5

Вобразы зерня, сейбіта, жніва ў Бібліі сустракаюцца даволі часта.  Гэтыя вобразы прысутныя і ў навучанні Езуса ў знаёмых нам прыпавесцях. Вядома, мы добра ведаем прыпавесць пра сейбіта, але, паверце, Бог умее здзіўляць нават тым, што мы не раз чулі і нібыта добра ведаем.фоцік на анонс

 

Хто можа быць сейбітам

Адразу ўзнікае думка, што Бог з’яўляецца сейбітам. У большасці прыпавесцяў так і ёсць. Але апроч Бога і Яго слугаў, сеяць можа д’ябал, ягоныя служкі, нашы ворагі, а таксама мы самі. Аналіз тэкстаў Святога Пісання паказвае гэта.

Пачнем ад самага нечаканага, ад таго, што мы самі часам выконваем ролю сейбіта.

Калі сеем мы самі…

Вот шесть, что ненавидит Господь, даже семь, что мерзость душе Его: глаза гордые, язык лживый и руки, проливающие кровь невинную, сердце, кующее злые замыслы, ноги, быстро бегущие к злодейству, лжесвидетель, наговаривающий ложь и сеющий раздор между братьями (Притчи 6, 16-19).

Сеющий неправду пожнет беду, и трости гнева его не станет (Притчи 22,8).

Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне. Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў духу, той з духа пажне вечнае жыццё (Гал 6,7-8).

Апошні ўрывак заслугоўвае асаблівай увагі. Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што слова «насміхацца» не паказвае сутнасці. Ідзе размова пра тое, што Бога нельга падмануць. Чалавек, што сее ў сваім жыцці, на што траціць свой час і сілы, мары і сродкі – тое і ўбачыць у будучыні, праз гады ён пачне збіраць з таго плён. Чалавек, які не вядзе глыбокага духоўнага жыцця, не шукае Бога, а займаецца ўсялякімі іншымі жыццёвымі справамі, у старасці таксама не будзе разбірацца ў справах духоўных. Гэтае правіла, гэтая паслядоўнасць становіцца бачнай іншым людзям. Можна задаць сабе пытанне, што дакладна азначае: сеяць у цела, а што – у дух? Апостал Павел тлумачыць гэта крыху раней. Раю больш дэталёва затрымацца над гэтым тэкстам, паразважаць і памаліцца, каб адказаць сабе на пытанне: «Цялесны я чалавек, альбо духоўны, у што інвестую, што сею ў сваім жыцці?».

Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. А плён духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю (Гал 5,19-24).

Як гэта ні дзіўна, але выказванне апостала Паўла пра тое, што кожны з нас будзе збіраць тое, што сеяў, вельмі наглядна бачна ў старасці чалавека. Калі мы маладыя, маем спрыт, то мы хаваем свае мінусы за ўсмешкай, інтэлігентнасцю, какетцтвам і рознымі іншымі хітрыкамі. Аднак на старасць гэтага спрыту ўжо няма і таму ўсе нашыя мінусы, як на далоні. І хацелася б нешта змяніць, а ўжо не атрымліваецца, бо ўсё жыццё чалавек сеяў адно і не так лёгка ў адзін момант усё змяніць. Менавіта таму на старасць часта людзі робяцца бурклівыя, палахлівыя, са сваімі крыўдамі. Цяжка сказаць, што яны такімі сталіся. Не. Як правіла, яны такімі былі, проста раней яны ўмелі хаваць сваіх дэманаў, а цяпер гэта ў іх не атрымліваецца. Чалавек, які ў маладосці не змагаецца з крыўдамі, зайздрасцю, нелюбоўю, у старасці пакажа ўсё гэта як на далоні.

