Многія, калі даведваліся пра назву нашага чарговага “Вінаградніку”, не ўтойвалі свайго здзіўлення. Яна сапраўды крыху дзіўная і нават правакацыйная. Гаворка перш за ўсё пойдзе пра старэйшага сына з прыпавесці пра міласэрнага Айца і блуднага сына. У нашым уяўленні гэты старэйшы сын можа і не дасканалы, але далёка не блудны, асабліва ў параўнанні да меншага. Не блудны і не грэшны ў якім сэнсе? У тым, што не нарабіў такіх грахоў, як ягоны брат. Але ў выніку ён не ўваходзіць у Дом Айца. Калі разумець, што блуд – гэта грэх, які аддаляе чалавека ад Бога Айца, то старэйшы сын, з усёй сваёй праведнасцю, становіцца таксама вельмі нават блудным.
І набліжаліся да Яго ўсе грэшнікі…
Для таго, каб зразумець прыпавесць пра міласэрнага Айца і праблему старэйшага сына, трэба зразумець увесь пятнаццаты раздзел Евангелля ад Лукі. У ім – тры прыпавесці пра міласць Божую. Усе яны гавораць пра тое самае, толькі кожны раз крыху па-іншаму. Гэты раздзел пачынаецца словамі:
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
Евангеліст паказвае нам на самым пачатку дзве групы людзей. Прычым, калі паспрабуем уявіць гэтую карціну, то можна з лёгкасцю прадставіць, што гэтыя групы абсалютна розныя. Яны паміж сабой у нейкім сэнсе нават варожыя, не разумеюць адзін аднаго, стаяць паасобку. І гэты падзел праяўляецца ў тым, што адны з іх набліжаюцца да Езуса, а іншыя не толькі не набліжаюцца, але выглядае на тое, што ім гэта і не трэба. Больш за тое, ім не трэба гэта самім і не хочаць чамусьці, каб іншыя набліжаліся, не разумеюць іх, наракаюць, асуджаюць. На самым пачатку перад намі вымалёўваецца нейкая дзіўная трагедыя.
Вядомы езуіт са Славеніі Іван Рупнік, каментуючы гэты фрагмент, пісаў, што ўсе людзі дзеляцца на дзве групы: тыя, каму патрэбна Божая міласэрнасць і навяртанне, і тыя, каго гэта не цікавіць. Ён таксама заўважае, што слова “набліжаліся” нагадвае нам трагедыю Адама ў раі, які схаваўся ад Бога, стаяў недзе з боку, не набліжаўся да Бога, нібы тыя фарысеі, што наракаюць. Асабіста мне хочацца дадаць, што фарысеі нават калі і нагадваюць сітуацыю Адама, то не да канца. Адам, у прынцыпе, адышоў ад Бога, схаваўся. Падобна зрабіў і малодшы сын, ён адышоў з дому Айца. Фарысеі ж не адышлі. Але яны стаяць збоку і не набліжаюцца. Гэта іншы духоўны стан. Гэта нібы стан нейтральны, які нас апраўдвае, бо мы ж нібыта не робім нічога дрэннага, але, разам з тым, гэта далёка не нейтральны стан. Фарысеі не набліжаліся да Яго. Маем тут пэўную форму каварнага падману. Бо можна быць цалкам неблагім чалавекам, але… без Бога.
Партрэт тых, хто стаіць збоку
Гэта вобраз людзей, якія стаяць на месцы, яны не робяць нічога дрэннага, не аддаляюцца, але і не набліжаюцца да Бога. Ці не нагдвае ён многіх вернікаў? Паспрабуем намаляваць партрэт такіх “праведнікаў”. У іх жыцці нібы ўсё наладзілася. Яны не грашаць, парадачныя, добрыя, часам праяўляюць учынкі міласэрнасці, камусьці дапамагаюць, даюць міласціну. Пра іх добра выказваюцца людзі. Можа іх многія і не разумеюць на працы, а нават па-свойму ганяць, бо яны, напрыклад, не п’юць, не крадуць і не займаюцца распустай. Для многіх у Касцёле яны з’яўляюцца пэўным аўтарытэтам і прыкладам праведнасці. Яны пабожна моляцца раніцай і вечарам усёй сям’ёй. Усёй сям’ёй нават стаяць на Імшы кожную нядзелю. Яны шукаюць свой грэх, бо так раяць ім на розных рэкалекцыях, і нават яго знаходзяць, але не надта ім лёгка ўзбудзіць шкадаванне, бо ўсё нутро падказвае, што гэтыя грахі – гэта звычайныя бытавыя пытанні. Таму за іх цяжка шкадаваць, асабліва, калі яны і так паўтараюцца. Для гэтых людзей праведнасць – гэта хутчэй самадасканаласць, перфекцыянізм. Яны не ставяць сабе мэты пазнаць Бога, пайсці за Ім, палюбіць Яго і нават загінуць за Яго. Калі яны і займаюцца тэмай граху, то толькі для таго, каб яшчэ больш удасканаліцца. Яны нават і перажываюць з прычыны граху, але не таму, што падвялі Бога ці паранілі Яго Сэрца, а таму што зноў ім не ўдалося, зноў не дасягнулі мэты, зноў не атрымалася быць праведнікам. Гэта праведнасць для самой праведнасці, без Бога. Тут нараджаецца ідал эгаізму і самалюбства, але гэты ідал апрануты ў хрысціянскія каштоўнасці. Для такіх людзей, калі шчыра назваць рэчы сваімі імёнамі, лічыцца толькі іхняе “я” і сям’я. І тая праведнасць, на іхнюю думку, у нейкім сэнсе павінна забяспечыць ім Божае благаслаўленне. Што ж да Бога, то Ён такім людзям асабліва і не цікавы. Такія людзі не ведаюць Сэрца Бога, бо і не хацелі ніколі ведаць. Менавіта таму яны не разумеюць радасці Бога з прычыны вяртання грэшнікаў. Не разумеюць, бо ніколі не хацелі ведаць Яго Сэрца, былі надта занятыя сваёй праведнасцю.
