1У  хрысціянскайтрадыцыі падрыхтоўка да смерці заўсёды мела вялікае значэнне. На некаторых касцёлах ці кляштарах пры ўваходзе пісалі “momentomori” (памятай пра смерць), некаторыя святыя на абразах намаляваныя разам з чалавечым чэрапам. Ёсць практыка рэкалекцый, якія, між іншым, рыхтуюць да смерці. У Польшчы ў марыянаў кожны дзень духоўнай засяроджанасці сканчваецца невялічкай малітвай падрыхтоўкі да смерці. Такім чынам, быць гатовым да смерці і не баяцца думаць пра яе – гэта глыбока ўпісана ў каталіцкую духоўнасць.

 

Ці гэтая тэма для ўсіх?

Большасць веруючых мае большы ці меншы страх перад смерцю. І, можна сказаць, гэта нармальна. Абсалютная адсутнасць страху і хвалявання перад смерцю можа сведчыць альбо аб дасканаласці веры, альбо аб абсалютным бязвер’і.

Сустракаючыся з людзьмі ў хоспісе, якія знаходзяцца ў абліччы смерці, часам вельмі ўражвае, як некаторыя з іх, здаецца, абсалютна не перажываюць. Такое ўражанне, што некаторым няма чаго губляць. І гаворка тут не пра хрысціянскі радыкалізм, а пра тое, што людзі ў жыцці нічога не дабіліся, нікога не любілі, не ставілі ніякіх мэтаў, ну і не вераць у суд Божы і ў жыццё пасля смерці. Ім усё роўна. Гэта дзіўна, што такія людзі ёсць, а яшчэ дзіўней, што іх не так і мала. Яны не баяцца смерці, але не аб чым добрым іхняя “смеласць” не гаворыць. Нашая тэма для такіх людзей была б зусім  незразумелай, але ж яны гэта і чытаць не будуць. Для таго, каб правільна разумець тэму нашай гаворкі, трэба мець страх Божы і богашуканне.

Шчыра кажучы, гэтыя два дары важныя не толькі для нашай тэмы. Яны нібы ляжаць ў аснове здаровай рэлігійнасці. Без богабаязнасці немагчыма служыць Богу, немагчыма распазнаваць дары духоўныя (харызмы), а нават і досвед любові тады становіцца карыкатурай. Без гэтых двух дароў хрысціянін раней ці пазней вязне ў амбіцыях, страхах, самадастатковасці, эмацыйнасці.

 

Даў кожнаму сваю працу

У Евангеллі тэма падрыхтоўкі да смерці цесна пераплятаецца адразу з некалькімі тэмамі: з тэмай Суда Божага, канца свету, другога прыходу Хрыста, а нават знішчэннем Ерусаліма. Цікава, што нідзе Езус не дае дакладнага адказу, калі збудзецца тое ці іншае прадказанне, хаця вучняў, зразумела, такія пытанні вельмі інтрыгавалі. Больш за тое, Ён нават паказвае, што цівавіцца гэтымі пытаннямі вельмі небяспечна, бо многія ілжэпрарокі будуць зводзіць веруючых нават цудамі дзеля таго, каб яны пагналіся за сенсацыяй і прынялі фальш ды няпраўду. Адзіны адказ нашага Госпада – чувайце, будзьце гатовыя.

Вельмі цікава. Сапраўды, ці ідзе гаворка пра канец свету, ці пра знішчэнне Ерусаліма, ці пра яшчэ якія катаклізмы, ці пра смерць чалавека – усё гэта сканчваецца той самай гісторыяй – чалавек павінен стаць перад Госпадам і даць адказ за пражытае жыццё.

Менавіта таму многія прыпавесці пра надыход Божага Валадарства або пра канец свету гавораць нам пра неабходнасць быць падрыхтаваным да смерці. І таму нічога дзіўнага, што гэтыя прыпавесці нечым вельмі падобныя і нібы адна другую дапаўняюць. Яны, напрыклад, распавядаюць пра Гаспадара, які вырушыў у далёкую краіну, а слугам даў заданні. За гэтымі заданнямі крыецца адказнасць кожнага са слугаў, таму што Гаспадар напэўна вернецца і трэба будзе разлічыцца за аказаны давер.

2Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!» (Мк 13,34-37).

Даў слугам уладу. Найперш важна зразумець, што Гаспадар дае ўладу не над некім, а над самім сабой. Статус слугаў не мяняецца, яны надалей застаюцца слугамі. Гаворка ідзе пра тое, што Гаспадар дае ім адказнасць за саміх сябе і над даверанай ім справай. Нам так хочацца штосьці за некага вырашаць, камандаваць, вучыць, змушаць, у той час як часта мы не здольныя вымагаць самі ад сябе. Тут часта хаваецца і асуджэнне, і нараканне, і жаданне сілком некага збаўляць, гнаць да споведзі і г.д.

Загадаў брамніку чуваць. Асаблівае заданне чуваць атрымаў брамнік. Ён не мае ўлады камандаваць іншымі слугамі, не мае над імі ўлады, не можа змусіць іх да чагосьці. Яго заданне – чуваць, быць гатовым да вяртання Гаспадара, каб адчыніць Яму дзверы і іншых падбадзёрваць да чування, да таго, каб яны займаліся не сваімі справамі, а заданнямі ад Гаспадара. Гэта – вобраз апостальскага служэння, якое нясуць пастыры Касцёла.

Кожнаму даў сваю працу. І вось тут хаваецца, між іншым, адказ, ці мы гатовыя да вяртання Гаспадара. Мы маем шмат розных клопатаў, справаў, працы. Пытанне ў тым, выконваем мы працу, якую Ён нам даверыў, альбо займаемся сваімі справамі? Аднойчы падчас малітоўнай сустрэчы прагучала прарочае слова наконт таго, што мы часта паўтараем “я заняты”, а Бог задаваў пытанне: “заняты для Каго?”. Прычым не ідзе размова пра тое, што праца  для Яго – гэта 24 гадзіны на суткі малітвы, пост на хлебе і вадзе ці евангелізацыя ў цяжкіх умовах. Праца для Яго можа быць зусім рознай. Напрыклад, смела можна сказаць, што для сямейнай жанчыны Божай працай будзе не толькі нарадзіць дзіця, але і выхаваць яго, навучыцца выхоўваць, даць прыклад і г.д. Калі дзіця самотна глядзіць усе падрад мульцікі на планшэце, а мама нават не ведае, пра што тыя мульцікі, а сама ў гэтым часе пабожна моліцца, то з усёй адказнасцю магу сказаць, што мама занялася не працай для Бога, а сваёй, як бы гэта дзіўна ні гучала. Такіх прыкладаў 3можа быць шмат. Пытанне ў тым, ці я магу смела адказаць, што выконваю працу, якую Ён мне даверыў, ці тую, якая мне з той ці іншай прычыны даспадобы? Можна, канечне, евангелізаваць усе сацыяльныя сеткі ці чытаць усе кнігі без разбору ды глядзець усе фільмы, каб ведаць, чым дыхае сучасны свет і як з ім размаўляць. Такія аргументы мне часам даводзілася чуць. Аднак, падаецца мне, што пры такім раскладзе чалавек рызыкуе ператварыцца ў своеасаблівы сметнік, які збірае ў сабе ўвесь навакольны бруд. У той жа час заданні ад Госпада і праца для Яго застаюцца не кранутымі.

Не хачу даваць гатовых адказаў і не магу іх даць. Хачу пакінуць кожнага з нас з пытаннем, ці я займаюся працай для Яго ці сваімі працамі? Уяві сябе, калі раптам прыходзіць да цябе Езус, каб забраць з сабой, а ты ляжыш на канапе з нейкай там кнігай, сядзіш перад кампутарам, тэлевізарам, “завісаеш” на тэлефоне і г.д. Як бы ты сябе адчуваў? Не выключана, што ўсё нармальна. Магчыма, табе сапраўды патрэбны адпачынак пасля Божай працы і кніга абсалютна Божая і за яе не сорамна перад Езусам. Магчыма, усё нармальна. Проста, задавай сабе гэтыя пытанні.