Але, слава Богу, ёсць і іншыя прыклады – пазітыўныя. Не так даўно памёр адзім святар марыянін, якога я добра ведаў. Усё жыццё ён быў, як кажуць, што «да раны прыкладзі». Ён ведаў сваіх парафіянаў, клапаціўся пра кожную бабульку, увесь час цікавіўся братамі марыянамі ў кляштары. На старасць яго часткова стаў пакідаць розум, а яшчэ больш пакінула яго памяць. Калі я яго сустрэў, ён не пазнаў мяне, не разумеў, у якім горадзе ён знаходзіцца і г.д. Аднак я распазнаў у ім таго самага чалавека, якога я заўсёды ведаў – добрага, любячага, чулага, неабыякавага. І ён з вялікай радасцю мяне сустрэў, хаця ў ягоным успрыняцці я быў нібы чужы, быў некім новым.

Акрамя нас саміх, ролю сейбіта спаўняе Бог і Яго ворагі.

2Калі сее Бог і Яго ворагі…

Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”» (…).

Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. I падышлі да Яго вучні Яго, і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае (Мц 13,24-30, 36-43).

Чытаючы гэту вядомую для нас прыпавесць, нам адразу хочацца сказаць, што поле, на якім пасеяна пшаніца разам з каласоўнікам, – гэта нашае жыццё, наш лёс, дзе дабро з грахом уперамешку. З аднаго боку гэтае разуменне правільнае, лагічнае, але Езус полем называе не нашае жыццё, а гэты свет. Атрымліваецца, што калі мы нараджаемся, мы ўжо знаходзімя на полі, дзе расце пшаніца разам з каласоўнікам. Мы яшчэ тут нічога не рабілі. Нехта за нас тут насеяў.

Уражвае роля слугаў, якія праспалі прыход ворага, не дапільнавалі чысціні поля. У ролі слугаў бачу духоўных асобаў, нашых продкаў, бацькоў, выхавацеляў і г.д. Інакш кажучы, гэта тыя людзі, якія нясуць адказнасць за лёсы іншых людзей, за будучыя пакаленні. Можна сказаць, што наступствы савецкага мінулага, якое мы балюча сёння адчуваем – гэта не толькі віна бальшавікоў, але і тых, хто называў сябе хрысціянамі, слугамі Божымі, а не ўпільнавалі свайго поля ад навалы ворага. Тое самае можна сказаць і пра тых продкаў, якія нам верна перадалі хрысціянскія традыцыі, але не перадалі і не захавалі жывой веры. І таму сёння многія хрысціяне нібы і спаўняюць тыя традыцыі, але не задаюць пытання, хто такі Хрыстос, не шукаюць Яго, і не маюць любові да Яго. Магчыма, гэты каласоўнік мёртвых традыцый сеяўся не адно стагоддзе. Прыкладаў можа быць шмат. Мы самі таксама можам стаць такімі слугамі, якія не ўпільнавалі свайго поля. Гэта адбываецца тады, калі мы, напрыклад, не цікавімся, чаму вучаць нашых дзяцей у школе, калі даем дзецям планшэт, каб яны да нас не чапляліся, і не ведаем, у якія камп’ютарныя гульні яны гуляюць ці якія мульцікі глядзяць. Гэта адбываецца таксама тады, калі нехта выказваецца супраць Бога або апраўдвае грэх, а мы маўчым і тым самым даем іншым зразумець, што так, аказваецца, можна. Езус у шматлікіх прыпавесцях заклікае сваіх вучняў чуваць. Абыякавае і лянівае стаўленне да асабістага духоўнага жыцця непазбежна вядзе да таго, што мы становімся слугамі, якія праспалі прыход ворага. Менавіта так сеецца каласоўнік і сеецца гадамі ды стагоддзямі.

Але вернемся да нашага поля… Па тых ці іншых прычынах мы нараджаемся, прыходзім у гэты свет, які ўжо засеяны збожжам і каласоўнікам. Хіба што ўвесь дынамізм і распазнанне дабра і зла ў духоўным жыцці заключаецца ў тым, калі мы пачынаем задаваць пытанне, што было пасеяна Госпадам, а што – Яго ворагам. Чалавек, які не задае сабе гэтых пытанняў, абсалютна не развіваецца духоўна. Ён «перамолвае» ўсе разам, усё, што прыносіць жыццё і гэты свет, без разбору. І пытанне толькі часу, калі гэтая «неразборлівасць» пачне прыносіць свае плады ў выглядзе духоўных праблемаў або і страты веры, апраўдання свайго граху і г.д.