Часам, асабліва ў вялікіх гарадах, дзе ёсць шмат касцёлаў і парафій, можна назіраць існаванне г.зв. «элітарных парафій». Тут усе правільныя, адукаваныя, самыя разумныя, тут усё запланавана, няма нечаканых сцэнаў. Тут самыя ідэальныя хары, ну а міністранты ходзяць, нібы ваенны караул каля «вечнага агню». Вернікі з такіх парафій часта ганарацца тым, што яны менавіта сюды ходзяць. Яны не гатовыя ўспрымаць нічога іншага, баяцца ўсяго, чаго няма ў іхняй парафіі. Ранней мне такія парафіі падабаліся. Цяпер ад гэтай «праведнасці» мне пачынае рабіцца млосна. Адзін мой знаёмы святар некалі сказаў мне, што калі ў парафіі няма псіхічна хворых, смярдзючых бяздомных, калі няма алкаголікаў, былых вязняў і грэшнікаў, то гэта мёртвая парафія. У касцёле кожны павінен мець магчымасць знайсці для сябе месца. Гэта не месца для ідэальных лялькаў «барбі», а для жывых людзей з іх праблемамі і з іхнімі гісторыямі.
Асобна хочацца звярнуць увагу на адну рысу ў дадзеным патрэце. Нашыя “праведнікі” не толькі не маюць патрэбы набліжацца да Бога, але яны нават гэтага баяцца. Чаму? Таму што Бог можа парушыць іхні вобраз самадасканаласці, можа пахіснуцца ўсё тое, што яны будавалі гадамі. Адна рэч, калі ты пазнаеш грэх, але як невялічкі элемент у напрамку дасканаласці. Нібыта дробязь, якую трэба крыху падшліфаваць, а з большага усё нармальна. А іншая рэч, калі ты раптам пачынаеш разумець: як жа я далёка ад Айца! Ад гэтага становіцца вельмі страшна, і для многіх прасцей жыць у ілюзіях.
Страшна набліжацца да Яго таксама з тае прычыны, што ў Яго ўсё па-новаму, усё невядомае. Пабудаваўшы свой свет праведнасці, у цябе ж тут усё вядома. Ты нібы можаш прадугледзець, што будзе заўтра і праз гады. А з Госпадам часта бывае ўсё па-іншаму. Тут мала што вядома і праверана. Тут Абрагам павінен паднесці руку з нажом над сынам, павінен пайсці з верай у напрамку абяцанай зямлі, тут – хаджэнне па водах, тут Езус праходзіць праз зачыненыя дзьверы, тут сёння ты ў імя Божае пад громкія акляскі аздараўляе хворых, а заўтра ад цябе адварочваюцца, здраджваюць і забіваюць. Карацей, з Ім лёгка страціць стабільнасць і нават абавязкова давядзецца яе страціць. І ад гэтага становіцца страшна наблізіцца да Яго.
