Сапраўдныя змены адбываюцца толькі ў выпадку смерці старога чалавека і нараджэння новага. Гэта два асобныя працэсы, хоць часам можа выглядаць, што яны ідуць паралельна. Часта гэтая смерць не прыходзіць раптоўна, а крок за крокам, паступова. Гэтак жа і з новым нараджэннем – ты нібы пачынаеш нанова вучыцца жыць, нанова пазнаваць свет. З аднаго боку, табе здаецца, што ты нібы ўжо ўсё ведаў і ведаеш, але, з іншага боку, гэта ведаў стары чалавек, а цяпер нараджаецца новы.
Гэта вельмі дзіўны і цікавы працэс. Маю магчымасць назіраць гэты працэс у сваім жыцці. Дзіўна гэта гучыць, але пасля дзесяці гадоў майго святарства Бог вучыць мяне маліцца, працаваць, наладжваць адносіны з людзьмі, пазнаваць нанова, што прыносіць табе дабро і благаслаўленне, а што нясе пракляцце. Гэты працэс магчымы толькі пры ўмове, што мы згаджаемся не на «касметыку», а на смерць старога чалавека…
Значэнне нашай тэмы
Што самае важнае для хрысціяніна? Многія адказваюць: «Не грашыць». І ў гэтым уся праблема. Бо гэта далёка не самае галоўнае. Самае галоўнае – прыняць Бога як свайго Айца, скарыцца перад Ім, стаць паслухмяным, быць у Яго Валадарстве. А грэх – гэта тое, што нам не дазваляе ўхапіцца за самае галоўнае. Вызначыцца з мэтай нашага жыцця, жыцця верніка, мае агромністае значэнне. Справа ў тым, што многія перастаюць грашыць, але пасля нібы спыняюцца на паўдарозе. Ім здаецца, што яны дасягнулі сваёй мэты. Пачынаецца застой. Нібыта не грашаць, але, разам з тым, не прынялі Бога Айцом, не шукаюць Яго волі, не ўдзельнічаюць у Яго планах. Сёння даволі шмат хрысціянаў, але, паверце, Божае Сэрца вельмі церпіць, бо Яму часта няма да каго звярнуцца, няма рук, якімі Бог хоча паслужыцца ў гэтым свеце. Нашыя касцёлы поўныя «праведнікаў», але яны, так бы мовіць, у большасці праведныя самі па сабе, яны не вельмі і імкнуцца быць карыснымі для Бога, быць Яго рукамі.
Уявіце такі вобраз. Гэтыя «праведнікі» прыпудрылі свае твары і схавалі маршчыны. Канечне, гэта знешне выглядае можа нават і ніштавата. І некаму гэтага хапае, аднак, гэта далёка не тое, чаго хоча Бог. У размове з Нікадэмам (Ян 3,1-8) Езус кажа, што трэба нарадзіцца нанова. Нікадэм не разумее Езуса. Уся логіка падказвае, што для новага нараджэння, трэба каб стары «я» памёр, а нарадзіўся новы чалавек. Той жа «я», але не «прыпудраны», толькі абсалютна новы. Многія скажуць, што калі яны перасталі грашыць, то і сталі новымі, зусім іншымі людзьмі. І так, і не. Езус у размове з Нікадэмам далей кажа, што новы чалавек не толькі не грашыць, але пачынае нейкім дзіўным чынам слухаць голас Духа Святога. Новы чалавек становіцца вадзімым Святым Духам, хаця многіх рэчаў можа і не разумець. Новы чалавек пачынае распазнаваць голас свайго Пастыра і хоча быць для Яго карысным.
