныя твае мускулы ці грошы. Калі ты будзеш малым і без грошай, але здольны будзеш даць жанчыне ўпэўненасць і эмацыйную бяспеку – напэўна знойдзецца тая, якая захоча быць здабытай і схаваецца за тваімі плячыма. Апостал Павел у Пасланні да Ефесцаў піша, каб жанчыны падпарадкоўваліся мужам, а мужы каб любілі сваіх жонак ажно да гатоўнасці праліць за іх кроў, падобна, як Хрыстос памёр за народ. Некалі я пытаўся, ці гатовыя жанчыны падпарадкавацца і быць залежнымі ад таго, хто іх настолькі любіць, што гатовы праліць кроў і загінуць? Хіба што, усе выказвалі такую гатоўнасць – быць залежнымі.

Вядома, мы сустракаем шмат жанчын, якія не гатовыя дазволіць мужчыну панаваць, але гэта вынікае хутчэй з гісторыі жанчыны, якая павінна была браць сваё жыццё ў свае рукі, бо ад таты не было вялікага толку, або яго не было ўвогуле.Часам дзяўчына не дазволіць сабой кіраваць, таму што хлопцы проста не здольныя браць адказнасці і прымаць рашэнні. Яны маюць свае інтарэсы, баяцца нечага сур’ёзнага, зацікаўлены сваёй выгадай, напрыклад, у выглядзе сэксу, які ім пастаянна патрэбны. Усё гэта сведчыць аб тым, што ён, гэты мужчына, пакуль што любіць сябе, але не ўмее любіць іншага. Залежнасць жанчыны ад мужчыны будзе прапарцыянальна залежыць ад таго, наколькі мужчына сапраўды яе любіць і гатовы на ахвяры.

Асабіста мяне вельмі ўражвае залежнасць Дзевы Марыі ад яе абранніка святога Язэпа. Марыя мае паўнату Божай ласкі, як сказаў ёй Арханёл Габрыэль, паўнату дароў Духа Святога, мае асаблівае пасланніцтва і місію, а, разам з тым, у арганізацыйных момантах, такіх, як уцёкі ў Егіпет і вяртанне, Бог размаўляе толькі з Язэпам. Марыя ж яму пакорна падпарадкоўваецца. Чаму? Таму што Язэп даў ёй прастору эмацыйнай беспекі, даказаў, што любіць і, між іншым, нават, калі прыняў яе цяжарнай без лішніх пытанняў.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Мужчына пазнае свет вачыма, а жанчына вушамі

Для мужчыны важна тое, што ён бачыць, чаго можа дакрануцца, фізічна адчуць. Жанчына ўспрымае свет вушамі. Менавіта таму жанчына так цяжка пераносіць абмовы, плёткі, зайздрасць іншых. Яна ўпітвае ў сябе ўсё тое, што чуе. З аднаго боку, гэта дазваляе ёй хутчэй адкрыцца на Божыя справы. Напрыклад, жанчыне крыху прасцей паверыць у тое, што Бог яе любіць, што яна не адна, што яна некаму патрэбная і г.д. Калі для мужчыны будуць патрэбныя нейкія дадатковыя аргументы, то для жанчыны часта дастаткова будзе толькі пачуць. З іншага боку, жанчына нашмат цяжэй за мужчыну перажывае ўсялякі негатыў. Мужчына часта раззлуецца, але хутка і супакоіцца. Жанчына ж любіць насіць у сабе.

Менавіта таму хлопец павінен часта гаварыць сваёй дзяўчыне, што яна для яго важная, што ён яе любіць, што ён хоча стварыць сям’ю і г.д. Мужчыне цяжка зразумець гэтую логіку. Мы успрынялі інфармацыю і ўсё, яе не трэба больш паўтараць. У жанчыны інакш – яна павінна чуць зноў і зноў.

Некалі чуў ад аднаго хлопца, што калі хочаш расстацца са сваёй дзяўчынай, то проста перастань рабіць ёй кампліменты, хваліць і ўвогуле заўважаць.