У свой час я задаваў у малітве Яму пытанні, ці мая праца ў садзе, мой удзел у рамонце – гэта заданні ад Яго, ці не. Ці адпачынак, спорт, ігра на гітары, мастацтва – гэта праца для Яго ці не? І пытанне не ў тым, ці гэта добрыя справы ці не, а ў тым, ці гэтая праца ўсё ж для мяне, альбо для Яго. Я пачаў заўважаць, што калі нечым займаюся і гэта мяне моцна зацягвае, што не маю часу ні на малітву, ні на чалавека, ні на Слова Божае, то нават праца для Яго паціху можа стацца справай толькі майго асабістага гонару. Калі выконваеш Яго заданні, то ты не можаш спазніцца,  таму што Бог не спазняецца. Ты проста перастаеш рабіць, нават калі не скончыў. Бог дасць рады. У Яго на ўсё свой час – на працу, на малітву, на адпачынак. Усё ў меру.

Тэма выканання працы ад Гаспадара дапаўняецца ў прыпавесці пра чалавека, які выехаў на вайну, а слугам даверыў задбаць пра Яго маёмасць.

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў…(Мц 25,14-16).

Цікава, што ў дадзеным выпадку ідзе размова не проста пра заданне ад Гаспадара, а пра Яго маёмасць. Для таго, каб займацца не сваімі справамі, а Яго, трэба мець свядомасць, што майго тут у гэтым жыцці ўвогуле нічога і няма. Праведнік Ёў калі кажа “Бог даў, Бог і забраў” мае гэтае ўсведамленне. Напэўна, калі б мы добра ўсведамлялі, што нашыя дзеці, здароўе, добрае імя, праца, дабрабыт – гэта не да канца і нашае, то можа б так і не трэсліся за ўсё гэта.

4… Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё”. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай (Мц 25,24-27).

Заўважце, што слуга, які не выконаў задання Гаспадара, не клапаціўся пра Яго справы, але ён нічога не прыдбаў і для сябе! Біблія не кажа, што ён абагаціўся, нешта там зарабіў… Ён не зрабіў нічога. І не выпадкова Гаспадар называе яго нягодным і лянівым слугой. Вельмі цікавы вобраз. Мы не ведаем, чым гэты слуга займаўся. Не ведаем, ці ён праседзеў увесь час у інтэрнэце, ці штосьці ўсё ж рабіў. Факт застаецца фактам – ён не займаўся Божым заданнем. Таму Бог называе яго лянівым. Такім чынам, перад Богам лянівы не толькі той, хто нічога не робіць, але таксама і той, хто не займаецца заданнямі ад Бога. Не дбаючы пра Божыя справы, мы не зможам дбаць і пра свае. Для веруючага гэта ілюзія, што мы штосьці ўласнымі сіламі можам зрабіць.

У крыху падобнай прыпавесці пра запрошаных на пір людзі пачынаюць апраўдвацца: у мяне – поле, у мяне – купленыя валы, я – ажаніўся. Карацей, у кожнага свае справы. Тады Бог запрашае тых, каму ўласныя справы не перашкаджаюць (Лк 14,16-24).

У прыпавесці пра злых вінаградараў слугі нават палаюць нянавісцю да Гаспадара за тое, што Ён хоча вярнуцца да сваёй маёмасці, да таго, што належыць Яму. Гэта вельмі выразны вобраз, які паказвае часта нас, але мы гэтага не бачым, мы думаем, што гэта толькі пра габрэйскіх лідараў таго часу. А гэта ж мы часта вінавацім Бога ў тым, што нехта з блізкіх памірае, што не зарабляем столькі грошаў, колькі б хацелася, што хварэем і г.д. Нам хочацца панаваць і кантраляваць сітуацыю, а тут раптам Нехта заяўляе, што гэта Ягонае, і мы тады пачынаем мець да Яго прытэнзіі.

Паспрабуем зрабіць высновы. Займаючыся сваімі справамі, а не заданнямі ад Бога, мы пачынаем баяцца Яго вяртання, мы баімся, што нешта згубім, мы асуджаем Яго за тое, што Ён часам хоча панаваць над Сваім, Ён становіцца для нас пагрозай, а не кімсьці блізкім. Можа не ажно так, як слуга з прыпавесці, але крыху падобна нам хочацца адказаць: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў”.

 

Такія розныя страхі

Думкам пра смерць вельмі часта спадарожнічаюць нашыя страхі. Яны ўсе розныя. Таму паспрабуем іх назваць, каб ведаць як змагацца з тым ці іншым страхам.