Такім чынам, мы наблізіліся да сутнасці нашай тэмы. Сапраўдныя змены адбываюцца толькі ў выпадку смерці старога чалавека і нараджэння новага. Гэта два асобныя працэсы, хоць часам можа выглядаць, што яны ідуць паралельна. Часта гэтая смерць не прыходзіць раптоўна, а крок за крокам, паступова. Гэтак жа і з новым нараджэннем – ты нібы пачынаеш нанова вучыцца жыць, нанова пазнаваць свет. З аднаго боку, табе здаецца, што ты нібы ўжо ўсё ведаў і ведаеш, але, з іншага боку, гэта ведаў стары чалавек, а цяпер нараджаецца новы.
Гэта вельмі дзіўны і цікавы працэс. Маю магчымасць назіраць гэты працэс у сваім жыцці. Дзіўна гэта гучыць, але пасля дзесяці гадоў майго святарства Бог вучыць мяне маліцца, працаваць, наладжваць адносіны з людзьмі, пазнаваць нанова, што прыносіць табе дабро і благаслаўленне, а што нясе пракляцце. Гэты працэс магчымы толькі пры ўмове, што мы згаджаемся не на «касметыку», а на смерць старога чалавека.
Яшчэ больш наша тэма раскрываецца ў Пасланні да Эфесцаў 4,20-24:
Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста, калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе, але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму аднавіце дух вашага розуму і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды.
Адкінуць старога чалавека
Найперш паспрабуем разабрацца з паняццем «стары чалавек». Рускі пераклад кажа «ветхий». Заўважце, што Біблія дзеліцца на Ветхий Завет і Новы. Вось як каментуе гэты падзел Пасланне да Габрэяў:
Ибо, если бы первый [завет] был без недостатка, то не было бы нужды искать места другому. Но [пророк], укоряя их, говорит: вот, наступают дни, говорит Господь, когда Я заключу с домом Израиля и с домом Иуды новый завет, не такой завет, какой Я заключил с отцами их в то время, когда взял их за руку, чтобы вывести их из земли Египетской, потому что они не пребыли в том завете Моем, и Я пренебрег их, говорит Господь. Вот завет, который завещаю дому Израилеву после тех дней, говорит Господь: вложу законы Мои в мысли их, и напишу их на сердцах их; и буду их Богом, а они будут Моим народом. И не будет учить каждый ближнего своего и каждый брата своего, говоря: познай Господа; потому что все, от малого до большого, будут знать Меня, потому что Я буду милостив к неправдам их, и грехов их и беззаконий их не воспомяну более. Говоря "новый", показал ветхость первого; а ветшающее и стареющее близко к уничтожению (Габр 8, 7-13).
Біблія кажа, што Стары Запавет не быў дрэнным, а быў недасканалым. Бог вымушаны быў вадзіць людзей нібы за руку: сюды нельга, гэта дрэнна, тое дрэнна. Але прыйшоў такі час, калі Бог заключае з чалавецтвам новы саюз, дзякуючы якому кожны сам зможа пазнаваць Бога, а Божыя законы будуць у сэрцах людзей.
Спадзяюся, вы заўважылі, што патрэба Новага Запавету – гэта як патрэба новага чалавека, новага нараджэння. Чалавек Новага Запавету, паводле Паслання да Габрэяў, ведае Божыя намеры і Божае Сэрца, гэта чалавек вадзімы Духам Святым, або, як кажа Езус, гэта той, хто нарадзіўся з вады і Духа. Стары ж чалавек (прадстаўнік Старога Запавету), ён толькі ведае, што можна, а чаго нельга, але не ведае жаданняў Божага Сэрца. Адзін вядомы тэолаг трапна заўважыў, што мы ніколі не зразумеем Старога Запавету, пакуль не ўбачым, што ён паказвае на старога чалавека, які ўсё яшчэ жыве ўва мне.
Для таго, каб адбылося новае нараджэнне, трэба адкінуць старога чалавека, трэба, каб ён памёр. Гэта неабходная ўмова. Менавіта таму, калі адбываецца чарговае непаразуменне паміж Езусам і фарысеямі, Божы Сын кажа ім прыпавесць пра тое, што не атрымаецца новае віно ўліць у старыя мяхі, падобна як немагчыма новую тканіну прышыць да старой.