Гэтая рыса жаночай прыроды тлумачыць, чаму жанчыне так шмат патрэбна размоваў. З аднаго боку – гэта жаданне адносінаў, а з іншага – успрыняцце навакольнага свету праз слых. Мужчына, калі прыходзіць з працы, часта хоча толькі спакою ў выглядзе гарбаты, газеты, тэлевізара і, найважнейшае, каб яго ніхто не чапаў. Жанчына можа быць не менш змучаная, але ёй, тым не менш, яшчэ патрэбныя адносіны і размовы.

Аднойчы я меў няшчасце ехаць некалькі гадзін у цягніку з двумя жанчынамі. Яны пачалі размову з абмеркавання сваіх бутэрбродаў, пасля была тэма надвор’я, пасля захапленне прыродай… і так дзве гадзіны. Я не ведаў, куды падзецца, і не разумеў, як можна так доўга размаўляць ні аб чым. Таксама не разумею, як дзяўчына можа выкласці здымак «У Кантакце», а пасля чытаць каментары, накшталт: ты красатуля, ты самая-самая, ты пупсік, ты заінька і г.д. Не зразумела, як можна гэта чытаць і для чаго выкладваць фатаздымак, а тым больш не зразумела, навошта на кожны гэты каментар адказваць. У такім выпадку самае простае для мужчыны – гэта сказаць, што «бландзінкі не так думаюць». Але гэтага мала. Трэба разумець, што жанчыны не так успрымаюць свет, як мужчыны. На мужчыне ляжыць вялікая адказнасць за тое, што ён гаворыць. Словам можна жанчыну падняць на духу, а можна параніць, знішчыць адносіны, а можна таксама зрабіць сваёй эмацыйнай рабыняй, гаворачы гару танных абяцанняў і кампліментаў. Заўважце, адкуль растуць ногі у так званай жаночай наіўнасці? Хлопец здрадзіў сваёй дзяўчыне, а пасля са слязьмі на вачах просіць прабачэння і абяцае, што ўсё будзе інакш, а пасля просіць дзесяты, пятнаццаты раз… І ты задаеш сабе пытанне, як можна быць такой наіўнай? Вушы. Уся справа ў вушах жанчыны. Некаторыя навучыліся іх выкарыстоўваць на сваю карысць.



Нехта заўважыў, што ўспрыняцце навакольнага свету вушамі дазваляе жанчыне больш чым мужчыне трымаць дваццаць справаў у галаве. Канечне, пры гэтым часта ўсё будзе перамешана, там не вядома, што галоўнае, і для таго, каб разабрацца ў гэтым, трэба дапамога мужчыны. З аднаго боку, гэта класна, што можна так шмат трымаць у галаве, а з іншага боку, калі гэтыя дваццаць думак чорныя, то нашмат прасцей трапіць у дэпрэсію альбо роспач.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Уплыў нашай гісторыі на нашу прыроду



Многія з вас могуць абурыцца, чуючы гэтыя вобразы мужчыны і жанчыны, якія часам не зусім нам адпаведныя. Я карыстаўся са свайго досведу, назірання, а таксама з досведу чалавека, якому сапраўды веру і які мае што сказаць. Але паказаныя вобразы – гэта, можна сказаць, ідэал. Веру, што такімі нас стварыў Бог і такімі хоча нас мець. Чаму гэты ідэал можа быць далёкім ад нас і здаецца нават недасягальным ці, для некаторых, няправільным? Бо мы, магчыма, усё жыццё жылі па іншых прынцыпах.

Агромністы ўплыў на нас аказвае асяроддзе, у якім мы знаходзімся. Гэта найперш нашы бацькі, браты і сёстры, грамадства, гэта тое, што мы бачым у тэлевізары, што чуем на вуліцы, што чуем ад вернікаў (а яны могуць быць рознымі) і г.д.

Паспрабую назваць некаторыя распаўсюджаныя формы ўплыву сям’і ці асяроддзя.

