1Над прыпавесцю пра  марнатраўнагасына і міласэрнага айца мы разважалі не раз. На гэтую тэму ёсць некалькі цікавых кніг. Аднак кожны раз гэтая прыпавесць адкрывае штосьці іншае, новае. На гэты раз мы не будзем разглядаць асобна двух сыноў, але паспрабуем убачыць, што паміж імі і не такая вялікая розніца, як можа здавацца на першы погляд. А таксама паспрабуем убачыць любоў Айца, які без асуджэння, і, не робячы розніцы паміж сынамі, выходзіць сустракаць як аднаго, так і другога.

 

І сказаў яшчэ: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. А яго старэйшы сын быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. І разгневаўся ён, і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

 

2Вучыцца быць свабодным

Перш чым мы пачнем разважаць пра малодшага “нягодніка”, які змарнаваў даручаную яму маёмасць, варта ўбачыць, што Айцец без перашкодаў дазваляе яму карыстацца гэтай маёмасцю і дазваляе яму адыйсці з дому, не затрымлівае яго. Ва ўсялякім разе, евангельская прыпавесць нічога пра гэта не кажа. Гэты адыход выглядае такім простым... Айцец не супраціўляецца, а проста выконвае просьбу малодшага сына.

Дар свабоды існуе ў прыродзе чалавека. Ён нас адрознівае ад жывёлаў, мы здольныя думаць і выбіраць. Без свабоды выбару мы перастаем быць людзьмі. Менавіта ў свабодзе мы прымаем рашэнне: быць з Богам, альбо адвярнуцца ад Яго. У самой нашай свабодзе ўжо закладваецца магчымасць зграшыць. У гэтым наша і веліч, і трагедыя. У свабодзе выбару мы падобныя да Створцы.

Тэма свабоды выбару вельмі моцна гучыць у Пісанні ўжо ў першых кнігах Бібліі:

Если же не угодно вам служить Господу, то изберите себе ныне, кому служить, богам ли, которым служили отцы ваши, бывшие за рекою, или богам Аморреев, в земле которых живете; а я и дом мой будем служить Господу (Нав 24,15).

Бог ставіць народ перад выбарам: самі вырашайце, каму будзеце служыць. Падобным чынам Езус кажа: калі хочаш, ідзі за Мной…, калі хочаш быць дасканалым, прадай усё, што маеш, раздай бедным і ідзі за Мной… Калі Ён пачаў гаварыць пра Сваё Цела і Кроў, многія ад Яго адыйшлі, а Езус нібы правакуе і надалей: ці не хочаце і вы адыйсці? Вучняў, якія ўцякаюць з Ерузалему пасля Яго ўкрыжавання ў вёску Эмаўс, Езус не змушае вярнуцца, а зноў жа нібы правакуе, каб яны самі прынялі рашэнне. Такім чынам, тэма свабоды вельмі моцна і непарушна прысутнічае ў чалавечай прыродзе і нашых адносінах з Богам. У свабодзе чалавек шукае Бога, але ў свабодзе і адыходзіць ад Яго. Бог часам накіроўвае нас нібы і без нашага ўдзелу, але толькі часткова, не забіраючы ў нас свабоды, не зневальняючы нас.

Мы ж нібы гэта ўсё і разумеем, але на практыцы часта аказваецца, што разумеем не шмат. Асабліва гэта праяўляецца тады, калі нам хочацца змяніць нашых блізкіх, памяняць іхні характар, навярнуць да Бога, змусіць рабіць правільны выбар і г.д. Часткова  прымус прысутнічае ў адносінах бацькоў да дзяцей. Мы называем яго выхаваннем. Даць дзіцяці поўную свабоду выбару – гэта было б катастрофай і адсутнасцю выхавання, адсутнасцю бацькоўскага аўтарытэту. Але ў выпадку дарослага чалавека ўсё дзейнічае зусім інакш. Нельга дарослага змусіць быць веруючым, сумленным, нельга змусіць яго не грашыць і любіць Бога. Дарослы чалавек сам павінен навучыцца прымаць свае рашэнні. Іншы ж чалавек можа толькі яму ў гэтым дапамагаць, быць сведкам і прыкладам. Але мы не можам яго прымусіць да чагосьці і зрабіць выбар за яго.

