вінград

Цяжка знайсці свядомага хрысціяніна, які не ведае, што Бога трэба паставіць на першае месца. Усё гэта вядома і да болю банальна. Аднак жыццё паказвае, што на практыцы мы і блізка не разумеем гэтага. Калі на Школе Хрысціянскага Жыцця і Евангелізацыі мы прапаноўваем удзельнікам прызнаць Езуса сваім Панам (г.зн. тым, хто пануе ў маім жыцці), то многія адкрываюць нешта новае для сябе.

 

 

 

Аказваецца, яны ходзяць у касцёл, моляцца, спаўняюць запаведзі, але ніколі не даверылі Езусу свайго жыцця. Для некаторых удзельнікаў Школы гэты момант становіцца пераломным, нягледзячы на тое, што яны заўсёды былі добрымі і практыкуючымі католікамі. Падчас гэтай чарговай сустрэчы “Вінаградніку” хачу паказаць яшчэ нешта большае. Езуса не толькі трэба прызнаць глабальна Панам і гаспадаром свайго жыцця, скажам так, назаўсёды, на ўсё жыццё, Яго трэба прызнаць гаспадаром кожнай дробязі, кожнага нюанса твайго жыцця. Гэта значыць, даць Яму першынство.

Калі мы аддаём Яму сваё жыццё, то чаго чакаем? Таго, што калі я, напрыклад, выракаюся граху і таму зараз усё наладзіцца, і Ён усім правільна пакіруе, і ўсё само сабой стане па-Божаму? Чакаем, што ўсё глабальна зменіцца раз і назаўсёды, а пасля гэтага вызнання нечакана робім агромністую колькасць рэчаў, нават не задаючы Яму пытанні, як Ён хоча, каб мы рабілі. Такім чынам мы вызнаём Езуса сваім Панам, але не дазваляем Яму панаваць у канкрэтных сферах нашага жыцця. Мы не пытаемся ў Яго, дзе нам працаваць, за каго выйсці замуж, ці ехаць на рэкалекцыі, ці ісці на дзень нараджэння, ці ісці на канцэрт, на што аддаць грошы і г.д. Гэтыя сферы часта Яму не падуладныя, хаця мы і вызналі Яго сваім Панам.

Нядаўна я пытаўся ў Яго, ці глядзець мне фільм. Нічога асаблівага, нічога грэшнага. Проста вызнаў Яго Панам над гэтай сферай майго жыцця. І пачалася мацнейшая “ломка”. Я зразумеў, што выбар стаіць паміж голасам гэтага свету (фільм) і Яго голасам (малітва, Слова Божае). Я баяўся, што Ён не зможа мяне “накарміць” адпачынкам, так як гэта рабіў фільм або піва. Я задаваў Яму пытанне: ці Ты можаш мяне накарміць, каб я супакоіўся? Я павінен быў скласці ў ахвяру свайго “Ісаака”. І падумаць не мог, што так цяжка будзе ў такой банальнай справе. А чаму так стала цяжка? Бо я гэтыя паўтары гадзіны свайго адпачынку рашыў паддаць Яго ўладзе, паставіць Яго на першае месца. Гэтыя пытанні і мучэнні давялі мяне да слёз! У выніку я каяўся перад Ім, што не магу паставіць Яго на першае месца ў такой малой справе. А што казаць пра нашых “Ісаакаў” у выглядзе грошай, працы, дзяцей, любімых нашых людзей, планаў на жыццё і г.д.?1

Паставіць Яго на першае месца і задаць Яму пытанне, як Ён хоча, каб мы рабілі ў нейкім канкрэтным выпадку – гэта не містыка. Не трэба асаблівага дару пазнання ці агромністага часу на распазнанне. Проста трэба шчыра спытацца і тым самым вызнаць, што Ён тут галоўны і я Яму падпарадкоўваюся. Думаю, што калі Ён не дае яснага адказу, то мы павінны рабіць, як запланавалі. Калі ж я задаваў Яму пытанне пра фільм, то не чакаў ні Яго адказу, ні таго, што гэта ўвогуле можа быць важнай справай. А аказалася, што гэтае пытанне адкрыла схаваныя балючыя праўды пра мяне і пачалася цэлая бітва.

Святы Ян Павел ІІ пісаў, што, зрабіўшы выбар адзін раз, трэба рабіць яго штодзённа. Падобна з вызнаннем Езуса сваім Панам. Мала гэтага зрабіць адзін раз на Школе. Ён павінен быць Панам у кожнай дробязі. Наколькі важна гэта зразумець! Можна ездзіць на Школу, залічваць усе рэкалекцыі па чарзе, прасіць аб малітве самых вялікіх харызматаў, але без разумення гэтай тэмы нічога не зменіцца.