Пасланне да Эфесцаў паказвае нам характар старога чалавека: знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Гэта асноўная рыса старога чалавека – ён поўны пажадлівасцяў. Гаворка ідзе не толькі пра сэксуальнасць, хоць гэта хіба што самыя крыклівыя пажадлівасці. Што нам кажа Біблія пра гэты характар старога чалавека?
Умілаваныя, я заклікаю вас як чужынцаў і вандроўнікаў устрымлівацца ад цялесных пажадлівасцяў, што ваююць супраць душы (1 П 2,11).
Ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда, асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць уладай Божай. Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесных істотаў (2 П 2, 9-10).
Асцерагайся юнацкай пажадлівасці (2 Цім 2, 22).
Бо і мы былі калісьці неразумнымі, непаслухмянымі, зведзенымі, служылі розным жаданням («рабы похотей») і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі агіднымі і ненавідзелі адзін аднаго (Ціт 3,3).
Апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці (попечение о плоти не превращайте в похоти) (Рым 13, 14).
Маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым. А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі (1 Цім 6, 8-9).
Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць (Як 1, 13-15).
Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці (Юды 1,16).
Такім чынам Біблія кажа, што пажадлівасці праяўляюцца ў сэксуальнай сферы, эмацыйнай (скандальны характар, гнеў, спрэчкі, хамства, нараканне, крывадушша). Гэта таксама дзяцінныя ці моладзевыя скандалы, розныя неапанаваныя пажаданні, празмерны клопат пра сваё цела, клопат пра матэрыяльны дабрабыт. Пажадлівасць з’яўляецца перамогай спакусы і нараджае грэх.
Што ўсе гэтыя рысы аб’ядноўвае? Пажадлівасць вынікае з жадання прыдбаць для сябе, паклапаціцца пра сябе. У нейкім сэнсе гэта эгаізм, але не да канца. Эгаіст не заўважае людзей вакол. Той жа, хто ў рабстве пажадлівасці, можа рабіць іншым дабро і перажываць за іх, але адначасна ён будзе ўвесь час клапаціцца пра сябе. Такому чалавеку ўвесь час хочацца нешта для сябе прыдбаць – даўжэй паспаць, смачней паесці, менш працаваць, не старэць, не хварэць, быць багатым, мець аўтарытэт сярод людзей. Такі чалавек вельмі засяроджаны на сабе. Ён не гатовы прайграваць і губляць, ён павінен увесь час розным спосабам абагачацца і расці ў плане матэрыяльным і эмацыйным. Такі чалавек не ведае, што такое аскеза, бо ў ёй трэба ад нечага адмаўляцца, не гатовы на большыя ахвяры і адрачэнне.
Многія з нас, чытаючы гэтае апісанне старога чалавека з яго пажадлівасцямі, скажуць, што гэта ўсе людзі такія, а ў тым ліку і я сам. І гэта праўда. Бо ў кожным з нас жыве стары чалавек са сваімі пажадлівасцямі. І калі нам на пачатку магло здавацца, што ішла размова пра сэксуальна разбэшчанага чалавека, то цяпер мы разумеем, што калі я не ўмею раніцай адмовіцца ад цёплай падушкі, цёплай вады, нечага салодзенькага, то пасля не змагу адмовіцца і ад інтэрнэту, і ад змарнаванага часу, і ад парнаграфіі, і ад мастурбацыі ці нават чужалоства. Гэта працэс, які ахоплівае сэрца і цела чалавека. І гэты працэс ляжыць на самым пачатку любога граху. Каін не адразу забіў Авеля. Спачатку ён злаваўся, зайздросціў, хацеў больш звярнуць на сябе ўвагу, можа лічыў сябе несправядліва пакрыўджаным, яму не хапала любові, увагі. А ў канцы гэтага працэсу клопату пра сябе ён забівае свайго брата. Я таксама вельмі сумняваюся, што грахі Садомы і Гаморы з’явіліся так сабе, адразу. Гэта быў той жа доўгі працэс неапанаваных пажаданняў рознага калібру.