Я часам здзіўляўся, чаму веруючыя і правільныя католікі, асабліва з г.зв. “элітарных парафій” часам так баяцца Святога Духа… Адказ дае Езус у размове з Нікадэмам: Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа (Яна 3,8). З Духам Святым будзе шмат пытанняў, шмат чалавечай няўпэўненасці і ніякай стабільнасці. Многія на гэта не згаджаюцца, бо яны хацелі нечага дабіцца ў жыцці, а тут невядома… Думаю, што гэтаму вобразу вельмі будзе адпавядаць адзін верш, пра які я ўжо неаднаразова некалі ўзгадваў. Гэта трагічны вобраз людзей, якія з радасцю прымаюць добрую вестку, але не гатовыя на ахвярнасць, на рызыку, на няўпэўненасць…
ОРЁЛ
Этот день как и многие ныне
Был уныл безотраден и сер
Был у улиц раздетый усталый
Без надежды сумрачный вид
Плыл поток бессознательных судеб
Равнодушных нечаянных лиц
Было в них вместо глаз два колодца
Переполненных злобой обид
Но взлетел неизвестно откуда
Над толпой белокрылый орёл
Взмахом крыльев своих он коснулся
До земли склонённых голов
И от боли вскрикнули люди
Когда вскинув головы вверх
Увидали впервые небо
И бескрайнюю белую высь
Каждый плакал под небом беззвучно
Иль кричал от восторга когда –
Пролетал он над ними так низко
Что заглядывал им в глаза
И услышали чей-то Голос
Он вдали безутешно звал
Был как звон колокольный страшен –
Тихой тихой капелью звучал:
«Ты лети Мой посланник небесный
Укажи им дорогу ко Мне
Стань для них ты началом надежды
В этой сумрачной грешной мгле»
И летел он счастливый - и в небе
Оставлял за собой тонкий след
И бежали за ним чуть несмело
Те кто забыл горечь бед
Но приблизившись к Солнцу чуть ближе
Все услышали тихий стон –
Белых крыльев коснулся мгновенно
Долгожданный Солнца огонь
Он горел но горел терпеливо
И в глазах его видели свет
От которого птицы пели
И рождалась Любовь на Свет
И узнали люди что счастье
Не познать - до конца не сгорев
Задержали свой шаг –
испугавшись напрасно
И в безликую темень ушли
……………………
Чей-то Голос вдали
Звал людей безутешно
Говоря о Великой Любви
И на землю ронял ветер слёзы
Чуть слышно –
Белым белым ковром их стелил
Фарысеі, што стаяць збоку, маўкліва і з асуджэннем назіраючы за грэшнікамі і Езусам, прадстаўлены ў Лукі не толькі ў вобразе старэйшага сына, але таксама ў вобразе дзевяноста дзевяці справядлівых авечак:
Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
Гэта яшчэ адзін нюанс да нашага партрэту. Тыя, хто прыглядаецца збоку – гэта самотныя авечкі, якім, выглядае на тое, добра з іх самотнасцю і якія стаяць нібы статак – усе разам, усе нечым падобныя адзін да аднаго. Айцец Іван Рупнік трапна заўважыў, што фарысеі, якія стаяць збоку і наракаюць – гэта нібы тыя дзевяноста дзевяць “праведных” авечак у пустыні. Дзіўна гэта чуць, але чамусьці са сваёй праведнасцю яны засталіся без Пастыра і засталіся стаяць у пустыні – у агромністай самотнасці і расчараванні. Яны не пайшлі за Пастырам, не прынялі Яго місіі ратавання загубленых авечак, а значыць, не радуюцца разам з Ім, а значыць, не належаць да той групы сяброў Пастыра, якіх Ён кліча, каб радаваліся з Ім. Гэтыя дзевяноста дзевяць паводзяць сябе як статак. Яны падзялілі свет на “мы”, г.зн. правільныя, і “ўсе астатнія”. Гэта замкнёная група, задаволеная сабой, якая нікога не разумее і мала чым зацікаўленая, апроч саміх сябе і сваёй праведнасці. І калі згубленая авечка кліча свайго Пастыра, то гэтым Ён не патрэбны. Магчыма, яны нават не заўважылі Яго адсутнасці. Яны не маюць унутранага голаду, прагнення, у адрозненні ад блуднага сына, які, як кажа рускі пераклад “стал нуждаться”.
Дадатковым пацвярджэннем трапнага каментара Івана Рупніка будзе выказванне Езуса, што Яго авечкі чуюць голас свайго Пастыра і ідуць за Ім:
А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых» (Яна 10, 2-5).
Авечкі не стаяць на месцы, яны чуюць Яго голас і ідуць за сваім Пастырам. Ім мала быць проста добрымі авечкамі, ім патрэбны іх Пастыр. Больш за тое, яны нават распазнаюць Ягоны голас, яны маюць духоўны вопыт і ведаюць, хто можа прыкідвацца пастырам, распазнаюць падманшчыкаў. Гэтыя авечкі не кідаюцца на ўсё, што хаваецца за паняццем “рэлігійнае”. Яны ведаюць, што іх корміць, ведаюць, што для іх сапраўды важнае, яны цалкам залежныя ад свайго Пастыра. Як жа гэтыя авечкі адрозніваюцца ад тых “праведных”, што стаяць збоку і не ідуць за голасам Пастыра!..
А вось другая прыпавесць, пра праведных сяброў нашага Пастыра, якія ідуць за Яго голасам і якія радуюцца разам з Ім:
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца.
Анёлы радуюцца вяртанню грэшніка, знойдзенай драхме, бо анёлы – гэта Яго сябры, а не проста праведнікі. Яны ведаюць Яго Сэрца.
Набліжаючыся да Яго
Евангелле кажа нам, што набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі. Заўважце, што гаворка ідзе не пра хворых, якія шукаюць палёгкі і аздараўлення ад Езуса. Яны не давалі Яму спакою, бегалі за Ім натоўпамі, але часта за ўсім гэтым стаяла выключна асабістая выгада. Яскравы прыклад – гэта дзесяць аздароўленых пракажоных, з якіх толькі адзін вярнуўся пакланіцца Езусу. Толькі аднаго з іх зацікавіў Езус, а іншыя ўзялі сваё і адышлі. Цяжка сказаць, што такія самалюбныя хворыя набліжаліся да Яго. У нашым жа выпадку гаворка ідзе пра іншую катэгорыю людзей. Мытнікі былі багатымі і не мелі асаблівай выгады ў Езусе. І грэшнікі таксама. Калі яны набліжаліся, то яўна не для сваіх асабістых інтарэсаў. Гэта была патрэба ў Богу, патрэба вяртацца ў рай, патрэба ісці за голасам Пастыра ў Абяцаную Зямлю.