Не так даўно аднаго майго знаёмага сустрэлі няшчасці. Дакладней, бяда прыйшла ў яго сям’ю. У добрай волі ён пачаў іх рашаць. Рабіў усё магчымае, не шкадуючы ні сябе, ні сродкаў. У выніку толкам нікому не дапамог і сам лёг на лапаткі ў адчаі. Усё рабіў сумленна і адказна, як прыстойны каталік, але вынік быў не надта Божы. Я стаў задаваць пытанне, дзе тут памылка? Адчуваў, што нешта тут не так. Пасля зразумеў, што мой знаёмы ў добрай волі ўсё рабіў сам. Ён думаў, што ўсё ад яго залежыць – яго ўласнае жыццё, яго сям’я, родныя. У гэтай сваёй трагедыі Ён не пакарыўся Езусу, які над усім пануе. Усё рабіў нібыта правільна, але без Езуса, не давяраючы Яму сітуацыі, стараючыся трымаць усё ў сваіх руках. Так часта робяць сузалежныя. Яны “ратуюць” найперш свайго залежнага ад алкаголю, “ратуюць” доўгі час, гадамі, а пасля такім жа чынам “ратуюць-кантралююць” усіх вакол – дзяцей, сяброў, калег на працы. У нейкім сэнсе пачынаюць верыць, што яны становяцца “месіяй” і ўсё ад іх залежыць. Такія людзі калі і звяртаюцца да Бога, то не для таго, каб даверыць Яму сітуацыю, а каб ён проста дапамог. Бог тут будзе не на першым месцы, а простым памочнікам. Добрая воля, але не хапіла пакоры і Бог не стаў на першым месцы, як гэта не парадаксальна гучыць. Гэта схема. Такіх гісторый шмат. Канечне, трэба намаганне, але яно не можа давесці чалавека да руіны і адчаю. Калі ж давяло – значыць, не прызнаў Яго Панам.2

Гэтая гісторыя між іншым натхніла мяне на больш глыбейшае разуменне тэмы першага месца для Бога. Я на канкрэтным прыкладзе чарговы раз убачыў як можна вызнаць Яго Панам глабальна, але не ў канкрэтнай сітуацыі. Падобныя рэчы часта назіраю падчас заступніцкай малітвы, калі людзі церпяць па прычыне магічных практык ці розных хваробаў. Чалавек нібы прыходзіць да Бога за помаччу, нібы і паддаецца Яго аўтарытэту, але калі капнуць глыбей, то часта аказваецца, што і блізка няма пакоры перад Яго планамі, няма пакаяння, пошукаў, трывалай малітвы. Для людзей галоўная мэта – рашыць праблему. Езус недзе ў гэтых гісторыях вельмі далёка, няма жадання прызнаць Яго Панам. Такім людзям вельмі складана дапамагчы, паколькі перш за ўсё Бог нас лечыць, ратуе і вызваляе, а людзі не хочуць паддацца Яго панаванню, шукаюць нібы прасцейшых рашэнняў у выглядзе аднаразовай малітвы святара.

Часам уражвае, наколькі Бог сам пра нас клапоціцца, калі мы паддаемся Яго панаванню. Адна жанчына, якая была апантанай пасля страшных магічных практыкаў, ехала на машыне на адну сустрэчу. Яна кіравала згодна з падказкамі навігатара. І невядома якім чынам гэты навігатар прывёў яе не на месца сустрэчы, а да касцёла, дзе адбылася першая малітва за яе вызваленне. Іншым разам дзяўчына з тымі самымі праблемамі не магла ні маліцца, ні быць на Імшы, ні трапіць да споведзі. І раптам, не вядома чаму, Езус дае ёй магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Аказваецца, Ён сам пра нас клапоціцца, Ён сам можа вырашыць нашыя праблемы так, як захоча. Адзін раз праз людзей, а іншым разам – напрамую. Але для гэтага трэба Яму пакарыцца ў найменшых дробязях, а не шукаць простых шляхоў.