Чалавек, каторы пад уладай сваіх пажадлівасцяў, не можа зразумець, чаму яму нехта загадвае, чаму некаму трэба быць паслухмяным, чаму нехта кіруе ці больш ведае, такі чалавек бунтуецца, калі чуе, што Бог нешта ў яго забірае «ягонае», ці проста забараняе. І тады вельмі часта ўзнікае пытанне: «Чаму мне нельга, калі так хочацца?».
Евангелле ад Яна паказвае нам, адкуль бяруцца гэтыя пажадлівасці:
Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго. Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага (вы хотите исполнять похоти отца вашего) (Ян 8,43).
Першы раз пажадлівасці праявіліся ў раі, калі д’ябал захацеў быць як Бог. Пасля тыя ж пажадлівасці мелі Адам і Ева, і ўсе наступныя пакаленні.
Такім чынам, асноўны момант разумення старога чалавека, які павінен памерці – гэта пастаяннае жаданне дбаць пра сябе ў абсалютна розных сферах. Як гэта ні дзіўна, але ў многіх нашых малітвах аб вырашэнні праблемаў, аб здароўі, аб мужы, аб дабрабыце можа гучаць голас пажадлівасці.
Як нам зрабіць «эўтаназію» гэтаму «старому чалавеку»?
Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом, каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для волі Божай (1 П 4,1-2).
Слова Божае кажа, што згода на нашыя цярпенні ў целе (можа быць аскеза або добраахвотная згода на выпрабаванне) павінна весці нас да жыцця па Божай волі. Тады ты менш клапоцішся пра сябе, а ўсур’ёз хочаш выканаць жаданні Божага Сэрца. Пішу «ўсур’ёз», таму што многія католікі моляцца аб спаўненні Божай волі, а насамрэч і блізка не хочуць Яму пакарыцца і саступіць ад свайго. Жаданне спаўняць Яго волю з’яўляецца прыгожай марай і не больш таго. Менавіта тут пачынаецца працэс памірання і нараджэння – ты пачынаеш адмаўляцца ад свайго, адразаеш ад сябе і адначасна шукаеш Яго волі, становішся залежным. І гэтыя пошукі Яго не абстрактныя. Найперш ты пачынаеш чытаць Евангелле, Новы Запавет і задаеш пытанне: «Як мне жыць сёння згодна з тым, што Ён сказаў?». Гэта першы крок нараджэння.
Аднавіць дух нашага розуму
Недаацэнены нюанс
Хачу звярнуць увагу на важны нюанс нашай тэмы. Для многіх хрысціянаў, якія шукаюць Госпада, чытаюць хрысціянскія кнігі, чытаюць Біблію, тэма смерці старога чалавека і нараджэнне новага – гэта не новая тэма. Аднак на практыцы для многіх гэты працэс не надта актуальны. Чаму? Таму што паміж смерцю старога чалавека і нараджэннем новага ёсць яшчэ адзін неабходны крок – аднаўленне духа нашага розуму. Канечне, нельга адназначна сказаць што меў на ўвазе апостал Павел. Нехта скажа, што гэта проста пабожная фраза, якая не нясе вялікай інфармацыі і не трэба тут штосьці выдумваць. Магчыма, але мяне некалі гэта тэма вельмі ўразіла і, даведаўшыся тое-сёе, хачу з вамі падзяліцца.
Нехта заўважыў, што калі мы не робім гэтага кроку, не дбаем пра аднаўленне розуму, то пакідаем злому адчыненую фортку, праз якую ён і надалей дзейнічае, не дазваляе нам насамрэч нарадзіцца нанова. Спрабуючы быць новым чалавекам, мы і надалей вяртаемся да старых звычак, якія проста прыцёрліся ў нашым розуме і ў нашай памяці.