У адрозненні ад фарысеяў, ці авечак, якія стаяць збоку, тут ідзе размова пра тых, хто шукае Пастыра, хоча з Ім пазнаёміцца, хоча стаць Яго сябрам, а не толькі нешта атрымаць ад Яго.
Можна сказаць, што адным з першых, хто адважыўся наблізіцца да Яго, быў Майсей:
Моисей пас овец у Иофора, тестя своего, священника Мадиамского. Однажды провел он стадо далеко в пустыню и пришел к горе Божией, Хориву. И явился ему Ангел Господень в пламени огня из среды тернового куста. И увидел он, что терновый куст горит огнем, но куст не сгорает. Моисей сказал: пойду и посмотрю на сие великое явление, отчего куст не сгорает. Господь увидел, что он идет смотреть, и воззвал к нему Бог из среды куста, и сказал: Моисей! Моисей! Он сказал: вот я! И сказал Бог: не подходи сюда; сними обувь твою с ног твоих, ибо место, на котором ты стоишь, есть земля святая (Вых 3, 1-5).
Канечне, гэта ўсяго толькі вобраз, прыгожы вобраз. Але пасля ў гісторыі Майсея мы бачым, што ён сапраўды наблізіўся да Бога, ён падпарадкаваўся Яму, стаў Яго сябрам, Яго голасам і рукамі.
И говорил Господь с Моисеем лицем к лицу, как бы говорил кто с другом своим (Вых 33,11)
На маю думку, найбольш момант набліжэння Майсея да Бога праявіўся ў дзіўнай просьбе Майсея:
И сказал Господь Моисею: и то, о чем ты говорил, Я сделаю, потому что ты приобрел благоволение в очах Моих, и Я знаю тебя по имени. [Моисей] сказал: покажи мне славу Твою (Вых 33, 17-18).
Па чалавечых мерках, Майсей атрымаў ад Бога ўсё, што хацеў. Бог стаў яго сябрам, споўніліся многія малітвы-просьбы. Многія з нас пра гэта мараць. Што яшчэ трэба? А Майсей не за гэтым ішоў, ён хоча ведаць свайго Сябра, ён і надалей набліжаецца…
Я не ведаю, што дакладна азначае – бачыць Божую славу, але ўпэўнены ў тым, што ідзе размова пра пазнанне Бога без выгады для сябе. Пазнаць Бога такім, якім Ён ёсць, нават калі мне ад гэтага стане толькі цяжэй жыць тут, на зямлі…
Многім вернікам я кажу, што трэба пазнаваць грахі, прасіць Духа Святога, каб паказаў грахі і г.д. Найперш трэба мець канкрэтныя веды, што ёсць грахом. Само па сабе сумленне далёка ўсяго не пакажа. Трэба ведаць, што Бог называе грахом. Але нават тады, калі ведаем, мы часта не раскайваемся, не гатовыя адрачыся. Тут патрэбна сіла Духа Святога. З іншага боку, часам мы проста некаторых рэчаў не памятаем, забыліся. Дух Святы таксама нагадвае нам моманты нашай даўняй балючай гісторыі. Але прыходзяць таксама такія хвіліны, калі ты нібыта даўно ў веры, верна спаўняеш усе рэлігійныя практыкі, нібыта з усяго пакаяўся, нібыта і молішся Духу Святому аб пазнанні грахоў, але не бачыш іх, а раней бачыў. Можа, не так молішся? А можа, Дух Святы перастаў паказваць? Не здзіўлюся, калі гэта акажацца праўдай. І тут самы цікавы момант… А навошта табе бачыць грахі? Для праведнасці, для большай самадасканаласці, для лепшага самаадчування і самаўпэўненасці? Менавіта так мы пачынаем станавіцца тымі, хто стаіць ціхенька збоку – правільнымі, якія не ідуць за голасам Пастыра.
Чытаючы неяк адну кнігу, я ўбачыў, што многія Божыя служыцелі хацелі пазнаць Яго славу, нібы Майсей, хацелі ведаць Яго. Многія з іх нават баяліся рэлігійных поспехаў, каб яны не закрылі Таго, хто для іх такі важны. Аўтар гэтай кнігі пісаў, што перш чым пачнецца служэнне Госпаду, трэба пазнаць Яго славу, як пазнаў Майсей. І калі твая просьба будзе сур’ёзнай, а не толькі на эмоцыях, то Бог пачуе тваю малітву і пачне цябе ачышчаць. Майсей прайшоў свае этапы ачышчэння перш, чым стаў перад Богам. Ён забіў егіпцяніна, быў на выгнанні, перажываў здраду народа, асуджэнне, перажываў свае бунты і г.д. І толькі пасля ўсяго гэтага мог бачыць Яго славу. Каля Бога не будзе нічога нячыстага. Пра гэта Бог кажа ў Апакаліпсісе, кажа праз прарока Ісаю і Езэкііла.