А цяпер паразважаем пра тое, як мы шукаем адказы на нашыя розныя пытанні. Гэтыя адказы трэба шукаць, але трэба таксама ў пакоры прыняць, што гэта Ён дае адказы, а для гэтага выкарыстоўвае розных людзей, гаворыць у розным часе і рознымі спосабамі. Можа так быць, што дасць адказ праз шмат-шмат гадоў, а можа, што ў гэтым жыцці мы адказу так і не пачуем. Трэба ў пакоры прызнаць Яго першынство. Часам я здзіўляюся, што некаторым вернікам Езус так шмат рэчаў гаворыць і адкрывае, а ў некаторых выпадках маўчыць, а здаецца, што тут якраз найбольш патрэбныя Яго адказы. Гэта, здавалася б, нелагічна, але трэба прызнаць Яго панаванне.

Падобна калі рознага роду ўбогія прыходзяць за помаччу, то амаль на сто адсоткаў ніхто з іх не прыходзіць за помаччу да Яго. Яны чакаюць помачы толькі ад людзей. І тут ёсць сур’ёзная розніца паміж убогімі і Яго ўбогімі. Яго ўбогія – гэта тыя, хто прыйшоў са сваёй бядой да Яго, а не проста вырашыў пазбыцца сваёй бяды. Падобна можна сказаць і пра грэшнікаў. Езус прымае не грэшнікаў, а грэшнікаў, якія каюцца. Гэта агромністая і істотная розніца.

Як гэта не дзіўна, але ўсе гэтыя гісторыі аб’ядноўвае адна супольная тэма. Людзі нібыта і шукаюць рашэння праблемы рэлігійным спосабам і нібы ў веры, але з Богам лічацца ў большай ці меншай ступені нібы павярхоўна, Яму не ўдзяляецца першае месца. Многія гэтыя гісторыі паказалі мне важнасць дадзенай тэмы. Дадатковым пацвярджэннем, што тэма павінна прагучаць на “Вінаградніку” было таксама адно з апошніх пасланняў Марыі з Меджугор’я, дзе Божая Маці абяцае маліцца за нашае навяртанне, пакуль мы не паставім Езуса на першае месца. Заўважце, што навяртання патрабуе далёка не толькі той, хто жыве ў цяжкіх грахах, а той, хто не паставіў Езуса на першае месца.

3Месца для Бога ў супольнасці карынфянаў

Не ведаю да канца чаму, але нашую тэму асаблівым чынам хочацца разглядаць у святле Пасланняў да Карынфянаў. Апостал Павел піша не проста да звычайных хрысціянаў. У Карынфе сярод веруючых асаблівым чынам сваю прысутнасць праявіў Дух Святы. Там адкрыўся моцна дар моваў, дар прароцтва, іншыя харызматычныя дары. Здавалася, што гэта цвярозыя і святыя хрысціяне, можна сказаць, містыкі. Час аднак паказаў, што ні з кім хіба што Апостал Павел не меў столькі праблемаў, як менавіта з гэтай супольнасцю веруючых. Як гэта магчыма, каб быў такі кантраст: моцнае праяўленне Духа Святога і такія сур’ёзныя праблемы? Адкуль яны ўзяліся, гэтыя праблемы? Што было ў аснове і што гэта былі за праблемы?

Парадокс

Гэты парадокс, які праявіўся ў Карынфе, паказвае нам вельмі важную праўду. Бог дае нам крыху наперад. І нават калі Ён нам і адкрывае тое, чаго іншыя не маюць, то гэта яшчэ не сведчыць пра нашую святасць ці дасканаласць, а пра Яго дзіўныя планы, якіх мы не разумеем. Нехта трапна сказаў, што Бог, даючы нам харызматы ці нейкія асаблівыя духоўныя дары, вельмі моцна рызыкуе. Мы маем усе шанцы не выканаць ускладзенага на нас задання. Апостал Павел на гэтую тэму напіша: Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся (па прычыне аб’яўленняў) 2 Кар 12,7.

Нехта таксама трапна заўважыў, што Дух Святы залівае нібы падмурак пад будову, але ў пакоры трэба прыняць, што пасля трэба будзе мазольна працаваць і гэта будзе цяжкі працэс. Менавіта таму з аднаго боку сярод веруючых карынфянаў праявілася сіла Духа Святога, а з іншага Апостал Павел ганіць іх, здавалася б, за самыя элементарныя рэчы. Гэта пасланне паказвае нам, што можна мець духоўныя дары, але Хрыстос можа быць далёка тут не галоўны. Хачу для нашай тэмы проста скаментаваць некаторыя тэмы гэтага Паслання.

Адзінства супольнасці

Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні. Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі. Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: «Я – Паўла», «Я – Апалоса», «Я – Кефаса», «А я – Хрыста» (1 Кар 10,12).

Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы і ці ж не паступаеце, як людзі? Бо, калі адзін кажа: «Я – Паўла», а другі: «Я – Аполаса», ці ж не цялесныя вы? (1 Кар 3,3-4)

З аднаго боку не хочацца ідэалізаваць. Падзелы былі, ёсць і будуць. Калі ідуць спрэчкі паміж людзьмі, то далёка не проста сказаць, што адзін поўнасцю мае рацыю, а іншы не. Тэма падзелаў – больш складаная тэма. З некаторымі людзьмі проста немагчыма дамовіцца. Зрэшты, адзінства не было паміж Езусам і фарысеямі. Падобна не было адзінства паміж Апосталамі і рознымі групамі першых хрысціянаў. Пасля ў Пасланнях мы прачытаем, што некаторых нават трэба будзе аддзяляць ад супольнасці вернікаў. Якое тут адзінства?4

Тым не менш Апостал Павел прызывае да адзінства і паказвае Таго, хто павінен аб’яднаць: Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Евангелле, і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным крыжа Хрыстовага. Для тых, хто гіне, слова аб крыжы – гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, – гэта моц Божая (1 Кар 1,17-18).

Падзел у Карынфе між іншым узнік з-за таго, што новаахрышчаныя мелі сваіх настаўнікаў, якія давялі іх да веры, з рук якіх яны прынялі сакрамэнт Хросту. Магчыма, вучэнне гэтых настаўнікаў было крыху адрозным, бо кожны з іх меў свой досвед веры. Адсюль, магчыма, і нарадзіліся падзелы. Апостал Павел паказвае, што ўсе мы Хрыстовыя, што толькі Ён нас павінен аб’ядноўваць. Больш за тое, вобраз Хрыста ўкрыжаванага павінен зруйнаваць усе амбіцыі, якія нараджаюць падзелы.

Зразумела, што з падзеламі не ўсё так проста, але асабіста я перакананы, што шчырыя пошукі Хрыста знішчаюць падзелы. Мы не становімся ўсе такімі самымі, але, гледзячы на Хрыста, мы вучымся любіць, прабачаць, прымаць іншасць другога чалавека.

Магу гэта смела казаць з уласнага вопыту. Быў такі час, што я баяўся размаўляць з пратэстантамі, я спакойна нават фізічна не мог сядзець каля іх. Я лічыў іх амаль што ворагамі. Мая знаёмая пратэстантка некалі казала: «Брат, у цябе сэрца пастыра, але яно неспакойнае…» А я не мог ёй адказаць, што менавіта яна – прычына таго, што «яно неспакойнае». А яшчэ яно было неспакойнае ад таго, што яна называла мяне братам, а я такім сябе далёка не лічыў у адносінах да яе. Кожная размова з ёй і кожная сустрэча давалася мне з вялікай цяжкасцю. Часта мы не разумелі адно аднаго. Але было нешта важнейшае, што нас яднала. Гэта быў Хрыстос, якога і я, і яна шчыра шукалі. І гэты Езус зрабіў немагчымае – Ён знішчыў паміж намі падзелы і зрабіў братам і сястрой.

У гэтай тэме хачу многіх перасцерагчы ад наіўнасці. Я не пагадзіўся з пратэстанцкімі тэзамі, якія мяне раздражнялі. Я не кажу, што паміж намі няма розніцы. Я надалей бачу гэтую розніцу і яна для мяне істотная. Я не здрадзіў сваёй веры і перакананням, не адрокся ад таго, што для мяне важна ў імя спакою любым коштам. Проста я перастаў варожа глядзець на чалавека, перастаў асуджаць, стаў звяртаць увагу на тое, што нас аб’ядноўвае, а не дзеліць. Я прыняў сваю знаёмую з яе верай, а яна прыняла мяне з маёй. Гэта вельмі складаны працэс і Ён магчымы толькі тады, калі Хрыстос становіцца для нас галоўным. Менавіта таму я вялікі праціўнік таго, калі моладзь, якая не ўмацаваная ў веры каталіцкай, пачынае лётаць па імпрэзах у розных хрысціянскіх канфесіях, толкам не ведаючы свайго. Такая моладзь не ідзе ў напрамку адзінства, а проста губляе каталіцкасць. У адрозненні ад нас, такога нельга сказаць пра пратэстантаў, бо яны найчасцей добра ведаюць, у што вераць.

Адзінства – гэта не прыгожая ідэя, а вельмі складаны і доўгі працэс. У маім жыцці ішоў доўгі шлях ачышчэння. Спачатку праз знаёмую пратэстантку, пасля былі пастыры, некалі прапаведваў у пяцідзесятнікаў, пасля – пратэстанты ў вязніцы. Я вельмі выразна бачу ў гэтых гісторыях Божую руку, якая паступова вяла мяне.