2аЧыстае поле пшаніцы

Спадзяюся, што многія з нас могуць сабе ўявіць поле пшаніцы, на якім таксама расце асот ці лебяда. Возьмем дзве сітуацыі. Часам поле даволі чыстае, а толькі дзе-нідзе расце асот. Гэта вобраз людзей, якія пільнавалі сваё духоўнае жыццё, не хапалі ўсё запар, не сябравалі з усімі без разбору, не чыталі ўсіх папулярных кнігаў, не «завісалі» у інтэрнэце ў пошуках чарговых фільмаў ці музыкі. У жыцці такіх людзей стаіць нібы фільтр, які часта вельмі патрабавальны і незразумелы для іншых, для большасці. Такія людзі ўвесь час задаюць сабе пытанне: гэта Божая пшаніца, ці асот? Канечне, з такім фільтрам поле будзе даволі чыстым, дагледжаным. А калі з'яўляецца нейкі пасеў не ад Госпада, яны дзіўным чынам адчуваюць, бачаць той каласоўнік. Яго лёгка вылічыць, бо ён выразна бачны сярод пшанічнага поля, ён тут чужы. У такіх людзей няма выпадковых кнігаў на паліцы, выпадковай вопраткі, як правіла, няма словаў, якія «вырваліся», калі чалавек «ляпнуў, не падумаўшы», ім часта няма чаго глядзець па тэлебачанні…

Поле бур'яну

Іншы вобраз – гэта поле асоту, лебяды, амерыканкі, ды іншага бур'яну, і толькі дзе-нідзе сярод гэтага пустазелля пракідваюцца зялёныя каласы пшаніцы. Гэта вобраз людзей, якія не задавалі сабе пытання ў жыцці: што – ад Госпада, а што – ад ворага. Гэта могуць быць добрыя людзі, а нават і моцна рэлігійныя. Проста яны бралі ўсё разам, не клапаціліся аб распазнанні, не задавалі сабе пытанняў, не пыталіся ў Госпада. Яны хацелі ўсё ведаць, усім дагадзіць, быць такімі як усе. Духоўная лянота і адсутнасць распазнання давялі да таго, што іх поле стала сметнікам, які напаўняўся не адзін год. Такім людзям цяжка нешта тлумачыць, бо тут працы «не пачаты край». Адзінае што б раіў – гэта спрабаваць назваць самыя высокія каласоўнікі, самыя буйныя, і пачаць праполку з іх. Па меры знішчэння вялікіх, будуць бачныя меншыя і г.д. Гэтае правіла вельмі важнае. Бо няма сэнсу казаць чалавеку пра шкоду кнігаў пра Гарры Потэра, ці кнігаў Паўло Коэльо, калі ён жыве ў разбэшчанасці, п'е і ўвогуле Госпада не шукае.

3З асабістай праполкі

Быў час, калі я здзіўляўся чаму веруючыя звяртаюць увагу на розныя дробязі – на сяброў, кнігі, фільмы, музыку, вопратку і г.д. Здавалася, што гэта далёка не такое важнае і не ў гэтым Бог. Пасля прыйшоў перыяд, калі Бог праз розных людзей стаў паказваць небяспеку тых ці іншых рэчаў, справаў. Цяпер я веру, што ўсё часцей і часцей Ён сам мне паказвае, што мне не патрэбна ў жыцці, што шкодзіць, што з’яўляецца каласоўнікам. І самае цікавае тое, што мне не трэба нікому нічога даказваць і пераконваць. Маё жыццё – гэта маё поле, мая тэрыторыя, і найперш я сам зацікаўлены ў тым, каб тут расла Божая пшаніца без каласоўніка.