Карацей, ёсць розныя этапы нашага рэлігійнага жыцця. Я часта кажу, што для таго, каб стаць хрысціянінам, трэба найперш стаць проста чалавекам. Гаворка пра элементарнае сумленне, дабрыню, парадачнасць, неабыякавасць. Без гэтага часта нават няма чаго і заікацца пра хрысціянства. Наступны крок – пазнанне таго, што Бог называе грахом. Тут ідзе размова не проста пра праведнасць агульначалавечую, а пра праведнасць таксама ў сэнсе рэлігійным. Але і гэты крок сканчваецца. Сканчваецца тады, калі ты зразумееш, што сама праведнасць не ратуе, гэтага мала, ты хочаш ісці далей… І тут мы пачынаем шукаць Яго. А калі Ён бачыць, што гэта сапраўды пошукі, Ён пачынае нас ачышчаць, пачынае намі займацца. Дух Святы пачынае паказваць грахі, але гэта зусім іншыя грахі. Табе не трэба ўжо на сілу ўзбуджаць жаль за грахі. Ты іх бачыш і табе проста становіцца сорамна і невыносна, хаця многія вернікі сказалі б, што тут нічога страшнага. Гэтае ачышчэнне і гэтыя пошукі Яго прыводзяць да таго, што ты перастаеш думаць і клапаціцца пра сябе, можна сказаць, паміраеш. Чым ёсць гэтая смерць? Напэўна, ідзе размова пра смерць для сваіх планаў, амбіцый, твайго “я”, але не толькі. Аўтар кнігі кажа, што калі ты штодзённа не стаіш гадзінамі на каленях, то працэс памірання яшчэ не распачаўся. І пры чым пачынаеш маліцца не для таго, каб нешта выпрасіць для сябе, або каб парадавацца за самога сябе, што столькі прамаліўся, а стаіш на каленях, бо інакш проста не можаш.
Усё гэта я разумеў нібыта раней. Тэма смерці для мяне таксама даўно адкрылася і вельмі моцна, агромністай сілай Святога Духа. Памятаю, што тады я напісаў ліст свайму сябру езуіту. Толькі нядаўна я даведаўся, што ён чытае гэты ліст усе гэтыя гады ў межах фармацыі ў навіцыяце езуітаў. Здавалася, што ўсё гэта я нібы ведаю і нібы сутыкнуўся. Толькі цяпер, чытаючы кнігу, было ўражанне, што адкрываецца нешта новае, нешта іншае. Я пайшоў у капліцу і стаў маліцца: “Пане Божа, я насамрэч толкам і не ведаю Цябе. Нібыта Табе і служу, часам спрабую ахвярна служыць, але я далёка не ўпэўнены, што ведаю Цябе. І не ведаю, што значыць – бачыць славу Тваю, але прашу Цябе аб гэтым, каб бачыць славу Тваю”. Я казаў, што не хачу перажыванняў, не хачу, каб мне было класна. Я казаў, што мне гэта не трэба, казаў, што проста хачу бачыць Яго славу як Майсей.
Не магу сказаць, што я паверыў у сілу гэтай малітвы. Гаварыў яе далёка не на эмоцыях і нават, здаецца, не з гарачым сэрцам. Гэта была, хутчэй, нейкая цвярозая малітва розуму і волі. Нічога асаблівага, як я і прадчуваў, не здарылася. Пайшлі наступныя дні. І тут… усё навалілася. Здавалася, што ўсё сыплецца з тваіх рук. Адна навіна была горшай за другую. Было ўражанне, што я з гэтым не спраўлюся. Усе гэтыя беды я чамусьці адназначна супаставіў з маёй малітвай і зразумеў, што Ён дае мне нейкае ачышчэнне, дае мне хаця б крыху пакаштаваць маёй смерці. Пасля нечакана я стаў бачыць грахі ў вельмі канкрэтных сітуацыях і шмат грахоў. Гэтыя сітуацыі былі і раней, проста я не перажываў, яны былі для мяне малазначнымі, апраўданымі, лагічнымі. А тут раптам я згубіў упэўненасць, спакой, стаў моцна перажываць. Ва ўсім гэтым я супакойваў сябе адным пытаннем: чаго ж ты хочаш, спакойнага жыцця, ці бачыць Яго славу і служыць Яму? Я разумеў, што гэтыя рэчы несумяшчальныя.
Уся гэтая гісторыя навалілася на мяне пасля таго, як я паспрабаваў пераключыцца з этапу самадасканаласці на пошукі Яго. І не прасіў Яго, каб паказаў мне мой грэх для самога граху, а прасіў, каб пазнаць Яго. Ён жа стаў паказваць грэх, які перашкаджаў набліжацца да Яго. Гэта быў момант не самашліфоўкі, а спроба пошукаў Яго.
Калі вы чулі пра тэму нашага “Вінаградніку” і разумелі, пра што пойдзе гутарка, то выпадкова ці не падумалі вы: Як класна! Я ўбачу яшчэ некалькі сваіх грахоў, а то толкам няма з чаго спавядацца, замучыў ужо спаведніка аднымі і тымі ж грахамі, пазнаю хоць нешта новенькае? А навошта іх пазнаваць? Каб быць больш дасканалым? Гэта не пошукі Бога.