Гэты самы працэс будавання адзінства вакол Хрыста павінен адбывацца і ў супольнасці веруючых каталікоў, і ў супольнасці, якой ёсць сям’я. Калі веруючы муж кажа мне, што не можа дайсці да ладу з веруючай жонкай, то мне хочацца адказаць, што нешта тут яўна не так. Як гэта магчыма, што два чалавекі, якія шчыра шукаюць Хрыста, якія выракаюцца свайго эгаізму і свайго “я”, якія прабачаюць, не могуць паяднацца? Гэта немагчыма. І менавіта таму Апостал Павел кажа: Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас (1 Кар 11,19). Ідзе размова пра тое, што падзелы павінны праявіць, хто ўгрунтаваны ў веры, а хто не.

5Цярпенне

Супольнасць у Карынфе, сярод якой праявіліся вялікія цуды, страціла воблік укрыжаванага Хрыста. Можна сказаць, што яны так моцна нібы адурманіліся ці ап’янелі “духоўным” поспехам, што забыліся пра тое, што Хрыстос, нягледзячы на людзкую славу, пацярпеў і прадказаў цярпенне сваім вучням.

Апостал Павел у некалькіх момантах спрабуе вярнуць вобраз укрыжаванага Хрыста і цярпення веруючых, якое, насамрэч, з’яўляецца часткай Божага плану.

Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, як людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы слабыя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны. Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і смагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім; калі нас зневажаюць, мы молімся. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль. Пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы вас як сваіх умілаваных дзяцей (1 Кар 4, 9-14).

Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства, а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён – Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць (1 Кар 1,22-24).

Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто. Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы (2 Кар 12,11-12).

Калі нас пачынае сустракаць рэлігійны поспех, як жа лёгка забыцца, што Твой Пан быў укрыжаваны, як жа лёгка Яго згубіць. Аднаму вядомаму пастару бізнэсоўцы падаравалі вельмі дарагі новы аўтамабіць. Калі ў яго спыталіся, ці гэта не занадта, пастар адказаў: няхай усе бачаць які вялікі мой Бог. Не хачу гэтага каментаваць, але як жа лёгка забыцца пра тое, што вялікі Бог быў укрыжаваны!

У багаслоўі нават з’явіўся тэрмін – багаслоўе поспеху. Паводле гэтых поглядаў, у нашым жыцці не павінна быць хворых, бедных, самотных. Тут няма месца на праблемы, бо Бог усё павінен рашыць. Заўважаю, што людзі, якія адкрылі ў сваім жыцці памазанне Духа Святога, вельмі лёгка трапляюць у пастку гэтых поглядаў. Можна сказаць, яны вырываюць з Евангелля тыя старонкі, дзе Хрыстос церпіць. Нешта падобнае здарылася ў Карынфе.

Блуд

Хіба не ведаеце, што целы вашыя – гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не! Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам [з ёю]? Бо, як сказана, двое будуць адным целам. А той, хто злучаецца з Панам, становіцца адным духам з Ім. Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела. Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым (1 Кар 6,15-20).

Гэта менавіта карынфянам Апостал павел нагадвае, што яны ёсць святыняй Духа Святога, што Дух Божы жыве ў іх. Карынфяне гэта павінны былі ведаць як ніхто іншы, бо перажылі такое, што не ўкладваецца ў галаве. Думаю, што большасць з іх былі свядомыя, што харызматы і цуды, якія сярод іх адбываліся, паходзілі не з людзкой сілы, а ад Духа Святога, які дзейнічаў у іх і сярод іх. Навошта ж тады Павел пра гэта нагадвае?

Проста гэта цудоўнае дзеянне Духа Святога не перашкодзіла, каб нехта спаў нават з жонкай свайго бацькі. Апостал ад такіх навінаў быў у шоку і пісаў, што нават язычнікі не здольныя на такое (1 Кар 5,1). Як такое магчыма?

Не буду спрабаваць адказваць на гэтае пытанне, таму што сам шмат разоў яго задаваў. Я бачыў лідараў, якія ў веры былі моцнымі прыкладамі для веруючых, а пасля пачынаўся блуд. Бачыў аніматараў, на якіх спадзяваўся, а пасля… Апостал Павел не адказвае на гэтае пытанне, але ёсць важная заўвага:

Але вы заганарыліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя? Вашае выхвалянне недарэчы. Ці ж не ведаеце, што малая закваска квасіць усё цеста? Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя. Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас! (1 Кар 5,2.6-7).