Асаблівая апека таты, або, найчасцей, мамы прыводзіць да таго, што малады чалавек не здольны прымаць самастойна рашэнні. Малады муж павінен быць адказным за сям’ю, а ён увесь час раіцца з мамай, або татам. Яшчэ цяжэй, калі ты быў адзіным дзіцем у сям’і і таму самым любімым і,вядома ж, самым ідэальным.

Вельмі часта здараецца, што дзяўчына, у якой бацька быў алкаголікам, таксама выйдзе замуж за алкаголіка. Я сустракаў гісторыі, калі жанчына ведала, што яна мае вялікія шансы выбраць алкаголіка і ўсё роўна яго выбірала. Гэтак жа, калі дзяўчына перажывала фізічнае насілле з боку бацькі, яна таксама можа выбраць мужа, які будзе яе біць. Дзейнічае нейкі нібы таемны гіпноз удава. Такая мышка ці жаба чуе яго шыпенне і ўсё роўна сама лезе ў пастку. Містыка? Не, канечне. Па-першае, ніякі ўдаў не займаецца гіпнозам – гэта міф, а па-другое, тут спрацоўваюць механізмы, якія нам вядомыя. Дзяўчына навучылася выжываць ва ўмовах, калі бацька п’яны ці агрэсіўны. Яна так вырасла, гэта яе асяроддзе. Таму з хлопцам, які п’е ці праяўляе агрэсію, яна то ўжо будзе ведаць, як сябе паводзіць. Ведае розумам, ведае інтуіцыяй, эмоцыямі. Тут усё вядома. Калі будзе хлопец з іншага асяроддзя – тут трэба будзе нібыта занава ўсё пазнаваць, тут невядомае, а ісці за невядомым – гэта страшна. А што, калі там будзе яшчэ горш?

Калі ў сям’і дзяўчына не перажыла дастаткова любові, то яна перажывае голад гэтай любові і гатова выскачыць замуж абы за каго, толькі б нехта яе ўзяў і звярнуў на яе ўвагу. Такую дзяўчыну не складана зачапіць таннымі кампліментамі ці найпрасцейшымі знакамі ўвагі. Вядома, што дзеці з прытулку ці інтэрната вельмі прагнуць знакаў любові: яны хочуць абдымацца, памятаюць твае словы. Яна адчуваюць, што іх кінулі і не ведаюць, за што, у чым яны вінаватыя. Яны прагнуць любові. Але калі такое дзіця вырастае, яно пачынае вучыцца выжываць – абманваць, іграць на эмоцыях, праяўляць агрэсію. Гэта тое самае дзіця, якое надалей не разумее і прагне любові, але цяпер пачалі працаваць зусім іншыя механізмы, чым 20 гадоў таму.

Калі дзяўчына была выкарыстана сэксуальна, або мела балючы для яе сэксуальны вопыт, то часта яна можа ўсіх мужчын успрымаць вельмі агрэсіўна, а кожны фізічны дотык як агрэсію супраць яе. Думаю, што многія феміністкі мелі некалі балючы сэксуальны вопыт.

Дзяўчына, якая не мела дома бацькі (па розных прычынах – бо піў, бо не было дома, бо не прымаў рашэнні, бо сядзеў у гаражы, на рыбе ці перад кампутарам), пачынае браць жыццё ў свае рукі. Яна ў нейкім сэнсе становіцца «жанчынай у штанах». Такія жонкі і дочкі вельмі актыўныя, хуткія, яны думаюць, амаль як мужчыны, яны вельмі карысныя ў грамадстве. Іх вельмі шмат – гэта з большага наша асяроддзе. Асабіста я, як святар, вельмі люблю такіх людзей. Але я не збіраюся жаніцца з імі! З імі добра працаваць, але цяжкавата жыць. Часта хлопцы крыху несвядома пачынаюць адчуваць, што нібыта ўсё нармальна, дзяўчына прыгожая, шмат зробіць для сям’і, але ім усё ж не хацелася б жаніцца, ідучы нібы на фронт, не хацелася б уваходзіць у вечныя спаборніцтвы, сферы ўплываў і г.д.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