Калі мы не зразумеем гэтага моманту, то толкам не зразумеем і Евангелля. Папа Бэнэдыкт XVI пісаў, што калі не зразумееш, што Евангелле кажа пра паслухмянасць Божага Сына свайму Айцу, то не зразумееш Евангелля ўвогуле. Многія людзі думаюць, што Біблія гаворыць нам пра наш грэх. Гэта толькі адзін з элементаў. Біблія паказвае, як вярнуцца да Яго, як знайсці Яго, а гэта не толькі тэма граху. У Евангеллі большасць рэчаў не датычаць граху і запаведзяў. Калі не паставіць сабе мэту набліжацца і шукаць Яго, то мы ніколі толкам не пачуем таго, што кажа Евангелле. Многія вернікі чытаюць, нібы казкі, тыя моманты, калі Езус вымагае дзіцячага даверу, шалёнай рызыкі, ахвярнасці, бескарыслівасці. Мы чытаем іх, і яны нас нібы не датычаць. Чаму? Бо не паверылі, што гэта ўсё для нас. Мы толькі хацелі пазнаць грэх і стаць правільнымі…
Адна з такіх гісторый, балючых і ачышчальных, здарылася ў нядзелю. Я прапаведваў людзям пра фарысеяў, якія не распазналі ў Езусе Месію, узгадваў пра прарока, які асуджаў Ізраіль, што не распазнаў часу, калі яго наведаў Бог. Пасля двух Імшаў выпадкова ў акне я ўбачыў хлопца, які бадзёра бег да маіх дзвярэй. Канечне ж, ён прасіў есці. Не ведаю, што мяне больш раззлавала – ці тое, што прасіў, ці тое, што бачыў я яго чарговы раз і збянтэжыла яго бесклапотнасць ды ўпэўненасць. Так ці інакш, я яго адаслаў, а пасля зразумеў, што, магчыма, сам не распазнаў, як Езус прыходзіў да мяне. Мне стала сорамна, пачало ламаць, я прасіў, каб Езус вярнуў яго, як некалі вярнуў аднаго бедняка па маёй просьбе і тады я аддаў яму свае зімовыя старыя чаравікі. Праблема была не ў тым, што я нічога не даў, а ў тым, што не запытаў у Езуса, не паставіў Яго на першае месца, не пачаў распазнаваць. Думаю, што Бог хоча, каб мы не проста давалі міласціну, але каб увайшлі ў гісторыю і праблему чалавека, які стаіць перад намі. І гэта самае складанае. Нам часам прасцей нешта даць і сплавіць праблемку, не разбіраючыся, як там і што, а пасля быць задаволеным, што споўніў абавязак добрага хрысціяніна. Мяне ад гэтых думак, што я прапаведваю важнасць распазнання прыходу Бога, а сам, магчыма, не распазнаў, пачало ламаць. мне хацелася пачуць параду, правільны адказ, хацелася, каб нехта апраўдаў ці падзяліўся вопытам падобных гісторый і перажыванняў. Хацелася знайсці дапамогу ў людзей, а сам вельмі ясна разумеў, што гэтую помач трэба было шукаць у Яго, а я свой чарговы шанец прапусціў… Суму дабавіла і Марыя Сімма, якую я не так даўно чытаў і якая ўзгадвала, як яна сустрэла стогадовую жанчыну, а аказалася, што гэта была чысцовая душа, якая прабывала ў чысцы за тое, што не праявіла ў свой час міласэрнасці. Пасля ўзгадаў Карла Карэтта, якому Бог дазволіў перажыць чысцец за тое, што не даў на пустыні беднаму коўдру. Усе гэтыя думкі і перажыванні мяне мучылі, паказваючы, наколькі я далёкі ад логікі Яго Сэрца з усёй сваёй праведнасцю.
Калі ставіш сабе за мэту пазнаць Бога, ісці да Яго, быць верным, а не проста правільным, то пачынаеш бачыць Евангелле зусім у іншым святле. Асноўная логіка Божага Сэрца – гэта логіка любові і прабачэння. Не выпадкова Пісанне кажа нам, што любоў закрывае шмат грахоў. Марыя Сімма ўзгадвае пра хлопца, які не быў прыкладным вернікам, але калі ў Альпах сыходзіла лавіна, ён кінуўся ратаваць людзей і сам загінуў. Яго душа аб’явілася візіянерцы і папрасіла ахвяраваць за яго збаўленне ўсяго толькі тры Імшы, што многіх здзівіла. Марыя Сімма тлумачыла, што такую агромністую сілу мае бескарыслівая і ахвярная любоў.