Павел звяртае ўвагу на тое, што праз гардыню і ганарыстасць з прычыны ўласнай “святасці” карынфяне перасталі быць пільнымі. Яны сталі талераваць сярод веруючых такі грэх.

Чым ёсць сэксуальныя грахі? Яны ніколі не пачынаюцца з вялікіх і страшных. Калі Езус кажа, што той, хто з пажаданнем глядзіць на жанчыну, ужо пачынае з ёй чужаложыць, то нам часта здаецца, што гэта няпраўда. Мы не ставім Езуса і Яго вучэнне на першае месца і нам здаецца, што мы самі ведаем, што страшна, а што не. І такім чынам найперш з’яўляецца эротыка, пасля парнаграфія, мастурбацыя, блуд, гомасэксуалізм. Як ні дзіўна, але гэта свае этапы граху.

Аднойчы мне давялося размаўляць з дзяўчынай з Еўрасаюза, якая была лесбіянкай, а праз два гады выйшла замуж за хлопца. На пытанне, як такое магчыма, яна адказала мне, што проста хацела паспрабаваць, як гэта яно ёсць. Гэта дзяўчына не адкінула блуд ад сваіх вачэй і вушэй. Яна слухала, што гавораць сяброўкі, чытала, глядзела сэксуальную прапаганду па тэлевізары і ў выніку рашыла паспрабаваць. Праблема ў тым, што яна павінна была адкінуць грэх ад самага пачатку, а яна не бачыла праблемы, не паслухала Езуса і Яго вучэння, не паставіла Яго вышэй за папулярныя погляды ў яе асяроддзі.

Нешта падобнае сталася і з веруючымі ў Карынфе.

6Служэнне

Вельмі шмат мне даводзіцца бачыць, як веруючыя, асабліва пасля Школы Евангелізацыі, мараць атрымаць нейкае служэнне. Што такое служэнне? Гэта значыць, прызнаць вяршэнства Хрыста і проста выконваць даверанае заданне. Гэта не азначае, маліцца за іншага і аздараўцяць яго, пабарматаць на мовах, павыганяць дэманаў, папрапаведаваць… Гэта значыць, проста выканаць нейкае заданне, якое Ён табе даверыў.

Апостал Павел піша, што мы Яму толькі дапамагаем. Ён жа – у цэнтры:

Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне. Хто садзіць і хто палівае – гэта адно, і кожны атрымае ўзнагароду сваю паводле працы сваёй. Бо мы – супрацоўнікі Божыя, а вы – Божая ніва, будоўля Божая. Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус (1 Кар 3,7-11).

Мы супрацоўнікі ў Божай будове, а Ён будаўнічы. Канечне, мы ўсе гэта добра разумеем і ўсе ведаем, што Бог павінен быць на першым месцы… Калі б мы сапраўды гэта ведалі, то для нас пасты на хлебе і вадзе, доўгія малітвы (можа нават і па начах) у інтэнцыі служэння былі б не чужымі. Калі мы не прыклаліся да таго, каб вымаліць Яго благаслаўленне, то гэта азначае, што мы спадзяемся на свае сілы, а Ён толькі дадатак для нашых планаў.

Не так даўно я зразумеў, што перад адной сітуацыяй мяне адольвае страх, а мне трэба служыць з верай, быць упэўненым у Яго прысутнасці і благаслаўленні. Я пачаў маліцца аб ачышчэнні сэрца, каб Ён мог дзейнічаць. Страх адышоў пасля таго, як я скончыў тры часткі ружанца і пачаў вяночак да Божай Міласэрнасці. Затое я вельмі добра разумеў, што сам я, без Яго дапамогі служэння і блізка не здольны несці.

Калі Хрыстос у служэнні не стаіць на першым месцы, то мы вельмі хутка змучаемся і разчароўваемся, бо не можам асягнуць тых мэтаў, якія перад сабой паставілі. а ніхто не сказаў, што мы павінны іх асягнуць. Мы выконваем толькі нейкую там частку ў Божай будове. Проста выконваем тое, што нам даручылі.

Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным (1 Кар 4,1-2).

Бог ад нас чакае толькі вернасці і паслухмянасці Яго планам.