Неабходнасць бацькі ў сям’і

Гэтая тэма не раз ужо з’яўлялася перад намі, але ўсё ж ёсць сэнс яе асаблівым чынам падкрэсліць. У прынцыпе, усе праблемы, якія мы імкнемся закрануць, выходзяць з адной – дома не было бацькі. Можа ён піў, можа адыйшоў, можа не цікавіўся сваімі дзецьмі, можа не выхоўваў, можа маці палічыла, што яна важнейшая і больш ведае, можа прыніжала мужа, нават калі ён і быў бесталковым, а ў выніку ён проста некуды там знік, хаця фізічна недзе там і быў, а можа нехта сказаў, што бацька не такі й важны… Не хачу шукаць вінаватых. Не асуджаю мужчын за іх грахі, не асуджаю жонак, што не ведалі, наколькі тата важны ў сям’і, а, тым больш, ні ў чым невінаватыя дзеці. Мяне цікавіць сама сітуацыя. Бацькі не было ў сям’і ў той меры, у якой ён павінен быў быць, і з гэтага пачынаюцца праблемы. Прычым не толькі дзяцей. Пачынаюцца праблемы ў жонак, унукаў, у асяроддзі, у Касцёле, у грамадстве.

Рыхтуючы гэтую тэму, а яна ўжо даўно наспявала, я як ніколі разумею трагедыю і ўтопію нашай цывілізацыі. Які сэнс хлопцу сустракацца з дзяўчынай, калі яны нават не думаюць пра сям’ю? Куды гэта вядзе? Часам жанчына хоча ў любым выпадку нарадзіць дзіця. Я, канечне не пра тое, што яго не трэба нараджаць, а пра сілу жаночага інстынкту: гэта будзе маё дзіця. І што з таго? Кім вырасце дзіця з любімай мамай і без таты? Пры чым тут гэтак званыя правы гомасэксуальных пар, якія хочуць дзяцей? І што будзе з гэтымі дзецьмі? Хто думае пра іх правы? Для мяне пытанне не ў тым, ці вы выйдзеце замуж і ці ажэніцеся, будуць у вас дзеці, ці не. Мяне хвалюе зусім іншае пытанне. Ці здольны ты будзеш выхаваць дзіця? Не проста спладзіць, а выхаваць, не праседзець гэты час перад кампутарам, на рыбе, з півам і сябрамі, ці наіўна спрабуючы апраўдаць сябе, што, маўляў, ты зарабляеш для сям’і грошы? Ці здольны ты быць мужам і бацькам? А дзяўчына… Ці гатовая ты дазволіць твайму любімаму стаць не самцом у сям’і, а бацькам і тваім мужам? Ці гатовая ты даверыць яму кіраванне сваім жыццём і жыццём твайго дзіцяці? Для маладых людзей нібыта найбольшая праблема – знайсці таго, хто згодзіцца з табою быць. І што з таго, калі знойдзеш? Як па мне, то нашмат важней не шукаць ідэальных прынцаў і прынцэс, а рыхтаваць сябе да сямейнага жыцця. Я нават не хачу разважаць пра любоў з першага позірку, не хачу нават думаць пра таго «адзінага ва ўсім свеце, што толькі для мяне», ўсё менш мне падабаецца «містыка», дзе Бог нібыта абавязаны знакамі і цудамі паказаць чалавеку ягонае. Мне больш імпануюць хлопец і дзяўчына, якія рыхтуюцца быць сям’ёй, якія сур’ёзна працуюць над сабой, а не чакаюць цудаў.

Адзін святар трапна заўважыў, што самцамі нараджаюцца, але мужам і бацькам трэба стаць, трэба навучыцца ім быць.



Што нам з гэтым усім рабіць?