Я ўсё больш і больш пачынаю заўважаць розныя рэлігійныя элементы, якія далёка не заўсёды сведчаць пра пошукі Бога. Гэта згаданая тут самадасканаласцьі праведнасць для праведнасці. Часам мы кажам, што хочам служыць. Што за гэтым хаваецца? Не думаю, што ў звычайнай парафіі нельга знайсці служэння – прыбраць касцёл, папрацаваць у садзе, паслужыць старым ці хворым, бяздомным. Не думаю, што маці, маючы дзяцей і мужа, не можа знайсці сабе служэння. На сённяшні дзень я проста не магу нават тэарэтычна ўявіць, што ёсць месца на планеце, дзе я не знайшоў бы сабе служэння. А калі не знаходжу, а чакаю гэтага служэння, то пытанне – чаго ж я шукаю? Сябе, самарэалізацыі, нечага асаблівага, сенсацыйнага, вялікага, надзвычайнага? Цяпер я разумею, чаму мяне часта злавала фраза: Класна было на праслаўленні. Што хаваецца за такім выказваннем? Магчыма, досвед Бога, а магчыма, жаданне добрага перажывання, якое нічога не мае супольнага з пошукамі Бога. Ты можаш плакаць, смяяцца, падаць у Духу, а нават маліцца на мовах і прарочыць. І табе з гэтым добра, але гэта не сведчыць пра пошукі Бога і пра выбар. Мы ідзём на малітву заступніцтва і гэта цудоўна, сам на такую малітву часам запрашаю. Але ў некаторых выпадках такія малітвы цягнуцца гадамі. Мы ўсё “лечымся” і “лечымся”. Трывае нібы нейкі працэс несупыннай шліфоўкі. Больш за тое, нават узнікаюць дзіўныя формы залежнасці – пацыент і доктар. Ёсць святары, каторым знаходзіцца работа і яны соты ці тысячны раз запрашаюць на чарговы “сеанс”. Цікава, што ўсе бакі гэты працэс цалкам задавальняе. Я сапраўды цаню малітву заступніцтва, але можа варта ў пэўным моманце звярнуць увагу на нешта іншае?
Калі сэрца пачынае шукаць Бога, яно становіцца неабыякавым, а нават сказаў бы, неспакойным. Ты ўжо не можаш праходзіць міма многіх гісторый, так як раней праходзіў, будучы перакананым у сваёй прававернасці. Многія шукаюць Бога на розных рэкалекцыях, а мне хочацца сказаць, што Ён ёсць усюды – у вашых сем’ях, на працы, у “бесталковых” пробашчах, у “няверуючых” верніках вашай парафіі і г.д. Я не ведаю чаму, але мне здаецца, што многія гісторыі, у каторых ёсць Бог, мяне самі знаходзяць. Мне не трэба нікуды ездзіць. Калі я сваім вязням некалі сказаў, што, магчыма, некалі пайду служыць у спакойную і ціхую парафію, то адзін з вязняў стаў смяяцца і сказаў, што для мяне такіх парафій не будзе. І я зразумеў, што гэта праўда.
Хачу падзяліцца адным вобразам з жыцця. Ён вельмі каларытны і праўдзівы. Назаву яго “Гена, Андрэй і парасолькі”. Гена і Андрэй – гэта бяздомныя, якія начуюць у гарадской начлежцы для бяздомных. Прабываць яны там могуць толькі ўначы, а днём павінны недзе там блукаць. Канечне, ўсюды іх пагоняць. Летам блукаць прасцей, цяжэй восенню, калі дажджы, альбо зімовымі маразамі. Яны парадачныя, веруючыя пратэстанты. У буднія дні стараюцца знайсці хоць мінімум нейкай працы і нечым заняць сябе. Цяжэй у нядзелю. Неяк Гена папрасіў мяне нават, ці можна ім глядзець у касцёле па нядзелях нейкія фільмы, каб нідзе не бадзяцца. Гаворачы пра ўсё гэта, Гена ненарокам сказаў: У нядзелю мы ідзём на служэнне ў царкву, молімся, разважаем над Словам, вучымся жыць. Пасля служэння ўсе расчыняюць свае парасолькі і ідуць па хатах, дзе іх чакае абед і цяпло. А мы з Андрэем стаім перад царквой пад дажджом і чарговы раз думаем, куды нам ісці – направа ці налева.
Я не асуджаю веруючых, з якімі Гена і Андрэй штонядзелю сустракаюцца, ведаю, што гэта далёка неабыякавыя людзі. Проста гэты вобраз стаў для мяне надта выразным. Я нават не ведаю, што ў такіх выпадках трэба рабіць. Толькі гэты вобраз гаворыць адно – нешта тут яўна не так. Я не думаю, што кожнага беднага трэба карміць, не думаю, што мы вырашым глабальна матэрыяльныя праблемы. Але ўпэўнены, што калі ты ходзіш у Духу Святым, то тваё сэрца будзе неспакойным і ты пачнеш перажываць і шукаць выйсце.
Блудны і праведны
А яго старэйшы сын быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. І разгневаўся ён, і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
Урэшце дакранаемся вобразу старэйшага сына. Не здзіўляйцеся, што толькі ў самым канцы, але для разумення тэмы ён тут толькі адзін з вобразаў. Адразу хачу паказаць, што ён далёка не такі і праведны, як здаецца. Ён знаходзіцца нібы ў нейкім духоўным стопары, не ідзе наперад, не мае такой патрэбы, у адрозненні ад ягонага меншага брата. Ну а вось яго скрытыя грахі, грахі сэрца.