Напрыклад, баязлівы чалавек вельмі шмат марыць, ён жыве ў сферы фантазій, таму што ў жыцці выглядае ўсё па-іншаму. Для яго фантазія і мары – гэта месца, куды можна ўцячы, дзе ён сябе адчувае ўтульна, там яму прыемна. Асабіста я, калі не мог справіцца ў дзяцінстве са сваімі страхамі, то марыў пра ката ў ботах – міфічнага смелага героя. Пасля любіў чытаць рыцарскія балады, легенды. «Чорную стралу» Сцівенсана я перачытаў разоў пяць ці шэсць. Калі хлопец школьнага ўзросту, напрыклад, баіцца падыйсці да дзяўчыны, а вельмі хочацца, то ў выніку пачынае марыць пра прынца, які ратуе ад дракона прынцэсу. Таксама і гэта праходзіў. Гэта – формы ўцёкаў ад рэчаіснасці. Калі такі чалавек перажывае навяртанне, спраўляецца з тымі ці іншымі грахамі, ён не перастае марыць, таму што ён прывык там, у гэтых фантазіях жыць. І як новы, веруючы чалавек, ты пачынаеш марыць пра хрысціянскі гераізм, мучаніцтва, містыку, евангелізацыю. Марыш пра тое, што гадзінамі будзеш стаяць перад Госпадам на каленях у малітве, у той час, калі выстаяць не можаш і паўгадзіны. Марыш пра прароцтвы і стыгматы, а можа нават і на рукі часам паглядваеш, а сам не ўмееш чытаць Божае Слова. Інакш кажучы, гэтыя мары і фантазіі засталіся, толькі прынялі іншы кшталт, але што да сутнасці, то яны і надалей з’яўляюцца ўцёкамі ад рэчаіснасці, гэта і надалей ілюзія.
Розум – не самае галоўнае для хрысціяніна, аднак, заўважце, што на пачатку Святой Імшы мы вызнаём «… што зграшыў я думкаю, словам, учынкам і занядбаннем». Грэх найперш нараджаецца ў думках і эмоцыях, якія павінны быць падпарадкаваныя нашаму розуму. У прыпавесці пра зерне Езус кажа, што калі чалавек не разумее пасеянага Слова, то прыходзіць злы і вырывае яго.
Барацьба за наш розум
Нехта трапна заўважыў, што барацьба за розум – гэта барацьба за ўладу над усім чалавекам. Заўважце, што Езус не збіраўся аздараўляць усіх і вырашаць іх праблемы, не збіраўся таксама задавольваць іх эмацыйныя патрэбы. Ён часам пакідаў людзей, каб ісці прапаведваць у іншыя месцы. Таксама апостал Павел скажа, што яго пакліканне не ў тым, каб хрысціць, але ў тым, каб прапаведаваць Евангелле. Заўважце, гэта важна. Таксама ворагі Бога маюць падобную тактыку. Большасць таталітарных сістэмаў, такіх як фашызм ці камунізм – гэта, між іншым, вынік філасофскіх поглядаў і прачытаных адпаведных кніг.
Можна смела сказаць, што за наш розум, за нашае мысленне, памяць, фантазіі ідзе барацьба. На наш розум уплывае наша гісторыя, асяроддзе (гэты свет), наша цела, наш несмяротны дух і Бог. Прычым злы дух спрабуе паўплываць на наш розум праз наша цела, нашу гісторыю і гэты свет. У Евангеллі ад Яна Езус кажа, што Яго авечкі ведаюць голас іх Пастыра, а за чужым не ідуць, бо не ведаюць яго голасу. Заўважце, не напісана, што голас чужака страшны. Не, ён можа аказацца даволі прывабным і мілым, але авечкі не ідуць за ім, бо проста не ведаюць гэтага голасу, ён чужы (Ян 10,1-5). Такім чынам, гэта вельмі важна – разабрацца і навучыцца адрозніваць голас Божы ад голасу маіх ідэяў, логікі, мараў, чаканняў, голасу гэтага свету, спакусы і г.д.