3Вельмі прыгожа на тэму чалавечага выбару распавядае нам гісторыя Лота і яго сям’і. Лот ужо прызвычаіўся жыць у грэшнай Садоме, і яму складана яе пакінуць. Таму анёлы Божыя, бачачы, што ён марудзіць з рашэннем, узялі яго за руку і вывелі за горад. Гэта была выразная ініцыятыва і Божая дапамога. Але яна, заўважым, не замяніла асабістых рашэнняў. Пасля помачы анёлаў, Лот ішоў і не азіраўся на Садому, а яго жонка не прыняла асабістага рашэння: азірнулася і ў выніку ператварылася ў каменны слуп.

Я часам таксама спрабаваў таго ці іншага чалавека падштурхнуць да прыняцця рашэння ў справе навяртання і ўжо нібы нешта атрымоўвалася, а пасля чалавек зноў вяртаўся да свайго граху. Гэтыя мае «штуршкі» не маглі зрабіць за яго выбар. А я ўсё больш і больш расчароўваўся, што неяк зноў пайшло не па-мойму. Можа гэта дзіўна, але часам па-чалавечы хацелася навучыць некага, як жыць, а Бог не дазваляў рабіць гэтага, бо чалавек не праяўляў нават мінімуму зацікаўленасці, сам не шукаў Бога.

Тэма свабоднага выбару тычыцца не толькі іншых людзей, але найперш нас саміх. У духоўным жыцці часам прыходзяць такія моманты, калі трэба самому сабе адказаць: ці ты хочаш ісці далей, ці ты хочаш большага. Гэта складаныя выбары, таму што ты пачынаеш разумець, што жыццё веры ў Божага Сына шмат вымагае зменаў, паказвае невядомае. Многія пачынаюць баяцца выпрабаванняў, баяцца невядомага, новага і… спыняюцца. Хрыстос прапанаваў большае багатаму хлопцу – і той спыніўся. Іншым Ён прадказаў Сваю смерць – і яны разыйшліся. Яшчэ іншым сказаў пра неабходнасць есці Яго Цела і піць Яго Кроў – і тыя разыйшліся. Усе гэтыя гісторыі паказваюць, што ў дынаміцы духоўнага жыцця раней ці пазней мы паўстаем перад выбарам: ці гатовыя мы ісці далей, ці хочам большага. У выніку нехта спыняецца, калі бачыць ганенні, пераслед, асуджэнне блізкіх. Іншыя спыняюцца перад невядомым у духоўным жыцці, напрыклад, перад дарам моваў ці прароцтвам (заўважу, што з духоўнымі дарамі нельга быць бескрытычным і гэтыя тэмы трэба распазнаваць цягам часу).

Разважаючы пра манаскае ці святарскае пакліканне, мы часта думаем пра своеасаблівую містыку паклікання, але забываемся пра тое, што таксама і ў тэме паклікання Бог проста ставіць чалавека перад выбарам. Ці гатовы ты жыць у бязжэнстве дзеля службы Госпаду? Калі чалавек будзе толькі ўсімі магчымымі спосабамі распазнаваць, якая Воля Божая, а сам не прыме асабістага рашэння адносна бязжэнства, то будзе страшна мучыцца і грош цана такому служэнню. Тут таксама тэма нашага выбару, а не толькі тэма распазнання паклікання.

Такім чынам, наша прыпавесць пра марнатраўнага сына пачынаецца з тэмы выбару. Заўважце: Бог не толькі даў малодшаму сыну права выбару і аддаў ягоную частку маёмасці, але Евангелле кажа, што Айцец падзяліў паміж імі маёмасць. Гэта азначае, што старэйшы сын таксама атрымаў свабоду і поўнае права выбару.

 

заданне падумацьПаразважай…

Як ты адносішся да свабоды іншага чалавека: ці змушаеш яго да чагосьці, ці шантажуеш, ці хочаш кантраляваць, ці лічыш сваёй уласнасцю, ці спрабуеш кіраваць ім і г.д.?