Я ўсведамляю, што тэма для нас вельмі балючая, бо яна амаль без выключэння ўсіх нас закранае. Паказваю яе больш з Божага натхнення, але не магу даць залатых і простых рашэнняў. Не верце ў тое, што ёсць простыя адказы на складаныя пытанні. Часам Бог паказвае нам, як усё проста, але гэта Яго ласка і міласць, а не правілы, па якіх мы будзем далей жыць. На многія рэчы мы не маем уплыву, асабліва ў нашай гісторыі. Гэтак жа, як не асабліва маем уплыў на тое, што дзяўчатам ну проста, бадай што, няма выбару сярод кандыдатаў на мужа. Што ж рабіць?

Па-першае, не шукаць мужа любым коштам, калі яго няма. Магчыма, прыйдзе час і Бог яго пакажа, калі чалавек будзе вельмі таго жадаць і вельмі прасіць. Нашмат важней распачаць працу над сабой. Ты павінна быць гатовай да таго, каб стаць маці і жонкай. Ты павінна найперш стаць жанчынай. Хто ведае, можа Бог не дае табе мужа, бо ты проста не дазволіш яму быць татам, аўтарытэтам, лідэрам? Гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя. Ты не маеш уплыву на будучага мужа, але маеш уплыў на сябе як на жанчыну. Што ж рабіць? Напэўна, не чакаць, што святар табе скажа, як стаць жанчынай, што раскажа, як сачыць за сабой, як стаць прыгожай. Не чакайце, што вам усё на талерачцы пададуць. Вы самі павінны цікавіцца, што значыць – быць веруючай жанчынай, па вобразе Божым. Гэты «Вінаграднік» нічога не зменіць, калі вы не захочаце працаваць над сабой. Тое ж самае тычыцца і мужчын. Трэба пазнаць сябе. Хто ты такі? Кім павінен быць? Як табе падрыхтавацца да таго, каб быць татам і мужам? Як ты будзеш кіраваць сям’ёй, калі не можаш рашыцца на элементарныя крокі, дзе трэба рызыкаваць? Але ж ты маеш уплыў на сябе самога! Я веру, што на гэтым «Вінаградніку» ёсць шмат дзяўчат, якія спакойна для многіх могуць стаць абранніцамі. І веру таксама, што Бог благаславіць ваш выбар. Толькі ці вы гатовыя быць бацькамі? Гэтае пытанне і да дзяўчат, і да хлапцоў. Таму першы крок – пазнаць сябе, як табе стаць мужчынам ці жанчынай? Гэта тваё першае пакліканне ад Бога.

Другі крок – навучыцца любіць таго, каго ты не разумееш, любіць іншага. Для гэтага хлопцы павінны хаця б мінімум ведаць пра іншасць дзяўчат. Я заўважыў, што шмат гавару пра дзяўчат, і разумею чаму. Таму што ў хлопцаў усё прасцей. Многія канфлікты ў сям’і нараджаюцца з прычыны неразумення мужчынскай і жаночай логікі. Адна сям’я амаль распадалася, пакуль муж з жонкай не селі спакойна пагаварыць і пакуль не зразумелі, што яны абое вельмі перажываюць за хворага сына і хочуць яму дабра, толькі па-рознаму, згодна са сваёй прыродай. Вельмі важна зразумець, палюбіць і прыняць іншасць чалавека.

Трэццяя парада. Найчасцей мы бачым негатыўны ўплыў нашай гісторыі. Ён балючы і таму кідаецца ў вочы, але таксама з сям’і мы вынеслі шмат дабра, шмат чаму навучыліся. Важна гэта назваць і развіваць.

Чацвёртая парада. Ставіць перад сабой рэальныя мэты і рэальна ацэньваць сітуацыю. Напрыклад, ты не можаш змяніць таго, што твайго бацькі заўсёды не было дома.Так, ты цяпер такі, а не іншы, але ёсць сферы, якія магчыма рэальна змяніць ці працаваць над імі. Адны дзяўчыны некалі прызналіся, што яны так шмат праводзілі часу з клерыкамі і святарамі, што ў выніку нарадзіўся такі ідэал хлопца, якога проста амаль не існуе.