Харызматы

У 1 Кар 12 апостал Павел паказвае, што Бое дае нам шмат розных дароў і харызмаў, але дае так, як сам хоча, а не як нам хочацца. Чаму? Таму што дары даюцца не для нашага задавальнення, а для служэння, і Бог ведае, дзе павінна быць дадзенае служэнне і хто яго можа выконваць. Галоўнае разуменне дадзенай тэмы ў тым, што дары не для нас, а для служэння Богу. І менавіта таму ў 1 Кар 14 Павел працягвае сваю логіку. Калі на малітву прыходзяць людзі, якія ні ў чым толкам яшчэ не разбіраюцца, то ты павінен думаць не толькі пра сябе, але перш за ўсё пра іх. Калі ты молішся на іншых мовах, то ты будуеш самога сябе, але ў іх нараджаецца здзіўленне, а нават думкі, што мы апантаныя ці псіхічна хворыя… Навошта такі цырк? Канечне лепш, каб на такіх малітвах, дзе ёсць новыя людзі, устрымацца ад сенсацыйных моваў, а накарміць людзей словам навучання, словам прарочым, каб яны зразумелі, каб слова прынесла плён.

У Апостала Паўла геніяльная і жалезная логіка. Не думай пра сябе, як табе лепш, а падумай пра іншага, пра тое, што ты служыш Хрысту. Што Яму спадабаецца: каб ты сам сабой радаваўся і нешта там перажываў, ці каб паслужыў брату словам, паказваючы яму добрую вестку і прызываючы да пакаяння?

У прыпавесці пра сейбіта і зерне Езус кажа, што калі чалавек не разумее пасеянага слова, то прыходзіць злы і вырывае тое, што пасадзіў Бог. Мы так часта задаем пытанні пра нашыя эмоцыі і перажыванні, што нават не звяртаем увагі на тое, што няма разумення Яго Слова і іншым, само сабой, не можам даць гэтага разумення. А паколькі не разумеем, то, значыць, і выканаць не можам. Менавіта таму Апостал Павел кажа, што дар прароцтва (г.зн. гаварыць ад Імя Бога) важнейшы за дар моваў. Ён не кажа, што дар моваў ці іншыя дары не патрэбныя, проста трэба ўлавіць глыбокі сэнс логікі Паўла, а гэта логіка ахвярнай любові да Госпада і Яго народа.

Гэтую логіку Апостала мне вельмі хочацца перанесці на многія сітуацыі, якія мы перажываем ці на Школе, ці на Вінаградніку. Бог праяўляе па-рознаму сваю прысутнасць сярод нас і не мне рабіць высновы ці судзіць пра гэта, але я не магу забыцца пра тое, што вакол мяне розныя людзі. Не магу сказаць: галоўнае я і “мой” Бог, а іншае мяне не хвалюе. Калі мне захочацца гаварыць гучна на іншых мовах, паскакаць, упасці падчас малітвы, пакрычаць і г.д., то я павінен задаць пытанне адносна прысутнасці іншых людзей, каторыя мяне не зразумеюць. Не магу казаць: мяне іншыя не хвалююць, бо гэтая логіка пярэчыць вучэнню Апостала Паўла (1 Кар 14).

Шчыра кажучы, я сам некалі часта казаў: будзь сабой, не звяртай увагі на іншых і г.д. Цяпер разумею, што так можна, але далёка не ва ўсіх сітуацыях. Можна там, дзе ўсе свае, дзе цябе разумеюць, дзе няма новых людзей.

Навучанне пра харызматы ў Апостала Паўла змешчана ў раздзелах 12 і 14. А паміж імі, нібы ў сэрцы, знаходзіцца аснова гэтага вучэння. У 13 раздзеле Павел, кажа, што можна мець усе харызматы, але без любові яны нішто. А што такое любоў? Апостал дае некалькі рысаў любові, але галоўнае тое, што любоў “не шукае свайго”.

Харызматычнае служэнне можа адбывацца толькі ў любові, г.зн. ты не шукаеш сябе, сваёй выгады, сваіх перажыванняў, а хочаш быць карысным для Бога і людзей. Гэта і ёсць –паставіць Хрыста на першае месца.

Чаму Пасланні да Карынфянаў?

Гэтыя праблемы, якія я спрабаваў скаментаваць, сустракаюцца ўсюды. Брак адзінства, жаданне схавацца ад цярпення, чужалоства і блуд – гэтыя праблемы паўсюдныя. Проста карынфяне пачалі лічыць сябе лепшымі, яны атрымалі нешта большае, нешта асаблівае, а ў выніку пачалі губляць тое, што галоўнае.

7Медытацыя над біблейскім фрагментам

На заканчэнне нашай тэмы хачу прапанаваць медытацыю або разважанне аднаго евангельскага ўрыўка. Крыху раней Госпад неаднойчы звяртаў маю ўвагу на гэтую гісторыю і я да канца не разумеў, чаму. Думаю, што яна як найбольш адпавядае нашай тэме. Заахвочваю не проста прачытаць гэтыя разважанні, але памаліцца і даць сабе час пабыць на размове з гэтай гісторыяй – з Госпадам.