Падумай, ці стаяў ты перад выбарам у духоўным жыцці: ісці табе далей, шукаць большага? А можа махнуў рукой і вырашыў, што больш табе ўжо й не трэба? Бог талеруе гэтыя выбары, але можа варта свае рашэнні перагледзець з перспектывы часу?

 

4У далёкім краі

Можна шмат разважаць, што можа сімвалізаваць для нас гэты “далёкі край”. Вядомы галандскі езуіт Генры Нувэн адкрыў, што такім “далёкім краем” для яго асабіста былі патрабаванні бацькоў і грамадства: ты павінен быць лепшым, у цябе павінна быць такая і такая праца, сям’я, адзнакі ў школе і г.д. У выніку ты не жывеш з Айцом і ў доме Айца, а ўвесь час спрабуеш недзе там далёка ад самога сябе некаму нешта даказаць. Гэтая трактоўка псіхалагічная і не ўсе з ёй пагодзяцца (аўтар – псіхолаг па адукацыі). Але з гэтага спосабу мышлення я ўзяў для сябе нешта карыснае. “Далёкі край” – гэта спроба ашчаслівіць сябе рознымі спосабамі, але па-за домам Айца Нябеснага, без Яго ўдзелу.

Зразумела, што ў выпадку малодшага сына мы бачым найперш яўныя цяжкія грахі, але варта звярнуць увагу, з чаго ўсё пачыналася. А пачалося з яго спробы ашчаслівіцца без удзелу Айца Нябеснага. Гэты чалавек вырашыў проста ўзяць сваю частку маёмасці, сваё жыццё і без Божай дапамогі паспрабаваць ўладкаваць яго.

Калі мы звернем увагу на гэтую акалічнасць, то ўбачым, што многія з нас калі і не сталі  такімі вось марнатраўнымі сынамі, але ўсе, альбо амаль усе распачалі гэты працэс. Цікава, але, заўважце, што і старэйшы сын з прыпавесці таксама распачаў гэты працэс пошукаў шчасця ў “далёкім краі”. Бо ён хацеў пагуляць з сябрамі і яўна не ў таварыстве Айца.

Гэты пачатак, або і заавансаваны працэс адыходу ў “далёкі край” павінен быць для нас пазнавальны. Можа мы і не нарабілі страшэнных грахоў у нашым жыцці, але як жа часта мы самі ведаем, што нам трэба: з кім ствараць сям’ю, колькі мець дзяцей, дзе працаваць, колькі зарабляць, дзе жыць і г.д. Мы так часта маем свае гатовыя планы і нясем іх Богу, як пабожныя хрысціяне, нібы на подпіс. Ну, каб усё было, як кажуць праваслаўныя, “благочинно и благопристойно”.

Але, разам з тым, мне даводзілася сустракаць хрысціянаў, якія расказвалі далёка не пафасныя гісторыі, што без Божай дапамогі яны не могуць зварыць есці, працаваць ці нават элементарна адпачываць. Нехта падумае, што гэта ўжо яўны перагіб. Нехта скажа, што мы самі справімся з многімі справамі і не трэба ўсюды ўмешваць Бога. Магчыма, можа так і ёсць… Толькі тады застаецца нам адказаць на пытанне, што Езус меў на ўвазе, калі казаў без Мяне вы нічога не можаце (Ян 15,5). Усё больш і больш пераконваюся, што ў той час, калі мы пачынаем давяраць нашай самадастатковасці, мы пачынаем шукаць свой “далёкі край”, нібы той марнатраўны сын.