 Страх нешта пакінуць

Пра гэты страх мы ўжо крыху казалі. Займаючыся сваімі справамі, мы пачынаем мець нешта “сваё” і дбаць пра “сваё”, і таму нам цяжка гэта пакінуць і таму баімся вяртання Гаспадара, бо вымушаныя будзем аддаць гэтае “наша”. Нашыя справы спачатку выглядаюць неабходнымі, а пасля незаўважна становяцца баластам. Што такое баласт? Гэта груз на караблі, які дае караблю раўнавагу. Аднак усё трэба дакладна разлічыць, бо калі гэтага грузу ўзяць зашмат, то карабель пачне тануць. Так і мы. Спачатку гаворым пра неабходнасць, а пасля яна становіцца дабротным грузам, які пачынае нас цягнуць на дно.

Гэта вельмі бачна ў гісторыі Лота ў Садоме. Ішоў ён туды, шукаючы ўраджайную зямлю, але з часам ён сам стаўся залежны ад гэтай зямлі. Яго ўжо не здзіўляе грэх жыхароў Садому, ён прывык жыць сярод гэтых людзей. І калі Бог пасылае анёлаў выратаваць Лота да знішчэння горада, то ён не можа ўсё гэта вось так узяць і пакінуць: И как он медлил, то мужи те, по милости к нему Господней, взяли за руку его и жену его, и двух дочерей его, и вывели его и поставили его вне города (Быт 19,16). Таксама жонка Лота, нягледзячы на перасцярогу, аглядваецца на Садом і ператвараецца ў саляны слуп. Цяжка сказаць, ці Лот баяўся прыйсця Бога, але напэўна не быў ён шчаслівы з тае прычыны, што трэба было ўсё пакінуць.

5Яшчэ фрагмент са Святога Пісання:

Расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам» (Лк 12,16-21).

Колькі не разважаў пра гэтую прыпавесць, задаваў сабе пытанне: што гэты чалавек не так рабіў? Няўжо трэба было, каб ураджай гніў на полі? Айцы Касцёла каментавалі, што гэты чалавек не меў нават думак пра бедных і абяздоленых, не хацеў ні з кім дзяліцца. З-за свайго багацця ён лічыў сябе самадастатковым і збіраўся нават доўга жыць. Адназначна гэта негатыўны вобраз, бо ён марыць толькі задавальняць сваё цела, свае інстынкты. Яго дабрабыт стаўся баластам, хаця на пачатку гэты ўраджай мог выглядаць як Божае благаслаўленне. Нібыта гэтая прыпавесць і не зусім звязана з нашай тэмай, аднак адзін багаслоў, каментуючы гэтую прыпавесць, трапна сказаў, што праведнікі аддаюць Богу сваю душу (як Езус на крыжы), а ў няправеднікаў гэту душу забіраюць:

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго (Ян 10,17-18).

 Баластам можа стаць не толькі дабрабыт, але таксама кар’ера, патрыятызм, сям’я, дзеці, а нават і хрысціянскае служэнне. З аднаго боку зразумела, што пры смерці чалавек мае права перажываць за тое, на каго пакідае дзяцей ці ўнукаў. Але з іншага боку за гэтымі перажываннямі ўтоеная думка пра тое, што апроч мяне пра маіх дзяцей ніхто не паклапоціцца. А гэта ўжо нявера, непрыняцце таго, што Бог кіруе, а не я.

Часта цяжка ўбачыць мяжу, як рэчы неабходныя становяцца для нас баластам і наганяюць страх, што Бог праз смерць можа «забыцца» апекавацца тым, што нам дорага. Трэба чуйнае духоўнае жыццё, каб з благаслаўлення не зрабіць сабе пракляцця. Вельмі трапна на гэтую тэму напісаў Апостал Павел:

Я кажу вам, браты, што заканчваецца час. Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае. І тыя, хто карыстаецца светам, як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету. Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі (1 Кар 7,29-32).