Калі натоўп быў накормлены, Ён адразу загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!» (Мц 14,22-33).

Калі натоўп быў накормлены, Ён адразу загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей…

Гісторыя з хаджэннем па вадзе была справакаваная Езусам. Гэта Ён спецыяльна застаўся з людзьмі, а вучняў адправіў плыць на той бераг. Езус ведаў дакладна, што адбудзецца і Ён сам даводзіць да таго, каб Яго вучні перажылі сваю драму ў чаўне. Больш за тое, вучні ўжо мелі адно перажыванне. Толькі што Езус размножыў хлеб для 5000 чалавек, але аказалася, што гэтага цуду было не дастаткова, каб перамяніць сэрца, каб угрунтавацца ў веры. Павінна была здарыцца чарговая гісторыя.

Многія нашыя цяжкія гісторыі далёка не выпадковыя. Езус вядзе нас у нашыя буры. Лягчэй пра гэта казаць, калі гэтыя буры скончыліся і ты з перспектывы часу ўзгадваеш пра тое, што было і пачынаеш бачыць Яго дзіўную і незразумелую прысутнасць. Нашмат цяжэй, калі ты ў эпіцэнтры падзеі.

Узгадай тыя гісторыі, якія ўжо адбыліся, калі ён высылаў цябе ў буру, а сам нібыта заставаўся. Папрасі Духа Святога добра прааналізаваць тыя падзеі і ўбачыць Яго руку.

I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе»…

Вучні думалі, што бачаць прывід, крычалі ад страху, былі бязраднымі… Яго дзеянне можа аказацца вельмі гучным, страшным і нечаканым. Пётр пачуў голас Езуса, але не паверыў, што гэта Ён. Пётр ставіць умову: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Езус прымае сумнівы, страхі і няверу Пятра. Не здзіўляецца. Так трэба было. Прымае шчырае пытанне Пятра.

Падчас нашых бураў вельмі складана ўбачыць, што Ён тут недзе ёсць і ўсё кантралюе. Магчыма, трэба шмат такіх гісторыяў, каб мы паверылі, што Ён недзе тут ёсць. Калі гэта трэба, то можаш у пакоры вызнасць перад Езусам свае страхі і сумнівы.

Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць…

Пётр здольны ісці па вадзе да таго моманту, пакуль глядзіць на Езуса. Гэта не лагічна, гэта насуперак многім думкам тваіх блізкіх, але ён ідзе. Але як толькі Пётр адводзіць зрок ад Езуса, а ўключае логіку і бачыць ваду і вятры – адразу пачынае тануць.

Вось гэта самы, хіба што, моцны вобраз: наколькі важна глядзець на Езуса, наколькі важна паставіць Яго ў цэнтры. Без гэтага мы не тое што не зможам хадзіць па вадзе сярод буры, мы проста не зможам жыць. Што значыць для цябе глядзець на Езуса. Спрабуй гэта ўявіць і перажыць, размаўляй з Ім пра гэта.

Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»

Заўважце, што Езус дазволіў тануць, але не дазволіў пайсці на дно назаўсёды. Схапіў за руку. Нібы ў апошні момант. Настолькі важна не сумнявацца ў Ім.

Гэтая гісторыя здарылася з Пятром толькі таму, што ён адважыўся выйсці з чаўна, пачаў рызыкаваць. Многія ў такіх сітуацыях крычаць ад страху ў чаўне свайго жыцця, але не на што не рашаюцца, не выходзяць са свайго чаўна. Тут страшна, але тут усё вядома. І, само сабой, яны не навучацца глядзець на Яго, не дасведчаць Яго рукі, якая цябе падхопіць…  Часам можа пашчасціць, як пашчасціла іншым апосталам. Яны не выйшлі з чаўна, але сталі сведкамі і ў нейкім сэнсе прынялі ўдзел у гісторыі Пятра. Хоць нешта. Нібы аб’едкі са стала.

Езус, каторы хоча быць у цэнтры нашага жыцця ў самых дробязях, прыносіць мір, так як прынёс яго сваім вучням пасля Ўваскрасення. Для некаторых гэта былі першыя Яго словы пасля трагічных падзей. Езус нясе мір, але гэты мір магчымы пасля вызвалення ад няверы, ад страхаў, пасля нашых бураў. Думаю, што іншага шляху няма, бо Езус сам праз гэта прайшоў.