І яшчэ хочацца падзяліцца думкамі адносна такой нібыта дробязі. Нам так хочацца ведаць, што нам можна, а што не, у чым можа быць грэх, а дзе яго няма. Мне таксама хочацца ў гэтым добра разабрацца. Але духоўнае жыццё значна шырэйшае, чым толькі падзел на чорнае і белае. Часам Бог дае нам добрыя рэчы ў нашыя рукі, але без Яго помачы (без Яго мы нічога не можам) мы пачынаем шукаць свайго шчасця ў “чужым краі”. Шукаем свайго шчасця без Яго. І тады тое (нібы дазволенае) нашае белае і светлае пачынае неўпрыкмет чарнець. У свой час я задаваў Богу пытанне, можна мне, альбо не займацца той ці іншай працай, глядзець нейкія фільмы, займацца нейкім відам спорту, падтрымліваць сяброўскія сувязі з тымі ці іншымі людзьмі. І калі я атрымліваў адказ, што нічога дрэннага ў гэтым няма, то мне здавалася, што нібы загаралася зялёнае святло і я свабодна магу прабываць у тых ці іншых сферах. Але часам я заўважаў, што мяне, які яшчэ не навучаны жыць у свабодзе, пачынае “заносіць” – я не ўмею спыніцца. Такое ўражанне, што ты атрымліваеш дазвол на “сваё” шчасце і гатовы з ім некуды ірвануць, а пасля толькі разумееш, што пачынаеш са сваім дабром аддаляцца ад дому Айца.

заданне падумаць

 

Паразважай…

Назаві тыя сферы свайго жыцця, дзе ты шукаеш шчасця ў “далёкім краі”, дзе спрабуеш быць шчаслівым па-за домам Айца.

 

5Растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна

Паколькі маёмасць можа сімвалізаваць нашу свабоду і адказнасць за нашае жыццё, то атрымліваецца, што малодшы сын змарнаваў сваё жыццё, свае гады, не ўмеючы карыстацца даверанай яму свабодай. І галоўнай прычынай гэтага марнавання стала распуста. Яна ідзе ў жыцці меншага сына нібы поруч з марнаваннем “маёмасці”.

Чым з’яўляецца гэтая распуста? Нам адразу малюецца вобраз малодшага сына з алкаголем і аголенымі дзяўчатамі. Але спрабуйма глядзець глыбей. Распуста ёсць часткай, або адным з відаў пажадлівасці, па-руску, похаці. Здаецца, рускі варыянт больш яскравы ў нашым выпадку. Похаць – ад слова “хачу”. Беларускі пераклад Бібліі ўжывае слова “пажадлівасць”, але гэтае слова мае і пазітыўнае значэнне, бо можна жадаць Божых справаў. Слова “хацець”, здаецца, больш адлюстроўвае прагавітасць, ганарыстасць, сквапнасць. Таму прапаную разабрацца, чым з’яўляецца “похаць”.

Похаць - гэта не толькі сэксуальнасць. Гэта – тое, што нам хочацца, што для нас прынясе асалоду. Апостал Ян піша:

Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна (1 Яна 2,15-17).

Многія даследчыкі Бібліі кажуць, што ў гэтых трох відах похаці ўтоены любы грэх гэтага свету і менавіта гэтымі похацямі спакушаў сатана Езуса на пустыні. Похаць цела – гэта найперш некаторыя нашыя інстынкты. Сярод філосафаў і псіхолагаў ёсць шмат версій наконт колькасці інстынктаў, таму было б несправядліва казаць, што похаць цела – гэта ўсе нашыя інстынкты. Перш за ўсё ідзе размова пра сэксуальнасць, ежу, фізічны адпачынак (сон, лянота). Карацей, маецца на ўвазе фізічнае задавальненне свайго цела ў розных праявах. Некаторыя да похаці цела адносяць таксама нашую эмацыйнасць і ўсе перажыванні. Аднак справядліва будзе эмацыйнасць таксама адносіць да другога віда похаці – похаці вачэй.

Похаць вачэй. Чым ёсць вочы? Нібыта гэта толькі частка нашага цела, але асаблівая частка. Нездарма існуе выказванне, што вочы – гэта люстэрка душы чалавечай. Ева менавіта найперш вачыма пазнае грэх:

И увидела жена, что дерево хорошо для пищи, и что оно приятно для глаз и вожделенно, потому что дает знание; и взяла плодов его и ела; и дала также мужу своему, и он ел. И открылись глаза у них обоих, и узнали они, что наги, и сшили смоковные листья, и сделали себе опоясания (Быт 3,6-7).