Як адрозніваць? Канечне, гэта досвед духоўны, а часта горкі досвед памылак. А, з іншага боку, важна нам адказаць на пытанне: «Каго я слухаю?».
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці? Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена (Рым 6, 16-17).
Каго я слухаю (каму таксама паслухмяны), таму я і аддаю ўладу над сабой. Я магу слухаць гэты свет (інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, фільмы, людзей на працы), магу слухаць сваё цела (незадаволенасць, амбіцыі, эгаізм, жаданне быць некім), магу слухаць сваё мінулае (увесь час у думках ці размовах вяртацца да сваёй гісторыі, насіць у сабе крыўды, асуджэнне, прэтэнзіі), а магу слухаць майго Пастыра (Біблія, малітва, выкананне Слова). Асабіста я ўсё больш і больш пераконваюся, што цяжка навучыцца слухаць нашага Пастыра, калі ты любіш нешта моднае ў сучасным свеце, калі глядзіш самыя папулярныя фільмы і серыялы, якія наскрозь прасякнутыя чужалоствам, крывёю, гневам, магіяй, калі падрад чытаеш папулярныя свецкія кнігі і газеты, калі не прапускаеш навінаў, хаця ўсё гэта твае веды не зменяць і наўрад ці, пачуўшы чарговы раз штосьці страшнае, ты кінешся маліцца. Ты проста прымаеш неспакойны і баязлівы голас гэтага свету. Часам хопіць толькі паслухаць людзей пра фінансавыя неспакоі і ты, на жаль позна, разумееш, што паслухаў не той голас. А часам (здараецца і такое) нават можаш паразмаўляць са святаром і пачынаеш разумець, што праз яго логіку гаворыць гэты свет і не больш за тое.
Мы перажываем, што нашыя блізкія не вераць, а часта і нам таксама далёка не хапае веры. Праблема ж не толькі ў тым, што чалавек не хоча верыць, а, між іншым, і ў тым, што не можа зразумець.
Калі ж і закрыта Евангелле нашае, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога (2 Кар 4, 3-4).
Для нас вельмі важна навучыцца думаць, так як думае Бог, а для гэтага трэба чуць Слова, разумець Яго і старацца жыць па Слову. Трэба правесці агромністую працу над тым, каб мець «розум Хрыста» і не слухаць чужых галасоў.
Ищите Господа, когда можно найти Его; призывайте Его, когда Он близко. Да оставит нечестивый путь свой и беззаконник - помыслы свои, и да обратится к Господу, и Он помилует его, и к Богу нашему, ибо Он многомилостив. Мои мысли - не ваши мысли, ни ваши пути - пути Мои, говорит Господь. Но как небо выше земли, так пути Мои выше путей ваших, и мысли Мои выше мыслей ваших (Ісаі 55, 6-9).
Цялеcны ж чалавек не прымае [таго, што] ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто. Бо хто пазнаў розум Пана, каб павучаць Яго? Мы ж маем розум Хрыстовы (1 Кар 2, 14-16).
Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае (Рым 12, 2).
Здабываючы розум Хрыста
Між іншым пакаянне вельмі цесна звязана са зменамі ў нашым мышленні. Не выпадкова пакаянне па-грэцку «мэтанойя», што даслоўна азначае «змена мышлення». Найперш чалавек павінен зразумець, што для яго зло, а што дабро, павінен зразумець і паверыць і зрабіць адпаведны выбар і рашэнне. Але вельмі часта людзі пачынаюць разумець і нібыта робяць адпаведны выбар, аднак грэх з часам усё роўна вяртаецца. Чаму? Таму што працэс змены мышлення павінен быў пайсці далей, а ён не пайшоў, пакаянне не пайшло ўглыб.