Нараканне. Гэта старажытны грэх. Мы, як правіла, не звяртаем на яго ўвагі, але Бог не талераваў наракання свайго народу на пустыні. За гэтым ныццём хаваецца грэх няверы, незадаволенасць, няўдзячнасць, слепата, слабахарактарнасць. Я заўсёды захапляўся людзьмі, якія не наракаюць і не ныюць. Гэта сведчыла пра тое, што перад табой сталы чалавек. Калі з сэрца веруючага знікае нараканне – гэта сведчыць пра яго адносіны з Богам і пра рост веры. Як у нас праяўляецца нараканне старэйшага сына? Я бедны і няшчасны, ніхто мяне не заўважае, у мяне дрэнная сям’я, трагічная гісторыя, нічога не перажываю на малітве, Бог мяне не выслухоўвае, Ён дае іншым, але не мне, я не ўмею маліцца, як іншыя, у нас дрэнныя святары, дрэнная ўлада, мы самыя няшчасныя і бедныя беларусы і г.д.
Зайздрасць. Біблія кажа, што з прычыны зайздрасці фарысеі выдалі на смерць Езуса. Таксама з прычыны зайздрасці д’ябла ў свет прыйшла смерць. Па маіх назіраннях, калі чалавек не дае рады з зайздрасцю, а распачынае хрысціянскае служэнне, напрыклад, стаў святаром, сястрой законніцай, служэнне свецкіх у розных рухах, то з гэтага часта вынікаюць самыя вялікія праблемы. Зайздрасць здольная надламаць многія Божыя справы.
Асуджэнне Бога. Гэты грэх нараджаецца з зайздрасці. У нашай гісторыі фарысеі асуджаюць Езуса за тое, што Ён прымае грэшнікаў. Фарысей Сымон (Лк 7) запрашае Езуса ў госці, а пасля асуджае Яго за тое, што прыняў яўнагрэшніцу. Падобна ў прыпавесці пра нанятых работнікаў на працу, што атрымалі тую ж плату за розныя гадзіны працы: частка з іх асуджае Гаспадара за тое, што Ён добры, асуджае з прычыны зайздрасці (Мц 20, 12-16). Старэйшы сын накапліваў свае крыўды, ён не выказваў іх. Чакаў узнагароды як наёмнік, не навучыўся быць сынам, але гэтыя чаканні выйшлі вонкі, калі ўсё накіпела. Ён не размаўляў з Айцом, а толькі будаваў свае планы, збіраў крыўды і нарашчваў прэтэнзіі да Айца. Ён рос у сваім эгаізме.
Вядомы польскі езуіт псіхатэрапеўт Юзаф Аўгустын кажа, што прабачэнне адбываецца на трох узроўнях – бліжняму, сабе і Богу. Раней для мяне гэта вельмі дзіўна гучала – прабачыць Богу. Прабачыць таму, хто не грашыць і не памыляецца… Ідзе размова пра тое, што боль трэба не насіць у сабе, а даставаць на святло. Асабіста я нават калі і ведаю, што Бог усё правільна робіць, я ўсё роўна скажу Яму, што мне балюча і што мне далёка не ўсё падабаецца, хоць і разумею, што Ён усё робіць правільна. Але мне трэба Яму сказаць. Вось гэтага не рабіў старэйшы сын, што дало вынік у асуджэнні Айца.
Асуджэнне брата. Асуджэнне Айца ідзе поруч з асуджэннем брата. Часта людзі, якія не ведаюць Сэрца Бога, будучы правільнымі як фарысеі, не здольныя прыняць памылак іншых. Напрыклад, веруючым бацькам цяжка прыняць незапланаванае дзіця іхніх дзяцей, або алкагалізм ці іншы цяжкі грэх. Вядома, што калі ты веруючы, то цяжкі грэх твайго дзіця – гэта вельмі балюча. Але тут ідзе размова пра непрабачэнне і асуджэнне, якое можа цянуцца гадамі, а можа і дзесяткамі гадоў. Ідзе размова пра асуджэнне сэрца, якое нараджаецца з незнаёмасці Сэрца любячага Айца.
Лепш быць меншым сынам?
Слухаючы гэтую тэму, можа ўзнікнуць перакананне, што меншаму сыну пашчасціла нашмат больш. Часам людзі пытаюцца: няўжо для таго, каб дасведчыць любові Бога, трэба так нізка ўпасці? Няўжо лепш быць блудным, марнатраўным сынам? Гэтыя пытанні лагічныя, але не ўсё так проста. Меншы сын пасля вяртання дадому, мае ўсе шанцы заняць месца свайго старэйшага брата. Часам здаецца, што калі Бог цябе выцягнуў з такога балота, то як пра такое можна забыцца і перастаць цаніць? Можна! Часам з жахам і здзіўленнем заўважаю, што не разумею людзей, якія маюць тыя ці іншыя праблемы, хоць шмат гадоў таму я сам быў на іх месцы. Аказваецца, пераход з катэгорыі меншага сына ў катэгорыю старэйшага не такі і доўгі.