Дзіўна гэта гучыць, але вачыма Ева пазнае грэх і вачыма яна распазнае сваю памылку (адчыніліся ў іх вочы). А Езус кажа, што калі наша вока чыстае, то і цела чыстае (Лк 11,34). Чарговы раз хачу тут асабліва звярнуць увагу на нашых бедных дзяцей, якім мы часта дазваляем глядзець усё запар, не цікавімся тым, што яны глядзяць у планшэце, ці ў што гуляюць, і, такім чынам, дазваляем граху ўваходзіць праз іх вочы.

Такім чынам, похаць вачэй – гэта жаданне нечага нематэрыяльнага: улады, кантролю, ведаў, але таксама і розных эмацыйных перажыванняў, якія цяжка назваць матэрыяльнымі. Многія звяртаюць увагу, што похаць вачэй больш небяспечная, чым похаць цела, таму што больш закранае дух чалавека. І невыпадкова апостал Павел піша, што душэўны чалавек (эмацыйны) не можа разбірацца ў справах духоўных (1 Кар 2,14).

Канешне, похаць цела і вачэй цесна паміж сабой звязаныя і ўзаемадапаўняюцца. Заглыбленасць у гэтую тэму ў свой час прывяло хрысціянства да вялікай пагарды да сваёй сэксуальнасці, нянавісці да свайго цела і сораму за яго, да непрыняцця чалавечых эмоцый. Зразумела, што гэта была страшная крайнасць. Ідзе размова не пра віну цела і нашых эмоцый, а пра тое, што над імі можа панаваць грэх. І таму хрысціянін павінен увесь час быць напагатове (“чуваць”), пра што Езус часта навучаў у прыпавесцях. У гэтым чуванні над похацямі свайго цела і вока дапамагае дысцыпліна, асабістая праца і хрысціянская аскеза (напрыклад, пост). Інакш кажучы, нашыя похаці нікуды не знікнуць, проста трэба навучыцца кіраваць імі і не дазволіць, каб яны кіравалі табой. Трэба іх запрэгчы, нібы тых наравістых коней.

Трэці від похацей – жыццёвая пыха. Некаторыя кажуць, што ёй зграшыў сатана і няма граху, які б не адбываўся без яе ўдзелу. Пыха (амбіцыі, гардыня, ганарыстасць, чалавечае “Я”) паўстае супраць Бога і ўплывае на папярэднія дзве похаці. Таму нічога дзіўнага, што яна часта вельмі эмацыйная. Магчыма, пыха не дазваляе Адаму і Еве адразу пакаяцца і папрасіць у Бога прабачэння. Менавіта яна не дапускае да пакаяння. Магчыма, яна не дазваляе малодшаму сыну адразу вярнуцца ў дом Айца, а кідае яго яшчэ на далейшыя пошукі ў “далёкім краі”. Гэта яна не дазваляе старэйшаму сыну зайсці ў дом, калі ён чуе там радасць і вяселле. Але яе няма ў Айца, і таму Ён можа выйсці з Дому і пайсці насустрач як меншаму сыну, так і старэйшаму.

Вельмі часта даводзіцца чуць ад розных людзей:  а чаму нельга глядзець таго і таго фільма, піць столькі і столькі алкаголю, прабываць у той і той кампаніі, чытаць тую і тую кнігу, чаму нельга ісці за пачуццём закаханасці, калі я замужам, чаму трэба маліцца і ісці ў касцёл па абавязку, а не тады, калі захочацца і г.д.? Усе гэтыя пытанні добра так змяшчаюцца ў адным пытанні: «Чаму мне нельга, калі мне так хочацца?». Маем справу з людзьмі, якія абсалютна не апанавалі сваіх похацяў, але пусцілі іх галопам па полі. Менавіта такой выглядае нашая цывілізацыя – браць усё, што табе хочацца і толькі гэтым кіравацца. У нейкім сэнсе я не здзіўляюся, што сёння веруючыя людзі не ведаюць, што такое аскеза, як працаваць і нечага вымагаць ад сябе. Гэты свет навучыў нас ісці толькі за похацямі.

Малодшы сын акунуўся ў свет сваіх похацяў не тады, калі стаў жыць распусна, а тады, калі папрасіў у Айца маёмасці для сябе, калі захацеў адыйсці.