Напрыклад, я зрабіў пастанову, што ахвярую ўстрыманне ад алкаголю на год у пэўнай інтэнцыі. Але ў хуткім часе я купіў безалкагольнае піва. Нібыта нічога страшнага, але гэта думае ў табе стары чалавек. Ты заўсёды так рабіў. Перастаў піць піва і што цяпер? А памяць засталася, засталася звычка. Ты так раней з сябрамі адпачываў, а цяпер раптам аказваецца, што не ведаеш, як адпачыць. Тут не ідзе размова пра грэх ці зло, але пра спосаб мышлення яшчэ «старога чалавека». І гэтае мышленне можа выкарыстаць злы.
Гэтак жа, калі, напрыклад, дзяўчына мела праблемы са сферай чысціні. Яна перастае грашыць са сваім хлопцам, але і надалей думае як «стары неабноўлены чалавек». Яна апранаецца ў кароткія спадніцы, ёй хочацца быць у тых ці іншых кампаніях, рэстаранах, хочацца пазаігрываць з некім, у нейкім сэнсе здабыць нечы позірк. Гаворка ідзе не пра грэх і зло, а пра спосаб мышлення. Граху нібы і няма, але ўсё адбываецца недзе вакол яго. І можна ёй тлумачыць, што яе спадніца занадта кароткая, і яна нават прыме гэта з пакорай, але апране джынсы ў абліпку або блюзку «з намёкам».
Хлопцаў гэта тэма таксама датычыць, толькі крыху інакш. Хлопцы з мышленнем «старога чалавека» таксама ўмеюць звяртаць на сябе ўвагу, толькі па-свойму.
Такім чынам глыбокае пакаянне сапраўды звязана з глыбокай зменай мышлення, а не толькі спісам правілаў ці дысцыплінай. Такое пакаянне мы не здольныя перажыць самі па сабе. Гэта не нашае намаганне і не заслугі, а дар ад Бога, якога можна хацець, можна прагнуць, або згадзіцца прыняць яго. Пакаянне трэба вымаліць як для сябе, так і для іншых.
Спакойна настаўляць непрыхільных. Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі (с кротостью наставлять противников, не даст ли им Бог покаяния к познанию истины) (2 Цім 2, 25-26).
Але, нават перажываючы глыбокае пакаянне, мы і надалей будзем перажываць атакі на наш розум, толькі гэта ўжо будзе адноўлены розум, мы будзем вучыцца адрозніваць, што ад Бога, што ад мяне, а што ад гэтага свету.
Калі Бог пачынае Духам Святым асвячаць наш розум, калі мы пачынаем разумець Яго Слова, то Божае святло адкрывае пакрысе нам усё тое, што не Ягонае. Гэта прывядзе нас да пакаяння, але павінна прывесці таксама да вырачэння падчас прыватнай малітвы, калі мы паслухаліся не таго, каго трэба. Нашыя неўпарадкаваныя мары, фантазіі, эмоцыі – гэта згубленыя пазіцыі падчас бітвы, якія трэба адваяваць у злога. Мы гэта робім у Імя Езуса, сілай Яго Крыві. Мы забіраем уладу над сваім розумам, якую некалі самі ж аддалі.