Апошні месяц мне гэта даволі яскрава паказаў. Калі я раней проста звяртаў увагу на людзей з сатанінскай сімволікай, то зараз я не магу спакойна прайсці каля чалавека, у якога на кашулі хоць я і не ведаю, што напісана, але завостраныя літары, косці, жалеза ці зброя. Гэтыя ці іншыя сімвалы для мяне ёсць каласоўнікам, і я пачынаю маліцца, прызываць Кроў Хрыста, прашу помачы ў Багародзіцы. Альбо яшчэ прыклад. У юнацтве мне было цікава ўсё, што звязана з войскам, а зараз для мяне помнікі танкаў з'яўляюцца зброяй, якой забівалі людзей. Яны для мяне нясуць духоўную варожую сілу. Памятаю, што я нават маліўся за дзяцей, якія гулялі на танку. Некалі я і падумаць не мог, што з духоўных прычынаў не пажадаю купіць майму пляменніку нават пісталет, які страляе кулькамі. У свой час усё хацелася пастраляцца фарбай у пэйнтбол, а зараз з тых самых прычынаў у галаве не ўкладваецца, як можна дула аўтамата накіроўваць на чалавека, нават калі там усяго толькі фарба. Нават кепкі, якую я на памяць прывёз з Адэсы, прыйшлося пазбыцца, бо яе насіў не толькі Гоцман з фільма «Ліквідацыя», але таксама і многія бандзюганы «Малдаванкі», ды і адэсіты называлі яе «хуліганкай».

Такія гісторыі можна працягваць бясконца. На шчасце, сапраўды не адчуваю абавязку некаму нешта тлумачыць і даказваць, проста хочацца, каб маё асабістае поле было без каласоўніка.

 

Зерне павінна памерці

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён (Яна 12,24).

Гэта прыгожая кароценькая прыпавесць пра смерць зерня таксама многім з нас добра вядомая. Гэтыя словы мы часта чуем падчас Святой Імшы пра мучанікаў, напрыклад, у Росіцы. У манаскіх супольнасцях часта кажуць, што наша пакліканне ў паміранні для гэтага свету. Нам хочацца глядзець глабальна, радыкальна на ўсё жыццё. Каб вось так памерці раз і назаўсёды, і жыць гадамі вялікім праведнікам.

Асабіста я зразумеў, што працэс памірання адбываецца не ў вялікіх справах, а калі ты адварочваешся ад чагосьці свайго. І аказіяў да такога памірання ў нас шмат ёсць штодня. Для таго, каб Божае зерне прарасло, трэба памерці. Гэта адбываецца між іншым і тады, калі ты называеш свае некаторыя любімыя кнігі, фільмы, музыку, сяброў каласоўнікам, і адварочваешся ад таго, што для цябе было столькі год блізкім, але вось аказалася каласоўнікам. Часта гэта вельмі балюча і вельмі хочацца заплюшчыць на тое вочы, але між іншым у гэтым і ёсць працэс памірання, а не ў мучаніцтве, каторага мы не ведаем і не сустракаем. Мы мусім распазнаваць, што Божае а што не, у нашым жыцці, і ўжо потым прымаць адпаведныя рашэнні, якія даюць зерню магчымасць расці.

 

Рост зерня – гэта працэс

Біблія адкрывае перад намі гэтую праўду ў многіх вобразах. Тут і Гаспадар, які дае адзін талант або міну, а праз нейкі час хоча забраць у некалькі разоў больш, тут і зерне пшаніцы, якое з часам вырастае на некалькі метраў, тут і пакліканне вучняў, якія працягваюць справу сваіх папярэднікаў:

Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва! Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец. Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю» (Ян 4,35-38).

Зразумела, што нам хочацца ўсяго і адразу, і часта мы не гатовыя на доўгую барацьбу ці на доўгую мазольную працу. Аднак з Божымі справамі інакш не бывае, яны адбываюцца толькі ў працэсе, а мы мусім быць цярплівымі і працавітымі, каб не апусціць рук. Суцяшае тое, што гэты працэс усё ж прыемны. Бо з гадамі ты бачыш у сваім жыцці змены (нават марудныя) і Божую руку, якая ўсе гэтыя гады вяла цябе.

фоцік

 

 ФОТАРЭПАРТАЖ