 

заданне падумацьПаразважай…

У малітве і роздуме спрабуй назваць свае тры віды похацяў. Дзе і як яны канкрэтна праяўляюцца ў тваім жыцці і што з імі варта зрабіць?

 

6

 

Стаць убогім

Заўважце, што меншы сын, калі страціў маёмасць, стаў адчуваць нястачу, апынуўся ў патрэбе, але з гэтай сваёй нястачай ён не вяртаецца ў Дом Айца, а ідзе за новымі пошукамі ў “далёкім краі” і апынаецца сярод свіней. Часам мы думаем, што нястача і бяда прыводзіць нас да Бога і нават кажам “як трывога – тады да Бога”. Аднак далёка не заўсёды так ёсць. Часта ў бядзе мы напачатку самі шукаем выйсця, сваімі намаганнямі, шукаем вінаватых, наракаем і г.д. Гэта цэлы працэс: як перайсці са стадыі беднага і пакрыўджанага – да Божага ўбогага. Убогі – гэта той, хто з бядой ідзе да Бога і ў Яго шукае ратунку, становіцца ад Яго залежным. Гэта ўбогія ў рэлігійным сэнсе. Аднак многія са сваёй бядой не ідуць да Бога і яны не ўбогія, а проста бедныя, пакрыўджаныя, самотныя, часта раззлаваныя на сябе і ўсіх. Меншы сын зрабіў гэты пераход. Прыкладам убогага ёсць Ёў, які са сваёй бядой трывае пры Богу. Таксама цар Давід, які пачынае пасціцца ў інтэнцыі аздараўлення свайго сына. Перастаць быць бедняком і стаць убогім – гэта этап веры…

заданне падумаць

Паразважай…

Ці можаш ты назваць сябе ўбогім?

 

Сустрэча з Айцом

Айцец дазволіў меншаму сыну так проста адыйсці, але адначасна чакаў яго вяртання. І хаця прыпавесць нібыта не кажа пра гэта, але маем права так меркаваць, таму што Айцец заўважыў сына здалёк. У гэтым моманце прыпавесць паказвае шмат эмоцыяў, якія не зусім характэрныя для мужчыны: выбег насустрач, кінуўся на шыю, цалаваў. Невыпадкова Рэмбрандт у сваёй карціне малюе Айца з мужчынскай і жаночай рукой. Айцу не трэба было перамагаць той бар’ер, які часта ў такіх выпадках маюць людзі – непрабачэнне, крыўда, абвінавачванне, пакаранне, выхаванне і г.д. І адсутнасць гэтага бар’еру бачна менавіта не з боку сына, які вініць сябе, прапануе стаць наёмнікам, а з боку Айца. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе сын яшчэ пад уплывам сваіх похацяў, а асабліва похаці пыхі. Ён не можа так проста сабе прабачыць і вярнуцца дадому. Яму, хаця і мінімальна, але перашкаджае яшчэ пыха ў выглядзе самаасуджэння. Але Айцец не зважае на гэтыя бар’еры. Ён пераступае праз іх. Яго любоў і чаканне большыя.

У гэтым месцы варта асабліва звярнуць хаця б крыху ўвагу на тое, што пакаянне і самаабвінавачванне – гэта не адно і тое ж. Пакаянне вядзе да Бога, а пыха можа ператварыць пакаянне ў глыбокі эгаізм і самабічаванне. Нехта трапна сказаў, што похаць жыццёвая, пра якую пісаў апостал Ян, можа ператварыць чалавека, які моліцца, у фарысея, а таго, хто каецца – у самагубцу. Нездарма Евангелле кажа, што Юда раскаяўся і павесіўся (Мц 27,3-5).