Страх перад асуджэннем

Ідзе размова пра нявызнаныя на споведзі цяжкія грахі. Прычына можа быць рознай. Часам гэта звычайная нядбайнасць, лянота, а часам складаныя жыццёвыя абставіны, якія ўвагналі чалавека ў заблытаныя грахоўныя сувязі, з якіх цяпер цяжка выпутацца. Гэты страх як найбольш абгрунтаваны вымагае рашэнняў, споведзі і пакаяння.

Езус паказвае, што спаўненне Божых наказаў з’яўляецца шляхам да Божага Валадарства. Канечне, хочацца дадаць, што не толькі Божыя наказы, але і вера. Але гэтыя наказы неабходныя, і свядомае ламанне іх можа весці да Божага асуджэння.

І спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус адказаў яму: «Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці» (Лк 18,18-20)

У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце (Лк 13,1-3)

Зусім іншай тэмай з’яўляецца хвароба скурпулаў, самакапання, пра якую мы згадвалі на мінулых “Вінаградніках”. Страх скурпулянтаў не вядзе да асуджэння, ён неабгрунтаваны, гэта, можна сказаць, хвароба, а таксама нявера і няведанне Бога.

Страх з-за няведання Бога

 Многія людзі баяцца смерці, бо не ведаюць, што Бог Добры. Ім не хапае веры ў гэтую праўду, часам іншыя людзі падкінулі шмат ілжывых інфармацый, часам няма вопыту сустрэчы з Добрым Богам, а часам проста няведанне Святога Пісання.

7Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я (Ян 14,1-3)

Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага» (Ян 20,17)

Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім (Лк 12,35-37)

Тут можна таксама казаць пра праблему няведання міласэрнага Бога, які прабачае, шукае грэшніка, падтрымлівае тых, хто падае, але хоча падняцца. Згадаем тут прыпавесці пра Міласэрнага Айца, пра згубленую авечку, гісторыю пра прабачэнне блудніцы, пра прабачэнне Пятру за здраду і г.д. Нявера і няведанне гэтых гісторый таксама вядзе да страху, што Бог не прабачае нашых памылак.

Найчасцей мы баімся невядомасці, таго, што наперадзе, што схавана ад нас. І таму часта нам невыносна чакаць, асабліва тады, калі мы не кантралюем сітуацыі. Гэта страх перад будучыняй і ён зразумелы, але вынікае ён таксама з няведання Бога, які абяцаў клапаціцца пра наш заўтрашні дзень:

І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся. Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна. Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам. Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства (Лк 12,29-32).

Што рабіць з усімі гэтымі страхамі? Разважаць над Словам, пабуджаць да веры, перачытваць канкрэтныя біблійныя тэксты і нагадваць сабе пра іх, прасіць аб умацаванні веры, чытаць сведчанні веруючых пра тое, што Бог верны і спаўняе дадзеныя Ім абяцанні. Мала проста ведаць, што блудны сын вярнуўся і яму прабачылі. Магчыма, трэба сотні разоў перачытваць гэтую гісторыю, разважаць, маліцца, ставіць сябе на яго месца… І тады мы не проста будзем ведаць гісторыю пра блуднага сына, а паверым у яе.

Страх перад цярпеннем

Здаецца, што па-чалавечы гэты страх крыху апраўданы, але ён не павінен весці да панікі і адчаю. Між іншым, тут ідзе размова не толькі пра наш боль, але пра боль расстання з блізкімі, нават ведаючы, што некалі з імі сустрэнемся. Езус плача, стоячы перад магілай свайго сябра Лазара. Першыя хрысціяне плачуць, калі апостал Павел з імі развітваецца. Апосталы сумуюць, калі Езус сказаў, што пакідае іх:

Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?” Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць (Ян 16,19-20).

 

Падрыхтоўка да смерці…

Напэўна, большасць з нас будзе жыць яшчэ дзесяткі гадоў, а то і паўстагоддзя. Тым не менш, хачу задаць гэтыя пытанні, якія цвяроза рыхтуюць нас да адыходу з гэтага свету: Ці ты гатовы? Чаго б шкадаваў? Што яшчэ павінен зрабіць? Чаго баішся? Што хацеў бы каму сказаць? Асабіста я, калі ўпершыню рыхтаваўся да маёй смерці, адкрыў, што праведнасць мая мяне не ўратуе. Тады сэрцам пачаў маліцца: Езу, давяраю Табе…

6