Пятая парада. Умець чакаць. Не называйце некага «мая дзяўчына», пакуль не зразумееце, што ідзяце ў напрамку стварэння сям’і, што вас яднаюць больш высокія рэчы, а не толькі эмоцыі і закаханасць. Змены прыходзяць вельмі марудна. Дзяўчаты не могуць праз сілу змяніць сваіх хлапцоў. Хлопец не хоча быць прыніжаным і здабытым. Сілком дзяўчаты і жонкі нічога не зменяць.

Шостая парада. Нельга ахвяраваць свайго шчасця ў імя таго, каб іншы быў шчаслівы. У сям’і гэта не працуе. Не можа дзяўчына ахвяравацца ў імя таго, каб абы яе хлопцу было добра. Сям’я – гэта саюз двух чалавек, а не аднаго. Сям’я – гэта здольнасць любіць іншага і дазвол любіць сябе.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)

 

Бязжэнства



Я так шмат распавядаю вам пра сямейныя адносіны, а сам застаюся і застануся без жонкі. Таму хочацца крыху асобна сказаць пра такіх, як я. Цэлібат ці шлюб чысціні – гэта асаблівы дар, а не спорт для спорта. І нават не магу сказаць, што гэты дар ажно такі часты. Ніякая сястра законная не перастае быць жанчынай. Ёй і надалей патрэбныя адносіны і псіхалагічная упэўненасць, бяспека. Усё гэта дае ёй Езус, якому яна шлюбуе вернасць, Яму адзінаму. Як правіла, дзяўчаты, што ідуць у ордэн, далёка не адразу даходзяць да такой свядомасці ці блізкіх адносінаў з Езусам, але да гэтага трэба дайсці, бо інакш жыццё стане катаргай. Шлюб чысціні складаецца не для таго, каб насіць хабіт ці весці заняткі па рэлігіі. Езус становіцца Жаніхом, а кожная прывязанасць да іншых мужчынаў у нейкім сэнсе становіцца сямейнай здрадай.

У шлюбе чысціні жанчына не перастае быць жанчынай і гэта павінна ведаць кожная манахіня. Проста яна пачынае ажыццяўляць сваё пакліканне маці і жонкі крыху іншым спосабам.

Тое ж самае і з манахамі і святарамі. Толькі Езус становіцца для нас сябрам і настаўнікам. У нейкім сэнсе Бога можна назваць нявестай і для мяне (бо Ён Бог – рысы мужчыны і жанчыны ў Ім яднаюцца), але псіхалагічна гэта цяжка зразумець.

У семінарыі нам казалі, што калі ты не выхаваеш сябе, каб быць добрым мужам і бацькам, ты не зможаш быць і добрым святаром. І з гэтым я абсалютна згодны.

Хто лепшы, жанчына ці мужчына?



Не ведаю. Можа ў каго з вас нарадзіліся такія пытанні. Вядома, мужчынам здаецца, што яны больш важныя, паколькі яны павінны быць і логікай, і мазгамі, і лідэрамі, і аўтарытэтамі. Аднак аднойчы падчас Святой Імшы ў часе, калі я падымаў келіх у моманце кансэкрацыі, я раптам падумаў, а чаму ўсё ж пад крыжам Езуса засталіся амаль што адны жанчыны? Аказваецца, логіка сэрца аказалася мацнейшаю за логіку розуму мужчынаў. Таму і Марыя Магдалена плача каля пустой грабніцы і просіць аддаць Яго Цела. А апосталы ў гэты ж час баяцца выйсці з пакою, бо зразумелі, што іх можа чакаць. Што важней, логіка сэрца ці логіка розуму? Адно без другога не можа існаваць.

МУЖЧЫНАМ І ЖАНЧЫНАЙ СТВАРЫЎ ІХ... (канферэнцыя)