Крыху інакш, але ўсё ж і падобна выглядае сустрэча Айца са старэйшым сынам. Гэты сын  нагарадзіў сваіх бар’ераў, а Айцец такім самым чынам, нягледзячы на гэтыя бар’еры, выходзіць насустрач. Вельмі кранальна гучаць словы, што Айцец клікаў яго. Па-чалавечы нават цяжка ўявіць, як гэта выглядала. Вось думаю, што рабіў бы я ў гэтай сітуацыі, калі б быў на месцы Айца. Мабыць, сказаў бы: Не хоча ўваходзіць? Ну і няхай пастаіць, памокне, падумае… Нічога з ім не станецца, можа паразумнее… Няхай нервы свае астудзіць… Думаю, што па-свойму я меў бы рацыю, і нават ведаю, што не за кожным трэба бегаць і не кожнага ўпрошваць ды ўгаворваць.  Гэтаму мяне навучыў Госпад. Таму  размова Айца са старэйшым сынам яшчэ больш мяне ўражвае. Яна не столькі паказвае нормы чалавечых паводзінаў і выхавання, колькі агромністую любоў, мудрую і, адначасна, эмацыйную любоў Бога Айца.

У прынцыпе, параўноўваючы гэтыя дзве сустрэчы, бачу адзіную розніцу – пры сустрэчы з меншым сынам бачна больш чалавечых эмоцый. Цяжка сказаць, ці больш там любові. Не, хутчэй, чалавечых эмоцый. І менавіта так выглядаюць гучныя навяртанні і пакаянні грэшнікаў. У гэтых гісторыях шмат чалавечых эмоцый – захапленне, слёзы, радасць і г.д. Але часта гэта толькі эмоцыі. Яны вельмі важныя і сумна было б без іх, але вельмі часта гэта толькі эмоцыі. Як мы ўжо ведаем, на іх нельга пабудаваць жыццё, а тым больш жыццё духоўнае. Чаму? Таму што эмоцыі мяняюцца і сканчваюцца.

заданне падумаць

 

Паразважай…

Якія ты ставіш бар’еры перад паяднаннем з іншым чалавекам, з Богам?

 

Лепш быць меншым сынам?...

Гэтае пытанне, вядома, правакацыйнае. Але яно многіх турбуе, асабліва, калі тваё жыццё больш-менш манатоннае, а пры навяртанні грэшніка – столькі эмоцый! Пра гэта мы ўжо толькі што казалі і не хачу тут паўтарацца, але хачу дадаць са свайго асабістага жыццёвага досведу, што чалавек мае ўласцівасць з часам забывацца. Тыя цуды, якія Бог чыніць, яны жыва стаяць у памяці месяцы, часта гады. А пасля ты ўжо проста памятаеш сам факт, што Бог зрабіў у тваім жыцці, але эмоцый тут будзе ўсё менш і менш. І часам нават пры сустрэчы з людзьмі, якія маюць тую ж праблему, што і ты шмат гадоў таму, але сёння ты іх ужо нават не надта і разумееш, часам праяўляеш нецярплівасць, а можа нават і асуджаеш, хоць сам быў некалі гэткім жа. Ведаю гэта са свайго вопыту, але і з гісторый іншых. Напрыклад, дзяўчына вяла блудлівае жыццё, але перажыла навяртанне і ў яе ўсё змянілася, а з часам і ўсё амаль забылася. Яна цяпер замужам, і яе муж можа мець розныя праблемы са сваёй сэксуальнасцю. Але гэтай дзяўчыне-жонцы цяпер ужо цяжка гэта зразумець, хаця сама была некалі амаль такой самай. Такіх гісторый шмат, і яны розныя. Эмоцыі знікаюць, а памяць падводзіць. Таму мы не павінны здзіўляцца, што людзі нават пасля вельмі гучных навяртанняў, праз гады могуць змагацца з тымі ж самымі спакусамі і грахамі, а часам нават і падаць у балота.

Думаю, што прыгожае пакаянне малодшага сына не выключае таго, што яму давядзецца сустрэцца са спакусамі, барацьбой, а можа нават рашаць самому тыя духоўныя праблемы, з якімі сёння сустракаецца яго старэйшы брат. Магчыма, малодшы сын пакуль яшчэ не настолькі ведае спакусу пыхі і зайздрасці.

заданне падумаць

 

Паразважай…

Ці не здараецца табе часам з зайздрасцю слухаць пра прыгожыя і гучныя навяртанні?

 

7