Хачу паказаць гэта на вельмі цікавым маім назіранні. Падчас працы з псіхолагамі або падчас псіхатэрапіі (асабліва на Захадзе) часта распаўсюджана, што чалавек павінен выказаць іншым свае крыўды, зраненасць, прэтэнзіі. Нібыта гэта і дапамагае чалавеку, але часта толькі на кароткі час і на самым пачатку. Праходзяць годы і час паказвае, што такія людзі не толькі толкам не вырашылі сваіх праблемаў, але знайшлі чарговыя і крызіс паглыбіўся, хаця крыху па-іншаму. У чым тут справа? Праблема ў тым, што ідзе размова пра чыста свецкае, мірское вырашэнне праблемы, а не духоўнае, не з Госпадам. Такое вырашэнне праблемы ў нейкім сэнсе не закранае глыбіні сэрца і розуму. Яно проста мірское. Насамрэч, па свецку часта можна вельмі проста ўсё вырашыць – плюнуць на сям’ю, дзяцей, працу і проста некуды ўцячы, бо так прасцей. Гэта вырашэнне, але мірское. Вельмі прыкра, калі выключна мірскім голасам часам спрабуюць вырашаць свае праблемы святары і манахіні. Інакш кажучы, проста выкінуць некаму свае болі і крыўды – гэтага мала. Нават калі іншы чалавек і сапраўды вінаваты, то гэта я дазволіў, што дух асуджэння, наракання, непрабачэння, крыўды і злобы закраўся ў маё сэрца. Гэта я даў такую ўладу і павінен зараз паспавядацца і адрачыся ад таго злога, якому дазволіў дзейнічаць. Так думае абноўлены розум.
Калі мяне раней цікавіла толькі тое, хто правы, а хто вінаваты, то цяпер перада мной зусім іншае пытанне: «Чаму я злуюся і дазваляю эмоцыям злосці асуджаць гэтага чалавека, каторы зрабіў памылку?». Гэта мая праблема. У такіх выпадках я выракаюся ў Імя Хрыста духа злобы, асуджэння, гнева, прызываю Кроў Хрыста, каб ачысціла мяне і прашу супакой для сэрца. Гэта вельмі дзіўна, але менавіта пасля такога змагання Бог нечакана дасць спакой і нават вырашыць сітуацыю. Аказваецца, Бог вельмі часта вырашае сітуацыю ў спакоі!
Такое вырачэнне павінна быць не агульным (ад усяго зла на свеце), а вельмі канкрэтным, бо былі адчыненыя канкрэтныя форткі, альбо дзверы. Гэта можа быць спосаб мышлення сям’і, нейкія нават звычкі. Могуць быць словы, якія мы пачулі ў наш адрас, г.зв. слоўныя пракляцці, асуджэнне, словы нянавісці, гневу, зайздрасці і г.д. Гэта могуць быць неўпарадкаваныя пачуцці – страх, закаханасць, злосць, крыўда, зайздрасць, амбіцыі і г.д. Асабіста я часам меў магчымасць назіраць, што нечакана перажываю страх, але гэты страх нейкі нібы не мой, нібы знешні. Хутчэй за ўсё гэта атакі, ад якіх таксама трэба выракацца ў Імя Езуса, а не проста ціха назіраць за імі. Увесь гэты багаж, а таксама шмат іншага пачынае давіць на наш розум і патрабуе прыватнай і асабістай малітвы вырачэння і пакаяння.
Яшчэ адзін вельмі важны нюанс. Гэтага ніхто і ніколі не зробіць за нас. Цікава, але ёсць некалькі сведчанняў, што мы нібыта нават не павінны маліцца, каб Бог ачысціў, каб проста зрабіў гэта за нас. Я, асабіста я павінен забраць уладу над сабой і сваім розумам, каторую некалі некаму аддаў. Бог благаслаўляе, падтрымлівае ў гэтай малітве і таму мы робім гэта ў Імя Езуса Хрыста і сілай Яго Крыві, але робім мы, а не нехта за нас. Гэты нюанс цяжка адназначна праверыць, але ён узнікае перада мной асабіста ўжо некалькі разоў.
Вытрываць у свабодзе
Пра тое, што барацьба – гэта працэс, а не аднаразовая бітва, мы разважалі ўжо не раз. Гэта сапраўды працэс на розных стадыях нашага памірання і новага нараджэння, і на яго трэба згадзіцца. Ва ўсім гэтым працэсе важна назіраць за сабой і адказваць на пытанне: «Каго я слухаю і што мяне корміць?».